Юныя лесаводы

Летнія канікулы ў самым разгары, школьнікі адпачываюць ад падручнікаў і душных класаў. Хтосьці адправіўся на мора, хтосьці — да бабулі ў вёску, хтосьці застаўся дома. А як правесці лета весела і з карысцю не толькі для сябе, але і для сваёй малой радзімы, дакладна ведаюць у Хоцімску Магілёўскай вобласці.

Не першы год у Хоцімскім раёне працуе летні лагер працы і адпачынку “Юны лесавод”. Сёлета яго праца пачалася 4 ліпеня на базе сярэдняй школы № 1 Хоцімска. Выхаванцы лагера — падлеткі ад 14 да 17 гадоў з усіх школ раёна (у прыярытэце былі дзеці, якія знаходзяцца на розных відах уліку, дзеці з мнагадзетных сем’яў і інш.). На змене — 20 чалавек: 10 хлопцаў і столькі ж дзяўчат. Выхаванцы лагера працуюць у гадавальніку лясных раслін (плошча 14 га), што знаходзіцца ў вёсцы Варвараўцы, праполваюць саджанцы хваёвых дрэў. Гэта выдатная магчымасць для падлеткаў прынесці карысць свайму раёну і падзарабіць да новага навучальнага года.

У 8 гадзін раніцы падлеткі збіраюцца ў школе, снедаюць і едуць у гадавальнік. Паколькі ён знаходзіцца за горадам, хлопцаў і дзяўчат адвозяць да месца працы на аўтобусе, які прадастаўляе аддзел адукацыі. Працоўны дзень у выхаванцаў лагера пачынаецца ў 9.00. Іх суправаджаюць 2 выхавальнікі: дапамагаюць, падказваюць, сочаць за парадкам і працай. Па прыездзе на месца начальнік вызначае фронт работ, у канцы дня правярае якасць іх выканання. На працягу працоўнага дня робіцца перапынак на перакус, а вяртаючыся ў школу, падлеткі абедаюць.

Паколькі лагер “Юны лесавод” не толькі працоўны, але і прызначаны для адпачынку, хлопцам і дзяўчатам прапаноўваюцца шматлікія мерапрыемствы. Па словах начальніка лагера Таццяны Генадзьеўны Чарнічковай, яны, як правіла, спартыўнай і экалагічнай накіраванасці, напрыклад, “Што мы ведаем пра насякомых”, “Пра зялёныя лясы і лясныя цуды”, “Шкодныя звычкі і здароўе”, “Правілы бяспекі — наша крэда” і інш. Не абышлося і без патрыятычнага мерапрыемства “Усё пра Беларусь”. Увогуле, сумаваць падлеткам у лагеры не даюць і дапамагаюць разбавіць штодзённую карпатлівую працу карысным адпачынкам.

Існуе шмат спосабаў зрабіць родны край прыгажэйшым і выказаць яму сваю падзяку. Лагер “Юны лесавод” — выдатны прыклад гэтага.

Дар’я БАРАВІКОВА.
Фота з архіва лагера.