У гэтыя дні мы ўважліва сочым за падзеямі чэмпіянату свету па футболе, з захапленнем назіраем, як куміры мільёнаў паказваюць сваё майстэрства, як абыгрываюць апанентаў, даюць ювелірныя пасы, як б’юць па варотах то галавой, то нагой, то ў скачку праз сябе. Кожны аматар гульні № 1 марыць гэтак жа віртуозна валодаць мячом. Аднак ёсць хлопцы і дзяўчаты, гледзячы на якіх нават сам Раналда скажа: “Вось бы і мне так навучыцца”. Знаёмцеся — футбольныя фрыстайлеры.
Трэніроўка за трэніроўкай
Бразільцы — чараўнікі мяча? Ды кіньце. Нават мегазоркі “пентакампіёнаў” і побач не стаялі з беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі, якія вучацца ў сталічнай школе футбольнага фрыстайла LegacY, арганізаванай Рэспубліканскім маладзёжным спартыўным грамадскім аб’яднаннем “Беларуская федэрацыя футбольнага фрыстайла”. Калі прафесійны футбаліст можа дапусціць памылку пры прыняцці мяча, адпусціць яго на метр-два, то да юнакоў-фрыстайлераў мяч, здаецца, прыклейваецца, прымагнічваецца, прымацоўваецца, нібы зачараваны. “Без чараўніцтва тут дакладна не абыходзіцца”, — менавіта такія думкі ўзнікаюць у любога, хто першы раз назірае за выкананнем футбольных трукаў. На самай справе ніякага чараўніцтва. Трэніроўкі, трэніроўкі, трэніроўкі. Гады, месяцы трэніровак. Штодзённых трэніровак. Шматгадзінных трэніровак.
— Футбольны фрыстайл — гэта складанакаардынацыйны від спорту. Каб авалодаць тэхнікай выканання трукаў, важна навучыцца кантраляваць сваё цела і мяч, мець вялікае цярпенне. А яго, на жаль, не заўсёды хапае ў маладых людзей. Так, гэта відовішчны від спорту, аднак за гэтай відовішчнасцю стаяць працяглыя трэніроўкі.
Пачалося ўсё ў 2003 годзе, калі галандскі фрыстайлер Суфіяна Тузані выклаў у інтэрнэт відэа, на якім ён дэманстраваў трукі розных дысцыплін. Тады ўвесь свет убачыў адзін з самых папулярных трукаў у фрыстайле TATW (Touzani Around The World). Моладзь пачала паўтараць трукі, удасканальваць, прыдумваць новыя, больш складаныя. З’явілася класіфікацыя трукаў па дысцыплінах. Пайшлі розныя варыяцыі на галаве, седзячы, стоячы, з’явіліся пераходы паміж трукамі, стылямі, — паведаміў старшыня праўлення Беларускай федэрацыі футбольнага фрыстайла Кірыл Былінскі.
Нагой, галавой, шыяй, пяткай
Футбольны фрыстайл актыўна развіваецца. На YouTube перыядычна з’яўляюцца новыя варыяцыі вядомых трукаў, тэхніка іх выканання ўдасканальваецца, ускладняецца. Свой уклад у развіццё гэтага віду спорту зрабіў і наш суразмоўнік. Аднойчы Кірыл убачыў, як адзін фрыстайлер перакочваў мяч з лыткі на пятку. Кірыл удасканаліў тэхніку і пачаў рабіць гэты трук дзвюма нагамі запар. Відэа з трукам ён выклаў у сацыяльныя сеткі, тым самым запатэнтаваўшы сваё вынаходства. Наогул, у футбольным фрыстайле ў назве кожнага трука ёсць імя чалавека, які яго ўпершыню выканаў. Найбольшая колькасць варыяцый звязана з самым папулярным трукам Around the World (ATW), або “Вакол свету”, калі фрыстайлер падбівае нагой мяч у паветра і абводзіць вакол мяча гэтай жа нагой. Акрамя ўжо згаданага трука Touzani around the World (TATW), ёсць PATW (Palle around the World) (ад імя шведскага фрыстайлера Rickard Palle Sjцlander, які ўпершыню выканаў трук), Mitchy around the World (MATW).
Ёсць некалькі базавых трукаў, авалоданнем якіх і займаюцца ў школе футбольнага фрыстайла. Гэта, напрыклад, Crossover, калі гулец павінен падбіць мяч апорнай нагой і ў той жа час перанесці іншую нагу над мячом. Stall, або ўтрыманне мяча, калі фрыстайлер павінен злавіць і ўтрымліваць мяч. Рабіць гэта можна галавой, задняй часткай шыі, пяткай і задняй часткай сцягна. А вось чаргаванне трукаў у футбольным фрыстайле называецца Combos. Ёсць і такое паняцце, як NT Combos (No Touch), калі трукі чаргуюцца без прамежкавага дотыку.
Сёння вылучаецца некалькі дысцыплін у футбольным фрыстайле. Гэта трукі з мячом, які знаходзіцца ў паветры (Lowerbody або Air Moves). Яны найбольш папулярныя сярод фрыстайлераў. Трукі, якія выконваюцца на галаве, грудзях і плячах без выкарыстання рук, адносяцца да дысцыпліны Upperbody. Можна выконваць трукі і седзячы на зямлі. Гэта дысцыпліна Sitting.
Перабароць сябе
— На летніх канікулах нашы выхаванцы займаюцца па 8—10 гадзін на дзень. Пастаянна трэніроўкі наведваюць каля 20 чалавек, аднак прыходзілі і сыходзілі многія падлеткі і юнакі. Яны дасягаюць пэўнага ўзроўню, а далей не хапае цярпення, а ў фрыстайле абавязкова трэба пераадолець пэўны ўзровень або пэўны рэкорд трука, трэба разняволіцца, каб далей удасканальваць тэхніку. Вельмі мала людзей здольны на гэта. Пераступіць праз сябе і пайсці далей — гэта для іх надзвычай цяжка. Не хапае ў першую чаргу цярпення. Былі таленавітыя хлопцы, якія займаліся падоўгу, на ляту ўсё схоплівалі, выйгравалі на турнірах, аднак ім гэта надакучыла і яны сышлі. У нейкай ступені негатыўную ролю тут адыгрывае і тое, што футбольны фрыстайл яшчэ не настолькі папулярны від спорту, ды і фінансавы прыбытак ён не прыносіць. Бацькі хутчэй запішуць дзіця ў секцыю па футболе, баскетболе, хакеі, тэнісе. Аднак у першую чаргу трэба любіць сваю справу, а не разлічваць на фінансы, тады ўсё атрымаецца, — упэўнены Кірыл Былінскі.
Раней футбольных фрыстайлераў у Беларусі было значна больш. Хлопцы сваімі сіламі арганізоўвалі сходкі, міні-турніры, закуплялі медалі, была атмасфера. Аднак засталіся найбольш моцныя духам, тыя, хто верыць у развіццё футбольнага фрыстайла. Астатнія пасталелі, у іх з’явіліся клопаты дарослага жыцця, ім не да футбольнага фрыстайла. Кірыл гаварыў гэта з сумам і пэўнай пагардай, паколькі ў яго самога ёсць сям’я, маленькая дачка, аднак гэта не перашкаджае яму займацца любімай справай, папулярызаваць футбольны фрыстайл.
Захапленне гэтым відовішчным відам спорту не стала для Кірыла выпадковасцю. Ён з дзяцінства любіць футбол. У школьныя гады, калі прыходзіў з заняткаў па каратэ, з танцаў, калі выконваў дамашнія заданні, адразу бег у двор набіваць мяч. Потым у 16 гадоў, калі вучыўся ў каледжы, даведаўся пра футбольны фрыстайл. Знаёмства пачалося з таго самага відэароліка, які выклаў у інтэрнэт галандзец Суфіяна Тузані. Разам з сябрамі Кірыл пачаў актыўна папулярызаваць новы від спорту. Створаны Беларуская федэрацыя футбольнага фрыстайла і першая ў краіне школа футбольнага фрыстайла LegacY, наладжаны сяброўскія адносіны з Цэнтрам вулічнай культуры і спорту “ProКач”, падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве з Сусветнай федэрацыяй футбольнага фрыстайла. Праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы, чэмпіянаты Беларусі. Беларуская федэрацыя ўпершыню дабілася таго, што наш зямляк, Уладзіслаў Касцючэнка з Гомеля, які заняў першае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах, паедзе на фінальную частку прэстыжнага Red Bull StreetStyle — чэмпіянату свету па футбольным фрыстайле.
Для папулярызацыі футбольнага фрыстайла, на думку Кірыла, трэба рухацца, працаваць, быць актыўным у сацыяльных сетках, выступаць на маладзёжных фестывалях, чым і займаецца Кірыл разам з сябрамі. “Нядаўна, дарэчы, выступалі ў Лужніках на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця чэмпіянату свету па футболе. Моладзь прыходзіць, цікавіцца, запісваецца. Няхай з 10 толькі 2 застаюцца, аднак гэта таксама вынік. Узяць, напрыклад, брэйк-данс або паркур. Гадоў 10 назад яны былі не настолькі папулярныя, а цяпер імі захапляюцца сотні маладых людзей. Брэйк-данс уключаны ў алімпійскую праграму. Таму, думаю, і мы будзем развівацца, гэта таксама новае, арыгінальнае, тым больш што матэрыяльныя выдаткі для развіцця футбольнага фрыстайла патрэбны мінімальныя. Трэніруемся летам на вуліцы, а зімой у спартзале”, — падзяліўся Кірыл.
10 тысяч разоў
Усе хлопчыкі, чыё дзяцінства прайшло без гаджэтаў і камп’ютарных “стралялак”, добра памятаюць дваровыя гульні з футбольным мячом. Папулярным было набіванне. Той, хто запар без рук нагой мог набіць 21 раз, лічыўся сапраўдным майстрам, а хто 21 раз дзвюма нагамі — сапраўдным чараўніком мяча. Але ж гэта было даўно, калі пра футбольны фрыстайл яшчэ ніхто не ведаў. Сённяшнія футбольныя фрыстайлеры могуць лёгка запар без рук набіць разоў гэтак 100 (а то і 1000!) і адной, і дзвюма нагамі. Галоўнае — навучыцца кантраляваць сваё цела і мяч. Для гэтага, як раіць Кірыл Былінскі, за колькасцю гнацца не трэба.
Мяч трэба вучыцца набіваць на кантроль. Для пачатку 20 разоў больш-менш добра, а потым пераходзіць вучыцца рабіць трукі. Канцэнтруючы ўвагу на труках, аўтаматычна пракачваецца набіванне. За месяц-два трэніровак любы падлетак навучыцца набіваць мяч не горш за прафесійнага футбаліста. Можна ўзяць мяч у рукі і па аднаму разу набіваць 10 тысяч разоў. Проста на кантроль, пры гэтым не бегаць за мячом. Падбіваць мяч на адным узроўні. Калі вышэй або ўбок — не лічыцца, трэба, каб мяч падымаўся роўна. 10 тысяч разоў адной нагой, потым — другой. Адчуваеш, што добра атрымліваецца, мяч з нагі на нагу — у рукі, справа налева — у рукі, галоўнае, спакойна, без мітусні. І так варта пракачваць кожны трук.
Для моцных духам
Усё новае, цікавае, відовішчнае заўсёды прыцягвае моладзь. Добра, калі гэтае новае яшчэ і карыснае — як у плане напаўнення вольнага часу, так і ў плане фізічнага развіцця. Паслухаем, што гаворыць пра футбольны фрыстайл вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 90 Мінска Святлана Беляковіч (адзіная беларуская дзяўчына, якая паедзе на чэмпіянат свету Superball): “Займаюся крыху больш за год і ні ў якім выпадку не думаю пакідаць гэтае хобі. У футбольным фрыстайле падабаецца ў першую чаргу свабода стылю. Можна развівацца ў розных напрамках, рабіць тое, што падабаецца, незалежна ад правіл. Тут няма абмежаванняў. Тут выкарыстоўваюцца і элементы танцаў, і музыка — гэта вельмі захапляльна. Цяпер працую над “ловерамі” — трукамі нагамі. Дзяўчатам іх складана асвоіць, паколькі тут патрэбны добрыя мышцы і сіла. Аднак, упэўнена, я спраўлюся”.
Дзяўчына абавязкова справіцца, бо футбольны фрыстайл — для мэтанакіраваных, моцных духам маладых людзей.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.