Дзіцячая геалогія: аднаўляем забытае

Учора ў Мінску завяршыўся Рэспубліканскі злёт юных геолагаў. Ён праходзіў 9 дзён і аб’яднаў дзяцей, якія толькі робяць свае першыя крокі ў геалогіі. Месцам іх сустрэчы стаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, а ініцыятарам злёту выступілі Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. 

Лепшых вызначыў конкурс

Хрысціна Аляксандраўна Борбут, загадчык кабінета патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адзначыла:

 — Упершыню за доўгі час у сценах нашага цэнтра сабраліся юныя геолагі з усіх рэгіёнаў краіны, 42 чалавекі, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах геалагічнай накіраванасці, якія цікавяцца геалогіяй у межах факультатыўных заняткаў, прымалі ўдзел у Рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпія­дзе па геалогіі, што праходзіла ў 2018 го­дзе і сабрала больш за 200 каманд з Беларусі. Спадзяюся, удзельнікі атрымаюць новыя веды ў галіне геалогіі і ў далейшым, магчыма, працягнуць гэтае навучанне больш прафесійна, а таксама захочуць стаць спецыялістамі ў геа­логіі.

Праграма злёту была вельмі насычанай — хапіла і адпачынку, і навучання. Так, для школьнікаў праводзіліся заняткі ў спецыялістаў РЦЭіК у межах аб’яднанняў па інтарэсах “Юныя геолагі” і “Юныя экскурсаводы”, заняткі і майстар-класы ад вядучых геолагаў Беларусі, профільныя экскурсіі ў музей валуноў, у геалагічны музей Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі, дзеці пазнаёміліся з гісторыка-культурнымі славутасцямі Мінска і яго рэгіёна (Лошыцкай сядзібай, гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе”), наведалі цырк, планетарый і інш.

Але галоўным на злёце стала правядзенне профільных спаборніцтваў, якія і вызначылі лепшых юных геолагаў Беларусі. Так, у “Візітоўцы” каманды арыгінальна і артыстычна прадставілі сябе і свае рэгіёны. Конкурс-прэзентацыя “Геалогія і мы” складаўся з двух этапаў. Першы этап прадугледжваў справаздачы аб дзейнасці юных геолагаў, другі — прэзентацыю ўласна сабраных калекцый з узораў, якія характарызуюць будову, а таксама выкапнёвую флору і фаўну мясцовых тэрыторый.

Падчас спаборніцтва “Тэарэтычныя асновы геалогіі” ўдзельнікам злёту было прапанавана 50 тэарэтычных пытанняў па мінералогіі і петраграфіі, стратыграфіі, структурнай геалогіі і геатэктоніцы, геамарфалогіі, палеанталогіі, гістарычнай геалогіі, геалогіі чацвярцічных адкладаў, геалогіі нафты і газу, гідрагеалогіі, геалогіі карысных выкапняў і інш. Конкурс “Геалагічны разрэз” праверыў, ці ўмеюць юныя навукоўцы рабіць геа­лагічны разрэз у маштабе карты і афармляць яго.

Спаборніцтва па палеанталогіі ўключала 2 туры. У першым туры ўдзельнікам неабходна было вызначыць рэшткі выкапняў, вызначыць іх геахраналагічны ўзрост і магчымае радовішча. У другім туры правяралася тэарэтычная падрыхтоўка школьнікаў. У конкурсах “Мінералогія і петраграфія”, “Асновы тэхнікі бяспекі”, “Арганізацыя палявой стаянкі” ад удзельнікаў патрабавалася не толькі веданне формул і разнавіднасцей мінералаў, але і ўменні аказваць першую медыцынскую дапамогу і дэманстраваць правілы бяспекі пры правядзенні геолагаразведачных работ.

У выніку ў тройку прызёраў трапіла каманда Гомельскай вобласці, якую прадстаўлялі юныя геолагі з Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Ювента” Светлагорска (кіраўнік  З.М.Давідоўская). Яна заняла прызавое 3-е месца. На другой прыступцы размясцілася зборная Магілёўскай вобласці (кіраўнік Д.У.Паджыгераў), у склад якой увайшлі навучэнцы 6 розных школ Магілёва і Бабруйска. А вось абсалютнай пераможцай злёту стала каманда сталічнай сярэдняй школы № 53. Усе яны атрымалі ад арганізатараў ўзнагароды і прызы, якія дапамогуць юным геолагам разві­ваць кірунак у сябе.

Пазашкольная навука

Каманда 53-й школы “Юныя геолагі Беларусі”, бадай, самая дасведчаная і ўжо нават прадстаўляла нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах. Кіраўнік каманды-пераможцы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 53 Мінска Жанна Яўгенаўна Гвозд расказвае пра вопыт сваіх падапечных:

— Некалі дзіцячы геа­лагічны рух быў вельмі папулярным на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза. Пасля распаду Саюза ён стаў рэгіянальным. Якраз у нас, у Беларусі, гэты рух спыніўся, а ў Расіі і азіяцкіх краінах былога Савецкага Саюза, наадварот, актыўна развіваўся ўсе наступныя гады. У 2017-м наша краіна атрымала запрашэнне на XI Усерасійскую адкрытую палявую алімпіяду, у рамках якой праходзіла Міжнародная алімпіяда юных геолагаў — у ёй прымалі ўдзел каманды з рэгіёнаў Расіі, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Туркменістана. Мінпрыроды звярнулася на геафак БДУ з просьбай вызначыцца з камандай-дэлегатам. З гэтым факультэтам даводзілася цесна супрацоўнічаць па іншых праектах, але прапанову падрыхтавацца і паехаць на алімпіяду ад Беларусі атрымалі якраз мы. Гэта была авантура, бо на падрыхтоўку ў нас заставалася пара летніх месяцаў, але мы згадзіліся. Правялі лета ў лабараторыях БДУ, дзе нашых дзяцей рыхтавалі выкладчыкі ўніверсітэта, і ў выніку з міжнароднай алімпіяды вярнуліся з “бронзай”. У мінулым годзе мы атрымалі запрашэнне з Татарстана і прынялі ўдзел у іх рэгіянальнай адкрытай палявой алімпіядзе. Цяпер рыхтуемся да ўдзелу ў II Міжнароднай алімпіядзе ў межах XII адкрытай Усерасійскай, якая пройдзе ў Новасібірску з 26 ліпеня па 2 жніўня. Гэта больш хвалююча, бо мы ўжо ведаем, наколькі высокі ўзровень дадзенага спаборніцтва. У нашай камандзе ёсць нават такі дэвіз: “Чым больш я вывучаю, тым менш ведаю”.Са­праўды чым больш мы паглыбляемся ў сферу геалогіі, чым глыбей капаем, тым больш пытанняў узнікае. Але мае дзеці вельмі матываваныя, яны жывуць гэтым, з задавальннем займаюцца. Ды і падтрымку ўжо знахо­дзім: сёлета ў нас з’явіўся спонсар — адна з расійскіх кампаній. Але галоўную дапамогу нам аказваюць спецыялісты геафака і інстытута геалогіі БДУ, сур’ёзна рыхтуючы нашых навучэнцаў у галіне геалогіі.

 Па словах Жанны Яўгенаўны, галоўны вынік такіх міжнародных спаборніцтваў — не дыпломы, а тое, што дзеці могуць право­дзіць даследаванні ў гарах, якіх у Беларусі не хапае:

— Калі дзеці вяртаюцца з геалагічнага маршруту па горных раёнах Расіі, дзе яны бачаць тое, чаго на Радзіме няма, то аб’ектыўна я магу нешта пачуць у лепшым выпадку толькі заўтра, бо ў дзень вяртання дадому ў іх столькі эмоцый ад убачанага!

Прафесійныя перспектывы

Пра сур’ёзнасць захаплення геалогіяй гаворыць і тое, што за два гады работы каманды ўжо два яе выпускнікі звязалі свой прафесійны шлях з гэтай сферай: Юля Гаўрылюк стала студэнткай геафака БДУ, а Іван Брыгас вучыцца ў БНТУ на спецыяльнасці “Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў”. Думаецца, далей колькасць выпускнікоў-геолагаў будзе толькі павялічвацца. Напрыклад, сёлетні выпускнік Арцём Валчок спадзяецца, што праз некалькі тыдняў зможа пахваліцца, што стаў студэнтам геафака БДУ, а яго сябар 11-класнік Іван Сафонаў праз год плануе паступаць туды ж, толькі на палеанталагічны факультэт.

— Геалогія — адно з самых важных захапленняў у маім жыцці, — гаворыць Арцём Валчок. — Яно пачалося знянацку з нашай паездкі ў расійскі горад Кемерава, але, думаю, гэтую сферу я ўжо не пакіну. Геалогія — вельмі складаная навука, у школе яе не выкладаюць, і нам давялося ўсяму вучыцца з нуля. Але гэта вельмі цікава.

Такому настрою і ўпартасці рады Віктар Іванавіч Гіпчык, дырэктар філіяла “Інстытут геалогіі” дзяржаўнага прадпрыемства “Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі”, бо, як ён адзначае, беларускай геалогіі неабходна змена пакаленняў, пераемнасць. Віктар Іванавіч паабяцаў аказваць любую дапамогу на шляху развіцця дзіцячай геа­логіі.

 Згодны з калегам і Алег Пятровіч Мох, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў — начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. “Я, як на машыне часу, перамясціўся ў гады сваёй маладосці, бо пачынаў якраз з такіх злётаў, з конкурсаў юных геолагаў. Гля­джу сёння на ўдзельнікаў злёту і спрабую ўгадаць, хто з іх праз гадоў дзесяць узначаліць нашу геалагічную галіну. Я вельмі рады, што, нарэшце, праз 30 гадоў паўзы ў Беларусі аднавіліся такія конкурсы, — сказаў ён і, разважаючы пра перспектывы прафесіі, дадаў: — Мы не горная краіна, тым не менш зусім хутка геолагі будуць у нас вельмі запатрабаваны, бо распачнуць сваю работу тры найбуйнейшыя ў свеце калійныя камбінаты ў Салігорску, Петрыкаве і Любані. Гэтым прадпрыемствам спатрэбяцца геолагі, і пажадана, каб яны былі мясцовымі, каб любілі сваю прыроду і ўмелі ліквідаваць негатыўныя наступствы, а не толькі бачылі здабычу сваёй мэтай. Геолагі будуць запатрабаваны не толькі пры навукова-даследчых рэгіянальных інстытутах, але і як абслуговыя спецыялісты кар’ераў, шахт, што будуць суправаджаць іх неабходнай геалагічнай дакументацыяй”.

 “Усе радовішчы — па здабычы калію, наф­ты, даламіту, граніту — адкрыты у нашай краіне якраз тымі супрацоўнікамі, якія некалі пратоптвалі дарогу ў геалогію. Таму нам будзе вельмі прыемна, калі нехта з удзельнікаў гэтага злёту захоча займацца менавіта навуковым кірункам. Толькі так будзе развівацца геа­лагічная навука”, — дадаў В.І.Гіпчык.

Лідзія Андрэеўна Жур, намеснік дырэктара РЦЭіК, падзякавала ўдзельнікам злёту за іх цікавасць да геалогіі, але асаблівую ўдзяч­насць выказала іх педагогам: “Я разумею, наколькі гэта складаная справа — зацікавіць нечым нанова. Спадзяюся, што тыя, хто толькі-толькі выходзіць на геалагічную сцяжынку, не зверне з яе і ў выніку выйдзе на вялікую, магчыма, прафесійную дарогу”.

А Хрысціна Борбут пераканана, што Беларусь і далей будзе рухацца наперад у гэтым кірунку: “Мы будзем аднаўляць дзіцячы геалагічны рух, традыцыю правядзення злётаў і, спадзяюся, хутка выйдзем на годны ўзровень, а вынік гэтай работы ўбачым у пакаленнях будучых геолагаў і ўвогуле ў развіцці ў дзяцей цікавасці да гэтай навукі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.