Іх звязала музыка

Калі твае выхаванцы для цябе — гэта другая сям’я, то страчваць з імі сувязь нават на тры тыдні зусім не хочацца. Педагог Марына Куцко ў гэтым убачыла ўзаемнасць, таму яе творчая майстэрня “Трыумф” працягвае працаваць нават на канікулах.

Выступаюць усе

Творчую майстэрню “Трыумф” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Марына Куцко стварыла ў 1999 годзе. Яна сама доўгі час займалася вакалам, выступала з рознымі калектывамі, таму нядзіўна, што ў пэўны момант вырашыла арганіза­ваць і свой. Зараз у яе майстэрні 30 чалавек. Самым маленькім — 3,5—4 гады, яны займаюцца індывідуальна, тады вынікі становяцца лепшымі. Старэйшыя (ад 7 да 28 гадоў) павышаюць свой вакальны ўзровень у групах. Ёсць і трэці ўзрост выхаванцаў (праўда, неафіцыйны) — мамы. Сумесныя праграмы, знахо­джанне побач з дзецьмі, разуменне іх хобі і агульныя мэты вельмі добра ўплываюць на адносіны ў сям’і.

Дзякуючы асабістаму вопыту выступленняў Марына Якаўлеўна разумела, якую карысць дзецям прыносіць знаходжанне на сцэне, і старалася як мага часцей выязджаць з выхаванцамі на розныя фестывалі і конкурсы. Так яны ацэньвалі свае здольнасці і маглі паназіраць за іншымі ўдзельнікамі. “У нас выступаюць усе, — гаво­рыць Марына Куцко. — Няма такога, што хтосьці вучыцца толькі ў кабінеце, а хтосьці ўвесь час выступае. Для мяне вельмі важна, каб ад заняткаў быў вынік, таму паспрабаваць сябе на сцэне павінен кожны. Проста ў кагосьці нагрузка большая, у кагосьці меншая. Я памятаю любы конкурс, любое выступленне і адчуванні, якія ў той момант былі, таму што ты аддаеш гэтаму вельмі шмат сіл і часу”.

Творчая майстэрня “Трыумф” станавілася лепшай сярод дэлегацый з 12 краін Міжнароднага фестывалю “Аваза збірае сяброў” у Туркменістане, лаўрэатам ІІ прэміі Міжнароднага конкурсу “Калядныя канікулы” ва Украіне, прызёрам XV Міжнароднага фестывалю “Сонца. Радасць. Прыга­жосць” у Балгарыі і Міжнароднага фестывалю “Фаварыты лета” ў Польшчы. Марына Куцко разам з выхаванцамі два разы на год ладзіць дабрачынныя канцэрты з вакальнымі нумарамі і музычнымі паказамі. “Часта выступаем для дзяцей і дарослых з інваліднасцю, для тых, хто знаходзіцца ў хоспісе, у “SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны”. Бацькі толькі “за”, каб дзеці як мага часцей бывалі на такіх мерапрыемствах. Тады яны разумеюць, што трэба аддаваць, трэба дарыць дабро, калі можна чымсьці дапамагчы — дапамагай”.

На занятках з мамамі.

Рэпертуар выступоўцаў падбіраецца ў адпаведнасці з музычнымі здольнасцямі і магчымасцямі. Марына Якаўлеўна прытрымліваецца думкі, што заўсёды трэба ставіць планку вышэй, тады вынік будзе лепшым. Педагогу падабаюцца джазавыя кампазіцыі, дзеці гадоў 8—9 іх ужо выконваюць, ёсць элементы рока. Неяк малодшая група майстэрні (5—7 гадоў) ездзіла на конкурс у Санкт-Пецярбург, дзе спявала песню We will rock you. Гэта было нечакана для ўсіх: маленькія дзеці выконваюць рок на англійскай мове. Пад канец журы ўстала і апладзіравала. З таго конкурсу “трыумфатары” вярнуліся з 1-м месцам.

Для многіх, хто займаецца ў творчай майстэрні, вакал становіцца ў будучыні добрым хобі. Па назіраннях кіраўніка, звычайна дзеці выбіраюць іншую асноўную прафесію, хаця ёсць выключэнні. Некалькі выхаванак Марыны Якаўлеўны вучацца ў каледжы мастацтваў, кансерваторыі, музычным каледжы і г.д. Ёсць і адзі­н выхаванец, які вырашыў пайсці па музычнай сцежцы і паступіў у Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Дарэчы, на заняткі ў Мінск ён ездзіў з Гомельскай вобласці. На дарогу трацілася некалькі гадзін, але жаданне было мацнейшым за час. “Я ведаю, што многія цяпер выступаюць у кавер-групах, ездзяць на дарослыя конкурсы. Тое, што атрымліваюць у нас дзеці, спатрэбіцца не толькі ў прафесійнай дзейнасці, бо яны становяцца раскаванымі і ўпэўненымі, могуць правільна сябе паднесці і ўмеюць узаемадзейнічаць з іншымі”, — лічыць педагог.

Развіваем майстэрства

На занятках Марына Якаўлеўна працуе з выхаванцамі над пастаноўкай голасу, што ўключае дыхальную гімнастыку (развіццё артыкуляцыйнага апарату і дыкцыі). “Вельмі часта прыводзяць дзетак, у якіх ёсць праблемы з маўленнем. Напрыклад, іх ва­дзілі да лагапеда, а той параіў пайсці на вакал. Сапраўды, праз некаторы час бацькі гавораць, што адмовіліся ад заняткаў з лагапедам, таму што рэпетыцыі даюць тыя нагрузкі, якія дапамагаюць дзецям размаўляць выразна, чыста і без хібаў. Таксама прыводзяць тых, хто заікаецца. Вядома, што падчас спявання заіканне знікае. У маёй практыцы такіх было 4 чалавекі. Спачатку заіканне не назіралася ў час выканання песні, а потым і ў звычайным жыцці, таму што дзіця больш не хвалявалася”.

Пасля адпрацоўкі мелодыі, дыкцыі, інтанацыі трэба вучыць тэкст. Педагог расказвае, пра што песня, што ёй трэба перадаць і як гэта зрабіць. Калі твор вывучаны і можа быць прыгожа выкананы, пачынаецца работа над сцэнічнай пластыкай, каб дзіця на сцэне адчувала сябе камфортна, каб ведала, як яму стаць, як павярнуцца, які рух зрабіць. На сцэне гэта выглядае як імправізацыя, быццам бы гэта толькі што прыйшло ў галаву выканаўцу, але яркая імправізацыя — гэта вельмі добра адточаны рух на занятках. “Ведаеце, часам кажуць “мне мядзведзь на вуха наступіў, у мяне няма ні слыху, ні голасу”. Гэта ўсё хлусня. У любога чалавека ёсць слых, голас, і ён можа гэта развіць. Вядома, на гэта патрэбны час і жаданне. Напрыклад, калі да мяне прыходзіць дзіця і яму цяжка даецца нейкая нота, то мы можам яе адпрацоўваць 20 мінут, але мы яе выцягнем. 100% тых, хто ў нас займаецца, чыста інтаніруюць і спяваюць”.

Цікавым новаўвядзеннем на рэпетыцыях стала вакальная ёга. Марына Куцко 2 гады назад прайшла анлайн-курсы, на якіх займалася з украін­скім педагогам. “Пры вакальнай ёзе голас звязваецца з целам, узаема­дзейнічаюць мышцы ўсяго цела. Напрыклад, калі дзеці спяваюць, то яны спява­юць у планцы або пры нахіле. Для чаго патрэбны такія практыкаванні? Каб была добрая апора, чыстая інтанацыя, таму што, калі ты прыкладаеш больш намаганняў, голас пачынае гучаць упэўнена. Плюс, вакальная ёга дапамагае зрабіць яго аб’ёмным, а тэмбр ніжэйшым. Вельмі часта, калі мы займаемся ёгай з дарослымі, дзе можам браць больш сур’ёзныя песні (блюз, джаз), то яны пачынаюць гучаць глыбей. Некаторыя ка­жуць: “Ведаеце, я чую, што зараз размаўляю ніжэй. Гэта заўважаюць і іншыя, мне вельмі пада­баецца”.

Падчас рабочага дня педагог выкарыстоўвае свой голас амаль бесперапынна. На жаль, стомленасці без розніцы, колькі гадоў працуе Марына Якаўлеўна ў гэтай сферы і якога ўзроўню яна прафесіянал. Каб аднавіцца кіраўнік майстэрні пасля заняткаў стараецца памаўчаць хоць бы га­дзіну, часам праглядае запісы, якія робіць на рэпетыцыях, каб зразумець, над чым яшчэ трэба папрацаваць. “Пры гэтым я адчуваю такую гармонію, што ўсё аднаўляецца само сабой. Бывае, палашчу горла растворам праполіса або рамонку, але яек сырых не п’ю”, — смяецца Марына Куцко.

На сувязі

Вопыт анлайн-заняткаў стаў для творчай майстэрні новым. Педагог вырашыла паспрабаваць такі від навучання, каб і бацькам было спакайней, што дзіця чымсьці займаецца, і самім дзецям было нясумна праводзіць канікулы. Падштурхнулі яшчэ і дзясяткі паведамленняў у Viber “А калі пачнуцца рэпетыцыі?” Групавыя сустрэчы прыйшлося адкласці, таму што сувязь не заўсёды дазваляе адначасова нешта выконваць, таму заняткі сталі індывідуальнымі ў праграме Skype. Марына Якаўлеўна мае 8—10 званкоў штодзень.

“Заняткі ідуць па 45 мінут, як і раней: пастаноўка голасу, работа над дыкцыяй і чыстай інтанацыяй. Адзінае, цяжка неяк мяняць дзейнасць. Калі ў жывую мы маглі праспяваць песню па ролях, адпрацаваць акцёрскае майстэрства, то зараз гэта толькі вакал. Затое можна больш увагі ўдзяліць артыкуляцыі, утрыраванаму прагаворванню тэксту. Я лічу, самае галоўнае, што рэпетыцыі працягваюцца. У вакалістаў, як у спартсменаў: калі ты працуеш, то вынік ёсць. Важна, каб вучні не разгубілі свае навыкі і ўсе засталіся са мной, таму што мы не проста майстэрня, а творчая сям’я”.

Канечне, інтэрнэт не заменіць жывых зносін, не д­асць магчымасці абняць выхаванца і часам можа падводзіць з сувяззю. Педагогу цяжка прызвычаіцца, што на занятках не шмат дзяцей, а толькі адно. Але натхнёнасць “трыумфатараў” і іх шчырае жаданне ўдасканальваць сябе ў вакале падштурхоўваюць усіх займацца і далей. Зараз да Марыны Якаўлеўны пачалі звяртацца з просьбамі ўзяць да сябе новых дзяцей, але педагог усім адмаўляе. “Каб зразумець, як выбуда­ваць работу, мне трэба сустрэцца з дзіцем “у жывую”: пачуць, як яно спявае, як бярэ дыханне, якое ў яго гукаўтварэнне і гуказдабыванне. З тымі, хто да мяне ходзіць ужо некалькі гадоў, усё прасцей. Я ўжо ведаю, якія ноты мае выхаванцы мо­гуць праспяваць ня­правільна ці якую інтанацыю выберуць для выканання, таму без праблем іх папраўлю”.

Ёсць такое меркаванне, што імя ўплывае на лёс чалавека. У выпадку з творчай май­стэрняй назва, здаецца, са­праўды вызначыла творчы шлях калектыву. Упэўненыя ў сабе, адкрытыя, гатовыя да новага, яны — на 100 працэнтаў трыумфатары. Любыя складаныя сітуацыі для іх становяцца проста новым выпрабаваннем, якое трэба прайсці.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва ўдзельнікаў творчай майстэрні.