Для многіх галоўная летняя асацыяцыя звязана з клубніцамі: менавіта летам можна набраць поўныя прыгаршчы гэтых ягад, удыхнуць іх водар і паласавацца. А вось навучэнцы і педагогі гімназіі № 5 Баранавіч навучыліся так вырошчваць клубніцы, каб набіраць у свае далоні кавалачак лета амаль круглы год.
Клубнічны эксперымент у гімназіі доўжыцца роўна год — з мінулага лютага. За гэты час гімназісты сабралі ўжо 4 ураджаі, у сярэднім па 25—30 кг кожны. Летні ўраджай, канечне, не вельмі карыстаецца попытам, бо канкурэнцыя на рынку вялікая, а вось ураджай у лістападзе — снежні ці ў вясновы перыяд быў жаданым і дарагім ва ўсіх адносінах.
Дар’я Канстанцінаўна Грышчук, настаўніца біялогіі, расказвае: “Ва ўсім горадзе толькі ў нашай гімназіі ёсць стацыянарная цяпліца, якая дзейнічае круглы год. У ёй мы вырошчваем расаду кветак для азелянення прышкольнай тэрыторыі: для нашых клумбаў, арабесак, малых архітэктурных форм. Апошніх гадоў сем наша гімназія займае 1-е месца ў горадзе і прывозіць прызавыя дыпломы з абласнога конкурсу па азеляненні прышкольнай тэрыторыі. Але ўтрыманне такой цяпліцы нятаннае, таму мы вырашылі сумясціць прыемнае з практычным і пакрываць расходы на ўтрыманне цяпліцы за кошт продажу лішкаў атрыманага ўраджаю.
Для гэтага мы крыху пацяснілі свае кветкавыя пасадкі і ўнутры вялікай цяпліцы паставілі маленькую для клубніц, усяго на 8 квадратных метраў. Хоць намінантаў на пасеў у нашай цяпліцы было шмат, у прыватнасці, думалі пра зяленіўныя культуры (пятрушку, размарын, мелісу, салату), усё ж спыніліся менавіта на клубніцах. Ды і кошт іх, асабліва не ў сезон, намнога вышэйшы. І галоўнае: клубніцы можна пасадзіць вертыкальна, для гарызантальнага размяшчэння град у нас няма месца. У цяпліцы мы размясцілі 13 вертыкальных калон, а ў іх амаль 400 саджанцаў. Мы падбіралі самы аптымальны гатунак — самаапыляльны, каб ён мог вырошчвацца ў закрытым грунце, каб быў ураджайны і каб ягады доўга не гублялі таварны выгляд. Глядзелі і на тое, каб расліны не давалі шмат вусоў (гэта змяншае ўраджайнасць). Спыніліся на рэмантантным гатунку “мантэрэй”. І не прагадалі”.
За цёплыя і камфортныя ўмовы вырошчвання ягад адказваюць сонечныя батарэі, за кошт якіх у гімназіі эксперыментальна працуе адзін кабінет. Але застаюцца лішкі назапашанай энергіі, таму было вырашана падключыць асвятленне маленькай цяпліцы да сонечных батарэй і ўтрыманне цяпліцы зрабіць яшчэ больш рэнтабельным.
За тэхнічнае аснашчэнне цяпліцы ўзяўся настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас са сваімі навучэнцамі — аматарамі робататэхнікі (удзельнікамі аб’яднання па інтарэсах) і проста жадаючымі рэалізаваць свае тэарэтычныя веды на практыцы. Разам яны распрацавалі сістэму паліву, праграму асвятлення, метадам спроб і памылак падбіралі дыяметр лунак.
“Мы не проста купілі і ўсталявалі гатовыя сістэмы. Мы з дзецьмі самі паялі ПВХ-трубы, злучалі іх з гнуткімі шлангамі, падключалі іх да кранаў і да сістэмы цэнтральнага водаправода. Калоны мне дапамагалі рабіць выпускнікі мінулага года. Сістэму паліву, датчыкі асвятлення мы стваралі з нашымі старшакласнікамі. Усе схемы і падлікі мы рабілі самі. Улічваючы, што ў цяпліцы даволі цёпла, бо яна стаіць не на вуліцы, а ўнутры вялікай цяпліцы, выдаткі аказаліся не надта вялікімі. Сістэму паліву не так проста прыдумаць, бо самае важнае — раўнамерна змочваць усю калону. Унутры калоны стаіць трубка з высвідраванымі адтулінамі, якая павінна раўнамерна ўвільгатняць глебу і зверху, і знізу. Для гэтага мы разлічвалі па законе Бернулі, якога дыяметру і на якой адлегласці высвідроўваць палівачныя трубкі.
Асвятленне ў нас інтэлектуальнае: уключаецца ў 17.00 і само выключаецца ў 22.00. Прычым выкарыстоўваем не звычайнае белае святло, а LED-лямпы са спектрам святла, які настройваецца. У перыяд вегетацыі, калі нарастае лісце, мы ўключаем зялёнае святло, у перыяд паспявання ягад — аранжава-чырвонае. Можна яшчэ ўсталяваць і датчыкі вільготнасці. Гэта не дорага, але неабходнасць у працы чалавека знікне зусім. У цяпліцу можна будзе заходзіць толькі для збору ўраджаю. А ўвогуле, мы актыўна вывучаем вопыт агародніцтва ў краінах, дзе малыя плошчы земляў, напрыклад у Японіі, Кітаі. Можа, яшчэ якія-небудзь цікавыя ідэі для сябе знойдзем”.
Цяпер кошыкі для ўраджаю пустуюць, бо ягадныя кусты толькі набіраюць вегетатыўную масу, а дзеці ходзяць у цяпліцу толькі з блакнотамі — вядуць назіранні за развіццём раслін, занатоўваюць усе фенафазы, сочаць, як уплывае штучнае асвятленне і розныя яго спектры на развіццё раслін, каб пры неабходнасці ўнесці нейкія карэктывы. У прыватнасці, ёсць намер крыху змяніць сістэму паліву і па магчымасці паставіць яшчэ дадатковыя калоны, каб павялічыць ураджай.
Ганна Мастыка, навучэнка 10 класа, гаворыць: “Я займаюся ў хіміка-біялагічным класе і ў будучыні мару ўжо прафесійна займацца навуковай дзейнасцю. Такая практыка для мяне — цудоўная магчымасць наблізіць гэтую будучыню. Ды і практыка для будучых студэнтаў таксама карысная. Праўда, па-за гімназіяй магчымасцей папрацаваць на зямлі ў мяне не так шмат. Свайго ўчастка ў маёй сям’і няма, затое ў вёсцы шмат дапамагаю сваёй бабулі. Але гэты праект адметны, высокатэхналагічны. Тут мы чарговы раз упэўніліся, што праца на зямлі не заўсёды цяжкая. Калі прыкласці розум, такая праца можа быць вельмі прыемнай, не бывае нічога немагчымага”.
Вопыт гімназіі быў высока ацэнены на рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічных работ, на якім у канцы лютага яго прадставіла Ганна Мастыка і заняла 3-е месца. У гэтую гімназію ўжо прыязджалі вывучаць вопыт педагогі-біёлагі з Брэста, а таксама з навучальных устаноў Польшчы і Літвы.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і ўдзельнікаў праекта.