Прызнаннем у вернасці і любові роднаму Мінску стала распрацаваная пад маім кіраўніцтвам былымі вучаніцамі ліцэя Юляй Ждановіч і Алінай Саковіч экскурсія па горадзе. У Год малой радзімы ўжо новыя ліцэісты працягваюць пачаты дзяўчатамі праект. Нягледзячы на тое, што Юля і Аліна два гады як студэнткі, вандроўкі стараюцца праводзіць самі. Перад намі паўстае Мінск сучасны і гістарычны, рэальны і летуценны, з праспектамі, вуліцамі і завулкамі, з таямніцамі і загадкамі, з музыкай слоў і акордамі мелодый. Прапануем невялікую частку матэрыялу для краязнаўчай вандроўкі па гістарычным цэнтры нашай сталіцы.
Памятаеце вобраз мора ў выбітным рамане У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”? Мора, у якое ўпадаюць дзясяткі і дзясяткі рэк, ручаін, раўчукоў і проста струменьчыкаў. Наш ліцэй — як тое мора, што яднае дзяцей з Мінска. Наколькі ж вялікае гэтае мора? Колькі ж гэтых струменьчыкаў, ручаін, раўчукоў і рачулак? Цяжка паверыць, але за 19 выпускаў амаль 4,5 тысячы вучняў. Што аб’ядноўвае маладых людзей у нашым доме? Безумоўна, спасціжэнне ведаў, радасць сустрэчы з выбранымі навукамі. Аднак перш за ўсё мы вучым моладзь любові, у тым ліку любові да малой радзімы. Якая ж яна — малая радзіма маіх выхаванцаў? Які ж ён — наш Мінск?
Першы экскурсавод. Адзін з галоўных сімвалаў Мінска — ратуша. Менавіта з гэтага прыгожага будынка ў цэнтры сталіцы пачынаецца наша вандроўка. Патрэба збудаваць ратушу з’явілася пасля атрымання Мінскам Магдэбургскага права ў 1499 годзе. Месца знаходжання будынка, у якім у той час праходзілі пасяджэнні магістрата, дакладна не вядома. У канцы ХVІ стагоддзя сустракаюцца звесткі пра ратушу як збудаванне, што размяшчалася на прыгожым высокім месцы — Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды), а кірмаш каля яе называўся Верхнім (Высокім). Першую — драўляную — ратушу знішчыў пажар.
Другі экскурсавод. З’явіліся на вежы ратушы гадзіннік і звон. Збіраўся ў ратушы радзецкі, або ратушны, суд, вырашаліся важныя справы… А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Гандляры і рамеснікі выходзілі пад звон бубнаў. Можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць містэрыю пра цара Ірада, на штукарствы мядзведзяў — выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзведжай акадэміі, падзівіцца на батлейку — беларускі лялечны тэатр.
Першы экскурсавод. У 1640 годзе пажар моцна пашкодзіў будынак. Адноўленая ратуша, відаць, мела даволі выразнае архітэктурнае аблічча. Чэшскі падарожнік Бергард Танер, які ў 1678 годзе наведаў Мінск, пісаў: “Галоўнае ўпрыгажэнне пляца — ратуша, што стаіць у цэнтры, акружаная мноствам крам”.
Другі экскурсавод. У 1744 годзе будынак перабудавалі ў стылі барока пад кіраўніцтвам і намаганнямі Станіслава Буржынскага. Існуюць звесткі, што ў канцы ХVІІІ стагоддзя пры ратушы дзейнічала партыкулярная аптэка. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай ратушу перабудавалі ў стылі класіцызму. Да скасавання Магдэбурскага права (14 мая 1795 года) у ратушы праходзілі пасяджэнні органа гарадскога самакіравання — магістрата, у будынку захоўваліся эталоны адзінак вагі і аб’ёму. На ратушнай вежы знаходзіўся першы гарадскі гадзіннік.
Першы экскурсавод. Наступную рэканструкцыю ратушы (архітэктар М.Чахоўскі) правялі ў 1819 годзе, калі да яе паўднёва-ўсходняга фасада прыбудавалі арыгінальную агароджу, упрыгожаную ляпным дэкорам і маляўнічымі кампазіцыямі. У 1830-я гады ў будынку размяшчалася музычная школа. У 1847 годзе залу, што знаходзілася на другім паверсе ратушы, рэканструявалі пад гарадскі тэатр. У 1857 годзе будынак ратушы быў зруйнаваны. Разам з ратушай знішчылі сквер і высеклі векавыя пірамідальныя таполі. Сквер аднавілі толькі ў канцы XIX стагоддзя. Паводле ўспамінаў, ратушу зруйнавалі з той прычыны, што “яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права”.
Другі экскурсавод. У 2002—2003 гадах будынак ратушы быў адноўлены па старых чарцяжах і малюнках. Дойліды захавалі галоўныя элементы будынка. 4 лістапада 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага сімвала Мінска. Цяпер Мінская ратуша — адміністрацыйны будынак на плошчы Свабоды, у якім ладзяць ганаровыя прыёмы. На 32-метровай вежы з флюгерам устаноўлены гадзіннік і герб горада. Куранты на вежы Мінскай ратушы кожную гадзіну на працягу 19 секунд адбіваюць мелодыю прыпеву “Песні пра Мінск” (словы П.Панчанкі, музыка І.Лучанка).
Першы экскурсавод. Ля ратушы — бронзавы войт. Ля яго ног — план горада пачатку ХVI стагоддзя, у руках — ключ ад горада і каралеўская грамата з надпісам “Жадаем, каб усе жыхары горада Менска карысталіся правам Магдэбургскім…”.
Другі экскурсавод. Непадалёк ратушы — скульптура “Гарадскія вагі” — сцэнка з жыцця купцоў, калі тыя маглі прынесці войту пераважыць куплены тавар, бо сумняваліся ў прыстойнасці прадаўца.
Першы экскурсавод. У скверы ля ратушы ў верасні 2016 года адкрылі помнік стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы — кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Тут, на Саборнай плошчы, у XIX стагоддзі размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе ў 1852 годзе адбылася прэм’ера оперы “Сялянка” Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Непадалёк гэтага месца стаяў дом Станіслава Манюшкі, а ў будынку гарадской ратушы знаходзілася музычная школа, якую ён наведваў.
Другі экскурсавод. Па задуме аўтараў скульптуры Льва і Сяргея Гумілеўскіх, спінка лаўкі, на якой сядзяць Манюшка і Дунін-Марцінкевіч, стылізавана пад ліру. Выдатныя прадстаўнікі беларускай культуры вядуць творчы дыялог.
Першы экскурсавод. Завітаем у Музычны завулак (у мінулым — Семінарскі), які знаходзіцца недалёка ад гарадской ратушы. Цяпер гэта вузкая вулачка са старымі двух- ці трохпавярховымі дамамі.
Другі экскурсавод. Найбольш вядомы сярод іх — Дом масонаў, пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі. Сёння тут знаходзіцца Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.
Першы экскурсавод. Будынак быў узведзены ў далёкім 1810 годзе і ў розны час належаў найбагацейшым грамадзянам Мінска. Тады Мінск быў невялічкім горадам, дзе шматпавярховыя дамы былі рэдкасцю. Таму трохпавярховы будынак ружовага колеру пад зялёным дахам, які стаяў на высокім узгорку, дзякуючы сваёй незвычанай архітэктуры, прыцягваў да сябе ўвагу гараджан.
Другі экскурсавод. Дом быў дзіўны, а дзіўнае абавязкова нараджае вакол сябе легенды. Вось чаму цікаўныя гараджане з лёгкасцю звязалі гэты дом з масонамі. Якраз на той час прыходзіцца росквіт масонскага руху ў Беларусі. У розных куточках нашай краіны ствараюцца масонскія ложы, куды ўваходзілі надзвычай адукаваныя і таленавітыя людзі арыстакратычнага паходжання. Яны насілі чорную вопратку, цыліндры, белыя пальчаткі і кійкі. У адной з гарадскіх легенд гаворыцца, што з вышыні птушынага палёту будынак музея нагадвае масонскі крыж, але пацвярджэнняў гэтага няма. Ужо дакладна вядома, што ніякіх пасяджэнняў масонскай ложы тут не было. Таму Дом масонаў — звычайная назва гэтага будынка.
Першы экскурсавод. Вось мы падышлі да вуліцы Гандлёвай. Гістарычны цэнтр Мінска — архітэктурны ўзор спалучэння стыляў барока, класіцызму, адраджэння і готыкі, а таксама будынкаў, пабудаваных у стылі мадэрну. За апошні час Верхняму гораду ў Мінску намагаюцца вярнуць яго першапачатковы выгляд.
Другі экскурсавод. Шматфункцыянальны комплекс “На Гандлёвай набярэжнай” размясціўся ўздоўж ракі Свіслачы на вуліцы Зыбіцкай — самай усходняй вуліцы Верхняга горада, засяленне якой пачалося яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. Менавіта тут у XII—XV стагоддзях складвалася гістарычнае ядро горада, вакол якога разрасталася інфраструктура.
Першы экскурсавод. За шматвяковую гісторыю Мінска вуліца Зыбіцкая неаднаразова мяняла сваё аблічча: драўляныя пабудовы Сярэднявечча гарэлі ў пажарах, трухлелі — на іх месцы ўзводзіліся новыя мураваныя. Але функцыянальнае прызначэнне не мянялася ніколі: вуліца Зыбіцкая заўсёды заставалася цэнтрам гандлю і рамёстваў Мінска.
Другі экскурсавод. Менавіта таму ў другой палове XIX стагоддзя за вуліцай трывала замацоўваецца новая назва — Гандлёвая. Вялікую ролю ў станаўленні вуліцы Гандлёвай займаў пешаходны мост — Лаўскі, які звязваў раён Траецкага прадмесця з Верхнім горадам. Апрача свайго непасрэднага прызначэння, з’яўляўся таксама адным з гандлёвых шляхоў. Тут размяшчаўся малочны кірмаш, ішоў бойкі гандаль прадуктамі, што прывозіліся з вёсак. На мосце збіралася гарадская бяднота ў пошуках працы. Лаўскі мост быў разабраны ў 1967 годзе. У 2010 годзе было прынята рашэнне вярнуць вуліцы Зыбіцкай гістарычную назву.
Першы экскурсавод. На жаль, ХХ стагоддзе пазбавіла Верхні горад многіх каштоўных пабудоў, аднак гістарычная планіроўка вуліц і кварталаў у асноўным не была парушана, а таму рэстаўрацыя сэрца беларускай сталіцы паўстае ў выглядзе цэласнага і ўнікальнага горадабудаўнічага ансамбля перад мінчанамі і турыстамі.
Алена ПЕКАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” ліцэя № 2 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.