У віхуры танца з “мацейкамі”

Танцы для чалавека — неад’емная частка жыцця. Нават тыя, хто не любіць танцаваць, рана ці позна знаходзяць тую песню, пад якую нага пачынае адстукваць такт. Танец дапамагае раскрыцца, зразумець сябе, упусціць у жыццё новы вопыт і эмоцыі. Нашы продкі таксама любілі аддацца гэтаму занятку. Праўда, тады танцы былі іншыя. Людзі збіраліся, хтосьці казаў: “Ну, а зараз Лявоніху!”, і пачыналася штосьці асаблівае. Ды настолькі, што гэтыя танцы і цяпер вывучаюць, яны не страцілі сваёй прыгажосці і культурнай асаблівасці.

Адзін з яскравых прыкладаў захавальнікаў беларускага танца — узорны ансамбль “Мацейка” з сярэдняй школы № 13 Баранавіч. Калектыву ўжо больш за 20 гадоў, і ўвесь гэты час ім кіруе Таццяна Іванаўна Варашылава. Дзякуючы ёй “Мацейка” з’явіўся, развіваўся і існуе дагэтуль.

— Я расла ў вёсцы, у нас там на вяселлях яшчэ танцавалі побытавыя танцы. З 10 гадоў хадзіла ў гурток, мне вельмі падабалася. Пасля школы пай­шла ў Мінскае культасветвучылішча, там скончыла танцавальнае народнае аддзяленне і паехала працаваць у “Зубраня”. Туды часта прыязджалі высту­паць розныя калектывы, і мне захацелася стварыць свой.

Але не адразу з’явіўся ансамбль “Мацейка”. Спачатку ў 1997 годзе ў 13-й школе Баранавіч Таццяна Іванаўна адкрыла танцавальны гурток, і толькі ў 2012 годзе ансамбль атрымаў званне “ўзорнага”.

— Першапачаткова мы называліся “Весялінка”, але потым аказалася, што ў Брэсцкай вобласці, у Століне, такі ўжо ёсць. Нам прапанавалі назву “Мацейка”. У людзей адразу дзве асацыяцыі: імя хлопчыка, Мацвей, і кветачка. Мы звязаны з другім варыянтам. Па-навуковаму яе называюць “маціёла ружовая”, а па-простаму — мацейка. Гэтая кветка не вельмі заўважная, але ад яе ідзе такі водар, што прайсці міма немагчыма. Мы і падумалі, што гэтая назва добра падыходзіць, бо мы незаўважна збіраем увесь матэрыял, рыхтуем танцы, а потым дорым людзям прыемныя эмоцыі і радасны настрой.

Кірунак ансамбля — народна-сцэнічны танец. Побытавыя танцы прыйшлі ў жыццё Таццяны Варашылавай у 2005 годзе. З таго часу яна са сваімі дзецьмі займаецца не толькі танцавальнай дзейнасцю, але і даследчай, можна нават сказаць, журналісцкай.

— Мы ладзім экспедыцыі ў вёскі нашага раёна. Разам з дзецьмі, чалавек 6—7, ездзім у розныя месцы, шукаем носьбітаў, прыходзім да іх у госці, і яны нам паказваюць, што ў свой час танцавалі і як. Мы ўсё занатоўваем і потым вучым. Некаторыя танцы дзеці прывезлі ад сваіх бабуль і дзядуляў.

Так у рэпертуары ансамбля з’явіліся запісы з Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і іншых раёнаў. Вяскоўцы заў­сёды з радасцю сустракаюць гасцей. Гэта ж новыя людзі, якія гатовы паслу­хаць і падтрымаць гутарку ды яшчэ і цікавяцца традыцыйнай культурай!

— Аднойчы былі ў такой добрай бабулі. Яна нас запрасіла, мы з ласункамі прыехалі, разам гарбаты папілі, пагутарылі. Потым я сустрэла яе дачку, а тая гаворыць: “Ой, мая матуля дагэтуль узгадвае, як вы да яе прыязджалі ў госці”.

“Сваіх” ансамблю даводзіцца сустракаць не толькі падчас экспедыцый, але і, напрыклад, на Рэспубліканскім педагагічным форуме, які прайшоў 15—16 каст­рычніка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На ім “Мацейка” даў майстар-клас “Фальклорная харэаграфічная спадчына рэгіёна: асаблівасці вывучэння і засваення”. Таццяна Іванаўна расказала прысутным пра дзейнасць ансамбля, а потым усе змаг­лі ўжывую ўбачыць вынікі працы. Каля паўгадзіны ў зале гучала завадная музыка, хлопчыкі кружылі дзяўчынак у танцы пад пранізлівае “і-і-і-і-і-я!”, а гледачы апладзіравалі і здымалі ўсё на смартфоны. Пасля майстар-класа да Таццяны Іванаўны падышла жанчына і сказала, што ўбачыла тут танец са сваёй вёскі і ледзь не расплакалася.

Таццяна Іванаўна за такі доўгі час вывучэння побытавых танцаў Баранавіцкага раёна адзначыла для сябе некалькі асаблівасцей:

— Да 1939 года наш край быў Польшчай, гэта паўплывала і на танцы. У нас яны больш павольныя, напрыклад, падэс­пань і кракавяк. Мы бачылі кракавяк у Мінскай вобласці, дык не адразу пазналі. Ён такі хуткі, як полька. У танцах, дзе трэба яшчэ нешта спяваць ці гаварыць, словы беларускія часта перамешаны з польскімі.

Строям у ансамблі ўдзяляюць не меншую ўвагу, чым танцам. Пра тое, як яны павінны выглядаць, танцоры даведваліся ў тых, хто калісьці іх насіў. Таццяне Варашылавай аднойчы па­шчасціла: ёй у рукі трапіў аўтэнтычны беларускі народны строй.

— Калі паказваць танцы свайго рэгіёна, то патрэбна і наша адзенне. Аднойчы я была ў гасцях у жанчыны, сказала, што шукаю строі, прычым старое трэба. “Ну, ёсць у мяне такое, ужо моль паела”. Яна мне прынесла, а там усе элементы касцюма былі. Вось мы па гэтым прыкладзе і зрабілі рэканструкцыю.

Якія ж танцы і строі, калі няма музыкі! Нязменным спадарожнікам “Мацейкі” выступае ансамбль народных інстру­ментаў “Вясёлыя музыкі”, якім кіруе Васіль Васільевіч Фянько.

— Васіль Васільевіч — чалавек унікальны, — гаворыць Таццяна Варашылава. — Мы з ім разам працуем ужо 25 гадоў. І ансамбль разам заснавалі, і фальклорам разам заняліся. Ён таксама ездзіць у экспедыцыі, але цікавіцца больш музыкай. Слухае, што кажуць бабулі і дзядулі, спрабуе ім найграць мелодыю.

У музычным ансамблі якія толькі інстру­менты не задзейнічаны! Асноўны — акардэон, на ім іграе сам Васіль Васільевіч. Ёсць цымбалы, дуда, барабан, чыгункі, шкляныя бутэлькі і інш. Так, чыгункі і шкляныя бутэлькі! Інструменты незвычайныя, а вы б чулі, якія яны гукі даюць! Спачатку нават падавалася, што гэта фанаграма. Толькі ўбачыўшы засяроджаныя твары музыкантаў, зразумела: усё па-сапраўднаму.

Ансамблем “Мацейка” пройдзены вялікі шлях, інфармацыі сабрана шмат, нельга, каб такі скарб знік. Наступным пакаленням, добра гэта ці не, ужо не прыйдзецца ездзіць па вёсках у пошуках успамінаў пра беларускія народныя танцы. Пры неабходнасці ім трэба бу­дзе толькі знайсці зборнікі “Танцы нашага краю” і “Танцы нашага краю. Працяг”. Там можна пазнаёміцца з многімі відамі танцаў, даведацца, хто пра іх расказаў, прачытаць пра тэхніку выканання і ўбачыць яе на фота­здымках.

Вось, напрыклад, вядомы многім танец падэспань. Ім падзялілася жыхарка вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна Вацлава Адамаўна Турцэвіч, 1930 года нараджэння.

Становішча рук: хлопец з дзяўчынай стаяць побач. Хлопец быццам бы абдымае дзяўчыну: правай рукой трымае яе правую руку над яе плячом. Левай рукой падтрымлівае яе левую руку. Галовы павернуты адно на аднаго.

1—4 такты — партнёры робяць двайны крок наперад “шасэ” і двайны крок назад, пачынаючы з левай нагі;

5—8 такты — яшчэ двайны крок наперад і паўпавароты ўправа.

Спяваюць: “Падэспанец харошанькі танец, ён танцуецца очэнь лягко”.

9—12 такты — крок улева, зазірнуць у вочы партнёру, быццам бы гуляючыся, потым крок управа і зірнуць адно на аднаго з іншага боку.

Працягваюць спяваць: “Налево, направо, налево, направо (і ў час паварота) вот і всё, вот і всё, вот і всё…”

13—16 такты — паварот дзяўчыны пад рукой, хлопец левай нагой выконвае двайны прытуп.

Танец пачынаецца спачатку.

Зараз у ансамблі — 50 чалавек, ад 6 да 18 гадоў. Пісаць пра тое, якія ўзнагароды яны атрымалі, не мае сэнсу: іх больш за 80, на пералік пойдзе шмат часу. Галоўнае ж не кубкі і дыпломы, а тое, што дзякуючы такім аматарам культуры захоўваюцца народныя традыцыі, людзі становяцца крыху больш шчаслівымі.

— Дзецям сапраўды падабаецца займацца ў ансамблі. Да нас прыхо­дзяць нават тыя, хто ўжо скончыў школу. Думаю, гэта таму, што беларускія танцы простыя ў выкананні, тут асобныя адносіны ў парах, хлопцам падабаецца, што яны галоўныя. Дзеці, калі пачынаюць танцаваць, то ва ўсіх усмешкі на тварах, — адзначыла Таццяна Іванаўна.

Ці не ў гэтым сэнс работы педагога?

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена ўзорным ансамблем танца “Мацейка”.