Дарагой і любімай!

Ведаеце, я шчаслівая жанчына, бо ў мяне ёсці дзеці, дзеля якіх я жыву. Штогод Геранёнская сярэдняя школа Іўеўскага раёна збірае з 9 па 15 кастрычніка самых шчаслівых жанчын на мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці. Ва ўстанове праводзіцца тыдзень маці.

У рамках тыдня запланаваны конкурс малюнкаў “Я малюю маму сонечным промнем”, акцыя “Дзясятка” для мамы”, конкурс міні-сачыненняў “Напішы ліст маме”, конкурс фотаздымкаў “Я шчаслівы з мамай”, выстава ў школьнай бібліятэцы “Мая адзіная…”, сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба праводзіць круглы стол “Дзякуй вам, мамы, за тое, што ёсць”. А завершыць тыдзень бацькоўская субота, у рамках якой адбудзецца літаратурна-музычная кампазіцыя “Табе, любая і дарагая, прысвячаецца”.

У мерапрыемствах тыдня ўдзельнічаюць амаль усе вучні, педагогі, а таксама мамы навучэнцаў. У фае ўстановы арганізавана выстава сумеснай дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей і матуль “Нашы захапленні ў вольны час”, гучаць цудоўныя вершы, кранальныя музычныя кампазіцыі, а таксама жартаўлівыя мініяцюры “Памочнік”, “Дзе дзённік?”, “Школьныя гісторыі”. У шосты школьны дзень праходзіць акцыя “Букет для мамы”, дзе вучні 1—4 класаў Паліна Бабніс, Арына Грышко, Кацярына Бычкова, Дарына Грынцэвіч, Дар’я Гілінская, Ангеліна Місура сабралі самыя прыгожыя букеты для сваіх любых матуль.

Дзень маці — цудоўная нагода, каб яшчэ раз сказаць словы любові і спагады самаму дарагому і блізкаму чалавеку, аддаць даніну павагі за любоў, за шчырае мацярынскае сэрца, за клапатлівыя і ласкавыя рукі. Мамы заўсёды хвалююцца за сваіх дзяцей, якімі б дарослымі яны ні былі. Мама заўсёды застаецца мамай, а дзеці — дзецьмі. Якое гэта вялікае шчасце, калі мама побач! Яна ўсё зразумее, усё даруе. Шануйце сваіх мам!

Тарэса ГІЛІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.