Гатоўнасць быць грамадзянінам

Для вучняў Чырвонабярэжскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, як і для тысяч іншых школьнікаў краіны, рэспубліканская патрыятычная акцыя “Я — грамадзянін Беларусі” пачалася 1 верасня з аднайменнага ўрока. А вось наступным мерапрыемствам акцыі для юных чырвонабярэжцаў, у прыватнасці вучняў 5 класа, стала ўрачыстае прыманне іх у самую масавую дзіцячую арганізацыю краіны — БРПА, у атрад імя Зіны Партновай.

Прыманне ў піянеры чырвонабярэжскіх пяцікласнікаў ужо некалькі гадоў праходзіць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, узведзенага ў 2007 годзе ў вёсцы ў памяць малалетніх ахвяр вайны і вязняў фашысцкага дзіцячага канцлагера, што дзейнічаў у Чыр­воным Беразе ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Чырвонабярэжскай сярэдняй школы Алены Васільеўны Драздовай, менавіта тут, дзякуючы незвычайнай архітэктуры комплексу, цудоўна ўсведамляеш увесь трагізм вайны і ў той жа час разумееш значнасць перамогі нашага народа. Хіба можна знайсці лепшае месца для патрыятычнага выхавання моладзі?

Больш падрабязна пра мінулае Чырвонага Берага, тую работу, што праводзіцца ва ўстановах адукацыі Жлобінскага раёна па захаванні памяці пра дзяцей — ахвяр вайны, вы зможаце прачытаць у суботнім нумары “Настаўніцкай газеты”. Спадзяёмся, пасля завочнай экскурсіі на Жлобіншчыну мемарыяльны комплекс, дзе 17 верасня гучалі словы піянерскай клятвы, стане тым месцам, якое разам са сваімі вучнямі вы абавязкова захочаце наведаць падчас рэспубліканскай патрыя­тычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота аўтара.