Матор! Камера! Паехалі!

ХХІ стагоддзе… Як яго можна ахаракта­рызаваць? Гэта стагоддзе няспыннага развіцця, руху наперад. Гэта стагоддзе, якое зацягнута павуціннем. Але не тым, што пляце павук, а сусветным інтэрнэт-павуціннем. Сённяшнія дзеці, здаецца, ледзь з’явіўшыся на свет, ужо валодаюць навыкамі карыстання смартфонамі і камп’ютарнымі тэхналогіямі. Менавіта таму сучасны настаўнік, а асабліва педагог дадатковай адукацыі, проста не мае права завісаць у ХХ стагоддзі. Сучасны настаўнік павінен крочыць побач з дзецьмі, бо менавіта сённяшнія дзеці малююць будучыню для дзяцей заўтрашніх.

Як дапамагчы ім на гэтай ніве? Як дапамагчы сучасным дзецям у пагоні за нанатэхналогіямі і медыйнасцю не згубіць сябе, сваю чалавечнасць і здольнасць да творчасці? Задумваючыся над гэтымі пытаннямі, педагог дадатковай адукацыі Настасся Мікалаеўна Авіжэц па парадзе і пры падтрымцы Алёны, сваёй дачкі і адначасова выхаванкі, вырашыла прапанаваць дзецям незвычайную форму правядзення заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Бісерапляценне”. Словы-заклік “Матор! Камера! Паехалі!” выклікалі хвалю пазітыўных эмоцый.

— Няўжо мы станем сапраўднымі зоркамі YouTube? Ды не проста зоркамі, а сапраўднымі блогерамі!

— Канечне! Вы ўжо сапраўдныя зоркі. Вы вельмі таленавітыя і творчыя. І мне хочацца, каб пра вас, ваш талент даведаўся ўвесь свет, — падтрымлівала Настасся Мікалаеўна запал дзяцей.

Для кожнай матулі яе дзіця самае таленавітае, самае лепшае. І кожнай маме так хочацца быць упэўненай, што яе думку раздзяляюць і іншыя людзі. У глыбіні душы так хочацца бачыць сваё дзіця на сцэне, на тэлебачанні. Менавіта таму бацькі з вялікім задавальненнем падтрымалі жаданне педагога і навучэнцаў весці блог “Бісер-SHOW”. І менавіта яны з’яўляюцца самымі адданымі гледачамі канала, які быў запушчаны ў эфір 23 студзеня 2020 года.

“Бісер-SHOW” — гэта ўнікальнае аб’яднанне па інтарэсах, на якім дзеці не толькі ўдасканальваюць свае навыкі бісератворчасці, але і вучацца правільна будаваць маналог, набываюць навыкі відэаздымак і мантажу. Сёння яны ўжо ведаюць, як трымаць “страказу”, каб яна не адцянялася, як злавіць фокус на бісерынцы, як зрабіць кантэнт цікавым.

Ці лёгка ім гэта даецца? Канечне, не. Былі і слёзы, і няўпэўненасць у сваіх сілах, і страх камеры. Але гэта ўжо ў мінулым. А сёння… Сёння дзяўчынкі-блогеры з захапленнем і нецярпеннем чакаюць новых заняткаў, чакаюць тых самых запаветных слоў “Матор! Камера! Паехалі! Мы вітаем вас на канале “Бісер-SHOW”.

Важнай асаблівасцю канала і аб’яднання па інтарэсах “Бісер-SHOW” з’яўляецца тое, што для ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі гэта першы крок насустрач дыстанцыйнай форме атрымання дадатковай адукацыі, авалодання асобнымі відамі мастацтва. Каму гэта патрэбна? Многім катэгорыям насельніцтва. У першую чаргу — дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія не заўсёды маюць магчымасць наведваць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі. А заняткі творчасцю для такіх дзяцей — гэта праменьчык шчасця. Неабходны наш канал і тым мамам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Яны таксама часам не могуць выйсці з немаўляткам з дому, а тым больш наведаць які-небудзь майстар-клас.

Сённяшні дзень, складаная эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце дыктуюць новыя падыходы да атрымання адукацыі, у тым ліку дадатковай. Аб’яднанне па інтарэсах “Бісер-SHOW” не толькі само аказалася гатовым да дыстанцыйнай формы навучання, але і паслужыла добрым прыкладам для ўсіх педагогаў дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага ЦТДіМ. Настасся Мікалаеўна правяла шэраг майстар-класаў для сваіх калег, і сёння яшчэ каля дзесяці аб’яднанняў па інтарэсах нашага цэнтра здымаюць майстар-класы. Рыхтуецца цыкл анлайн-канцэртаў, гульняў, дыстанцыйных марафонаў па розных формах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Акумулятарам анлайн-заняткаў стала дыстанцыйная пляцоўка “#сидимдома”, якая размешчана на галоўнай старонцы сайта ўстановы адукацыі. На гэтай пляцоўцы кожны жадаючы, націснуўшы на назву аб’яднання па інтарэсах, трапляе на майстар-клас і можа выканаць заданні ў Google-класе.

І гэта толькі пачатак, першы крок да дыстанцыйнай формы атрымання дадатковай адукацыі. Калектыў Навагрудскага раённага ЦТДіМ не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Наперадзе — крапатлівая праца па стварэнні насычанай, яркай дыстанцыйнай пляцоўкі, па падрыхтоўцы матэрыялу і яго алічбоўванні. Мы імкнёмся да таго, каб дадатковая адукацыя была не толькі даступнай кожнаму, але і цікавай, сучаснай, магчыма, нават інтрыгуючай.

Алена МІКЛАШ,
дырэктар Навагрудскага раённага ЦТДіМ;
Настасся АВІЖЭЦ,
педагог дадатковай адукацыі.