Школьны лагер у сацсетках

Пакаленне Z праводзіць больш часу, чым калі-небудзь раней, на мабільных і вэб-платформах, таму летнія лагеры, у тым ліку прышкольныя, могуць выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі ў якасці свайго саюзніка, каб заставацца на сувязі і падтрымліваць камунікацыю з дзецьмі на працягу ўсяго года.

Такія калажы можна выкладваць у сацсеткі штодзень.

На аснове вопыту сярэдняй школы № 26 Гродна я падрыхтавала спіс з пяці лепшых спосабаў выкарыстання сацыяльных сетак для летніх лагераў:

1. Правільна выбірайце пляцоўку. Калі вы хочаце прыцягнуць максімальную ўвагу дзяцей і іх баць­коў да дзейнасці ў вашым летнім лагеры, то павінны камунікаваць з імі там, дзе яны ёсць, а не там, дзе вы хочаце, каб яны былі. Выбірайце тыя сацыяльныя сеткі, якія з’яўляюцца найбольш папулярнымі ў навучэнцаў і іх бацькоў.

2. Стварыце ўнікальны хэштэг для свайго лагера, каб удзельнікі і супрацоўнікі лагера маглі публікаваць свае паведамленні, пазначаныя гэтым хэштэгам, у сацыяльных сетках, тым самым аб’ядноўваючы іх. Хэштэгі — выдатны спосаб згуртаваць вашу летнюю лагерную сям’ю, бо кожны будзе адчуваць сваю прыналежнасць да змены.

Хэштэгі дапамогуць і ў рэкламе лагера для іншых дзяцей, якія толькі падумваюць запісацца туды. На працягу ўсяго года вы зможаце публікаваць фотаздымкі і пасты, успамінаючы самыя яркія моманты летняга адпачынку. Хэштэг таксама дапаможа людзям знаходзіць інфармацыю пра лагер.

3. Зваротная сувязь — немалаважны аспект у зносінах на вэб-платформах. Калі пад вашым пастом напісалі ўдзельнікі летняга лагера ці іх бацькі, абавязкова пакіньце каментарый ці папрасіце іншых супрацоўнікаў падзяліцца асабістым адказам са сваіх уліковых запісаў, калі тэма ў іх кампетэнцыі. Гэты асабісты кантакт вельмі важны для развіцця адносін праз сацыяльныя сеткі, ваша ўвага многа значыць для дзяцей і бацькоў.

4. Паважайце канфідэнцыяльнасць. Калі вы маеце дачыненне да непаўналетніх, канфідэнцыяльнасць мае першараднае значэнне. Неабходна заручыцца згодай законных прадстаўнікоў непаўналетніх, каб пачаць дзяліцца фотаздымкамі шчаслівых выхаванцаў.

Таксама ўпэўніцеся, што на фота няма ніякай інфармацыі пра адзенне ці аксесуары, калі вы публікуеце фотаздымкі дзяцей. Дастаткова лёгка схаваць лагатыпы і брэнды з дапамогай Photoshop ці графічных рэдактараў, убудаваных у сацсеткі.

5. Упэўніцеся, што дзеці і бацькі ведаюць пра вашы акаўнты ў сацыяльных сетках. Бацькі не заўсёды ведаюць, што сачыць за жыццём дзяцей у лагеры можна ў Facebook ці Instagram, а выхаванцы могуць не здагадацца пазначыць свае фотаздымкі з летняга лагера вашым хэштэгам. Дайце спасылкі на вашы акаўнты ў формах рэгістрацыі ці электронных пісьмах, каб быць на сувязі праз інтэрнэт з першага дня.

І ўпэўніцеся, што ўсе вашы супрацоўнікі ведаюць, у якіх сацыяльных сетках вы знаходзіцеся, каб і яны змаглі расказаць пра вас дзецям і бацькам.

Таццяна ФАДЗІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 26 Гродна.