Лета пад крыламі

Тураў ужо даўно горда носіць неафіцыйнае званне птушынай сталіцы. Бадай, больш ні ў адным горадзе Беларусі ўсяго за некалькі кіламетраў ад цэнтральнай плошчы вы не сустрэнеце белую лазараўку, вялікага арляца, паручайніка, марадунку, белашчокую крачку і многія іншыя рэдкія віды чырванакніжнікаў. Падчас сезонных міграцый на Тураўшчыне на адпачынак спыняюцца мільёны пералётных птушак, а многія з іх гняздуюцца тут. Штогадовыя разлівы “Тураўскага луга”, адзінага ў краіне недзяржаўнага заказніка, ператвараюць яго ў сетку выспаў, на якіх кулікі, чайкі, качкі і іншыя птушкі ладзяць сапраўдныя калоніі. Назіранне за птушкамі, пагружэнне ў іх свет даўно стала для навучэнцаў Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Жыткавіцкага раёна часткай жыцця. Асабліва яны чакалі летніх канікул, каб напоўніцу аддацца любімай справе.

Дырэктар ад прыроды

Амаль трыццаць гадоў для мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак правадніком у птушыны свет з’яўляецца дырэктар цэнтра Алена Іванаўна Паклонская. Гэта, прызнаецца яна, той выпадак, калі работа стала хобі, а не наадварот: “Адразу пасля Брэсцкага педагагічнага інстытута я вярнулася працаваць на радзіму. Я сама з Турава, а настаўнічаць пачынала ў Запясоцкай базавай школе Жыткавіцкага раёна. І з першага лета кожную суботу мы то пешшу, то на веласіпедах адпраўляліся з дзецьмі па наваколлі і вывучалі нашу прыроду, шукалі і прывозілі цікавыя і карысныя для заняткаў матэрыялы. А з 1998 года, літаральна з першых дзён утварэння грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, мы пачалі з ёй супрацоўнічаць. Якраз тады я перайшла працаваць дырэктарам цэнтра творчасці, але аб’яднанні па інтарэсах у школе працягваю весці і сёння і паралельна актывізавала гэты кірунак у цэнтры. Усе гэтыя гады мы ладзім экскурсіі па вывучэнні краю. Але мы вывучаем не проста прыроду, а гісторыі жыцця людзей у прыродзе: ва ўсіх навакольных вёсках вывучаем этнаграфію, лад жыцця людзей, цікавімся, як мянялася прырода вакол, запісваем рэцэпты гатавання страў на кастры, стварылі нават невялікі зборнік рэцэптаў для падарожнікаў. Усе краязнаўчыя, гістарычныя і прыродныя аб’екты мы ўвязвалі ў вялікія экалагічныя маршруты, прайшоўшы па якіх можна да дробязей пазнаёміцца з прыродай і жыхарамі Тураўшчыны. Мы кожнае лета падарожнічаем па гэтых маршрутах і маніторым, як мяняецца наш край”.

З 2015 года Алена Іванаўна была раённым каардынатарам рэспубліканскага праекта па экалагічным асветніцтве сярод школьнікаў “Аб’ядноўваючыся вакол прыроды”. Яна сама правяла больш за 100 урокаў, прэзентацый і майстар-класаў сярод школьнікаў раёна. Менавіта яна адкрыла 7 клубаў “Крылаты дазор” у школах раёна. З 2009 года А.І.Паклонская з’яўляецца каардынатарам экалагічнага фестывалю кулікоў у Тураве, які амаль заўсёды мяняе статус рэспубліканскага на статус міжнароднага, бо на фестываль госці прылятаюць з усяго свету — ад Галандыі да Аўстраліі.

У пачатку мінулага года на базе цэнтра творчасці Алена Іванаўна стварыла раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і пачала далучаць мясцовых жыхароў да экалагічнага асветніцтва. Для іх прахо­дзяць семінары, 45 чалавек прайшлі навучанне ў школе бёрдвотчынгу.

“Мы супрацоўнічаем з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Яе супрацоўнікі прапануюць нам тэмы даследчых работ і даюць навуковыя методыкі. Не кожны настаўнік можа (ды і не павінен) скласці навуковыя методыкі. Напрыклад, у нас у Тураве знаходзіцца Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, і мы доўгі час займаліся там пошукам і вывучэннем рэдкіх ахоўных раслін. Гэта была навуковая работа, і за яе мы атрымалі 2-е месца ў рэспубліцы і 1-е месца ў міжрэгіянальным конкурсе навукова-даследчых праектаў па вывучэнні біяразнастайнасці і ахове навакольнага асяроддзя ў Чарнігаве. Цяпер мы задзейнічаны ў маштабным міжнародным праекце “Палессе — дзікая прырода без меж” па захаванні Палесся.

Чэрвень з біноклямі

15 гадоў запар кожны чэрвень цэнтр творчасці праводзіць 9-дзённыя летнія аздараўленчыя кругласутачныя турыстычныя лагеры, удзельнікі якіх засяроджваюцца якраз на вывучэнні прыроды. Сёлета лагер упершыню прой­дзе ў жніўні. Але зараз працягваюць работу ўсе аб’яднанні па інтарэсах, боль­шасць з якіх эка­лагічнага характару.

“Мы і так не сядзім летам на месцы, а сёлета асабліва засяроджаны на практычных палявых работах ці экскурсіях. Цяпер праводзім маніторынгі ўліку птушак, працягваем праект “Дзікі квадрат”, у межах якога вывучаем відавыя змены на пэўным квадраце мясцовасці, распрацоўваем новыя экскурсійныя маршруты, збіраем гербарый, новую энтамалагічную калекцыю”, — гаворыць Алена Іванаўна.

Настасся Аляксандраўна Блоцкая, кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах “Азбука арніталогіі” і “Касмічная біялогія”, пагружаючы ў свае летнія будні, дадае: “Гэтым летам мы працуем у маленькіх групах, да 6 чалавек. І гэта дазволіла яшчэ цікавей праводзіць лета. Цяпер прасцей схадзіць у паход, праехацца на веласіпедах. Так, 25 мая мы схадзілі на птушыную экскурсію па пэўным маршруце і запісвалі ўсіх птушак, якіх сустрэлі. 25 чэрвеня пройдзем зноў па тым жа маршруце і зноў перапішам усіх птушак, якіх сустрэнем. Так мы ўбачым, як у дынаміцы зменіцца колькасць птушак. Напрыклад, колькасць кулікоў у чэрвені зменшыцца, бо яны разлятаюцца да сябе на радзіму. Мне прыемна бачыць, наколькі гэтыя назіранні цікавыя дзецям. У нас ёсць навучэнец, які разбіў сваю скарбонку і на ўсе грошы купіў тэлескоп. У яго яшчэ няма ні тэлефона, ні планшэта, але затое, кажа, будзе магчымасць назіраць за птушкамі. Проста так, без сапраўднай зацікаўленасці, дзіця так не зробіць.

Учора мы праводзілі ўлік буслоў для акадэміі навук у сваёй вёсцы Верасніцы, захапілі і суседняе Вароніна. Мы палічылі гнёзды, буслянят у іх, і я адправіла справаздачу Ірыне Эдуардаўне Самусенка, загадчыцы кафедры арніталогіі. Так, у нас у Верасніцы 27 гнёздаў, але мы вядзём работу не першы год і заўважылі, што колькасць буслянят у гнёздах зменшылася. Гэта паказчык таго, што для іх няма ўмоў. Бусел заўсёды выво­дзіць столькі буслянят, колькі можа пракарміць. А сёлета ў нас рака непаўнаводная, таму амаль ва ўсіх гнёздах было ўсяго па адным-два бусляняці, толькі ў адным было адразу чатыры.

На гэта лета ў нас запланавана яшчэ шмат новых экскурсій, хачу паказаць дзецям і славуты 800-гадовы дуб. Акрамя таго, мы збі­раем інфармацыю пра тое, дзе ў нас рас­туць чырванакніжнікі. А калі надвор’е не вельмі спрыяльнае, мы можам проста паглядзець цікавы фільм. Асабліва любім фільмы нашага добрага знаёмага арнітолага, рэжысёра Ігара Іванавіча Бышнёва. Ствараем таксама птушыныя ўпрыгажэнні для класа. А калі наступны раз нашы паходы і ўлікі супадуць з дажджом, мы будзем рабіць на зіму кармушкі — восенню на гэта не хапае часу.

Мы хочам адкрыць клуб “Крылаты дазор” у Верасніцкай сярэдняй школе. Думаю, што зможам ахапіць і іншыя “птушыныя” кірункі: ад конкурсаў малюнкаў да тэматычных свят”.

Малымі групамі цікавей праходзіць супрацоўніцтва юных арнітолагаў з іх даўнімі сябрамі — супрацоўніцай станцыі кальцавання Наталляй Карлеонавай і дырэктарам станцыі Паўлам Пінчуком. Калі на станцыю кальцавання прыходзяць чалавек пятнаццаць, то ім часцей прапаноўваюць экскурсію, расказваюць, навошта і як трэба кальцаваць птушак, якія кольцы для якой птушкі бяруць, якую інфармацыю на іх шыфруюць і як гэтая інфармацыя дапамагае лю­дзям клапаціцца пра птушак. А калі прыходзяць 4—5 чалавек, то ім паказваюць усю практычную работу і даюць у ёй прыняць удзел.

“Дзеці самі разам з супрацоўнікамі станцыі на байдарках плывуць на астравы, дзе вучацца ставіць пасткі ці правяраюць, ці трапілі ў іх птушкі. Калі трапілі, то гэтых птушак вязуць на станцыю для кальцавання. Непасрэдна кальцаваннем самі дзеці не займаюцца, бо гэта даволі складаны працэс. Каб акальцаваць птушку, трэба мець спецыяльны дазвол, а яго выдаюць толькі вопытным арнітолагам. Ды і кальцо заціскаецца спецыяльнымі шчыпцамі, якімі можна выпадкова параніць крылатага сябра. Таму дзеці пакуль толькі назіраюць за работай дарослых, могуць патрымаць птушак і, канечне, з задавальненнем выпускаюць іх на волю, — гаворыць Настасся Аляксандраўна і дадае: — Я з’яўляюся старшынёй Жыткавіцкага раённага аддзялення “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. З гэтай арганізацыяй мы пазнаёміліся вельмі даўно, калі я прывезла да іх ратаваць саву з паламаным крылом, і з таго дня ў нас завязалася дружба”.

Бацькоўскімі сцежкамі

Падружыўся з імі і Аляксей, сын Настассі Аляксандраўны, у свае 7 гадоў пастаянны наведвальнік станцыі кальцавання. На маё здзіўленне ад вопытнасці ў такім юным узросце хлопчык адказвае: “Я яшчэ ў дзіцячым садку пачаў ездзіць на кальцаванне. Мы там лепім з гліны, назіраем за птушкамі, ездзім на дупяліны ток, плаваем на праверку пастак”.

Лёша з маленства ведае, як якая птушка называецца і якімі якасцямі можа здзівіць чалавека. Асабліва, гаворыць, яго ўражвае стрыж, бо ён пераадольвае вялізныя адлегласці не спыняючыся і таму можа на ляту есці і нават спаць.

“Чым раней дзіця далучаецца да прыроды, даведваецца, што можна зрабіць для яе аховы, тым лепш, — гаворыць Настасся Аляксандраўна. — І нічога так не ўплывае на дзіця, як прыклад бацькоў. Наш малодшы сын Сямён увогуле далучаўся да нас, валанцёраў, з калыскі. Мы каляску ў лодку паставім, перавязём яе, і, пакуль высякаем зараснікі вербалозу на Прыпяці, які перашка­джае гнездаванню птушак, каляска стаіць побач. Літаральна пазаўчора мы былі на Альманскіх балотах з дзецьмі і прыбіралі месцы стаянак. Лёша ўзяў з сабой свайго сябра — хлопчыка гадоў трынаццаці. У нас быў 12-гадзінны марафон па ўборцы беларускіх балот. Мы стаміліся, нас пакусалі сляпні, але Лёша за дзень ні разу не паскардзіўся, не паныў, што яму нешта не падабаецца, толькі вечарам, калі мы ўжо вярталіся, выр­валася ў яго, што ён стаміўся. Я ганаруся сынам, бо сама не верыла, што можна вытрываць такую складаную работу ў 7 гадоў. Ён жа нам увесь час дапамагаў”.

Думаецца, што не менш цікавае жыццё пад птушынымі крыламі чакае і маленькага Сямёна. Хаця б таму, што яго хроснай маці стала супрацоўніца станцыі кальцавання Наталля Карлеонава. Сямейнае захапленне дапамагае педагогу займацца навучаннем сваіх дзяцей і гурткоўцаў з яшчэ большым імпэтам.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Тураўскага ЦТДіМ.