Гульні з агнём

Жаданне прыручыць агонь некалі было адным з самых галоўных для чалавека. Сёння ж людзі не толькі навучыліся ім кіраваць, але і ператварылі зносіны з гэтай небяспечнай стыхіяй у мастацтва, якое гіпнатызуе, заварожвае і зачароўвае сваёй прыгажосцю. Для акцёраў шоу-тэатра “Элементаль” са сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” агонь стаў выразнай мовай для мастацкага аповеду гісторый пра каханне і здраду, мужнасць і слабасць, надзеі і страты…

Пад кіраўніцтвам Паўла Абакумава, прафесійнага рэжысёра і трэнера міжнароднага класа, кожны нумар — гэта гісторыя, незабыўнае відовішча, фантастычная атмасфера агню і святла, пададзеныя на высокім тэхнічным і эстэтычным узроўні. Кожнае шоу — гэта феерычнае відовішча, яркая акцёрская гульня і рэжысёрская вынаходлівасць. Вось ужо больш за 15 гадоў тэатр “Элементаль” з’яўляецца брэндам якаснага і вытанчанага шоу ў Беларусі.

Яркае мастацтва

Хоць вогненныя імпрэзы з’яўляюцца сёння рэдкім, унікальным мастацтвам, “Элементаль” мае амаль 15-гадовую гісторыю. Яго кіраўнік Павел Абакумаў стаў, бадай, першым беларусам, які ўвёў агонь у мастацтва.

“Першы раз я ўбачыў агонь гадоў 16 назад на фестывалі ў Польшчы, куды я паехаў з гуртом “Джамбібум”, у якім іграў. Тады я быў студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вучыўся на рэжысёра, таму мяне цікавіла мастацтва ва ўсіх яго праявах. Асабліва мяне ўразіла, як артысты круцілі агонь, як ён узнімаўся ўверх каметамі, як усё гэта спалучалася з танцавальнымі рухамі і барабаннымі рытмамі. Кожнае вярчэнне пакідала ў паветры вогненны малюнак, узор. Я быў у захапленні! І так атрымалася, што пасля фестывалю мы апынуліся з фаершчыкамі ў адной кампаніі, я пазнаёміўся з імі, патрымаў у руках поі, мы пагутарылі пра іх творчасць. А вярнуўшыся ў Мінск, я не мог пра гэта забыцца. Пачаў трэніравацца. Каб змайстраваць поі, адпілаваў ад ножак старога стала кубікі, скруціў паміж сабой самарэзамі. Так атрымалася тэставая версія пой і пачаліся мае трэніроўкі. Рабіў і вогненныя шары, устаўляючы у іх кнот з джынсу, абматанага дротам. Гэта зараз замест кнота бяруць феўларт (ён не згарае) ці керамічнае валакно, а я браў самаробны кнот, намочваў яго керасінам, падпальваў і круціў. Праўда, калі вадкасць выпаралася, пачынаў гарэць сам матэрыял, таму патушыць яго трэба было загадзя”, — успамінае гісторыю свайго захаплення Павел Абакумаў.

Агонь — элемент сілы, моцы, улады і прыгажосці, стыхія тых, хто не баіцца запалу і гатовы сутыкнуцца твар у твар з уласнымі жаданнямі. У кожнай іскры агню, у кожным полымі ў руках майстроў фаер-шоу адбіваецца яркасць і прафесіяналізм артыстаў.

Першыя спробы будучага фаершчыка зацікавілі іншых студэнтаў, і яны паціху далучаліся да яго эксперыментаў. Па вечарах стваралі ўласныя снарады, прыдумвалі розныя элементы, асвойвалі іх і дэманстравалі перад гледачамі. Падцягнуліся і музыканты з паралельных курсаў. Так нараджалася творчасць пад біты і галоўнае  — стаў дабаўляцца тэатральны складнік. Так і ўзнік калектыў “Элементаль”.

За гады існавання ён аб’яднаў больш чым 20 чалавек і працягвае разрастацца, далучаючы новых удзельнікаў. А месцам сустрэч амаль адразу стаў цэнтр “Вікторыя”, які заўсёды вылучала імкненне ісці насустрач самым смелым творчым эксперыментам моладзі.

 “Мы не маглі падгледзець, як і што робяць іншыя фаершчыкі — тэма прыручэння агню толькі зараджалася. Але былі ўжо тыя, хто нечаму навучыўся, распрацаваў пэўныя элементы, праўда, жылі яны хто ў Еўропе, хто ў Амерыцы, хто ў Японіі, і павучыцца ў іх было немагчыма.Тады інтэрнэт быў вельмі слабы. Міні-ролікі яны выкладвалі, але некалькі мегабайт загружаліся цэлы дзень. Таму калі мы асвойвалі пэўны элемент, то самі на яго аснове прыдумвалі цэлыя звязкі. Першыя нашы імпрэзы нагадвалі нейкія шаманскія танцы, а ўжо потым, з вопытам, пасля таго як удавалася ўбачыць выступленні замежных артыстаў, і нашы станавіліся больш аформленымі ў плане харэаграфіі, я стаў больш засяроджвацца на геаметрыі, сіметрыі, шукаць цікавыя траекторыі. І паступова выступленні сталі набываць мастацкія формы, станавіліся больш відовішчнымі і зразумелымі гледачу”, — успамінае кіраўнік тэатра.

Тэатр вогненных і светлавых паказаў “Элементаль” — гэта саюз таленавітых артыстаў, як прафесійных, так і аматараў. Яны пераможцы міжнародных фестываляў агню ў Беларусі, Расіі, Украіне, Германіі, Фінляндыі, прымаюць актыўны ўдзел у выставах, святах, канцэртах і іншых маштабных падзеях у Беларусі і за яе межамі.

Тэатральная гісторыя

Сёння вогненнае мастацтва асвойваюць некалькі беларускіх калектываў. Паўлу Абакумаву нецікава проста падаць тое, чаму ён навучыўся, наборам трукаў — ён як рэжысёр дэталёва прадумвае канцэпцыю кожнай праграмы.

Адно з апошніх выступленняў калектыву было на Масленіцу, і не вечарам, а ўдзень. Таму стаўку толькі на відовішчнасць агню зрабіць не атрымалася б — днём агонь не чытаецца. Таму шоу аздобілі іншыя візуальныя эфекты (дымавыя і інш.). А галоўнай была тэатралізацыя — каб паказаць чароўнае хараство холаду, абу­джэнне зямлі, барацьбу цяпла з холадам, агню з ільдом. Фідбэк быў цікавы — некалькі дзён гледачы выказвалі словы падзякі артыстам па тэлефоне і ў сацсетках.

“Для мяне галоўнае ў выступленні — ідэя, перформанс. І я заўсёды імкнуся, каб людзі пранікаліся сюжэтам, настроем нумара. Чалавек на час выходзіць з прывычнага для сябе стану пасля прачытання цікавай кнігі, прагляду фільма ці пачутай добрай музыкі. Я люблю, калі і сваімі выступленнямі мы выклікаем у людзей такія эмоцыі. Гэта для мяне самае важнае. У такія моманты забываеш, на што дзеля гэтага адчування ідзеш. Агонь для фаершчыка — гэта бруд, сажа, пах керасіну ад цела і валасоў, плюс рызыка. Але ўсю гэтую брутальнасць перакрывае захапленне гледачоў ад выступлення. Ты атрымліваеш такі зарад эмоцый, такую энергію, такое натхненне ствараць новыя і новыя шоу!”, — дзеліцца эмоцыямі Павел Абакумаў.

Ідэі з падсвядомасці

Добра ведаючы, у якіх разнастайных амплуа выступаюць артысты тэатра “Элементаль”, не магу не спытацца ў яго кіраўніка пра тое, як з’яўляюцца ідэі паказаў.

“Мабыць, аднекуль з падсвядомасці, — адказвае Павел Абакумаў. — Вось навучыўся я круціць у аб’ёме. У мяне гэта выклікала асацыяцыю з пілатаваннем, у думках узнік вобраз лётчыка, які можа растварыцца ў прасторы. Так у нас з’явіўся нумар “Пілоты”, дзе мы працуем у тэхніцы 3D. Каханне, рамантычныя пачуцці перажываў амаль кожны чалавек, і мне захацелася ўвасобіць гэтую тэму ў цікавай форме. Так з’явіўся нумар “Гiсторыя кахання”. Дзяўчына прапанавала музыку, і я, падчас праслухоўвання трэка, адразу ўбачыў, якім будзе нумар. Літаральна за адну рэпетыцыю мы ўвесь яго і паставілі. У нас ёсць нумар пад эпічны трэк з “Матрыцы” — з кожным разам мы яго ўдасканальваем, мяняем. Нумар ужо стаў шлягерам, бо гледачы яго вельмі любяць і мы не можам адмовіць ім. Толькі з кожным годам робiм яго лепшым, дабаўляючы новыя трукi. Доўга была актуальнай этнічная тэма. Мы стараемся не павярхоўна, а глыбока прапрацоўваць тэму, у тым ліку і ў афармленні — з наскальнымі надпісамі на дэкарацыях і малюнкамі на целах акцёраў, з касцюмамі са шкур і г.д. Тут, дарэчы, мне дапамагае тое, што некалі я іграў этнафолк”.

У калектыве менавіта кіраўнік адказвае і за пастаноўку нумароў, і за харэаграфію, і за музыку, але Павел Генадзьевіч заўсёды рады, калі ў каманды ёсць свае ўласныя ідэі: “У наш калектыў прыходзяць лю­дзі творчыя, таму ў кожнага з іх могуць быць ідэі для будучага нумара: нехта стварае вобраз ці арыгінальны касцюм, хтосьці знаходзіць арыгінальны трэк ці прыдумвае афармленне. Гэта стварае камандны дух”.

Спрытнасць рук і ніякага ашуканства

Тэатралізацыя — гэта прыгожая абгортка для падачы прафесіянальнага валодання агнём. Многія трукі, якія асвоілі артысты гэтага тэатра, не па сілах іншым. Напрыклад, балансы, ілюзія. Яны патрабуюць карпатлівай работы, працяглых трэніровак, каб у выніку нумар быў адточаны да дробязей і не адчувалася цяжкай працы, якая засталася за кадрам, а навідавоку была толькі філігранная работа акцёраў. Не ўсім іх калегам паддаецца кантактная тэхніка жангліравання агнём. Асвоілі акцёры і лівестык — лятаючую палку.

“Гэтыя нумары будуюцца на балансе, а ўся фішка ў тым, што лівестык у паветры заўсёды перпендыкулярны зямлі, і ствараецца ілюзія, быццам ён круціцца. Я доўга вучыўся ствараць лівестык і працаваць з ім. Складанасць у тым, што калі поўнасцю выгарае керасін, змяншаецца вага лівестыка і ён губляе баланс. Цяпер жа ў мяне нават ёсць нумар, дзе я танцую з лівестыкам танга”, — гаворыць Павел Генадзьевіч.

З лёгкасцю ўпраўляюцца акцёры “Элементаля” і з веерамі, вогненнымі снэйкамі, мячамі, драганстафамі і інш. Лепшыя майстры стафаў — гавайскія фаершчыкі. Яны асвоілі вельмі хуткае вярчэнне, нават ла­дзяць па ім нацыянальныя спаборніцтвы. Павел Абакумаў жа не толькі склаў ім дастойную канкурэнцыю, але і асвоіў жангліраванне стафамі, што асабліва відовішчна.

Часам сярод гледачоў знаходзяцца тыя, каму мала проста ўбачыць шоу — ім хочацца навучыцца самім яго ствараць. Для такіх захопленых вогненнай справай людзей дзверы “Вікторыі” заўсёды адчынены.

“У сваю каманду мы бяром маладых лю­дзей і дзяўчат, якім хаця б гадоў па 15. Але ўзрост тут не самае галоўнае. Для мяне галоўнае — матываванасць чалавека. Калі я праводжу адбор, бяру тых, у каго не навыкаў больш, а большае жаданне працаваць з агнём. Такога чалавека лёгка ўсяму навучыц­ь. Калі падлетка бацькі прымушаюць знайсці сабе хоць нейкае захапленне і ён прыходзіць да нас, гэта не спрацуе. У мяне займаецца 12-гадовы хлопчык. Ён, як некалі я, убачыў вогненнае шоу і самастойна стаў усяму вучыцца, а з нядаўняга часу трэніруецца з намі і ў яго ўсё атрымліваецца. Праўда, з прычыны ў­зросту  ён не заўсёды разумее нейкія рэчы — даводзіцца больш старанна яму ўсё тлумачыць. Не ведаю, як будзе далей, але пакуль ён гарыць справай”, — гаворыць Павел Абакумаў.

Сёння калектыў актыўна развіваецца. Папаўняецца новымі ўзнагародамі скарбонка яго дасягненняў, пашыраецца і геаграфія выступленняў — пачынаючы ад свят ва ўстановах адукацыі і гарадах Беларусі, адкрыццяў змен у летніках, і заканчваючы найбуйнейшымі сусветнымі фестывалямі. Але кіраўнік не перастае думаць над тым, як раскрыць па-новаму таленты ўдзельнікаў калектыву і прынесці новыя эмоцыі гледачам. Так, у планах Паўла Абакумава — перанесці некаторыя свае вогненныя і светлавыя праграмы на сцэну. Для гэтага засталося стварыць усе неабходныя ўмовы, уключаючы і гук, і святло, каб глядач мог камфортна размясціцца ў крэсле і стаць удзельнікам цэлай тэатральнай праграмы — як светлавой, так і вогненнай.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з асабістага архіва Паўла АБАКУМАВА.