Гульня ў эканоміку ці эканоміка гульні?

Эканоміка адыгрывае важную ролю ў жыцці любой краіны. Узровень развіцця эканомікі залежыць не толькі ад наяўнасці карысных выкапняў, экспартных лічбаў і колькасці заводаў, але і ад эканамічнай адукаванасці і культуры кожнага грамадзяніна.

Эканамічная адукаванасць неабходна як прафесіяналам гэтай сферы, так і звычайным людзям. Мы штодзень сутыкаемся з рознымі пытаннямі, якія так ці інакш звязаны з эканомікай. Як сплана­ваць свой бюджэт, колькі грошай зберагчы, куды іх укласці для павелічэння і г.д. Школьнікі ў гэтым плане больш уразлівая аўдыторыя, чым дарослыя. Многіх забяспечваюць бацькі, таму карыстацца грашыма дзеці вучацца толькі пасля паступлення ў ліцэй/каледж/універсітэт. Гэта часам прыводзіць да памылак. Каб пазбегнуць іх і годна ўвайсці ў свет фінансавай самастойнасці, трэба рыхтавацца загадзя. Менавіта для гэтага і быў створаны ў Жарабковіцкай сярэдняй школе імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна праект “Гульня ў эканоміку ці эканоміка гульні?”. “У нас была не вельмі вялікая наведвальнасц­ь шостага школьнага дня, і з творчай групай мы вырашылі прыдумаць нешта эканамічнага напрамку, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Камейша. — Так наша ўстанова ператварылася ў банк”.

Праект праводзіўся ў тры этапы. Першы (падрыхтоўчы) праходзіў у красавіку — жніўні 2018 года. У гэты час кіраўніцтва школы і педагогі вывучалі нарматыўныя і прававыя дакументы, тэматычную літаратуру, дамаўляліся аб супрацоўніцтве з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам, вызначалі напрамкі дзейнасці ўдзельнікаў праекта. Другі (практычны) тур адбываўся ў верасні 2018 — маі 2019 года. Праходзілі асноўныя мерапрыемствы (кожная трэцяя субота месяца). Трэці (абагульняючы) этап прайшоў у чэрвені 2019 года. Гэта былі аналіз, ацэнка вынікаў праекта і распаўсю­джванне вопыту.

“Гульня ў эканоміку ці эканоміка гульні?” — гэта са­праўды гульня, сюжэтна-ролевая. На пачатковым этапе куратары стварылі гульнявы банк “Аграэканамбанк” і “нанялі” туды работнікаў: аўдытара (правярае фінансавую, аператыўную і іншую інфармацыю і дае ацэнку стану спраў у банку; яго ролю выконвае дырэктар школы), фінансавага аналітыка (шукае і аналізуе фінансавую інфармацыю па дзейнасці банка; яго ролю выконвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), фінансавага кансультанта (дапамагае фізічным асобам, якія звяртаюцца па кансультацыю, кіраваць сваімі грашовымі сродкамі; яго ролю выконвае педагог-арганізатар), аперацыяністаў (расказваюць кліентам пра паслугі банка, дапамагаюць рабіць розныя аперацыі па рахунках, пластыкавых картках; іх ролю выконваюць настаўнікі), персанальнага кансультанта (размаўляе з кліентамі, удакладняе мэту іх візіту, вядзе ўлік руху грошай банкаўскіх аддзелаў (класаў); іх ролю выконваюць члены савета стараст). Кліенты банка — вучні 1—11 класаў.

А зараз самае цікавае: як жа працуе банк і якую карысць прыносіць усім яго работнікам і кліентам? Спачатку фінансавы аналітык распрацаваў план мерапрыем­стваў шостага школьнага дня на навучальны год, які ўключае мерапрыемствы эканамічнай накіраванасці. Потым аўдыт узгадніў і зацвердзіў план. Аналітык азнаёміў аперацыяністаў з планам работы, персанальныя кансультанты правялі інфармацыйна-агітацыйную работу па выкананні плана. І вось тут пачынаецца асноўны сюжэт гульні. Кліенты банка наведваюць розныя мерапрыем­ствы ў шосты школьны дзень, пасля якіх атрымліваюць ці 5 аграбаксаў (за тое, што прыйшлі), ці 10 аграбаксаў (за актыўнасць). У кліентаў 10 класа асобная сітуацыя. Вучні праходзяць навучанне па прафесіі агароднік на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і атрымліваюць 5 аграбаксаў за наведванне ўсіх заняткаў па раскладзе ці 10 аграбаксаў за высокія адзнакі па прадмеце. Таксама свае бонусы ёсць і ў кліентаў, якія ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах у шосты школьны дзень. Яны атрымліваюць 5 аграбаксаў за актыўны ўдзел, 10 — за дыплом ІІІ ступені, 15 — за дыплом ІІ ступені і 20 — за дыплом І ступені.

Усе грошы залічваюцца на персанальную банкаўскую картку, дзякуючы якой кліенты могуць аформіць заяўку на аказанне “платных паслуг”: пазапланавыя школьныя дыскатэкі, дадатковыя экскурсіі ў бізнес-інкубатар БарДУ, індывідуальныя заняткі на тэму “Як зарабіць на апошні айфон?” і яшчэ шмат чаго цікавага. Некаторыя збіралі грошы, каб у канцы атрымаць каштоўны падарунак. Дарэчы, за згубленую картку ў банку прадугледжаны штраф. Заплаці, а потым можаш аднавіць. Усё сур’ёзна.

Праект “Гульня ў эканоміку ці эканоміка гульні?” праводзіўся з красавіка 2018-га па чэрвень 2019 года. За гэты час педагогі і навучэнцы паўдзельнічалі ў 45 мерапрыемствах рознай накіраванасці (15 з іх — эканамічнай). Некаторыя з іх право­дзілі спецыялісты эканамічнай сферы: работнікі Белаграпрамбанка і Беларусбанка (заняткі па фінансавай адукаванасці), выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (асновы эканамічных ведаў). Аналіз паказаў, што ў гэты перыяд колькасць чалавек, якія наведваюць мерапрыемствы шостага школьнага дня, павялічылася на 32%, калі параўноўваць з мінулым навучальным годам. Вольга Мікалаеўна Камейша лічыць, што гэта поспех: “У гэтым годзе мы спыталіся ў дзяцей, ці бу­дзем працягваць праект. Яны ўсе згодны. Магчыма, далей прыдумаем нейкія новыя нюансы. Пакуль жа банк будзе працаваць у штатным рэжыме”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.