Ашыбана, ці асібана, — гэта разнавіднасць фларыстыкі, мастацтва стварэння карцін з высушаных пад прэсам прыродных матэрыялаў: пялёсткаў кветак, лісця, сцёблаў і насення траў. Гэтае мастацтва ўзнікла ў Японіі каля шасцісот гадоў назад, у Еўропе ж гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў шырока распаўсюджаны ў віктарыянскую эпоху. У апошнія дзесяцігоддзі ашыбана перажывае другое нараджэнне. У многім гэтаму спрыяе і Вольга Мягкова, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Для ашыбаны галоўнае — сабраць як мага больш макулатуры. Вялікімі стосамі і дзеці, і іх бацькі, і сама Вольга Вітальеўна нясуць на заняткі газеты, часопісы, сшыткі і нават рэкламныя брашуры. Як азбуку, навучэнцы ведаюць, што кожны слой лісточкаў ці пялёсткаў трэба перакласці 3—4 аркушамі паперы. І кожныя 2—3 дні іх абавязкова трэба перакладваць у новую паперу, інакш лісточкі могуць заплеснець. Цюльпаны трэба ўвогуле кожны дзень (а яшчэ лепш і 2 разы на дзень) перакладваць у новую паперу, пры гэтым трымаючы іх у цёплым месцы. Толькі так можна дабіцца натуральнага колеру і добра высушыць пялёсткі.
Вольга Вітальеўна па адукацыі дызайнер і мастацтвазнаўца, з кветкамі раней не сутыкалася. Таму, перш чым узяцца за фларыстычную справу, ёй прыйшлося асвоіць асновы батанікі, каб ведаць і правільна называць віды і гатункі кветак. Спробы педагога сумясціць гэтыя два кірункі адназначна ацанілі эксперты-фларысты: ужо хутка яе навучэнка Кацярына Радавец стала пераможцай на рэспубліканскім этапе конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.
“Пачынаючы свае заняткі тры гады назад, я ў інтэрнэце ўбачыла карцінку, дзе на выкладзеным з лісця фоне была наклеена мордачка льва. І мы сталі спрабаваць ствараць у гэтай тэхніцы. Але ж бяда — дзеці маленькія (большасць маіх навучэнцаў —
1—2-класнікі), таму ім куды прасцей паўтарыць, і яны давай клеіць гэткага ж ільва. Я ж не дазваляю дзецям у творчасці паўтараць — ні за мной, ні адно за адным, ні за іншымі. Толькі сваё, толькі ўласныя сюжэты. Выратавала мяне надыходзячае свята мам. Мы з дзецьмі пачалі выкладваць з кветак партрэты сваіх мам, каб не было спакусы паўтарыць адно за адным і каб падрыхтаваць арыгінальныя падарункі мамам”, — гаворыць Вольга Вітальеўна.
Уменне бачыць, падбіраць тэкстуры, колеры — галоўнае ў ашыбане. І хоць і падаецца, што для маленькіх дзяцей гэта складана, тэарэтычная падрыхтоўка выратоўвае сітуацыю. А падчас збору кветак на тэрыторыі экалагічнага цэнтра веды замацоўваюцца.
“Мы падбіраем кветкі, якія найлепш падыходзяць для выкладвання твару, валасоў, адзення, — тлумачыць тонкасці стварэння фларыстычных партрэтаў педагог. — Так, метадам проб мы высветлілі, што твар найлепш імітуюць архідэі, бо яны паўпразрыстыя, маюць тонкія адценні, вялікі спектр колераў. Добра перадаюць колер светлай скуры і цюльпаны малочнага колеру, белыя званочкі. Колер вачэй таксама перададуць кветкі: у іх палітры бывае і сіні, і блакітны, і зялёны, і шэры, і кары, і нават іх спалучэнні. Колер зрэнак перададуць і дзявочы вінаград, і цёмныя ружы, а белы колер мы набіраем з тапалінага пуху. Тканіну вельмі натуральна перадаюць цынерарыя, званочкі, ружы, шыпшына. З іх лёгка зрабіць і складачкі на адзенні. Для валасоў найлепш падыходзяць ружы, бо, высушаныя, яны могуць быць розных адценняў — ад русага, рыжаватага да практычна чорнага. Калі мама носіць завіткі, то мы адшчыпваем кавалачкамі ружавыя пялёсткі — такая мазаіка добра перадае кучарашкі. Калі нам трэба зрабіць прамыя валасы, то могуць падысці нават пражылкі лісточкаў — галоўнае іх добра пачысціць. Шчыткі каласкоў таксама вельмі цікавы матэрыял для валасоў. Праўда, мы знаходзімся ў горадзе, усюды газоны, таму, каб нарыхтаваць каласкоў, даводзіцца выязджаць за горад на палі. А валасы, якія развяваюцца ветрам, прасцей перададуць вузкія лісточкі вярбы”.
Юныя фларысты вельмі ўпадабалі гэтую тэхніку, уцягнуліся ў такую творчасць. А тут якраз Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства аб’явіў у конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” намінацыю, “Майстэня аўтарскіх раменняў”, дзе трэба было з кветак зрабіць копію любой карціны вядомага мастака. Гэта якраз тое, што ім было трэба! І пачалі тварыць.
Жадаючых было шмат. Вынікам іх працы стала больш за 100 работ — цэлая галерэя. А Каця Радавец увогуле жыла гэтай ідэяй. Яна зрабіла партрэтаў пяць: і “Дзяўчыну з жамчужнай завушніцай” Яна Вермеера, і “Даму з гарнастаем” Леанарда да Вінчы, і “Залатыя слёзы” Густава Клімта і інш. І хоць яны былі даволі простымі ў выкананні, усё ж эфекту “не адрозніць” не атрымалася. І Вольга Вітальеўна прапанавала ёй зрабіць, наадварот, больш складаную рэч — карціну “Царэўна-лебедзь” Міхаіла Урубеля.
“Прыгожа выглядаюць партрэты, дзе выкарыстоўваецца шмат адценняў. Часам, каб набраць толькі адценні скуры твару, ідзе не адзін дзясятак колераў адной і той жа кветкі, а часам столькі ж і розных кветак. У сваіх карцінах мы не выкарыстоўваем фарбаў. Іх нам замяняюць розныя адценні кветак”, — гаворыць педагог.
Вынікам фларыстычнай творчасці становяцца не толькі арыгінальныя карціны, але і новыя якасці ў мастакоў.
“Такая творчасць выпрацоўвае ў дзецях уседлівасць, бо фларыстычны матэрыял капрызны. Ён не заўсёды незаўважна кантактуе з клеем, вельмі крохкі. Не заўсёды можна ўгадаць, якім будзе колер пялёсткаў пасля сушкі. Толькі ўседлівасць, уважлівасць, акуратнасць даюць дзіцяці з гэтым справіцца. І трэба трымаць у галаве тую карцінку, якую ты хочаш атрымаць, і, як у выпадку з паўтарэннем рэпрадукцый, адыходзіць ад арыгінала ні на кроплю нельга. Гэта той выпадак, калі ты знаёмішся з сусветнай мастацкай спадчынай праз уласную творчасць.
Святлана НІКІФАРАВА.