Крыніца, дай вады напіцца

Паспытаць Магілёўшчыну на смак — такую перспектыву абяцае праект “Добрыя справы табе, мая малая радзіма”, які Магілёўская арганізацыя БРСМ нядаўна разганула ў сваім рэгіёне. Натхніўшыся прыкладам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які падчас рэспубліканскага суботніка добраўпарадкаваў Трафімаву крыніцу непадалёк ад сваёй малой радзімы — аграгарадка Александрыя, моладзь прыняла водную эстафету.


— Магілёўшчыну нездарма называюць старонкай жыватворных крыніц. На тэрыторыі Прыдняпроўскага краю не адзін дзясятак крыніц, — гаворыць першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Павел Алекса. — Гэта не проста ціхае цяністае месца, дзе можна пасядзець у спякоту і наталіць смагу — гэта гісторыя. Часта яна цесна пераплецена з рэлігійнымі аб’ектамі. Некаторыя з іх добра вядомыя, а некаторыя знаходзяцца ўдалечыні ад населеных пунктаў, і пра іх мала хто ведае. Узгаданая Трафімава крыніца, што ў Шклоўскім раёне — раней на яе амаль не звярталі ўвагі, а цяпер гэта люднае месца. Такі ж выпадак быў у нас: падчас абласной спартакіяды некалькі гадоў назад мы для лагера набіралі ваду з крыніцы. Яна знаходзілася сярод гушчару, за кустамі. Нам зусім не складана было пакласці дзве пліткі, зрабіць лавачку, павесіць конаўку. І нам прыемна быць карыснымі людзям.

Цяпер моладзь праводзіць даследчую работу. Раённыя арганізацыі БРСМ збіраюць інфармацыю, вандруючы па вёсках, гутараць з мясцовымі жыхарамі. Потым разам з адпаведнымі ўстановамі будзе праведзены аналіз вады, каб можна было смела яе рэкамендаваць для піцця. На фінальным этапе валанцёры — школьнікі, прадстаўнікі мясцовых улад, мясцовыя жыхары — будуць добраўпарадкоўваць крыніцы.

— Крынічка — гэта частка нашай радзімы, бо ў большасці з нас — карані ў вёсках. А ўлічваючы, што бягучы год — Год малой радзімы, лепшай нагоды звярнуць на іх увагу не знайсці, — гаворыць Павел Алекса. — Першыя крынічкі мы ўжо добраўпарадкавалі ў Магілёўскім раёне, але ўпэўнены, што ў кожным рэгіёне знойдзецца забытая крыніца.

У перспектыве плануецца стварыць карту крыніц, каб, праехаўшы па ўсіх іх, можна было б максімальна адчуць смак роднай зямлі.

Святлана НІКІФАРАВА.