Маленькі горад — вялікія людзі

У канцы верасня ў Беларусі прайшоў нацыянальны этап адбору на World Robot Olympiad. Два навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела ў старшай узроставай групе паказалі сябе найбольш прафесійна, чым заслужылі 1-е месца і пуцёўку ў заключны раўнд алімпіяды. У складзе беларускай зборнай з 8 па 10 лістапада ў венгерскім Дзьёры хлопцы будуць змагацца за сусветнае званне чэмпіёнаў. Хто з імі займаецца, як праходзіць падрыхтоўка да WRO і з якім робатам мядзельскія навучэнцы паедуць на спаборніцтва сёлета, чытайце ніжэй.

Арцём Чаўлытка, Андрэй Маліноўскі і Вячаслаў Саўчык.

Пяць гадоў

Вячаслаў Саўчык — педагог, Андрэй Маліноўскі — праграміст, Арцём Чаўлытка — інжынер. З гэтых людзей складаецца каманда, якая ў хуткім часе адправіцца ў Венгрыю, спа­дзяёмся, для атрымання новай узнагароды.

Вячаслаў Саўчык — у настаўніцкай супольнасці асоба знакамітая. Ён выкладае інфарматыку ў мядзельскай гімназіі-інтэрнаце, вядзе аб’яднанне па робататэхніцы, пастаянна дзеліцца вопытам з калегамі як настаўнік-метадыст, а ў гэтым годзе быў прызнаны чалавекам года Міншчыны. Яго скарбонка дасягненняў ужо настолькі вялікая, што трэба заводзіць новую. Туды Вячаслаў Станіслававіч якраз зможа пакласці перамогу двух сваіх вучняў на нацыянальным этапе Сусветнай алімпіяды робатаў. З Андрэем і Арцёмам настаўнік пачаў займацца тады, калі ў гімназіі толькі з’явіўся гурток па робататэхніцы.

— Старшыня раённага выканаўчага камітэта Ілья Іванавіч Шацько прапанаваў нашаму тагачаснаму дырэктару адкрыць нешта такое ў гімназіі, чаго амаль не было ў вобласці, каб гэта стала нашай адметнасцю. Мы пералапацілі інтэрнэт, думалі нават стварыць інтэрактыўныя пульты для галасавання, а потым я ўбачыў інфармацыю па LEGO-робататэхніцы, сабраў яе і вырашыў, што будзем развіваць гэты напрамак. Тады нам купілі 3 базавыя і 3 рэсурсныя наборы. З гэтага і пачалі развівацца, — паведаміў настаўнік.

Усяго пяць гадоў працы, а на паліцах ужо больш за дзясятак узнагарод, адна дошка поўнасцю запоўнена дыпломамі і граматамі, прыйшлося нават вешаць другую. За плячыма — шматлікія ідэі, коды і канструкцыі, якія цяпер можна ўбачыць на свае вочы. Гэта ўніверсальны робат-ратавальнік, робат-павук, робажук, шарыкавая карусель і іншыя. Вячаслаў Саўчык больш за ўсё любіць робата-пыласоса.

World Robot Olympiad

Вячаслаў Станіслававіч і яго вучні спрабавалі прабіцца ў заключны этап WRO з 2016 года, аднак упершыню ў іх гэта атрымалася ў 2018. Тады Андрэй Маліноўскі і Арцём Чаўлытка разам з педагогам ездзілі ў Тайланд, але прызавога месца не атрымалі. Зараз яны разумеюць, на якім узроўні трэба выступіць сёлета, чаго чакаць ад арганізатараў, як ставіцца да сапернікаў.

— У гэтым годзе мы ўпэўнена прайшлі, — кажа Вячаслаў Саўчык. — Хлопцы поўнасцю выканалі заданне, набралі максімальныя 200 балаў, а за імі каманда, якая ўзяла сярэбраныя медалі, атрымала толькі 35 ачкоў. Заданні з кожным годам ускладняюцца, а вучняў у старшай катэгорыі выступае не так шмат.

— Яшчэ праблема ў тым, — дадае Андрэй Маліноўскі, — што ў гэтай групе ўдзельні­чаюць вучні 16—18 гадоў, 10-я і 11-я класы. Ім больш важна падрыхтавацца да ЦТ і атры­маць добры бал атэстата.

На WRO ў складзе беларускай зборнай пераважна ез­дзяць камерцыйныя арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы адукацыі рэдка даходзяць да гэтага этапу. Вячаслаў Саўчык тлумачыць, чаму так адбываецца:

— Райвыканкам нам дапамагае, але ўсё роўна гэтага недастаткова. Напрыклад, вучням даводзіцца браць свае ноўтбукі, бо неабходны моцныя камп’ютары для напісання праграмы. Не хапае розных дэталей, якія не ідуць у стандартных наборах. Шукаем самастойна. У Мядзелі такое не прадаецца, нават у Мінску не заўсёды знойдзеш, часам трэба заказваць з-за мяжы, а дастаўка займае час. Праграмы напісаны для 5—9 класаў, а далей прыходзіцца разбірацца самастойна. Плюс па плане заняткі праходзяць некалькі разоў у тыдзень, а каб падрыхтавацца да WRO, трэба трэніравацца штодзень, часта нават на выхадных.

Робат, які паедзе на WRO.

На алімпіядзе школьнікі могуць выступаць у трох катэгорыях: “Асноўная” (сабраць і запраграмаваць робата. Каб ён выканаў пэўнае заданне); “Творчая” (падрыхтаваць праект на прапанаваную тэму); “Футбол” (стварыць двух робатаў — варатара і форварда, якія будуць спаборнічаць з робатамі саперніка на спецыяльным полі; гуляюць з мячом, які мае ін­фрачырвонае выпраменьванне).

Арцём Чаўлытка і Андрэй Маліноўскі будуць спаборні­чаць у асноў­най катэгорыі. Тэма 2019 года — “Разумны горад”. Хлопцам трэба аснасціць яго інтэрнэтам: паставіць роўтары і пракласці кабелі. Ёсць шэраг па­трабаванняў: каб роўтар быў павернуты пэўным бокам, каб кабель дакранаўся да аранжавага поля, каб робат прачытаў чатыры колеры кубікаў, якія стаяць каля старту, і г.д. Шмат нюансаў, якія неабходна ўлі­чыць, а даецца на гэта ўсяго 2 мінуты. На нацыянальным адборы Андрэй і Арцём адзін у адзін уклаліся ў гэты час. Зараз працуюць над тым, каб рабіць усё яшчэ хутчэй.

На алімпіядзе будуць асноўнае заданне, да якога хлопцы рыхтуюцца зараз, і сакрэтнае, наконт якога ў педагога і вучняў ёсць свае ідэі, якім яно можа быць. І маральна, і практычна юнакі гатовы да таго, што трэба будзе працаваць хутка, але разважліва.

— Магчыма, прыйдзецца часткова мяняць канструкцыю робата, каб ён змог выка­наць іншую задачу. Арцём вельмі добра ў гэтым арыентуецца, у яго здольнасці інжынера. Андрэй моцна праграмуе, ён ужо нават ведае тое, чаго я не ведаю. На заданне даецца 2,5 гадзіны. Задача Арцёма — як мага хутчэй сабраць робата, каб хлопцы потым паспрабавалі яго запусціць, — кажа Вячаслаў Станіслававіч.

Каманда адправіцца ў Вен­грыю загадзя, каб паспець па­трэніравацца. Новая пляцоўка патрабуе дадатковай падрыхтоўкі. Трэба падстроіцца пад асвятленне і поле. Нязначныя фактары ўплываюць на рух робата. Напрыклад, датчыкі знізу арыентуюцца па адлюстраваным святле, дзе лінія, па якой трэба ехаць; матэрыял поля ўплывае на счапленне колаў. А яшчэ падчас трэніровак можна паназіраць за сапернікамі і прыкінуць, хто на што здольны. Усё ў рамках правіл і згодна з сумленнем.

Годныя сапернікі

У Беларусі ўжо разумеюць, што сустрэча з мядзельскімі робататэхнікамі — паядынак высокага ўзроўню. І гэта можна лёгка патлумачыць, калі пагутарыш з вучнямі, з іх педагогам, азнаёмішся з іх дасягненнямі: дыпломы з Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі JuniorSkills Belarus, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай мола­дзі “ТэхнаІнтэлект”, Мінскага  адкрытага робатурніру, Рэспубліканскага адкрытага робатэхнічнага фестывалю “Робафэст-Беларусь” і іншыя адразу прыцягваюць увагу, а ёсць яшчэ і кубкі.

Андрэй Маліноўскі кажа, што заняткі па робататэхніцы дапамагалі яму засвоіць школьную праграму наперад. Андрэй праграмуе на некалькіх мовах: Python, Rast i Lua. З такімі здольнасцямі нядзіўна, што хлопец хоча і далей займацца праграмаваннем. Арцём пакуль не вызначыўся: магчыма, яго прафесія будзе звязана з інжынірынгам, а можа, ён пойдзе іншым шляхам. Пакуль вучні і іх настаўнік ду­маюць пра іншае: як удасканаліць робата, як абысці ўсіх і прывезці дадому чарговую ўзнагароду. Вырашана адно: зды­маць хлопцаў на відэа педагог не будзе, бо тады ім не шчасціць.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.