Па скаўцкіх прыступках

У гэтым лагеры няма ні важатых, ні адбою, ні распісаных па хвілінах планаў мерапрыемстваў. Тут, на Стаўбцоўшчыне, на беразе Нёмана, ля вёскі Кругліца, пануе атмасфера летняга адпачынку, разняволення, пахне хвояй і вогнішчам, птушыныя галасы зліваюцца з дзіцячымі, а шум ветру — з гітарнымі акордамі. Сёлета Рэспубліканскі скаўцкі лагер сабраў тут больш за дзве сотні ўдзельнікаў.

Руйнуючы чатыры сцяны

Упершыню такі лагер быў арганізаваны 110 гадоў назад на востраве Браўнсі, каля англійскага берага Ла-Манша. Арганізаваў гэты лагер для 22 хлопчыкаў, а потым і заснаваў скаўцкую арганізацыю ледзь не для ўсяго свету разведчык нацыянальны герой Англіі лорд Стэфенсан Сміт Бадэн-Паўэл, вядомы скаўтам усяго свету як Бі Пі. У праграму лагера ўваходзілі гутаркі ля вогнішча пра паняцці гонару і рыцарства, бескарыслівасці, адвагі, міласэрнасці, беражлівасці, вернасці і абавязкаў. Бі Пі вучыў хлопчыкаў жыць у лагеры, назіраць за прыродай, распазнаваць сляды, працаваць з дрэвам, аказваць першую медыцынскую дапамогу, уменню быць дастойнымі грамадзянамі і штодзень рабіць хоць адну добрую справу.


Поспех гэтага лагера пераўзышоў усе чаканні: дзяцей захапіла такое жыццё, пачалі стварацца скаўцкія патрулі па ўсёй Англіі, а праз год, калі кніга Бі Пі “Скаўтынг для хлопчыкаў” была перакладзена на 35 моў свету, — і па ўсёй Еўропе. Тады ж першыя скаўцкія патрулі і атрады з’явіліся і на нашай тэрыторыі, якая была ў складзе Расійскай імперыі.

І толькі ў 1988 годзе журналіст Ігар Касцевіч сабраў у мінскім парку Горкага групку дзяцей і прапанаваў ім стаць першым патрулём “Арлы”. Сёння ў Беларусі больш за тысячу скаўтаў, якія складаюць Беларускую рэспубліканскую скаўцкую асацыяцыю. І з першага года Ігар праводзіць скаўцкія летнія лагеры па ўсёй Беларусі, але апошнія 18 гадоў Стаўбцоўшчына стала іх летнім домам.

Як патлумачыў Ігар Касцевіч, скаўцкі летнік — гэта не пасіўны адпачынак. У лагеры скаўты замацоўваюць на практыцы ўсё тое, чаму навучыліся за год, выпрабоўваюць сябе і сваіх сяброў, спазнаючы новае.


А новага тут шмат. Лагер — гэта шмат пабудоў з жэрдак і бярвён (на скаўцкім слэнгу — патэнты). Пры дапамозе вяровак без адзінага цвіка тут зроблены ўсе збудаванні: вароты, душы, прыбіральні, каруселі, масты, кухня, сталовая, флагшток для нацыянальнага сцяга, сцягоў гасцей (сёлета ў гасцях тры члены Нацыянальнай арганізацыі скаўтаў Украіны) і вымпела лагера. Тут, у лагеры, на 9 дзён напоўніцу акунаюцца ў свет прыроды хлопчыкі і дзяўчынкі.

Структура лагера, як і скаўтынгу ўвогуле, дакладна выбудавана. З 6 да 11 гадоў дзяўчынкі і хлопчыкі называюцца вавёрачкамі і ваўчанятамі адпаведна. Потым яны могуць паднімацца па скаўцкай лесвіцы росту — гэта тры разрады і такія скаўцкія званні, як лідар, інструктар, памочнік скаўт-майстра, скаўт-майстар. Толькі Ігар мае званне старшага скаўт-майстра. Якраз гэтая лесвіца — аснова скаўтынгу, якая і падштурхоўвае дзяцей не спыняцца на ўласных дасягненнях і ўвесь час развівацца.

У лагеры дзеці дзеляцца на патрулі па 6—8 чалавек згодна з узростам, але жывуць яны разам, палатка да палаткі. Некалькі патрулёў утвараюць атрад. Адказваюць за патрулі і атрады інструктары ці скаўт-лідары. У звычайным жыцці яны — настаўнікі, журналісты, спартсмены, урачы, але ўсе яны — вопытныя скаўты і штогод бяруць адпачынкі на час лагера, а ў ім — адказнасць за некалькіх дзяцей. Адметна тое, што незалежна ад пасад і чыноў па-за межамі лагера, тут іх дзеці называюць на “ты” і па імені.


Адзін з інструктараў — Канстанцін Звалінскі, настаўнік плавання гімназіі № 14 Мінска, — тлумачыць папулярнасць лагера сярод дзяцей так: “У гэтым лагеры дзецям прасцей, больш магчымасцей і нагод для ўзаемадзеяння ў параўнанні з іншымі летнікамі. Бо толькі тут ёсць свабода. Цэлы навучальны год дзеці сядзяць у чатырох сценах: заняткі, гурткі, секцыі, дом… Нават калі дзіця выязджае ў звычайны піянерскі палатачны лагер, калі вакол лес, то ўсё роўна адчуваюцца “сцены”: дзеці ходзяць строем, вакол — выхавальнікі, ні кроку ўправа, ні ўлева — адны забароны. Тут жа дзеці вучацца самі сябе абслугоўваць, даследаваць тэрыторыю, давяраць адно аднаму. Толькі калі дзеці самі не могуць вырашыць сваю праблему, звяртаюцца да дарослых. Ім ніхто не гаворыць, што рабіць: дзеці адпачываюць, а не выконваюць каманды. Пасля жыцця ў такіх умовах дзеці самі становяцца арганізатарамі, лідарамі, яны вучацца думаць, становяцца кемлівымі. Працаваць потым з такімі дзецьмі ў школе — адно задавальненне”.

“Безумоўна, мы ўсе адказваем за бяспеку, — дадае педагог-псіхолаг Марыя Жук, якая кожны год бярэ сабе тут патруль і прывозіць у лагер сваіх дачок ад самага іх нараджэння. — Для “вавёрачак” і “ваўчанят” дзяцей рызыка траўматызму зведзена да мінімуму — сякерамі і піламі можна карыстацца толькі 14 гадоў. Але прысутнічаць пры іх рабоце, паглядзець, дапамагчы, скласці дровы могуць усе. Дзецям мы нічога не забараняем, а тлумачым, чаму нельга даставаць палкі з вогнішча, чаму нельга браць пілу. Хоча 4—6-гадовае дзіця пасекчы дровы — а ты паспрабуй падняць сякеру. Цяжка? Значыць, табе можна, трэба толькі падрасці”.


9-гадовая Вераніка Цярэнцьева з Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна ўпершыню ў гэтым лагеры, але вывучаць лес для яе — прывычная справа. “Я вельмі люблю прыроду, таму для мяне гэта лагер на свеце, — гаворыць дзяўчынка. — Я дома часта хаджу ў лес, прычым без дарослых, але абавязкова з сабакамі на павадку — яны з любога гушчару мяне выведуць. Такі ў нас угавор з бацькамі. Тут спраўляюся і без сабак, бо ўсё зразумела, лагічна, але адзначана, куды нельга хадзіць па адным: нам нельга без дарослых заходзіць за другі пагорак і на раку. Затое ўсё астатняе можна”.

Лагерныя традыцыі

Малодшыя жывуць сваім жыццём. Яны акунуліся ў свет джунгляў, у іх — адпаведныя гульні, падчас якіх асвойваюць такія навукі, як жыццё лесу, следапыцтва, маскіроўка і падкрадванне. Напрыклад, нядаўна з іх “заапарка” ўцяклі і разбегліся па лесе “звяры” (старшыя скаўты), іх трэба было высачыць і вярнуць. У лагеры абавязковым з’яўляецца вядзенне штодзённых запісаў у нататніках: адзнакі аб цікавых падзеях, малюнкі, рэчы, неабходныя для запамінання.

Старшыя ж займаюцца лагернай гаспадаркай: гатуюць на кухні, нарыхтоўваюць дровы, для малодшых робяць арэлі, атрымліваюць скаўцкія спецыяльнасці — кастровы, медык, краязнаўца, кулінар, гульнятэхнік і інш. Неад’емная частка іх жыцця — самаўдасканаленне: праходзячы розныя іспыты і выконваючы заданні, яны атрымліваюць нашыўкі на форму. Ім асабліва падабаецца, што няма адбою: ніхто не гаворыць, калі класціся спаць, — хоць увогуле не лажыся. Але ўсе ведаюць: пад’ём — у восем. Так кожны вучыцца разлічваць свае сілы, бо кожны дзень насычаны падзеямі і ў інтарэсах кожнага паспаць.


Спачатку той, хто прыходзіць у скаўцкую арганізацыю, лічыцца навічком. Калі навічок прабудзе ў арганізацыі больш за паўгода, прыме ўдзел у паходах і скаўцкім лагеры, становіцца кадэтам. Праз год кадэт мае ўсе шансы стаць пасвячоным скаўтам. Кожны, хто прыходзіць у арганізацыю, праходзіць выпрабавальны тэрмін, падчас якога ён павінен засвоіць неабходны мінімум навыкаў і ўменняў па розных раздзелах: рэлігія, радзімазнаўства, гісторыя скаўтынгу, сімволіка, добра ведаць геаграфію, гісторыю і культуру Беларусі, розныя практычныя справы: аказанне першай даўрачэбнай дапамогі, арыентаванне, вузлы, кастры і іншае, здаць выпрабаванні на разрад.

“Многія скаўты або кадэты ў лагеры здаюць “на пяро”, — расказвае Андрэй Кац, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 122 Мінска. — Сутнасць гэтага выпрабавання ў тым, каб у адзіночку ці ўдваіх пражыць суткі ў лесе. Жадаючым мы даём кручок, лёску, тры запалкі, літр вады і спальны мяшок. З такім абмундзіраваннем скаўты павінны правесці ноч у лесе і пры гэтым… не размаўляць. Так правяраецца і сіла волі, і самастойнасць, і, вядома, уменне выжываць у лесе. Ні адно скаўцкае дасягненне не застаецца незаўважаным. Штораніцы ў лагеры ўзнімаюцца сцягі. Права падняць іх атрымліваюць тыя, хто ўчора ў нечым выдзеліўся (перамог у гульні, нарыхтаваў больш за ўсіх дроў, прайшоў складанае выпрабаванне і інш.”).

У захапленні ад лагера і 19-гадовы Дзмітрый Смалявік з Нацыянальнай арганізацыі скаўтаў Украіны. За 8 гадоў яго скаўцкага жыцця ён часта быў у гасцях у беларускіх калег, але ў беларускім лагеры — упершыню. “Сёння мы вырашылі пачаставаць беларусаў нашымі нацыянальнымі стравамі, — запраўляючы боршч, гаворыць Дзмітрый. — Гэта справа адказная, бо ў нашых лагерах мы гатуем на падлагерах, а тут цэнтралізавана. Ад цябе залежыць, ці не застануцца больш за дзве сотні чалавек галоднымі. Праўда, памочнікаў таксама шмат. Як толькі мы вернемся, адразу паедзем на нацыянальны Джамбары Украіны, на якім збяруцца ўсе нашы скаўты”.


Ксенія Яфімчык, навучэнка 5 класа 14-й гімназіі, спынілася, бегучы на раку змыць пасля гульні маскіроўку, і адзначыла: “Мне падабаецца тут усё! Мы праходзім іспыты, гуляем у больдогаў, здаём “на пяро”. Толькі што вярнуліся ад Лесуна. Мы забраліся да яго на гару. Быў складаны пад’ём, але мы ўсе справіліся”.

Любімая традыцыя ў скаўтаў — праводзіць “Жураўлі і кропкі”. Гэта грандыёзнае шоу, на якім усе жадаючыя прадстаўляюць свае творчыя нумары — песні, танцы, фокусы, акрабатычныя трукі, тэатралізаваныя пастаноўкі і інш. Пэўныя нумары паказваюць запрошаныя госці, напрыклад, фаер-шоу ладзілі кіраўнікі “вогненных” школ. Дарэчы, адно аднаму артысты не апладзіруюць у далоні, а выкрыкваюць усе разам у 200 галасоў скаўцкае “ай-ай-ай-ай” — моцнае, скажу вам, уражанне!

Згубленыя на тэрыторыі рэчы адносяцца на мачту. Але гаспадар проста так іх не забярэ — трэба спачатку зрабіць “баранчыка”. Гэта такі жартоўны танцавальна-песенны рытуал, які ўсё ж сваёй назвай намякае, што свае рэчы раскідваць і забываць абы-дзе неразумна.

Выхаванне замест перавыхавання

Дарэчы, у скаўцкім лагеры ніколі не знікаюць рэчы, ды і правапарушэнняў, канфліктаў тут не бывае.

“А ўсё таму, што мы бяром самых лепшых дзяцей, — тлумачыць Ігар Касцевіч. — Калі я ствараў гэта скаўцкую арганізацыю, гаварыў, што па-сапраўднаму скаўцкай яна будзе толькі ў чацвёртым пакаленні. І якраз сёння нашы выхаванцы — чацвёртае пакаленне. Гэта ўжо тыя дзеці, якім утульна ў кампаніі, у якіх няма прычын сварыцца. Я 46 гадоў запар адпрацаваў у “Артэку” і на дзіцячыя канфлікты наглядзеўся. Наш лагер — выхаваўчы, а не перавыхаваўчы. Мы бяром толькі тых, хто выконвае нашы законы. А не выконваеш — да нас не трапіш”.

А скаўцкіх законаў усяго дзесяць:

1. Гонар для скаўта — галоўнае.

2. Вернасць Богу і Радзіме.

3. Быць карысным і дапамагаць іншым.

4. Быць сябрам усім і братам — іншаму скаўту.

5. Быць ветлівым.

6. Быць сябрам жывёлам і прыродзе.

7. Быць дысцыплінаваным, слухацца бацькоў і начальніка патруля, скаўт-майстра.

8. Ніколі не падаць духам.

9. Быць сціплым, беражлівым, паважаць чужую ўласнасць.

10. Быць чыстым у думках, словах і справах.

“Скаўцкія законы пераклікаюцца з біблейскімі і таксама вучаць быць праўдзівым, справядлівым, дапамагаць бліжняму, — гаворыць Арцём Бруйло, педагог Цэнтра маладзёжнай творчасці Брэста, які амаль 5 гадоў назад стварыў у цэнтры свой патруль. — Законы — аснова выхаваўчай сістэмы скаўтынгу, і працуюць не толькі ў лесе, але і ў горадзе ў штодзённым жыцці — у школе, дома, на вуліцы.”

Скаўт назаўжды

Дарэчы, верхняй узроставай планкі ў скаўтынгу не існуе. Нездарма ў асацыяцыі ёсць дэвіз — “Скаўт аднойчы — скаўт назаўжды”. Такім чынам, самаўдасканаленне ідзе на працягу ўсяго жыцця. Сёння ў Беларусі ствараецца базавая мадэль маладзёжнай праграмы, якую ў далейшым плануецца апрабоўваць, прасоўваць і ўкараняць у дзейнасць скаўцкіх груп. Праграма “Дарослыя ў скаўтынгу” будзе спрыяць больш эфектыўнай рабоце дарослых лідараў, а таксама створыць умовы для развіцця новых скаўцкіх груп у розных рэгіёнах, а маладзёжная праграма дазволіць скаўцкім лідарам прадметна і больш свядома весці сваю працу.

“Скаўтынг — гэта не проста ўменне распаліць касцёр, завязаць вузел ці прыгатаваць на вогнішчы. Гэта ўсё — сродкі выхавання асобы, — гаворыць Алена Лаўрыновіч, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і скаўт з 20-гадовым стажам. — Мы не фарміруем навыкі, як, скажам, робіцца на майстар-класах па вырабе паштоўкі ці фітакампазіцыі. Мы фарміруем асобу, якая ўмее ўзаемадзейнічаць з людзьмі.

Скаўтынг дапаўняе сям’ю, навучанне і выхаванне ў школе і ўстановах дадатковай адукацыі, бо прапаноўвае тыя формы, дзе ў кожнага дзіцяці фарміруюцца навыкі жыццядзейнасці, адказныя паводзіны. Значныя перавагі ўзаемадзеяння ў рознаўзроставых групах, бо сёння асоба дзіцяці фарміруецца ў аднаўзроставых групах — класах, аб’яднаннях па інтарэсах. Некаторыя віды работ выконваюць толькі малодшыя: “вавёрачкі” і “ваўчаняты” ідуць у ягады. Кожны прынясе па шклянцы чарніц — і кампот будзе для ўсіх, старшыя насякуць дроў для агульнага кастра. Так камунікацыя адбываецца не толькі ў прапанаваных гульнявых сітуацыях, але і ў рэальных.

На сёння ў Мінску дзейнічаюць тры дружыны, з якімі працуюць перспектыўныя маладыя педагогі-кіраўнікі. Вельмі актыўныя ў гэтым кірунку брэсцкі рэгіён, Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці. Таму па адноўленай маладзёжнай праграме мы плануем рэалізаваць пілотны праект на базе гродзенскага і брэсцкага рэгіёнаў і Мінска — комплекс мерапрыемстваў на базе трох дружын, у які будуць уключаны скаўцкія метады ў шосты школьны дзень. Хочам наладзіць узаемадзеянне і з Віцебскім абласным палацам. Нам ёсць што прапанаваць і для школ”.

Пакідаючы лагер, магу з упэўненасцю сказаць: скаўтынг не толькі развівае сябе і свае ўменні. Самае галоўнае, што менавіта ў гэтай арганізацыі дзеці знаходзяць сабе сапраўдных сяброў, якія ніколі не падвядуць. Невыпадкова тут заўважылі яшчэ адну асаблівасць: калі дзеці ад’язджаюць са звычайнага лагера, то яны часта плачуць, бо, хутчэй за ўсё, ніколі больш не пабачацца, а вось тыя, хто пакідае лагер скаўтаў, заўсёды ўсміхаюцца, бо зусім хутка яны сустрэнуцца зноў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.