Моладзь у асобах

Калі я чую, як абураюцца пажылыя людзі, што моладзь стала непрыстасаванай да жыцця, безыніцыятыўнай і лянівай, мне кожны раз хочацца заступіцца за яе і на прыкладах даказваць, што сучасныя юнакі і дзяўчаты зусім не лайдакі, што іх жыццё напоўнена карыснымі і важнымі справамі.

Валанцёрскае сэрца

Ангеліна Піпер, актывістка Брэсцкай абласной арганізацыі БРСМ, валанцёр “Добрага Сэрца”, тэлевядучая тэлерадыёкампаніі “Брэст”, з Саюзам моладзі пазнаёмілася яшчэ акцябронкам.

У 2008-м яе яшчэ маладая сям’я Піпер выйшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу на лепшае сельскагаспадарчае падвор’е і атрымала “бронзу”. Потым у жыцці дзяўчыны была піянерыя, сёння — маладзёжны білет БРСМ.

Ужо шмат гадоў разам з валанцёрамі руху “Добрае Сэрца” Ангеліна дорыць радасць цяжкахворым малышам і асаблівым дзецям, выконвае іх запаветныя жаданні. Зварот да людзей знаходзіць у сваім жыцці час для клопату пра выхаванцаў дзіцячых дамоў гучыць і ў аўтарскай песні дзяўчыны “Яны ведаюць!”, якую яна напісала разам са спеваком Юзары для нацыянальнага адбору “Еўрабачанне-2018”.

А ў лістападзе Ангеліна і яе сябры з БРСМ стануць валанцёрамі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2018”. Сёння дзяўчына актыўна выступае за тое, каб падрыхтоўка добраахвотнікаў праводзілася прафесійна:

— Для развіцця валанцёрскага руху патрэбны не разавыя трэнінгі, а своеасаблівы інстытут настаўніцтва — сістэмная праграма адукацыйных курсаў, прычым з улікам лепшых валанцёрскіх практык нашай краіны і міжнароднага вопыту, — гаворыць дзяўчына, і, працягваючы міжнародную тэму, падкрэслівае: — Сёння Саюз моладзі служыць своеасаблівым мостам дружбы для хлопчыкаў і дзяўчынак з розных краін свету. Гэта і валанцёрскія абмены, і рэальныя справы, і, калі хочаце, фарміраванне патрыятызму ў нашых дзяцей. Прывяду адзін прыклад. Паблізу польскага горада Бяла-Падляска ў 1941 годзе ў фашысцкім лагеры “Шталаг 307” было расстраляна больш за 130 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Тут устаноўлены памятны мемарыял, які разам з аднадумцамі з Саюза сельскай моладзі Польшчы пастаянна даглядаюць валанцёры руху “Добрае Сэрца” і які нам удалося абараніць ад зносу. Але ў мінулым годзе ў краіне-суседцы зацвердзілі папраўкі ў Закон аб забароне прапаганды камунізму, які прадугледжвае знос 229 помнікаў байцам Чырвонай Арміі, што вызвалялі краіну ад фашыстаў.

Нашаму абурэнню не было канца! Няўжо можна так ставіцца да людзей, якія сумленна і самааддана выконвалі свой абавязак?! Без слаўных перамог савецкіх воінаў, іх ахвярнага подзвігу не было б зараз ні суверэннай Польшчы, ні незалежнай Беларусі. І мы паднялі грамадскасць, стукаліся ва ўсе дзверы і дабіліся таго, што дэмантаж кургана ў мястэчку Голая і яшчэ двух помнікаў у Люблінскім ваяводстве адменены. Гэта невялікая, але перамога беларускай моладзі ў памяць аб вялікім подзвігу дзядоў і прадзедаў.

Нам не трэба баяцца і саромецца казаць праўду, адстойваючы нашу Перамогу, у тым ліку ў інтэрнэце. І тут хацелася б актыўнай падтрымкі на форумах. Саюзнай моладзі неабходна смялей супрацьстаяць негатыву “канапавых” пісьменнікаў, абмяркоўваць і прасоўваць рэальныя справы.

Мы не павінны дазваляць перапісаць гісторыю! Менавіта для гэтага ў Брэсцкай крэпасці сіламі актыву БРСМ пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы і Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта створаны Маладзёжны патрыятычны цэнтр. І я хачу шчыра падзякаваць усім, хто дапамог нам гэта зрабіць.

Па жыцці — з родным словам

Аляксандра Радковіч, студэнтка 2 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, будучы філолаг, уладальніца тытула “Студэнт года — 2017”, вельмі зацікаўлена ў папулярызацыі роднай мовы сярод моладзі. У прыватнасці гэтаму спрыяе яе праект “Рух. Гук. Слова”, які яна рэалізоўвае ва ўніверсітэце.

Сем першых гадоў Саша пражыла ў вёсцы на Слонімшчыне, але там рускае слова было рэдкасцю. Беларускамоўнымі былі і садок, і школа, дзе дзяўчына танцавала, спявала, іграла на музычных інструментах, развівалася ў красамоўстве. Не раз яе таленты ў гэтых кірунках, а таксама на мовазнаўчых алімпіядах і канферэнцыях, адзначаліся на рэспубліканскім узроўні, асабліва ў апошнія школьныя гады. Працягвае свой вакальны і харэаграфічны шлях А.Радковіч і ва ўніверсітэце, дзе займаецца ў адпаведных студыях. А цяпер дзяўчына яшчэ і сваіх калег па творчым цэху ўлюбіла ў родную мову.

— Сёння ўсё больш і больш моладзі зацікаўлена ў вывучэнні і выкарыстанні беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Гэта становіцца актуальнай тэмай для беларускамоўных рэклам, праектаў, перадач, — гаворыць Аляксандра. — На паліцах магазінаў можна ўбачыць шмат посуду, адзення, аксесуараў з патрыятычнымі матывамі, надпісамі і малюнкамі.

Па радыё гучаць песні сучасных беларускіх гуртоў і выканаўцаў, а на танцавальных батлах можна нярэдка стаць сведкай сучаснай харэаграфіі пад беларускую песню. Асабліва прыемна, што ў жыцці многіх людзей мова з’яўляецца не знянацку, а яшчэ ў маленстве. У прыватнасці, у маім родным Слоніме расце колькасць беларускамоўных дзіцячых садкоў. Дні беларускай мовы праводзяцца ў нас і ў рускамоўных садах, калі дзяцей вучаць размаўляць на роднай мове і даюць дамашнія заданні: замацаваць навык дома ў гутарцы з бацькамі. Усё гэта сведчыць аб нарастанні папулярнасці беларускасці ў моладзі. Адкрыццё студыі “Рух. Гук. Слова” на базе ўніверсітэта дало магчымасць актыўным студэнтам паглыбіцца ў розныя кірункі.

Студыя ахоплівае тры сферы, і ўсе яны скіраваны на сучасныя плыні, а не на аднаўленне фальклору. Так, сфера “Рух” адкрывае ў хлопцах і дзяўчатах танцораў. І гэта выключна сучасная харэаграфія. Часам яна мае элементы народнага стылю ці гэта народныя стылі, але пад сучасную музыку. Заняткі ладзяць як аматары, так і прафесіяналы сваёй справы.

Сфера “Гук” — музычная. Яе задача — таксама зацікавіць моладзь не папулярнымі ў мінулым песнямі, а сённяшнімі, сучаснымі. Дапамагаюць Аляксандры ладзіць заняткі вопытныя музыканты і спевакі.

Сфера “Слова” развівае ў наведвальнікаў аратарскія здольнасці. Юнакі і дзяўчаты адточваюць іх, цытуючы як вершы вядомых паэтаў, так і аўтарскія замалёўкі. Тут жа арганізоўваюцца трэнінгі па імправізацыі, што дапамагае будучым аратарам быць больш раскаванымі і ўпэўненымі на сцэне. Праводзіць заняткі сама Аляксандра, а таксама спецыяльна запрошаныя госці.

— Самае галоўнае, каб удзельнікі студыі раскрывалі сябе ў розных амплуа: вакаліста, танцора, аратара. Калі ты робіш тое, што табе падабаецца, ты адкрываеш душу і прапускаеш усё праз сябе, а калі гэта яшчэ і роднае, беларускае, то для патрыёта гэта двайное задавальненне. Дарэчы, студыя стала папулярнай не толькі ў айчынных студэнтаў, але і ў замежных, якія цікавяцца беларускімі традыцыямі, культурай.

Стоп! Знята!

Дзяніс Васкевіч, навучэнец Мазырскага політэхнічнага каледжа, ужо чацвёрты год узначальвае клуб ЮНЕСКА “Мы”. Харызматычны, ініцыятыўны і адказны малады чалавек лёгка знаходзіць агульную мову з моладдзю, рэалізоўваючы свае праекты і дапамагаючы равеснікам ператвараць у жыццё іх ідэі.

За аснову клуб узяў папулярызацыю і ўдасканаленне кіна- і відэаздымак, стварэнне ролікаў і кліпаў, якія сталі сёння неад’емнай часткай жыцця большасці маладых людзей. За гады ў аб’яднанні Дзяніс не толькі стаў прафесійна займацца ў згаданым кірунку, але і вучыць гэтаму сваіх равеснікаў па ўсёй Беларусі. Зараз у клубе пачынаюцца здымачныя дні. Відэаролікі будуць прысвечаны значным датам: 400-годдзю буквара і 300-годдзю з дня нараджэння Саламеі Русецкай, ураджэнкі Навагрудчыны і першай у гісторыі Усходняй Еўропы жанчыны-ўрача.

— Гэтым летам мы ажыццявім яшчэ адну нашу ініцыятыву — правядзём у Мазыры аквафэст, — дзеліцца планамі Дзяніс. — Па сутнасці, гэта будзе маладзёжны фестываль у падтрымку Мэт устойлівага развіцця ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і захавання клімату і водных рэсурсаў. Будзе працаваць адкрытая пляцоўка, дзе пройдуць водныя спаборніцтвы, конкурсы, гульні, але акрамя забаўляльнай праграмы, плануюцца тэматычныя сустрэчы і трэнінгі, падчас якіх удзельнікі даведаюцца, як можна паспрыяць захаванню клімату і водных рэсурсаў.

Устойліваму развіццю будзе прысвечаны таксама II адкрыты фестываль дзіцячай і маладзёжнай кіна- і відэатворчасці, які мы правядзём восенню. Сёлета чакаем сярод -удзельнікаў і моладзь з Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе мы праводзілі першы такі фестываль, ён працягваўся толькі адзін дзень, але мы пастараліся пазнаёміцца з творчасцю моладзі з усёй краіны, было шмат вельмі цікавых работ. Сёлета плануем пашырыць фармат: на працягу некалькіх дзён хлопцы і дзяўчаты змогуць не толькі дзяліцца плёнам сваёй творчасці, але і вучыцца ў прадстаўнікоў тэлебачання, сцэнарыстаў, рэжысёраў і акцёраў тэатраў, якія правядуць майстар-класы па сцэнарным майстэрстве, раскадроўцы, тэатральным і аратарскім майстэрстве, рабіць гэта больш прафесійна, паглыбляцца ў тэхнікі здымак. Прычым навучанне будзе праходзіць у форме інтэрактыву, які стане напаўненнем квеста, што будзе праходзіць цэлы дзень, і ролевай гульні, якая стане асновай яшчэ аднаго фестывальнага дня.

Д.Васкевіч актыўна ўдзельнічае ў правядзенні трэнінгаў для моладзі не толькі Мазыра, але і ўсёй Беларусі. За 3 гады ім праведзены дзясяткі трэнінгаў на розныя тэмы: здаровы лад жыцця, пераадоленне цяжкасцей ва ўзаемаадносінах падлеткаў і бацькоў, інфармацыйная і медыйная дасведчанасць і г.д. Учора Дзяніс са сваімі сябрамі вярнуўся з Гомеля, дзе яны некалькі дзён праводзілі трэнінгі, падчас якіх стараліся расшавяліць моладзь актыўней супрацоўніцаць з мясцовымі ўладамі, прапаноўваючы для рэалізацыі ўласныя ідэі і ініцыятывы. Заўтра хлопцы працягнуць работу ўжо ў Магілёве.

Для тых, хто хоча стаць больш актыўным, хоча прымаць удзел у праектах, але баіцца, у сваёй школе Дзяніс заснаваў і курыруе школу лідараў. Там хлопец вучыць равеснікаў развіваць у сабе ініцыятыўнасць, смела агучваць свае ідэі і не баяцца, што яны могуць быць не ўспрыняты, а таксама вучыць змагацца са страхам памыляцца.

Святлана НІКІФАРАВА.