Геаграфія прафесій

Кожны год напярэдадні Дня маці для васьмікласнікаў Турэц-Баярскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна праводзяцца тэматычныя класныя гадзіны і пазакласныя мерапрыемствы з мэтай выхавання павагі і любові да сям’і, да маці. Мамы нашых вучняў — пастаянныя ўдзельнікі гэтых мерапрыемстваў.

Падчас нядаўняга мерапрыемства “Прафесіі нашых матуль” мамы дзяліліся з вучнямі прафесійнымі сакрэтамі, бо выбар прафесіі — адказнае рашэнне, якое даводзіцца прымаць кожнаму чалавеку. Свет прафесій разнастайны, і тут важна не памыліцца. Мэтай мерапрыемства стала фарміраванне цікавасці да людзей працы і іх прафесій. На падрыхтоўчым этапе было праведзена анкетаванне вучняў “Ці добра я ведаю прафесію сваёй мамы?”. Потым працавала статыстычная група па зборы інфармацыі пра самыя распаўсюджаныя прафесіі матуль, а “журналісты” рыхтавалі інтэрв’ю для мерапрыемства. Былі таксама арганізаваны экскурсіі вучняў на рабочыя месцы матуль.

Вынікі анкетавання вучняў паказалі, што ўсе васьмікласнікі добра ведаюць асаблівасці прафесій матуль. Статыстычная група выконвала заданне, мэтай якога было вызначыць найбольш распаўсюджаныя прафесіі. Самымі папулярнымі аказаліся прадавец і малодшая медсястра, якія, дарэчы, вельмі запатрабаваны на рынку працы. Інжынер і цырульнік, выхавальнік дзіцячага сада і закройшчык, прыёмаздатчык грузу на чыгуначный станцыі і інспектар па кадрах — як бачым, геаграфія прафесій разнастайная.


Уважліва слухалі дзеці выступленне Алесі Віктараўны Мігура, закройшчыцы Турэц-Баярскага КБА. З гонарам і павагай да прафесіі Алеся Віктараўна расказвала пра запатрабаванасць і спецыфіку сваёй працы, падзялілася з вучнямі інфармацыяй пра модныя тэндэнцыі ў адзенні для школьнікаў. Прадавец мясцовага магазіна Алена Аляксандраўна Кажура паведаміла пра свой шлях у прафесію, адзначыла асноўныя якасці, якія патрэбны прадаўцу, каб стаць прафесіяналам. Святлана Міхайлаўна Монід — чалавек папулярны ў нашай мясцовасці, бо ведае, як зрабіць модную і стыльную стрыжку. Цырульнік па прафесіі, яна падзялілася сакрэтамі з вучнямі, як прыгожа і адначасова стрымана выглядаць на занятках у школе.

Напрыканцы сустрэчы ўдзячныя вучні зачыталі творчыя работы, якія сталі вынікам наведвання сваіх матуль на рабочых месцах. Шчырыя, пранікнёныя словы гучалі ў адрас цудоўных жанчын, матуль — прафесіяналаў сваёй працы. Радуе, што ёсць дзяўчаты, якія хочуць набыць прафесію сваіх мам, каб прадоўжыць працоўную дынастыю.

Ганна ГУЛЕЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Турэц-Баярскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.