Кветка, якая распускаецца ў танцы

Эдэльвейс — рэдкая кветка вытанчанай формы, прыгажосць якой можа спасцігнуць далёка не кожны. У харэаграфічнай студыі пры Цэнтры творчасці “Эверэст” Магілёва, якая носіць назву гэтай кветкі, гадуюць такіх жа вытанчаных і свабодных у сваёй творчасці дзяцей.

На вяршыні “Эверэста”

Сёлета Цэнтру творчасці “Эверэст” споўнілася 25 гадоў. А 7 гадоў назад пачалася гісторыя харэаграфічнай студыі “Эдэльвейс”, якой кіруе педагог дадатковай адукацыі Ульяна Сяргееўна Ціханькіх. У студыі дзеці маюць магчымасць раскрыць свае таленты ў эстрадным (займаюцца дзеці з 6 гадоў) або бальным (з 14 гадоў) танцах. За час існавання сінтэз энергіі педагога і дзяцей быў заўважаны на многіх танцавальных конкурсах. З апошніх перамог — магілёўскі гарадскі конкурс дзіцячай творчасці “Звонкая капель”, дзе юныя зорачкі атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені, міжнародны конкурс мастацтваў “Дэбют” і міжнародны фестываль-конкурс мастацтваў “Отражение”, у якіх выхаванцы студыі сталі лаўрэатамі I ступені.

Педагог Ульяна Сяргееўна Ціханькіх.

“Эстрадны танец аб’ядноўвае ў сабе розныя танцавальныя жанры: сучасны і народны, спартыўны і класічны. Мне больш даспадобы арыгінальныя сюжэтныя нумары, у якіх прачытваецца гісторыя, ідэя, якая можа захапіць і танцора, і гледача. Па гэтай жа прычыне крыху недалюбліваю некаторыя навамодныя харэаграфічныя напрамкі: для мяне як прафесіянала яны цікавыя бліскучай тэхнікай, але я разумею, што для гледача і для дзяцей-танцораў цяжкія для ўспрымання менавіта з-за адсутнасці вобраза, — расказвае Ульяна Сяргееўна. — Перад тым як ставіць новы танец, заўсёды расказваю сваім выхаванцам яго ідэю, праглядаем спецыяльна падрыхтаваныя відэа, якія лепш раскрываюць тэму. Напрыклад, калі ставілі карэльскі танец “Дыханне Поўначы”, праглядалі з дзецьмі цікавае відэа пра саамаў, карэнных жыхароў Паўночнай Карэліі, перад пастаноўкай кампазіцыі на ваенную тэматыку шукала падборку ваенных часоў, каб дзеці лепш адчувалі вобразы, у якіх танцуюць, пранікаліся імі”.

Каштоўныя кадры

Дзякуючы таму, што ўстанова дадатковай адукацыі — сканцэнтраванне творчых людзей, а ў творчай прасторы немагчыма не натхняцца на нешта новае, у студыі нараджаюцца не толькі танцавальныя, але і выхаваўчыя праекты: фотаконкурс “Сэлфі з татам”, конкурсы малюнкаў або конкурс пародый на нейкі шэдэўр жывапісу, у якіх задзейнічана ўся сям’я. Акрамя ўдзелу ў разнастайных конкурсах, студыйцы здымаюць кліпы на свае кампазіцыі. Працэс відэаздымак зусім не падобны да звычайных заняткаў. Такім чынам дзеці вучацца працаваць на камеру.

Педагог праводзіць з дзецьмі шмат унутрыстудыйных мерапрыемстваў: фотасесій, навагодніх ранішнікаў, віншаванняў імяніннікаў, экскурсій. З апошняга — паход у кантактны заапарк і Магілёўскі абласны цэнтр бяспекі. “Такія паходы карысныя для дзяцей, так яны наладжваюць зносіны не толькі ў студыі, але і за яе межамі. Ды і бацькам даць “вольную” ад дзетак таксама вельмі важна, — смяецца педагог. — Зусім неабавязкова мерапрыемствы студыі павінны быць накіраваны на харэаграфічную тэматыку. Я пераканана, што кожны педагог павінен развіваць дзяцей усебакова”.

“Студыя жыве адной вялікай сям’ёй. Я пастаянна на сувязі з бацькамі маіх выхаванцаў. У нас ёсць вельмі актыўная група ў Viber, дзе кіпіць жыццё: абмяркоўваем падрыхтоўку да прафесійных і ўнутрыстудыйных конкурсаў, касцюмы, экскурсіі, віншаванні і падарункі дзецям і г.д. Бацькі загараюцца творчымі ідэямі яшчэ больш за сваіх дзяцей, — расказвае педагог. — Нам вельмі пашанцавала і з падрыхтоўкай касцюмаў. Кожны кіраўнік танцавальнага калектыву ведае: адшываць касцюмы пад заказ — справа зусім не з танных. Але ў адной з маіх танцавальных груп займаецца дзяўчынка, маці якой прафесійна шые. Яна прапанавала нам сваю дапамогу. Можна сказаць, у нас ёсць свой уласны касцюмер. Я распрацоўваю ідэі нашых сцэнічных убораў, абмяркоўваю з ёй, яна як прафесіянал карэкціруе эскізы і стварае нашы сцэнічныя вобразы”.

Яшчэ адна каштоўная “бацькоўская адзінка” студыі — тата-мастак, адказны за падрыхтоўку матывацыйных плакатаў. “Калі адпраўляемся на конкурсы разам з бацькамі, заўсёды настройваю апошніх: прымаць удзел трэба ўсім. Пакуль дзеці хвалююцца на сцэне ці за сцэнай, вы максімальна аказваеце ім падтрымку з залы з плакатамі”, — расказвае педагог.

Алена Сяргееўна, маці выхаванкі студыі:

“У “Эдэльвейса” ёсць важкае адрозненне ад іншых студый: тут вельмі сямейная атмасфера, дзеці не проста займаюцца танцамі — яны жывуць у студыі. Надоўга запомняцца ім фотасесіі, пікнікі на прыродзе, экскурсіі. Маёй дачцэ асабліва запомнілася паездка на конкурс у сталіцу і наведванне там кантактнага заапарка. Дарэчы, у танцавальных конкурсах удзельнічаюць нават першагодкі, што рэдка ўбачыш. А між тым для іх такі вопыт незабыўны! А самы прыемны бонус — наш харызматычны выкладчык Ульяна Сяргееўна”.

Матывацыйныя дзённікі

У кожнага з маленькіх танцораў студыі ёсць танцавальны дзённік з эмблемай студыі. У першы год навучання адзнак няма. Замест іх — рознакаляровыя наклейкі. Чырвоная — выдатна, зялёная — трэба пастарацца крыху лепш. Адзнак заўсёды дзве: адна — за паводзіны, другая — за харэаграфічнае майстэрства. У гэтых жа дзённіках педагог піша каментарыі для бацькоў. 

“Маленькія выхаванкі яшчэ не ўспрымаюць адзнакі, а вось за чырвоныя наклейкі часам ідзе барацьба. Яны пастаянна падлічваюць іх колькасць, параўноўваюць. Усё гэта падштурхоўвае дзяцей да таго, каб старацца яшчэ больш, на наступных занятках быць лепшымі за сябе, кантраляваць свае паводзіны, — расказвае педагог-харэограф. — Дзецям вельмі падабаецца задума з дзённікамі. Часам мне бывае цяжкавата: перапынкі паміж трэніроўкамі невялікія, пакуль выставіш усе адзнакі і напішаш каментарыі для бацькоў, збіраецца новая група. Але без адзнак у нас ніхто не пакідае харэаграфічны клас”. 

Старэйшыя дзеці атрымліваюць у дзённік сапраўдныя адзнакі. Напрыканцы года ў студыі праходзяць справаздачныя канцэрты, дзе дзеці атрымліваюць студыйныя ўзнагароды ў розных намінацыях, адна з якіх — “Вучань года”. Паспяховасць на аснове каментарыяў, заўваг педагога і адзнак у танцавальных дзённіках — адзін з вырашальных пунктаў пры выяўленні пераможцаў. У мінулым годзе кожнаму танцору калектыву былі падораны персанальныя папкі, у якія яны збіралі сведчанні сваіх перамог — дыпломы, узнагароды.

“Мае танцоры пастаянна атрымліваюць ад мяне дамашнія заданні па расцяжцы. А вось базу класічнага станка адпрацоўваць дома забараняю. Калі яны вучаць самастойна або з бацькамі дома, часцей за ўсё выконваюць нешта няправільна. А перавучыць дзіця пасля намнога цяжэй, чым навучыць падчас заняткаў, — расказвае Ульяна Сяргееўна. — Выключэнне зрабіла толькі падчас пандэміі, калі прыйшлося праводзіць відэаўрокі, на якіх дасканала разбірала тэхніку выканання практыкаванняў, у адказ дзеці высылалі мне відэа з выкананымі дамашнімі заданнямі”. 

Даволі незвычайна праходзяць адкрытыя заняткі. Гэта прадыктавана асаблівасцямі памяшкання, дзе займаецца з дзецьмі педагог. “Студыйны клас невялікі, тоўпіцца там разам з бацькамі падчас паказальных выступленняў няма ніякага сэнсу, таму мы пайшлі на хітрасць. У класе ўсталявана камера, у калідоры, у зоне чакання бацькамі сваіх танцораў, — тэлевізар. Падчас адкрытых заняткаў мы трансліруем усё, што адбываецца ў класе харэаграфіі, — расказвае Ульяна Сяргееўна. — У такіх умовах ёсць бясспрэчны плюс: бацькі не хвалююць дзяцей сваёй прысутнасцю, таму што асабліва маленькія дзеці могуць і саромецца, і сваволіць пры гасцях”.

Летам, калі паўнавартасны адукацыйны працэс немагчымы з-за невялікай колькасці наведвальнікаў, педагог дазваляе юным танцорам крыху расслабіцца і накіраваць свой творчы запал у сучасныя трэнды. Напрыклад, развучыць і зняць міні-танец на хіт у TikTok “Ягада-малінка”. Майстэрства юных ціктокераў абавязкова ацэньваюць бацькі. 

Бальна-запальныя танцы

Яшчэ адзін напрамак харэаграфічнай дзейнасці Ульяны Сяргееўны — супрацоўніцтва з Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчам імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі.

“Калі 4 гады назад мне прапанавалі паспрабаваць паставіць кадэтам бальныя танцы і дэфіле, я адразу крыху разгубілася, але хутка ўлілася ў працэс. У гэтым годзе 8 кадэцкіх груп наведваюць маю студыю. Бальны танец — абавязковы вучэбны прадмет у будучых афіцэраў. Спачатку займаюся з імі асобна, паказваю ўсе рухі сама, але бальныя танцы ўсё ж парныя, таму на нейкім этапе падключаю дзяўчат са сваёй старэйшай харэаграфічнай групы. Такім чынам мы развучваем танцы, рыхтуючыся да Магілёўскага кадэцкага балю. Кожны раз хочацца чымсьці здзівіць. Аднойчы падрыхтавалі не толькі класічныя бальныя танцы, але і румбу — вельмі запальны танец, які ўваходзіць у сучасную лацінаамерыканскую праграму бальных танцаў. Са сваёй класічнай праграмай прымаем удзел у розных гарадскіх і абласных мерапрыемствах. А ў 2020 годзе былі запрошаны ў Маскву на Крамлёўскі кадэцкі баль”.

Таксама Ульяна Сяргееўна ў тандэме з камандзірамі ў вучылішчы ставіць з будучымі афіцэрамі дэфіле, калі некалькі чалавек маршыруюць пад музыку са зброяй, выконваюць пэўныя камбінацыі. 

На кадэцкім балі выступаюць і маленькія навучэнцы студыі “Эдэльвейс”. А некаторыя хлопцы, якія ўжо выпусціліся з кадэцкага вучылішча, працягваюць па ўласным жаданні наведваць харэаграфічную студыю.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва студыі.