На працягу цэлага года яны ўдасканальвалі ваенную падрыхтоўку, вывучалі армейскую справу, гісторыю малой радзімы, працавалі ў архівах і музеях, на спецыялізаваных сайтах, сустракаліся са сведкамі ваеннага ліхалецця, запісвалі іх успаміны, апрацоўвалі сабраны матэрыял. Таму 9 дзён яркага і насычанага адпачынку ў сталіцы (удзел у Рэспубліканскім злёце навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці) яны, канечне, заслужылі. Азнаёмімся з найбольш яркімі момантамі гэтага адпачынку, а таксама вынікамі пошукавай работы, якія юныя патрыёты прадставілі на канферэнцыі “І памятае свет уратаваны”.
Канферэнцыя, якая прайшла на базе Цэнтральнага дома афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, заняла галоўнае месца ў праграме злёту, і ўсё ж па яркасці і маштабнасці яна не параўнаецца з ваенна-спартыўнай гульнёй “Зарніца”, конкурсам “Візітоўка каманды”, конкурсамі агляду строю, інсцэніраванай патрыятычнай песні “У страі заўсёды, у памяці навечна”, баявых лісткоў, дзе хлопцы і дзяўчаты паказалі свае спартыўныя, творчыя здольнасці і даказалі, што сапраўдны патрыёт з’яўляецца не толькі фізічна вынослівым чалавекам, але і добрым спеваком, акцёрам, танцорам.
Так, падчас конкурсу візітовак кожная каманда ў розных жанрах расказвала пра асаблівасці свайго рэгіёна і сваю пошукавую дзейнасць. Не менш цікавымі былі конкурсы агляду строю і песні. Каб атрымаць высокія балы, юнакам і дзяўчатам неабходна было дакладна выконваць каманды “Станавіся!”, “Раўняйся!”, “Смірна!”, “Налева!”, “Направа!”, “Раўненне на сярэдзіну!”, “Кругом!”, “Разыдзіся!”, “Шагам марш!”, праходзіць у складзе аддзялення страявым шагам, у калоне з песняй, выконваючы адзін куплет. У конкурсе інсцэніраванай патрыятычнай песні ўлічваўся не толькі яе выбар, узровень выканання, але і ўзровень артыстызму. На баявых лістках (аркушах паперы фарматам А3) навучэнцы ў адвольнай форме з дапамогай вершаў, нарысаў, апавяданняў, малюнкаў змяшчалі інфармацыю пра каманду, сваю ўстанову адукацыі, дзяліліся ўражаннямі ад злёту, паведамлялі пра гісторыю і сучаснае жыццё Узброеных Сіл, 100-годдзе якіх стала цэнтральнай тэмай конкурсу.
Настасся Барысевіч: “На працягу стагоддзяў праз Беларусь праходзілі шматлікія войны. Іх сляды мы можам убачыць і ў Брэсце. Гэта Брэсцкая крэпасць-герой, фарты і абарончыя казармы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — помнікі ваенна-інжынернай думкі. Але мала хто ведае, што ў Брэсце і яго ваколіцах знаходзяцца доты, у якіх ёсць свае вогненныя старонкі гісторыі. У літаратуры іх часам называюць “Лініяй Молатава”, а даследчыкі — 62-гі Брэсцкі ўмацаваны раён. Менавіта гэтай тэме я і прысвяціла сваё даследаванне”.
Самая яркая падзея злёту (усімі любімая “Зарніца”) адбылася ў пятніцу, 13 ліпеня, на тэрыторыі 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. Пасля каманды “Марш!” пачалося надзвычай захапляльнае дзейства. Складана словамі перадаць усе эмоцыі, якія паказвалі юнакі і дзяўчаты на дыстанцыях гульні. Надвор’е хоць і не радавала ў гэты дзень сонечнымі промнямі, аднак па тых ручаінах поту, што ліліся з твараў навучэнцаў, было відаць, што яны цалкам выкладваліся. Камандам неабходна было пераадолець акоп, падземны і наземны лабірынты, “размініраваць” вызначаны ўчастак мясцовасці, правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу ўмоўна параненаму, перанесці яго на насілках. Акрамя таго, будучыя абаронцы Айчыны павінны былі дакладна выконваць каманды “Плашч у рукавы надзець!”, “Газы!”, хутка зняць процівагазы, прадэманстраваць уменне разбіраць і збіраць аўтамат.
Па выніках конкурснай праграмы ў турніры “Старонкі ратнай гісторыі” пераможцай стала каманда Віцебскай вобласці. Дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ў конкурсе “Візітоўка каманды” ўзнагароджаны прадстаўнікі Гомельскай вобласці. У конкурсе інсцэніраванай патрыятычнай песні “У страі заўсёды, у памяці навечна” лепшай стала каманда Мінска. У конкурсе-аглядзе строю і песні 1-е месца падзялілі каманды Мінска і Гродзенскай вобласці. Пераможцамі ў ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца” сталі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. Лепшыя баявыя лісткі стварылі каманды Мінска і Гродзенскай вобласці, а ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні не было роўных прадстаўнікам Гомельскай вобласці. У агульнакамандным заліку 1-е месца заняла каманда Мінска (сярэдняя школа № 209), 2-е месца — каманда Гомельскай вобласці (сярэдняя школа № 21 Гомеля), 3-е месца — прадстаўнікі Віцебскай вобласці (Крулеўшчынская сярэдняя школа Докшыцкага раёна).
— Мы пастараліся напоўніць злёт памятнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі 100-годдзю Узброеных Сіл. Мы вельмі ўдзячны Міністэрству абароны, якое адгукнулася на нашу просьбу і дапамагло арганізаваць такую цікавую праграму. Вы наведалі воінскую часць 3214 і 120-ю брыгаду, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і “Лінію Сталіна”, пазнаёміліся з культурна-гістарычнымі і прыроднымі аб’ектамі сталіцы. Дзякуй вам, што сталі актыўнымі ўдзельнікамі злёту, сур’ёзна да яго рыхтаваліся. Нехта прыехаў да нас упершыню, нехта не заняў прызавых месцаў, аднак не сумуйце. Няхай гэта будзе прычынай, каб зрабіць высновы і як след падрыхтавацца да наступнага злёту, — адзначыла начальнік летніка загадчык кабінета патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Хрысціна Аляксандраўна Борбут.
На жаль, чым далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым усё менш і менш застаецца яе сведкаў і тым усё складаней запісваць жывую праўду вайны. Менавіта гэтай жывой праўдзе вайны, якую не знойдзеш у падручніках па гісторыі, і прысвяцілі свае выступленні ўдзельнікі канферэнцыі “І памятае свет уратаваны”, работа якой пачалася з майстар-класа па арганізацыі і правядзенні пошукавай работы як у палявых умовах, так і з архіўнымі матэрыяламі ад начальніка аддзела ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Віктара Віктаравіча Тарана.
— У пасляваенныя гады пошукавая работа пачыналася як грамадскі рух. Традыцыйна яго ўзначальвалі настаўнікі, вучні, якія займаліся даследаваннем гісторыі сваёй малой радзімы. Актыўна ўдзельнічалі родныя і блізкія загінуўшых і прапаўшых без вестак. Асабліва вялікі ўклад ва ўстанаўленне звестак пра загінуўшых грамадскія актывісты зрабілі ў 1970—1980-я гады. Пошукавая работа, асабліва правядзенне палявых работ, звязана з рызыкай сутыкнуцца з выбухованебяспечнымі прадметамі, захворваннямі. Каб такая работа праводзілася на належным узроўні і вёўся цэнтралізаваны ўлік сабраных звестак, у 1994 годзе было прынята рашэнне стварыць пры Міністэрстве абароны ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл, а 1 сакавіка 1995 года быў створаны 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, ваеннаслужачыя якога прыступілі да правядзення палявых пошукавых работ у маі таго ж года. У сярэднім кожны год у план правядзення палявых пошукавых работ уключаецца каля 100 пошукавых аб’ектаў на тэрыторыі ўсіх абласцей, — паведаміў Віктар Віктаравіч.
У адпаведнасці з заканадаўствам, непасрэдна палявыя пошукавыя работы могуць праводзіць толькі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, аднак, улічваючы шматлікія звароты грамадзян, была распрацавана пастанова Міністэрства абароны аб удзеле членаў грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у правядзенні палявых пошукавых работ сумесна з ваеннаслужачымі 52-га батальёна на тых аб’ектах, якія яны выявілі падчас архіўна-даследчых работ. Грамадзянін можа звярнуцца ў раённы выканаўчы камітэт або ў раённы ваенны камісарыят. Калі інфармацыя цікавая або пацверджана крыніцамі, то дадзены аб’ект уключаецца ў план правядзення палявых пошукавых работ батальёна.
Па словах В.В.Тарана, страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны склалі больш за 3 млн чалавек без уліку беларусаў, якія загінулі на франтах вайны і пахаваны за межамі краіны. Сярод іх страты Чырвонай Арміі падчас абарончых баёў летам 1941 года склалі каля 450 тысяч чалавек, пры вызваленні Беларусі — каля 215 тысяч. У нямецкіх лагерах для ваеннапалонных загінула каля 800 тысяч чалавек. Мірных грамадзян, забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі, налічваецца каля 1,5 млн чалавек. Сярод партызан і падпольшчыкаў страты складаюць каля 45 тысяч чалавек. Па інфармацыі Народнага саюза Германіі па доглядзе за ваеннымі магіламі, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі загінула і прапала без вестак каля 185 тысяч ваеннаслужачых Вермахта.
Пасля вайны на тэрыторыі Беларусі знаходзілася каля 20—25 тысяч воінскіх пахаванняў. Сёння на дзяржаўны ўлік пастаўлена каля 7300 воінскіх пахаванняў з астанкамі каля 2,2 млн чалавек. З іх ёсць звесткі толькі пра кожнага чацвёртага. Аднак, дзякуючы размяшчэнню ў інтэрнэце алічбаваных дакументаў, з’явілася магчымасць устанаўліваць звесткі пра вялікую колькасць загінуўшых абаронцаў Айчыны, якія лічацца як невядомыя або прапаўшыя без вестак. Кожны год у аўтаматызаваныя кнігі памяці раёнаў і цэнтралізаваную рэспубліканскую заносяцца звесткі пра некалькі тысяч чалавек.
Займаюцца гэтай важнай справай педагогі і навучэнцы, у тым ліку ўдзельнікі канферэнцыі “І памятае свет уратаваны”. У выступленнях навучэнцаў былі паказаны розныя аспекты лёсу іх малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, Настасся Барысевіч з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прадставіла даследаванне па 62-му Брэсцкаму ўмацаванаму раёну, якое яна правяла пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Вадзіма Ігаравіча Клімука.

Па словах дзяўчыны, 62-гі Брэсцкі ўмацаваны раён (УР) быў адным з самых вялікіх па працягласці (каля 120 км). У Брэсце знаходзіўся яго штаб, які за дзень да вайны быў перадыслацыраваны ў Высокае. Будаўніцтва УР пачалося летам 1940 года сапёрнымі часцямі 4-й арміі і 33-м інжынерным палком. Доўгачасовыя збудаванні ўзводзіліся на ўсходнім беразе Заходняга Буга непасрэдна ўздоўж мяжы літаральна на вачах у нямецкіх пагранічнікаў. Да 22 чэрвеня 1941 года на ўсім участку УР у адноснай боегатоўнасці было 92 доты.
У першыя хвіліны вайны часці і падраздзяленні УР па загадзе яго камандзіра генерала М.І.Пузырова ўступілі ў бой. На працягу 6 гадзін байцы 1-й роты 18-га асобнага кулямётнага-артылерыйскага батальёна з дотаў у раёне Казловічы — Рэчыца вялі агонь па фашыстах, не даючы ім пераправіцца цераз Буг. Сапернік кінуў на доты пяхоту, спецыяльныя сапёрныя часці з агнямётамі. Больш за іншых трымаўся дот у вёсцы Рэчыца. У ім змагаліся 23 байцы пад камандаваннем малодшых лейтэнантаў Селязнёва, Зіміна і старшыны Рэхіна, якія адмовіліся здавацца і загінулі ў полымі агнямётаў. У раёне вёсак Агароднікі, Орля, Навасёлкі адбівала атакі 3-я рота пад камандаваннем лейтэнанта .Весялова. Калі ў абаронцаў скончыліся боепрыпасы, вораг узарваў доты. З 258 байцоў і камандзіраў роты ў жывых цудам засталіся толькі 2 чалавекі.

У адрозненне ад Настассі Барысевіч, якая сваё выступленне цалкам прысвяціла баявым дзеянням, астатнія ўдзельнікі канферэнцыі паведамілі пра лёс іх малой радзімы падчас акупацыі на аснове ўспамінаў мірных жыхароў. Напрыклад, Аліна Акулава з сярэдняй школы № 21 Гомеля падзялілася інфармацыяй пра лёс населеных пунктаў Улукаўскага сельсавета Гомельскага раёна ў час акупацыі, а таксама дзейнасць дыверсійнай групы “Наперад”. На аснове ўспамінаў землякоў пабудавалі сваё выступленне і навучэнцы Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Лізавета Ліннік і Андрэй Косцін. Уражаная наведваннем мемарыяльных комплексаў “Дальва” і “Хатынь” Лізавета вырашыла пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Наталлі Уладзіміраўны Рандарэвіч даследаваць лёс вёсак, спаленых на тэрыторыі Докшыцкага раёна. У сваёй рабоце дзяўчына выкарыстоўвала матэрыялы Міністэрства абароны, раённай кнігі “Памяць”, Бягомльскага музея народнай славы, раённай газеты “Родныя вытокі”, успаміны сведкаў трагічных падзей. Тэмай даследавання Андрэя Косціна, праведзенага пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Іны Уладзіміраўны Косцінай, стаў лёс дзяцей, якія падчас акупацыі былі адпраўлены ў Германію на працу. З некаторымі з іх, хто зараз пражывае ў Крулеўшчыне, вучань сустрэўся і запісаў успаміны. Гэта Лідзія Мікалаеўна Бакшанская, Браніслаў Уладзіміравіч Бакшанскі, Ніна Рыгораўна Гаўрыловіч, Лілія Іванаўна Чарнаруцкая.

Самай жахлівай старонкай акупацыйнага перыяду Вялікай Айчыннай вайны стала дзейнасць канцэнтрацыйных лагераў і гета. Гэтай тэме прысвяціла сваё даследаванне, якое правяла пад кіраўніцтвам настаўнікаў геаграфіі Генадзя Мечыслававіча Куліцкага, англійскай мовы Людмілы Мікалаеўны Куліцкай, музыкі Наталлі Георгіеўны Івановай і педагога-арганізатара Ільі Алегавіча Ярмаловіча, вучаніца сярэдняй школы № 209 Мінска Дар’я Хітрова. Асабліва дзяўчыну ўразіла знаёмства з успамінамі Алены Рыгораўны Шварцман: “Я сама родам з Мінска. З 2 па 7 клас вучылася ў адным класе і сябравала з Машай Брускінай. Мы былі выдатніцамі. Аднойчы восенню 1941 года мой бацька прыйшоў з працы вельмі засмучаны і сказаў маці: “Маша вісіць!”. А мама яму адказала: “Цішэй, цішэй, каб Лена не чула”. Я чула, але ім нічога не сказала. Мама баялася, каб гэта не паўплывала на маю псіхіку. Не памятаю, як я знайшла адрас маці Машы, хутчэй за ўсё яго мне дала мая настаўніца па граматыцы. Я знайшла гэты дом. Калі адкрыла дзверы, Машына мама кружылася перад люстэркам і махала рукамі, як быццам танцавала. Калі я гэта ўбачыла, то вельмі спалохалася, разумеючы, што яна звар’яцела”.
Аліна Акулава: “440 жыхароў Улукаўскага сельсавета загінулі на франтах Вялікай Айчыннай. Даўно скончылася вайна, але памяць пра загінуўшых захоўваецца ў нашых сэрцах. Каля мемарыяла вёскі Бярозкі гарыць вечны агонь, удзячныя людзі даглядаюць помнік, прыносяць да яго вянкі і кветкі. Шумяць дрэвы над магільнымі плітамі воінскага пахавання ў пасёлку Перамога. Сюды не зарасце народная сцежка. У мітусні сучаснага жыцця варта больш пільна ўгле-дзецца ў тыя грозныя і гераічныя падзеі: чым жылі тады нашы суайчыннікі? Адкуль чэрпалі веру? Мы перамаглі і павінны ганарыцца сваёй гісторыяй”.
Рэспубліканскі злёт навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці, з’яўляецца яркім прыкладам супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Ён штогод праводзіцца Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства і з’яўляецца не толькі месцам адпачынку для юнакоў і дзяўчат, але і выдатнай нагодай для падвядзення вынікаў пошукавай работы, якая праводзілася на працягу года. Пачнецца новы навучальны год, а значыць, будуць новыя сустрэчы са сведкамі вайны, работа з архіўнымі і музейнымі матэрыяламі, інтэрнэт-крыніцамі, будуць устаноўлены новыя імёны абаронцаў Айчыны. Пошук працягваецца…
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.