Сам сабе рэжысёр

Летам асабліва востра стаіць пытанне, чым жа заняць нашых няўрымслівых цікаўных дзяцей. Рэспубліканскі цэнтр прапануе свае варыянты адказаў. У гэтыя дні тут стартуюць адразу некалькі рэспубліканскіх анлайн-праектаў. Не, ніхто не запрашае хлопчыкаў і дзяўчат збірацца па той бок манітора, — ім прапануюць толькі не забывацца ўзяць у сваё лета відэакамеры.

“Юныя акадэмікі” — праект на YouTube з та­кой назвай ужо ў самым разгары. Вашы навучэнцы адсвяткавалі Сусветны дзень ветру, стварыўшы сваімі рукамі флюгер? Мо­гуць цікава расказаць пра прыроду вясёлкі? Умею ць рабіць дажджамер ці дачную метэа­станцыю? Ім месца — у эфіры!

У рамках праекта дзеці даступнай мовай ужо наперабой расказваюць пра цікавыя факты, праводзяць эксперыменты і ла­дзяць майстар-класы. Абсалютна любое дзіця з любога кутка нашай краіны можа стаць аўтарам роліка і ўдзельнікам праекта! Дастаткова зняць і даслаць свой ролік арганізатарам з адпаведнай паметкай “Юныя акадэмікі”.

Калі вашы навучэнцы ў будучыні мараць стаць вучонымі-эксперыментатарамі, няхай яны будуць імі ўжо сёння, далучыўшыся да новай рубрыкі “Займальныя эксперыменты” на канале YouTube Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Галоўнае, каб іх вопыты і эксперыменты былі бяспечнымі, лёгка рэалізоўваліся ў хатніх умовах і не патрабавалі дадатковых выдаткаў.

А калі вам і вашым юным паплечнікам складана ўседзець на месцы і калі слова “паход” для вас сінонім “лету”, то вам — на Рэспубліканскі конкурс турыстычных відэа­ролікаў “Маршрутамі пераможцаў”. Трэба толькі не забыцца захапіць камеру, каб зняць кароценькі відэаролік пра свой паход. Сямейны, веласіпедны, горны, водны, пешаходны — выбірайце на свой густ нейкі адзін ці ўсе па чарзе. Гатовую работу са сваімі данымі трэба даслаць арганізатарам з паметкай “Конкурс”.

Акрамя таго, цэлае лета ў рамках адукацыйнага праекта “Займальныя канікулы” можна наведваць пазнавальныя лабараторныя практыкумы, займальныя майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства па папярэднім запісе.

Пра іншыя магчымасці з карысцю правесці канікулы, акунуўшыся ў летнія праекты і праграмы, чытайце ў нашым сённяшнім дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.