Вось прыйшло чарговае лета. У школьнікаў пачаліся канікулы, у студэнтаў — сесія. А яшчэ на базе аграсядзібы “Залессе” Пружанскага раёна быў арганізаваны лагер для дзяцей і моладзі “Лета па-дзікаму”, у які запрасілі і адных, і другіх для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і прыродай Белавежскай пушчы.
Лагер праводзіўся ў рамках ініцыятывы “Павышэнне патэнцыялу суб’ектаў аграэкатурызму праз узаемадзеянне ў сумесным экалагічна арыентаваным турыстычным прадукце ў рэгіёне Белавежскай пушчы”, што з’яўляецца часткай праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН. Лагер арганізоўваўся аграсядзібай “Залессе” пры падтрымцы ДПУ НП “Белавежская пушча”, на тэрыторыі якой і размяшчаўся лагер. Інфармацыйным партнёрам выступала Брэсцкае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Трэба сказаць, што першапачаткова назва лагера павінна была азначаць не фармат, а найменне тэрыторыі — балота Дзікое, дзе праводзілася большасць экскурсій. Але, успомніўшы жорсткія ўмовы надвор’я (на дажджы тры лагерныя дні (13—16 чэрвеня) былі асабліва шчодрымі), можна было прыйсці і да іншай высновы.
Самыя цікаўныя і актыўныя ўдзельнікі ўставалі ў 5-6 раніцы, каб заспець спяваючых птушак, а клаліся спаць пасля поўначы, спадзеючыся, што ў сетках усё-такі апынецца яшчэ адзін прэтэндэнт на алюмініевае кольца на лапку. Юных натуралістаў не пужала перспектыва прамокнуць да ніткі падчас экскурсій па балоце або наматаць некалькі кіламетраў па навакольных лясах.
І вось вынік: за гэтыя дні ўдзельнікам лагера ўдалося пабачыць, пачуць і часам нават патрымаць у руках (бо таксама дэманстравалася тэхніка кальцавання птушак) 89 відаў птушак. У гэты спіс увайшлі абсалютна розныя віды: ад такіх распаўсюджаных і ўсім вядомых, як палявы верабей і белы бусел, да тых, хто пад глабальнай пагрозай, — вялікі арлец і вяртлявая чаротаўка, пабачыць якіх — сапраўдная ўдача.
Увогуле, акрамя адукацыйных і навуковых мэт, лагер ствараўся таксама і для таго, каб паказаць маладым людзям, што назіранне за прыродай, а таксама яе актыўная ахова (напрыклад, пабудова гнездавых домікаў для соў і сініц, якіх паспелі змайстраваць не менш за дзясятак) — гэта вельмі цікава і весела. Мяркуючы па настроі ўдзельнікаў, калі яны раз’яджаліся, а таксама па іх гатоўнасці вярнуцца сюды яшчэ неаднаразова, мэты гэтыя былі дасягнуты.
Дзяніс ТАБУНОЎ.
Фота Сяргея СІДАРУКА.