Лёгкіх скачкоў!

Маштабнае яркае свята лёгкай атлетыкі прайшло напярэдадні Новага года. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры прымаў на лёгкаатлетычным манежы фіналістаў спартыўна-масавага рэспубліканскага праекта “300 талентаў для каралевы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія вучацца ў 2—4 класах, прыехалі з усіх куточкаў краіны, каб паказаць свае таленты для каралевы спорту, яе вялікасці лёгкай атлетыкі. Сярод прызёраў — навучэнцы Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна. У спартыўным жыцці гэтай установы адукацыі каралева спорту займае ганаровае месца.

Каралеўскае месца

Такое ж ганаровае месца лёгкая атлетыка павінна займаць у спартыўным жыцці кожнай установы адукацыі. Прычын для гэтага некалькі. Па-першае, заняткі лёгкай атлетыкай спрыяюць усебаковаму фізічнаму развіццю дзяцей і падлеткаў. Па-другое, займацца гэтым відам спорту хлопчыкам і дзяўчынкам можна ўжо з 7-гадовага ўзросту. Па-трэцяе, фінансавыя выдаткі для заняткаў лёгкай атлетыкай зусім маленькія (калі для гульнявых відаў спорту патрэбен як мінімум мяч, то, скажам, для бегу неабходна толькі жаданне). Па-чацвёртае, лёгкая атлетыка — гэта заўсёды добры настрой.

Паглядзіце на фотаздымкі лёгкаатлетычнай трэніроўкі вішоўскіх вучняў — і вы ў гэтым пераканаецеся. Сустрэньцеся са спартсменамі-лёгкаатлетамі, напрыклад, трэнерам Бялыніцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Валянцінай Цыбульскай, пагутарыце з імі хаця б гадзінку, набярыцеся ад іх жыццёвага аптымізму — і ў вас не застанецца сумненняў: лёгкая атлетыка павінна ўладарыць не толькі на спартыўным Алімпе, але і ў спартыўным жыцці ўстаноў адукацыі, у сэрцах як мага большай колькасці балельшчыкаў. Канечне, папулярызацыя футбола, хакея, валейбола, баскетбола, іншых відаў спорту не павінна адыходзіць на другі план, аднак лёгкая атлетыка павінна займаць належнае месца.

Узнагарода для талента

Праект “300 талентаў для каралевы”, які праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў якраз і накіраваны на папулярызацыю каралевы спорту ў сістэме адукацыі, з’яўляецца новым фарматам правядзення спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Праграма ўключае бар’ерны бег, эстафету 5х80, кіданне мяча на каленях з-за галавы і скачкі на скакалках. Дзяніс Шалкоўскі, вучань 2 класа Вішоўскай сярэдняй школы, паказаў лепшы вынік у сваёй узроставай групе ў скачках на скакалцы і атрымаў дыплом І ступені.

Акрамя дыпломаў і кубкаў, пераможцы і прызёры атрымалі салодкія падарункі, настольныя развіццёвыя гульні, канструктары Lego. Таксама па рашэнні арганізатараў спаборніцтваў пераможцы і прызёры праекта “300 талентаў для каралевы” могуць без уступных экзаменаў паступіць у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў спецыялізаваны клас па лёгкай атлетыцы, у спецыялізаваныя класы па лёгкай атлетыцы спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву па месцы жыхарства.


Матэрыяльныя ўзнагароды, ільготы пры паступленні — гэта прыемна, аднак куды больш важнай з’яўляецца атмасфера, якая панавала на лёгкаатлетычным манежы ў дні спаборніцтваў. Такое свята не можа не запомніцца. Ганаровыя госці, усмешкі, падарункі… Трапіць сюды — мара любога хлопчыка і дзяўчынкі. І каб яна збылася, юным лёгкаатлетам трэба кожны год напружана трэніравацца, паказваць выдатныя вынікі, якія дазволяць трапіць у абласную каманду і прадстаўляць гонар рэгіёна на рэспубліканскім фінале.

Як паведаміў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вішоўскай сярэдняй школы Уладзімір Фёдаравіч Чужаўка, для дзяцей паездка ў Мінск на спаборніцтвы стала незабыўным святам. Сталіца, фота на памяць са знакамітымі спартсменамі, падарункі… Што яшчэ трэба для простага дзіцячага шчасця? Карысным мерапрыемства было і для настаўнікаў. Для іх гэта цудоўная нагода сустрэцца з калегамі і абмяняцца вопытам падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў. З адным з такіх вопытных спартсменаў, заслужаным майстрам спорту, трохразовым прызёрам чэмпіянатаў свету па лёгкай атлетыцы, удзельніцай трох Алімпійскіх гульняў Валянцінай Іванаўнай Цыбульскай мы сустрэліся ў спартыўнай зале Вішоўскай школы, на базе якой працуе секцыя па лёгкай атлетыцы Бялыніцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Недзявочая забаўка

“Прадстаўнікі Бялыніцкага раёна другі раз выступалі ў складзе каманды Магілёўскай вобласці ў фінале праекта “300 талентаў для каралевы”. Каманду вобласці мы збіраем на восеньскіх канікулах і на працягу тыдня праводзім трэніроўкі. Са скакалкай у гэтым годзе атрымалася цікавая сітуацыя. Калі мы сабралі абласную каманду, то высветлілася, што дзеці не ўмеюць правільна выконваць скачкі. Ім здавалася, што дадастаткова проста праводзіць скакалку пад сабой і пераскокваць, як уздумаецца. Гэта не так. Правільна скакаць трэба на насочках і ногі падымаць на сантыметраў 10. Шчыра кажучы, мы не чакалі перамогі, таму што на занятках займаемся бегам, кіданнем мяча, а вось скакалцы цяпер не ўдзяляецца такая ўвага, як раней, напрыклад, у гады майго вучнёўства. І дарэмна. На занятках па фізічнай культуры, асабліва ў пачатковай школе, скакалка павінна быць неад’емным памочнікам настаўніка. Яна даступная, цудоўна ўдасканальвае каардынацыю рухаў. Варта адзначыць, што ў Вішоўскай школе праводзяцца штогадовыя спаборніцтвы “Залатая скакалка”. Раней здавалі нарматывы па скакалцы — цяпер такога няма. Пра скакалку чамусьці пачалі забываць. Добра, што праект “300 талентаў для каралевы” нагадаў, што рабіць гэта нельга”, — паведаміла Валянціна Іванаўна Цыбульская.


Гэта толькі на першы погляд здаецца, што скачкі на скакалцы — выключна дзявочы спосаб правядзення вольнага часу. Хлопчыкі гуляюць з мячом у футбол, а дзяўчынкі скачуць на скакалцы. Знаёмая карціна, ці не праўда? І адкуль толькі бяруцца такія стэрэатыпы? Чаму хлопчыкі не могуць скакаць на скакалцы? Гэтая прылада развівае каардынацыю, спрыт. Нездарма скачкі на скакалцы з’яўляюцца абавязковай часткай трэніровачнага працэсу баксёраў. І яшчэ пра стэрэатыпы. Чамусьці так склалася, што на секцыю па лёгкай атлетыцы часта запісваюцца толькі па рэшткавым прынцыпе. Не ўзялі на футбол, хакей — не бяда, на лёгкую атлетыку заўсёды знойдзецца месца. Чаму лічыцца, што лёгкая атлетыка — гэта не так сур’ёзна, прэстыжна, як футбол, хакей або баскетбол? У Бялыніцкім раёне каралеву спорту не прыніжаюць — яна займае пачэснае месца. Скачкі на скакалцы тут таксама не лічаць проста дзявочай забаўкай.

Роля асобы

У папулярызацыі лёгкай атлетыкі, на думку Валянціны Іванаўны, многае залежыць ад асобы трэнера. Менавіта трэнеры дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ павінны гэтым займацца, але абавязкова ў тандэме з настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя. “У настаўніка ёсць праграма, якую ён павінен прайсці, навучыць дзяцей пэўным уменням, прыняць у іх нарматывы. Для настаўніка важна, каб вучань засвоіў базавыя веды і навыкі па розных відах спорту, а для мяне як трэнера па лёгкай атлетыцы важна, каб канкрэтны вучань захапляўся менавіта лёгкай атлетыкай. У гэтым трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы адрозніваецца ад настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Аднак, аб’ядноўваючы нашы намаганні, мы можам дабіцца высокіх вынікаў”, — адзначыла Валянціна Іванаўна.

Вішоўская сярэдняя школа — выдатны таму прыклад, а Валянціна Іванаўна Цыбульская, якая тры разы на тыдзень праводзіць тут трэніроўкі, з’яўляецца тым чалавекам, на якога варта раўняцца будучым чэмпіёнам. Былая вучаніца сярэдняй школы № 2 Бялыніч, яна дабілася высокіх вынікаў дзякуючы напружаным трэніроўкам, а таксама вопыту сваіх трэнераў, у першую чаргу Фёдара Фёдаравіча Кулакоўскага, які разгледзеў у дзяўчыне, што займалася ў секцыі па гандболе, чэмпіёнку па спартыўнай хадзьбе.


“У нас, у Бялынічах, папулярызуецца гандбол, лёгкая атлетыка, дзюдо і футбол. У мае школьныя гады амаль усе дзяўчаты запісваліся на гандбол, хлопчыкі — на футбол і дзюдо, а на лёгкую атлетыку ішлі па рэшткавым прынцыпе. З 4 па 7 клас я хадзіла на гандбол. Аднак у падлеткавым узросце равесніцы пачалі значна пераўзыходзіць мяне па фізічных паказчыках, і я часта сядзела на лаве для запасных. Дзякуй Фёдару Фёдаравічу, які, нягледзячы на тое, што аднойчы ў спаборніцтвах па бегу я заняла 4-е месца ў школе, разгледзеў мой талент і прапанаваў займацца ў Магілёўскай школе-інтэрнаце спартыўнага профілю. У 8 класе ў лістападзе я паехала вучыцца ў Магілёў. У снежні навучылася спартыўнай хадзьбе і ўжо ў маі выканала нарматывы на КМС”, — падзялілася Валянціна Іванаўна.

Прыклад нашай суразмоўніцы пераконвае, што чэмпіёнамі становяцца не толькі першыя, але і тыя, хто займае непрызавое месца. Галоўнае — заўважыць у дзіцяці талент і развіць яго. Таму Валянціна Іванаўна нікому не адмаўляе, на заняткі ў секцыю па лёгкай атлетыцы запісвае ўсіх жадаючых. А яшчэ ёй вельмі падабаецца займацца з сельскімі дзецьмі. “Яны менш разбэшчаныя сучаснымі гаджэтамі, чым гарадскія, у іх ёсць нейкі ўнутраны стрыжань”, — адзначыла трэнер.

Аснова перамог

Унутраны стрыжань — гэта аснова перамог у асабістым і прафесійным жыцці. Лёгкая атлетыка — гэта аснова фізічнага выхавання навучэнцаў, выдатны стартавы этап у жыцці дзіцяці. Падчас заняткаў лёгкай атлетыкай фарміруецца моц, спрытнасць, хуткасць, вынослівасць — якасці, якія спатрэбяцца ў любым відзе спорту. Такой думкі прытрымліваецца заслужаны майстар спорту, трохразовы прызёр чэмпіянатаў свету па лёгкай атлетыцы, удзельніца трох Алімпійскіх гульняў. Не верыць Валянціне Іванаўне Цыбульскай няма падстаў, як няма падстаў сумнявацца ў тым, што лёгкую атлетыку варта і далей папулярызаваць, каб кожны год рэспубліканскія спаборніцтвы адкрывалі не толькі 300, але і тысячы талентаў для каралевы спорту.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.