Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні беларускага грамадства патрабуюць істотных змен у прынцыпах, формах і метадах падрыхтоўкі школьнікаў. Сёння задача школы — фарміраванне новага пакалення эканамічна граматных, канкурэнтаздольных людзей; людзей, якія будуць паспяхова развіваць рыначныя адносіны ў краіне. А значыць, неабходна стварыць умовы, каб моладзь вучылася дабівацца поспеху ў розных відах дзейнасці ў роднай школе, мікрараёне, горадзе.
Ёсць праблема — ёсць вырашэнне
На першы погляд сярэдняя школа № 10 Барысава Мінскай вобласці нічым не вызначаецца сярод старых будынкаў школ шасцідзясятых: невялікі акуратны будынак, дагледжаны дворык, сад каля хваёвага бору ў акружэнні прыватных падворкаў. Між тым гэта не толькі адукацыйная ўстанова, але і адзінае месца ў вялікім мікрараёне, дзе можна цікава правесці вольны час.
Менавіта таму на адным з пасяджэнняў актыву валанцёрскага руху “Добрае сэрца” зарадзілася ідэя праекта “Школьны двор — месца актыўнага адпачынку і вольнага часу”. Дзеці вырашылі разбіць прастору школьнай тэрыторыі на зоны (спартыўную, гульнявую, адпачынку, вучэбна-доследную), дзе можна было б рэалізаваць свае здольнасці, запыты і інтарэсы не толькі навучэнцам, але і ўсім жыхарам мікрараёна. Распрацоўваючы праект, школьнікі сутыкнуліся з мноствам праблем: трэба не толькі арганізаваць сумесную дзейнасць, але і прыцягнуць да ўдзелу інтэлектуальныя, эканамічныя, арганізацыйныя рэсурсы зацікаўленых бакоў (сацыяльных інстытутаў, актыўных грамадзян, прадстаўнікоў розных груп грамадства і г.д.), а таксама навучыцца ўзаемадзейнічаць з сацыяльнымі партнёрамі, складаць графікі правядзення работ, падлічваць затраты і рызыкі і многае іншае. Такога вопыту на той момант не было не толькі ў дзяцей, але і ў педагогаў.
Стала відавочным, што ў навучэнцаў неабходна фарміраваць сістэму сацыяльна-эканамічных ведаў і ўменне творча прымяняць іх пры вырашэнні розных праблем, паказваючы пры гэтым самастойнасць, ініцыятыўнасць, адказнасць — прадпрымальнасць. Так, у 2014/2015 навучальным годзе ў школе пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі”, мэта якога — развіццё грамадзянскіх і лідарскіх якасцей школьнай моладзі, якая не толькі праяўляе прадпрымальніцкую ініцыятыву, але і вучыцца яе рэалізоўваць.
У Эстонію за вопытам
Паколькі ў Беларусі аб прадпрымальнасці школьнікаў задумаліся параўнальна нядаўна і вопыту ў гэтай сферы не было, за аснову праекта быў узяты вопыт эстонскіх калег. Я як дырэктар школы з групай беларускіх педагогаў, якія прадстаўляюць асацыяцыю “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, у снежні пабывала ў Эстоніі, дзе пазнаёмілася з вопытам нашых суседзяў у навучанні школьнікаў прадпрымальнаму і прадпрымальніцкаму мысленню і даведалася, як у гэтай краіне дапамагаюць моладзі адкрыць у сабе прадпрымальных людзей, арганізаваць сваю справу і паспяхова весці бізнес.
Атрыманы вопыт дапамог пазнаёміць педагогаў установы з практыкай работы вучнёўскіх фірм у Эстоніі. Настаўнікі змаглі паспрабаваць свае сілы ў стварэнні ўласнай кампаніі: прапанаваць камандзе сваю ідэю, адчуць сябе ў ролі стартапера, прайсці некалькі этапаў пабудовы бізнес-мадэлі Астэрвальдэра і на працягу 3 мінут прэзентаваць сваё прадпрыемства. Такія ж семінары былі праведзены і для лідараў вучнёўскіх калектываў, з імі ж былі намечаны шляхі стварэння творчага інкубатара ва ўстанове.
З пачатку навучальнага года былі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, ажыццяўлялася пачатковая прадпрымальніцкая падрыхтоўка і прафарыентацыя школьнікаў. Трое навучэнцаў 11 класа Дар’я Ротчанкава, Ганна Панасенкава і Наталля Бікеева сталі ўдзельніцамі праекта “Маладзёжнае прадпрымальніцтва” на базе вучэбна-навуковага Цэнтра сістэматычных даследаванняў праблем моладзі эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праект дапамагае выяўляць дзелавыя таленты, лідараў сярод студэнцкай моладзі, вучыць іх асновам менеджменту і прадпрымальніцтва. Сёння дзяўчаты ўжо могуць аказаць дапамогу вучнёўскім кампаніям у распрацоўцы бізнес-планаў, стварэнні сацыяльна значных праектаў і рэалізацыі іх на практыцы.
Россып вучнёўскіх ідэй
Для вызначэння самых ініцыятыўных і творчых хлопчыкаў і дзяўчынак быў арганізаваны “Кірмаш школьных ідэй”. Кожны ўдзельнік кірмашу меў магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, прадставіць сваю ідэю. Тут прэзентавалі і ацэньвалі крэатыўныя нумары для шоу-праграм, здзіўлялі неверагодна арыгінальнымі ўпакоўкамі для падарункаў, частавалі “вясёлымі” бутэрбродамі. У прэзентацыі прадукцыі і паслуг дзецям неабходна было даць правільную назву фірме і прадставіць членаў каманды, пераканаць журы ва ўнікальнасці сваёй прапановы, даказаць, што іх тавар або паслуга вырашае важную праблему, дапамагае задаволіць патрэбы пэўнай катэгорыі спажыўцоў. Дарэчы, на нядаўнім свяце мікрараёна “А ў нас сёння Масленка…”, арганізаваным школай, праходзіў кірмаш, дзе прапаноўвалася прадукцыя вучнёўскіх кампаній. Незвычайныя бутэрброды сталі лідарамі попыту. Праекты, якія журы палічыла найбольш перспектыўнымі, у далейшым будуць дапрацоўвацца з дапамогай кансультантаў.
Удзельнікі праектаў сарыентаваны не столькі на атрыманне даходу, колькі на развіццё ўласнай прадпрымальнасці. Дзеці самі ініцыіруюць ідэі, а настаўнікі выступаюць як дарадцы і каардынатары. Так, кампанія “Вясёлыя рабяты” 6 “А” класа занялася арганізацыяй дабрачынных свят і канцэртаў. Ім давялося цесна супрацоўнічаць з “Карпарацыяй прэзентацый”, якую арганізавалі навучэнцы 6 “Б” класа. Яны аказалі дапамогу ў падрыхтоўцы арыгінальных прэзентацый да свят, рэкламных шыльд і аб’яў.
Дзякуючы вучнёўскай фірме “Салон “Коска” дзяўчынак 8 “А” класа, у школе з’явіўся стыль не толькі ў дзелавой форме адзення, але і ў школьных прычосках для дзяўчынак. Знайсці аднадумцаў, якія хочуць разам праводзіць час з карысцю для ўсіх, дапамаглі дзевяцікласнікі каманды “Форум маладзёжных субкультур”, якія займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў у суботні і вячэрні час. Праблему нумаркоў з гардэроба, якія ўвесь час губляюцца, дапамагла вырашыць кампанія пяцікласнікаў “Нумарок “Непрападайка”. Цяпер навучэнцам не трэба будзе памятаць лічбу нумарка, нават калі ён згубіцца. Дастаткова ўспомніць яго па колеры і малюнку. У сваёй “Сувенірнай краме” па вырабе незвычайных сувеніраў дзесяцікласнікі могуць прапанаваць дрэва для жаночых завушніц, кішэнны даведнік дакладных навук, кашпо і пано са старых кружэлак у стылі рэтра.
Пяцікласнікі вырашылі на школьных святах уручаць гасцям незвычайныя букеты. Фірма “УкраСам” стварае іх з другаснай сыравіны. А іх ідэя па арганізацыі штодзённага збору паперы казачным персанажам Бугам, фігура якога ў выглядзе кантэйнера для збору паперы размешчана на школьных калідорах, вельмі спадабалася малодшым школьнікам.
Канечне, каб арганізаваць ва ўстанове рэальную прадпрымальніцкую дзейнасць, усім удзельнікам праекта трэба прайсці яшчэ не адзін этап навучання. Але ўжо сёння можна бачыць, што, дзякуючы ініцыятывам дзяцей, установа зможа вырашаць задачы, звязаныя з недастатковым фінансаваннем, з утрыманнем прылеглай тэрыторыі ў належным парадку, захаваннем і паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, а ў рэальных прадпрымальніцкіх працэсах змогуць быць задзейнічаны настаўнікі, навучэнцы, жыхары мікрараёнаў. Напрыклад, гараджане дапамагалі рэканструяваць стадыён і добраўпарадкоўваць мікрараён.
Такім чынам, прадпрымальніцтва для ўсіх прадстаўнікоў соцыуму — гэта магчымасць набыць незаменны вопыт і навыкі. У сучасным грамадстве мы не зможам падрыхтаваць дзяцей да будучых прафесій, бо ніхто з нас не можа сказаць, якія прафесіі з’явяцца і будуць запатрабаваны ў будучыні. Адзіны выхад — забяспечыць моладзь уменнямі, ведамі і навыкамі, якія дадуць ім магчымасць дасягнуць поспеху ў сучасным грамадстве, якое развіваецца ўсё хутчэй.
Святлана КАРОСЦІК,
дырэктар сярэдняй школы № 10 Барысава.