Летам ва ўніверсітэце — вучні

Летняя школа інфарматыкі, робататэхнікі і англійскай мовы прайшла ў ліпені ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Навошта УВА працаваць са школьнікамі і што яднае замежную мову з праграмаваннем, мы спыталі ў яе арганізатараў і выкладчыкаў.

У класе робататэхнікі Гомельскага тэхнапарку.

Калі вучні самі просяць “дамашку”

Вучнямі двух атрадаў летняй школы сталі дзеці і падлеткі з 2 па 10 клас. На працягу двух тыдняў яны займаліся англійскай мовай і вывучалі апошнія адкрыцці і перспектыўныя напрамкі ў галіне ІТ.

— Летняя школа праводзіцца ў нас упершыню, — расказала дэкан факультэта замежных моў Алена Уладзіміраўна Сажына. — Мы доўга шукалі зручны фармат, бо такія школы ва ўніверсітэтах право­дзяцца нячаста. Шмат увагі патрабавала і праграма. Мы вырашылі аб’яднаць групы рознага ўзросту: у малодшым атрадзе школьнікі з 2-га па 5-ы, а ў старэйшым — з 6 па 10 клас займаюцца разам. Гэта, можна сказаць, выклік для нашых выкладчыкаў. Ім трэба было прапанаваць дзецям заданні рознага ўзроўню і арганізаваць работу так, каб задзейнічаць і тых, хто яшчэ толькі вучыць першыя словы, і тых, хто ўжо піша і чытае.

Вера Пугачова, выкладчыца англійскай мовы ў летняй школе:

— Плануючы заняткі ў летняй школе, мы не столькі думалі пра тое, каб вучні запаміналі новыя словы ці канструкцыі, колькі фарміравалі матывацыю да засваення англійскай мовы і вучылі дзяцей, як рабіць гэта эфектыўна.

Найбольшую ўвагу мы ўдзялялі камунікатыўным кампетэнцыям, таму стваралі рэальныя і ўяўныя сітуацыі зносін, ініцыіравалі самастойную работу, працавалі на ўзнаўленне раней атрыманых ведаў у незнаёмых абставінах. Акцэнт рабілі і на далучэнні школьнікаў да культурных каштоўнасцей носьбітаў мовы. Для гэтага разам глядзелі аўтэнтычныя відэаматэрыялы, дарэчы прыйшліся таксама заданні на інтэрактыўнай дошцы.

Нарэшце, улічваючы, што школа праходзіць летам і навучанне хочацца зрабіць цікавым і захапляючым, мы актыўна выкарыстоўвалі вучэбныя гульні.

Выбраным фарматам арганізатары засталіся задаволены: малодшыя вучні летняй школы цягнуліся за старэйшымі і на іх прыкладзе бачылі, чаго яны дасягнуць, калі будуць практыкавацца ў англійскай мове рэгулярна. Матывацыя была такой высокай, што выкладчыкам прыйшлося мяняць вучэбны план: ён не прадугледжваў дамашніх заданняў, але вучні на іх настаялі і старанна выконвалі. 

Падчас заняткаў англійскай мовай улічвалася і тое, што дзеці цікавяцца робататэхнікай і праграмаваннем. Будучым інжынерам і праграмістам неабходна валодаць і адпаведнай лексікай, і навыкамі вуснага маўлення. Як расказаў дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Леанідавіч Каваленка, запатрабаваны спецыялісты менавіта з добрым валоданнем замежнай мовы, таму факультэты даўно прыйшлі да пастаяннага супрацоўніцтва. Студэнты-праграмісты ахвотна наведваюць факультатывы па англійскай мове, абараняюць на ёй курсавыя і дыпломныя работы. Гэты вопыт аб’яднання дысцыплін пастараліся перанесці і на школьнікаў.

Яшчэ адна складанасць — без адпаведнай падрыхтоўкі проста і цікава расказаць дзецям і падлеткам пра апошнія дасягненні ў ІТ.

— Мы пастараліся даць школьнікам уяўленне пра розныя напрамкі ў сферы камп’ютарных тэхналогій, — расказаў дэкан факультэта Дзмітрый Леанідавіч Каваленка. — Напрыклад, яны азнаёміліся з сістэмай “Разумны дом”. Каб дзецям з розным узроўнем ведаў было зразумела, як ён працуе, выкладчык пачынае з простага ўключэння лямпачкі праз смартфон і паступова пераходзіць да больш складаных элементаў. Таксама школьнікі разгледзелі асновы робататэхнікі і самастойна зрабілі 3D-мадэлі, каб папрацаваць з 3D-прынта­рам. Закранулі на­ват асновы астраноміі на занятках па камп’ютарным ма­дэляванні трохзоркавых сістэм.

Скласці траекторыю руху

Пастаянная змена тэм дапамагала падтрымліваць цікавасць да заняткаў. Але, каб зрабіць час у летняй школе больш разнастайным, мала пераходзіць з класа ў клас, таму для наведвальнікаў былі арганізаваны экскурсіі па ўніверсітэце і яго музеях, Інстытуце Канфуцыя, Гомельскім тэхнапарку.

Гульня на занятках па англійскай мове.

— Для ўніверсітэта такая школа яшчэ і лепшая рэклама, — патлумачыла Алена Уладзіміраўна. — Вучні, якія на свае вочы ўбачылі жыццё ўніверсітэта, пазнаёміліся з выкладчыкамі і ацанілі вынікі двухтыднёвых заняткаў, будуць улічваць гэта, выбіраючы УВА.

Калі ва ўніверсітэце вучні прымералі на сябе ролю студэнтаў, то ў тэхнапарку паспрабавалі стаць стартаперамі і распрацоў­шчыкамі мабільных гульняў. Наведвальнікам лагера расказалі, як развіць уласную ідэю для сапраўднага бізнесу, на прыкладзе вынаходніка капіравальнага апарата Чэстэра Карлсана (больш вядомага як Xerox). Ім па­тлумачылі, чым маладым прадпрымальнікам дапамагаюць тэхнапаркі і стартап-хабы і як туды трапіць.

Падчас экскурсіі супрацоўнікі тэхнапарка скарысталіся магчымасцю запрасіць зацікаўленых вучняў у новы клас робататэхнікі. Як расказаў яго кіраўнік Максім Пернікаў, асаблівасць класа ў тым, што ўсе заняткі там праходзяць на адкрытым апаратным забеспячэнні: яно дае пачынаючым інжынерам больш свабоды і не абмяжоўвае іх рост.

Каштоўнасць падобных экскурсій у тым, што дзеці могуць ацаніць свае шансы і перспектывы ў ІТ-прафесіях і адразу скласці прыкладную траекторыю руху да абранай спецыяльнасці (клас робататэхнікі — універсітэт — тэхнапарк).

Месца камунікацыі

Арганізатары летняй школы пагаджаюцца, што галоўная яе мэта — пашырэнне кругагляду і матывацыя школьнікаў. У наступным годзе плануюць прыцягнуць да ўдзелу не толькі школьнікаў з Гомеля, але і дзяцей з усёй вобласці. Ёсць і яшчэ больш амбіцыйныя ідэі.

— Мы спадзяёмся прыцягнуць да ўдзелу ў школе замежных навучэнцаў і абітурыентаў, — расказала Алена Уладзіміраўна. — Гэта няпроста, бо ім хочацца вывучаць англійскую мову з выкладчыкамі-носьбітамі (native spiker), а для нашых выкладчыкаў англійская мова няродная. Таму нам трэба падумаць, чым зацікавіць замежных вучняў, каб у наступным годзе яны далучыліся да школы. Нам падаецца, што гэта бу­дзе вельмі карысна і для іх, і для беларускіх навучэнцаў, бо яшчэ адна важная задача любой летняй актыўнасці — развіваць камунікатыўныя навыкі і спрыяць сацыялізацыі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.