Задумлівы погляд, адвечныя пошукі новых натхняльных ідэй, а таксама мільён пытанняў і такая ж колькасць разважлівых адказаў — менавіта гэта і выдзяляе творчых асоб з натоўпу. Цікава, што атрымаецца, калі сабраць усіх творцаў пад адным дахам? Правільна, атрымаецца скарбонка талентаў, у якой паўсюль будзе адчувацца подых сапраўднай, жывой творчасці. Дарэчы, менавіта да такой скарбніцы талентаў можна аднесці і Дзіцячую мастацкую школу Віцебска.
Дзіцячая мастацкая школа № 1 Віцебска была заснавана ў 1979 годзе. Адметна, што на момант адкрыцця гэта была першая ў рэспубліцы мастацкая школа, у якой пачалі працаваць аддзяленні графікі, скульптуры і дызайну, станковага жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
На сённяшні дзень у школе навучанне праходзяць дзеці з 5 па 11 клас.
Вучні школы штогод прымаюць удзел у шматлікіх рэспубліканскіх, а таксама міжнародных конкурсах і пленэрах. Адным з маштабных творчых мерапрыемстваў з’яўляецца міжнародная выстава мастацкіх твораў дзяцей “Лідзіцэ”, якая штогод праходзіць у аднайменным чэшскім горадзе.
“Выстава была заснавана ў 1967 годзе ў памяць дзяцей, якія загінулі падчас ваенных канфліктаў, — расказвае завуч мастацкай школы Вольга Захараўна Валюшкіна. — У 1973 годзе “Лідзіцэ” з нацыянальнай перарасла ў міжнародную і стала добра вядомай ва ўсім свеце. У апошнія гады ў выставе пачалі прымаць удзел нават навучэнцы з Філіпін, Малайзіі, Індыі, Кеніі і інш”.
З Лідзіцэ, дарэчы, віцебскія вучні, дзякуючы заняткам у мастацкай школе, штогод прывозяць дыпломы і медалі “Лідзіцкія ружы”.
Трэба адзначыць, што ў юных мастакоў наладжана цеснае міжнароднае супрацоўніцтва. Так, ужо на працягу вельмі доўгага перыяду школа сябруе з дзіцячай карціннай галерэяй у Амстэрдаме (Галандыя). Цесныя сувязі наладжаны і з навучэнцамі гімназіі з горада Ферль (Германія), у якім штогод праводзяцца творчыя выставы беларускіх вучняў. Мінулай вясной, акрамя мастацкіх сустрэч і сумесных урокаў, юныя нямецкія мастакі арганізавалі для сваіх беларускіх калег цікавае падарожжа па славутых мясцінах.
У горадзе Падэборн для ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы была праведзена экскурсія ў музей камп’ютарных тэхналогій Хайнца Ніксдарфа. А ў Кёльне віцебскія вучні наведалі сабор і Музей сучаснага мастацтва “Людвіга”.
Калі гаварыць пра планы на гэты год, у вучняў і настаўнікаў школы шмат распрацовак і задум. Найбліжэйшым маштабным святам абяцае стаць “Карнавал супрэматызму”.
“Такую назву атрымае выстава, прысвечаная Казіміру Малевічу, яго “Чорнаму квадрату”, — дзеліцца планамі Вольга Захараўна. — Справа ў тым, што сёлета знакамітаму твору беларускага мастака спаўняецца 100 гадоў. У сувязі з гэтым мы плануем наладзіць у выставачнай зале нашай школы незвычайную экспазіцыю”.
Хочацца спадзявацца, што ўсё задуманае ў вучняў, якія займаюцца ў школе, абавязкова атрымаецца. А інакш і быць не можа. Мяркуйце самі: 13 вучняў Віцебскай мастацкай школы сталі стыпендыятамі і 9 навучэнцаў адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А гэта значыць, што мастацкая спадчына Беларусі яшчэ доўга будзе папаўняцца геніяльнымі творамі.
Наталля ДУБІК.