Фокуснік у пагонах

Калі я ехала ў Баранавічы да юнага фокусніка Эрнеста Літвіновіча, была ўпэўнена, што, нарэшце, прыадкрыю таямніцу фокусаў, якімі з дзяцінства захаплялася, седзячы ў зале цырка, але здалёк не магла падгледзець, дзе падман. Шчыра кажучы, я разлічвала на дылетанцтва: майму герою ўсяго толькі 13 гадоў, ды і, седзячы побач, літаральна ў сантыметрах ад самога дзейства, я спадзявалася на свой зрок. Але віртуознае валоданне майстэрствам ілюзіяніста майго суразмоўцы так і не пакінула шансаў атрымаць адказ на пытанне: у чым жа сакрэт фокусаў?

Поспех без табурэткі і вершыка

Пачалася гісторыя гэтага незвычайнага захаплення хлопчыка з незвычайным імем некалькі гадоў назад, калі ён зацікавіўся тэлепраграмай “Тайны вялікіх магаў”. Самы першы фокус васьмігадовы Эрык адточваў тыднямі і дагэтуль памятае рэакцыю сяброў, калі ён пракалоў іголкай свой палец, накрыты хустачкай (насамрэч пад ёй была падкладзена морквіна). А ўжо праз пару гадоў лёгка адгадваў сакрэты трукаў, якія паказвалі іншыя, і паўтараў іх. Кожны раз, калі ў яго доме былі госці, ён выклікаў фурор. Гэта не стаць на табурэтку і расказаць вершык — гэта тое, чаго не мог ні паўтарыць, ні растлумачыць ніхто з прысутных! Бацькі адразу не ўспрымалі захапленне сына сур’ёзна, а калі Эрык стаў праводзіць з картамі, пярсцёнкамі і мячыкамі дні напралёт, закінуў вучобу, сталі сварыцца.
“Я ж нават урокі не мог нармальна зрабіць, — прызнаецца Эрнест. — Прыйду дадому, адгарну сшытак і ўспамінаю, што так і не адпрацаваў фокус. Дастаю калоду карт, іду да люстэрка, даю сабе абяцанне толькі трошкі патрэніравацца, і так да ночы. Мама сварылася, пагражала, маўляў, будзеш лынды біць, аддадзім у кадэцкае вучылішча, там цябе навучаць. А я падумаў, падумаў: а чаму б і не? Здаў экзамены, паступіў і не прагадаў: я вельмі задаволены. У нашым вучылішчы выкладчыкі проста цудоўныя, хоць і строгія. Яны з намі не цацкаюцца: дамашняе заданне не выканаў — табе адразу “нуль”. Тут ужо ніхто не дазволіць, як у школе, зрабіць заўтра. Таму я і вучобу адразу падцягнуў”.
“Калі ў дзіцяці ёсць талент, не бачу ніякіх прычын гэта тушыць у сабе, — гаворыць дырэктар Брэсцкага кадэцкага вучылішча Аляксандр Сцяпанавіч Калько. — І не бачу нічога дрэннага ў сумяшчэнні формы і магіі, тых жа карт: ён жа не гуляе. Сам па сабе Эрнест сціплы хлопец, нават на ўроку (я выкладаю ў яго гісторыю), калі і ведае матэрыял, лішні раз руку не падыме, а калі ён выходзіць на сцэну — імгненна пераўвасабляецца. Мы з калегамі нават у настаўніцкай арганізоўвалі для яго спецыяльны экзамен, калі ён толькі паступіў да нас на навучанне. Трэба ж было на свае вочы ўбачыць тое, што так актыўна пачалі абмяркоўваць на перапынках нашы навучэнцы”.
Ні адзін педагог не можа сказаць дрэннага слова ні пра Эрнеста, ні пра яго паводзіны, ні пра вучобу. Ды цяпер і бацькі ўжо не так востра рэагуюць: абы вучыўся. Тым больш, што самі бачаць, як у яго гэта сапраўды выдатна атрымліваецца.

Лоўкасць рук і ніякага ашуканства

Жанр, у якім працуе Эрык, называецца мікрамагіяй — гэта трукі з прадметамі, якія змяшчаюцца ў кішэні: пярсцёнкі, вяроўкі, шарыкі, хустачкі, лыжкі, манеткі, купюры і іншыя дробныя прадметы. Але найбольш Эрык любіць фокусы з картамі.
“На жаль, людзі недалюбліваюць карты, для большасці яны асацыіруюцца з падманам, ашуканствам, — гаворыць Эрык, па-заліхвацку тасуючы калоду. — А на самай справе фокуснікі — самыя чэсныя людзі, бо яны папярэджваюць гледачоў, што паказваюць фокус. Наша задача — здзівіць, а не падмануць. Так што тут трэба літаральна ўспрымаць фразу пра фокуснікаў: лоўкасць рук і ніякага ашуканства. А падман няхай застаецца на сумленні шулераў”.
І тут пачынаецца дзейства, якому адмаўляюцца верыць і вочы, і розум. Карты знікаюць і проста ніадкуль паяўляюцца зноў, трэфы становяцца бубнамі, ці знікаюць усе масці і становяцца пустымі, увогуле без малюнкаў, шасцёркі ператвараюцца ў тузы, абраную мной карту неверагодным чынам пасля шэрага маніпуляцый усё роўна хлопец беспамылкова ўгадвае… І тут заўважаю, што падгледзець сакрэт хачу не толькі я: з суседніх столікаў кавярні, дзе адбываецца наша размова, пільна сочаць яшчэ некалькі чалавек. І, што цікава, які б настрой ні быў у чалавека, калі ён бачыць фокусніка, абавязкова пачынае ўсміхацца, здзіўляючыся майстэрству. Вось яна, сапраўдная магія! Дзейнічае не горш, чым самыя лепшыя хады псіхолага.
У любым мастацтве, як і ў спорце, ёсць тыя, на каго раўняюцца навічкі. Але ў Эрнеста такога куміра няма, бо тут слепа капіраваць чужы вопыт усё роўна не атрымаецца. Менавіта таму ў яго арсенале мноства ўласна прыдуманых фокусаў. Іх калекцыя папаўняецца “цёпленькімі” ледзь не штодня. А пасля старанных і доўгіх адточванняў элементаў, ці флорышаў, як іх называюць прафесіяналы, перад люстэркам ён выходзіць “у людзі”.

Грашовае ўвасабленне ілюзіі

У парку адпачынку родных Баранавіч гараджане ўжо прывыклі бачыць гэтага хлопчыка. Яшчэ не так даўно ён саромеўся быць у цэнтры ўвагі, а цяпер смела выступае перад публікай, лёгка можа сабраць на перапынку чалавек 40 ці проста падысці на вуліцы да прахожага і спытаць: “Вы любіце фокусы?” Як правіла, гэта інтрыгуе. Падыходзіць яшчэ адзін прахожы, другі, трэці — і вось ужо сапраўднае цыркавое прадстаўленне. І віртуознае выкананне, і сама прыцягальнасць тэмпераменту хлопца гарантавана збіраюць натоўпы цікаўных. Самыя любімыя нумары публікі — з грашыма, калі, скажам, 100 рублёў ператвараюцца ў 100 тысяч. Безумоўна, авалодаць ім хацеў бы кожны: не прыйшлося б так чакаць дня стыпендыі ці зарплаты. Але галоўнае правіла любога фокусніка — ніколі не раскрываць свае сакрэты. Эрнест можа раскрыць просты фокус, які зможа паўтарыць любое дзіця, але трукі не выдае ніколі.
“У нас, беларусаў, глядач спецыфічны, — гаворыць мой суразмоўца. — Гэта за мяжой дастаткова паказаць шоу, а ў нашага чалавека найперш узнікае не здзіўленне, а жаданне зразумець сакрэт, і таму традыцыйна гучыць просьба: “Ну раскажы, у чым сакрэт?” і абяцанне: “Я нікому не скажу!” Дарэчы, амерыканца Валянціна, які раскрыў сакрэты на тэлебачанні, выключылі з усіх міжнародных асацыяцый ілюзіяністаў, і ні адзін фокуснік не пацісне яму руку. Бо яго мэта была — не падштурхнуць авалодаць майстэрствам, а раскрыць яго сакрэты. Галоўная шкода ў тым, што маштабных фокусаў звычайны чалавек не паўторыць, у яго проста не будзе магчымасці, затое ён лёгка зможа сарваць выступленне прафесійным ілюзіяністам, калі яны працуюць на сцэне”.
Яшчэ адно ўласнае правіла Эрнеста — які б фокус, падгледжаны ў іншага, ён ні паўтараў, абавязкова суправаджае ўласнай падачай: ці дыялог вядзе з гледачом, ці просіць яго дапамагчы, ці прыдумае яшчэ што-небудзь. Існуе і яшчэ адно — ніколі не паказваць адзін і той жа фокус адной публіцы двойчы. Але часта гэтым правілам Эрнест грэбуе: усё роўна, колькі б глядач ні сачыў за яго рухамі, не ўбачыць падвох — настолькі прафесійна ён выконвае фокус. Дарэчы, за такое прафесійнае выкананне гледачы нядрэнна плацяць. Летам, калі людна на вуліцах, за 10—15 хвілін можна зарабіць трыста — чатырыста тысяч. Ужо і на марожанае ў бацькоў не трэба прасіць, можна сабе кнігу ці абноўку купіць ці на новы рэквізіт адкласці. Дарэчы, увесь ён, да дробязяў, набыты выключна за сродкі ад такіх вулічных прадстаўленняў. Хаця каштуе ён нятанна: скажам, калода прафесійных карт ілюзіяністаў можа каштаваць ад 10 долараў, а кошт “мэблі”, якая прафесійна ўмее лятаць, пачынаецца ад чатырохсот.
На змену дамашняй і вулічнай магіі прыйшла, можна сказаць, прафесійная. Апошнія паўгода Эрнест выступае са сваёй праграмай. Літаральна на любое свята ці масавае мерапрыемства ў горадзе ці прафесійныя ў вучылішчы — Дзень настаўніка, дзень кадэта, прысяга, канцэрты — абавязкова запрашаюць Эрыка. Ні адзін нумар самадзейнасці яго равеснікаў-танцораў ці вакалістаў і нават дарослых артыстаў не выклікае такіх авацый, як, напрыклад, скручванне гайкі з болціка ці перасоўванне стала сілай думкі. Такія маштабныя конкурсы хлопец толькі пачаў асвойваць. Увогуле ў яго арсенале больш за 200 фокусаў. А нядаўна Эрык навучыўся таму, што стол не толькі перасоўваецца, але і лятае, завісае ў паветры. Карыстаецца поспехам адзін з новых фокусаў: Эрнест бярэ манетку, на якой глядач ставіць свой аўтограф, заварочвае яе ў сурвэтку, падпальвае, яна ўспыхвае і згарае літаральна за долі секунды. А гледачу дае мяшочак, той дастае адтуль сінюю каробачку, унутры якой — яшчэ адна, чырвоная, у чырвонай — зялёная, у зялёнай — жоўтая, а ўжо ў ёй — манетка з яго ўласным подпісам.

Справе — час, а забаве — гадзіна

Гэты нумар склаў частку праграмы, якую на мінулых выхадных Эрнест прадставіў на І Міжнародным фестывалі фокуснікаў-ілюзіяністаў “Мэджык-шоу”, які праходзіў у Гродне (яго арганізавалі беларускае таварыства “Ілюзіён” і Гродзенскі гарадскі палац культуры пры падтрымцы аддзелаў па ідэалагічнай рабоце). Хлопец увайшоў у тройку лідараў, абышоўшы у майстэрстве больш за 70 удзельнікаў розных узростаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі. Дарэчы, гэта ўжо другая перамога на такім узроўні. Летам ён заваяваў 3 месца на Міжнародным фестывалі WORLD FESTIVAL OF MAGIC “Творым цуды разам”, які праходзіў ва ўкраінскім Днепрапятроўску. У сваёй катэгорыі там ён быў адзіны прадстаўнік ад Беларусі, астатнія — прадстаўнікі Польшчы, Францыі, ЗША, Індыі, Тайланда і іншых краін, і адзіным дзіцем, хто навучыўся фокусам самастойна, — астатнія заканчвалі спецыяльныя школы фокуснікаў.
“Большасць маіх знаёмых і сяброў захапляюцца камп’ютарнымі гульнямі, што мне абсалютна нецікава. Бадай, адзінае агульнае захапленне — гэта спорт, я і на футбольны матч з задавальненнем з імі схаджу, і сам люблю пагуляць, — гаворыць Эрнест. — А вось маё захапленне фокусамі часцей падзяляюць дарослыя, і вопыту я набіраюся ад іх праз інтэрнэт. Такія фестывалі для мяне — гэта магчымасць рэальных зносін. Цяпер я вельмі рэдка ўключаю тэлевізар, а раней глядзеў такія праграмы: “Здзіві мяне”, “Хвіліна славы”, “Украіна мае таленты”, “Феномен”. І самыя яркія ўдзельнікі і вядучыя гэтых праграм з’ехаліся на наш фестываль, дзяліліся вопытам і сваімі сакрэтамі. З некаторымі з іх я пазнаёміўся ва Украіне, прыемна, што і яны мяне запомнілі і падыходзілі павітаць.
Акрамя ўзнагарод, новых знаёмых, такія сустрэчы для мяне — цудоўная магчымасць атрымаць новыя веды. На працягу двух дзён у Гродне праводзіліся семінары і майстар-класы, дзе прафесійныя ілюзіяністы дзяліліся сваімі сакрэтамі, расказвалі пра тонкасці фокусаў з жывёламі і птушкамі, напрыклад, трусамі і галубамі, расказвалі, як іх даглядаць, вучылі працаваць з рознымі катэгорыямі гледачоў, у прыватнасці, з малымі дзецьмі. Іх вельмі лёгка развесяліць, але вось здзівіць складана, бо ў іх няма стэрэатыпаў, для іх часта ў адным шэрагу звыклых і натуральных з’яў аўтаматычнае пераключэнне святлафораў і адкрыванне дзвярэй, дыстанцыйнае кіраванне самымі рознымі прыборамі і лунанне ў паветры цяжкіх прадметаў”.
Заняткі, на якіх давалі парады, як адкрыць свой бізнес, для майго героя былі неактуальныя, бо ў яго планы на будучыню іншыя: “Для мяне майстэрства здзіўляць, узні-маць настрой, выклікаць усмешку — гэта нават больш, чым захапленне, я атрымліваю асалоду ад гэтага. Але прафесійна займацца фокусамі я не хачу, ды і ў нашай краіне гэта немагчыма. Кажуць, самая лепшая прафесія — гэта хобі, за якое добра плацяць. Дык вось магія — гэта толькі кавалак хлеба, а на цэлую буханку я планую зарабляць у якасці супрацоўніка Міністэрства ўнутраных спраў. Але дакладна ведаю, што фокусы не пакіну. Так што буду ратаваць людзей, а потым іх здзіўляць”.

 

Святлана НІКІФАРАВА.