Яркая візітоўка

Школьныя музеі — не проста месцы захоўвання музейных прадметаў, гэта сапраўдныя цэнтры выхаваўчай работы, своеасаблівыя візітоўкі ўстаноў адукацыі. Каб зрабіць гэтыя візітоўкі больш яркімі, прывабнымі для моладзі, педагогам варта часцей сустракацца з калегамі, пераймаць іх вопыт, дзяліцца сваім вопытам работы на ніве музейнай педагогікі і абавязкова наведваць дзяржаўныя музеі сістэмы культуры, у першую чаргу рэспубліканскія і абласныя, дзе назапашаны перадавы вопыт афармлення экспазіцыі і работы з наведвальнікамі. Менавіта музейная справа з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва сістэмы адукацыі і сістэмы культуры.


Каб прыцягнуць моладзь у музей, варта звярнуцца да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій: ствараць лакальныя сайты, прымяняць аўдыявізуальныя і камп’ютарныя сродкі, мультымедыйныя праграмы, арганізоўваць праектную дзейнасць, якая прадугледжвае збор матэрыялаў у інтэрнэце, весці электронную перапіску з экспертамі музейнай справы. Запатрабаванымі сярод навучэнцаў будуць віртуальныя, тэатралізаваныя, квест-экскурсіі, музейныя святы. Актуальным з’яўляецца стварэнне музейных сямейных праграм, арганізацыя сямейнага адпачынку ў музеі.

Аспектаў такога супрацоўніцтва некалькі: гэта і сумеснае правядзенне семінараў з абмеркаваннем актуальных пытанняў музейнай педагогікі, і абмен прадметамі, і арганізацыя музейнымі работнікамі для навучэнцаў і педагогаў лекцый, музейных урокаў, перасовачных экспазіцый, выстаў, і распрацоўка нарматыўна-прававой дакументацыі. На двух апошніх аспектах спынімся падрабязней. Па-першае, у гэтыя дні прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры ўносяцца апошнія ўдакладненні ў Інструктыўна-метадычнае пісьмо “Арганізацыя дзейнасці музеяў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У найбліжэйшыя дні гэтыя ўдакладненні будуць зацверджаны, а інструктыўна-метадычнае пісьмо стане настольнай кнігай у рабоце кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі. Па-другое, кожны год вядучыя музеі краіны, такія як Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, распрацоўваюць для навучэнцаў і педагогаў цікавыя экскурсійныя праграмы і заняткі. Тут ёсць чаму павучыцца і што пераняць.

Каардынатарам распрацоўкі нарматыўна-прававой базы дзейнасці музеяў устаноў адукацыі з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. “Вельмі важна, каб на рэгіянальным узроўні вялося супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з установамі культуры і ў першую чаргу з дзяржаўнымі музеямі. Гэта спрыяе папулярызацыі музейнай справы ў краіне. Дзейнасць усіх дзяржаўных музеяў, да якіх адносяцца і музеі ўстаноў адукацыі, на раённых і абласных узроўнях каардынуюць менавіта музеі сістэмы культуры. Так і павінна быць. У той жа час не сакрэт, што педагогі і навучэнцы з’яўляюцца асноўным кантынгентам такіх музеяў, менавіта для гэтай катэгорыі наведвальнікаў распрацоўваюцца спецыяльныя абанементы, адукацыйныя праграмы ў адпаведнасці з узростам. Таму ў нас з культурай зацікаўленасць у супрацоўніцтве ўзаемная”, — паведамляе загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

У інструктыўна-метадычным пісьме дзейнасць музеяў устаноў адукацыі будзе, як кажуць, раскладзена па паліцах. Педагогі-музейшчыкі азнаёмяцца з асноўнымі тэрмінамі музейнай справы; задачамі і функцыямі музея ўстановы адукацыі; парадкам стварэння і ліквідацыі музея ўстановы адукацыі; профілямі музея ўстановы адукацыі; асаблівасцямі каардынацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі; парадкам прысваення музею ўстановы адукацыі статусу “народны”, пацвярджэння і пазбаўлення гэтага статусу, камплектавання і ўліку музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў; асаблівасцямі размяшчэння ў музеях устаноў адукацыі зброі, боепрыпасаў і іншых выбухованебяспечных прадметаў, размяшчэння музейных прадметаў з каштоўных металаў, камянёў; пытаннямі ўключэння музейных прадметаў у музейны фонд Рэспублікі Беларусь і дзяржаўны каталог і пытаннямі выключэння гэтых прадметаў адтуль. Як бачым, спектр актуальных пытанняў, што тычацца дзейнасці музеяў устаноў адукацыі, шырокі.

“Асаблівую ўвагу варта засяродзіць на раздзеле “Адукацыйная дзейнасць музеяў устаноў адукацыі”. Тут пазначаны важныя моманты. У прыватнасці, музеі павінны стаць часткай цэласнай сістэмы работы ўстановы адукацыі ў шосты школьны дзень і канікулярны перыяд. Канікулы павінны быць адпачынкам ад вучобы, але не адпачынкам ад выхаваўчай работы. Гэта найбольш спрыяльны час для павелічэння колькасці наведвальнікаў. У рамках супрацоўніцтва музеяў устаноў адукацыі і дзяржаўных музеяў сістэмы культуры рэкамендуецца ствараць музейна-педагагічныя праграмы. Такая мадэль адкрывае магчымасць найбольш эфектыўнага ўзаемадзеяння музеяў, дазваляе ўзбагаціць новым зместам традыцыйныя формы работы, уключыць у адукацыйны працэс сучасныя тэхналогіі”, — гаворыць Аляксандра Яўгенаўна.

Якімі могуць быць гэтыя праграмы? Як яны ўзбагачаюць традыцыйныя формы музейнай работы? Якія сучасныя тэхалогіі ўключаюць у адукацыйны працэс? Адказы знойдзем на прыкладзе дзейнасці вядучых музеяў краіны. Супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь распрацаваны шэраг музейна-педагагічных заняткаў для навучэнцаў рознага ўзросту. Гэта і “Прыйшоў час слуцкіх паясоў”, і “Партрэты даўнія мінулых пакаленняў”, і “Сюда пожалуйте, за мною. Вот это барский кабинет!”, і “ В гостиной истинно дворянской…”, якія праводзяцца не толькі ў галоўным будынку музея, але і ў яго філіяле — Доме Ваньковічаў.


Адным з галоўных пытанняў, якія будуць ўзняты ў Інструктыўна-метадычным пісьме “Арганізацыя дзейнасці музеяў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь”, стане абавязковае ўвядзенне штатнай адзінкі музейнага работніка. Раней, як вядома, такая адзінка ўводзілася толькі ў музеях, якія маюць званне народнага. Гэта вельмі важны крок да заахвочвання работы педагогаў-музейшчыкаў, якія ў асноўным працуюць на грамадскіх пачатках.

Інтэрактыўнасць — галоўная адметнасць праграм. Падчас іх рэалізацыі кожнаму наведвальніку даецца магчымасць праявіць сваю творчасць і актыўнасць і нават змяніць запланаваны ход заняткаў. На занятках выкарыстоўваецца вялікі аб’ём мастацтвазнаўчага, літаратуразнаўчага і гістарычнага матэрыялу. Паспяховасць правядзення такіх заняткаў у многім залежыць ад колькасці ўдзельнікаў праграмы: чым менш, тым лепш. Дарэчы, гэтай формулы асабліва варта прытрымлівацца школьным музеям, паколькі экспазіцыйныя залы ў іх значна меншыя, чым у Нацыянальным мастацкім музеі, дзе аптымальнай лічыцца група наведвальнікаў не большая за 10 чалавек.

Названыя заняткі пераносяць экскурсантаў у рамантычнае XVIII стагоддзе і дазваляюць адчуць сябе сапраўднымі арыстакратамі, людзьмі выхаванымі, адукаванымі, тактоўнымі, патрыётамі роднай зямлі. На занятках па слуцкіх паясах наведвальнікі знаёмяцца не толькі з асаблівасцямі гэтага элемента адзення, але і з гісторыяй развіцця Слуцкай мануфактуры, слухаюць аповеды пра жыццё арыстакратаў мінулых эпох. Цікавай формай з’яўляюцца незвычайныя аповеды музейных прадметаў пра сябе. Паслухаем? “Мы былі своеасаблівым ордэнам, сведчаннем высокага статусу нашага ўладальніка. Пасля трагічных падзей ХХ стагоддзя прадстаўнікі знакамітых родаў вымушаны былі пакінуць нашу зямлю, многія паясы так і засталіся ў палацах. На жаль, не ўсе з іх дажылі да сённяшняга часу. Некаторыя разрывалі на анучы, выкарыстоўвалі ў якасці бінтоў. Калі слуцкія паясы яшчэ больш-менш трымаліся, то далікатныя, створаныя ў Ліёне, не маглі перанесці такога здзеку і вельмі хутка паміралі”, — нібыта расказваюць знакамітыя паясы.

Не менш цікавыя праграмы праводзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У 2015 годзе тут была створана дзіцячая музейна-пазнавальная прастора, якая ўключае асобныя зоны для правядзення музейна-педагагічных заняткаў, лекцый, а таксама гульнявую і тэатральную зоны. Створана зона для правядзення сямейных заняткаў. У сектары-лекторыі праводзяцца заняткі “Адкуль наш род”, “Лялькі з бабулінага куфра”, “Сакрэты ткацкага рамяства”. Шосты дзень у музеі можна вобразна назваць рознакаляровым. Да зялёнага колеру адносіцца, напрыклад, конкурс радаводаў, чырвонага — гульня-квест “Хто шукае, той знойдзе”, сіняга — заняткі “З гісторыі даспехаў”. Папулярнасцю карыстаюцца заняткі “Далёкіх прадзедаў запавет” для малодшых школьнікаў, а на імправізаваных археалагічных раскопках могуць пабываць вучні 4—6 класаў. Дарэчы, заняткі па археалогіі можна аднесці да жоўтага колеру, колеру пяску, у якім захоўваюцца сведчанні мінулых эпох. Важным культурна-адукацыйным праектам музея з’яўляецца выданне гістарычнага часопіса для дзяцей “Музейныя вандроўкі”, які можна прачытаць на сайце музея і нават спампаваць.

Калі школьны музей — гэта візітоўка ўстановы адукацыі, то Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — гэта візітоўка сталіцы. За гады сваёй дзейнасці ён прыняў сотні тысяч наведвальнікаў, і большая частка з іх, безумоўна, настаўнікі і вучні. Традыцыйнымі формамі супрацоўніцтва музея з установамі адукацыі з’яўляюцца аглядныя, тэматычныя экскурсіі, шырока практыкуюцца і выязныя мерапрыемствы, так званы музей у чамадане. Сёння музей — гэта магутны гісторыка- і сацыякультурны цэнтр. Для работы з насельніцтвам, у тым ліку з педагогамі і навучэнцамі, тут створаны музейна-педагагічныя станцыі, інфацэнтры, інфакіёскі, дзе кожны наведвальнік можа самастойна знайсці неабходную інфармацыю. Больш падрабязна пра формы супрацоўніцтва вядучых музеяў краіны з установамі адукацыі можна даведацца на іх афіцыйных сайтах.

Даўно мінулі тыя часы, калі навучэнцы прыходзілі ў музей, каб толькі паглядзець на цікавыя прадметы і паслухаць экскурсавода. Сённяшні час патрабуе новых падыходаў у рабоце з наведвальнікамі. Поспех дзейнасці музея залежыць ад ініцыятыўнасці, фантазіі яго кіраўніка, а таксама ад узроўню супрацоўніцтва з прафесійнымі музейшчыкамі. Толькі разам мы можам зрабіць візітоўкі ўстаноў адукацыі больш яркімі, прывабнымі для моладзі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*