“Мы — дзеці космасу”

Нядаўна ў сярэдняй школе № 5 Смаргоні адкрылася выстава пераможцаў Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Мы — дзеці космасу”, ініцыятарам і арганізатарам якога выступілі Дабрачынны фонд імя А.І.Рэрых і Міжнародны цэнтр Рэрыхаў у Маскве пры падтрымцы Расійскай акадэміі мастацтваў, Міжнароднага саюза педагогаў-мастакоў. Гэты праект, прысвечаны тэме ўзаемасувязі чалавека і космасу, не мае аналагаў у свеце.

Задача праекта — прыцягнуць увагу да духоўна-маральнага свету дзяцей, папулярызаваць дзіцячую мастацкую творчасць, у якой адлюстроўваецца касмічнае светаадчуванне (вобразныя разважанні дзяцей пра Сусвет, незвычайную прыгажосць касмічнай прасторы, пра адзінства космасу і чалавека і яго адказнасць за нашу планету, пра ўласную прыналежнасць да космасу).

На конкурс паступіла больш за 10 000 дзіцячых малюнкаў з 15 краін свету (Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан, Балгарыя, Арменія, Узбекістан, Германія, Вялікабрытанія, Індыя, Італія, Малдова, Чарнагорыя, Мазамбік, Канада). Па рашэнні журы пераможцамі конкурсу сталі 87 лепшых работ.

На выставе ў сярэдняй школе № 5 Смаргоні прадстаўлена 54 работы. Арганізатары выставы раскрылі яе сэнс для школьнікаў наступным чынам: “Космас — у перакладзе з грэчаскай азначае “прыгажосць”, “гармонія”. Чалавек з’яўляецца часткай космасу, таму з нараджэння ў кожным з нас заложана пачуццё прыгожага. Свет нашых думак і пачуццяў — гэта таксама космас. У кожнага чалавека ён свой, і кожны бачыць і адчувае навакольнае па-свойму. Мы прапануем юным удзельнікам конкурсу расказаць у сваім малюнку пра свой космас”.

У малюнках аўтараў не выкарыстоўваюцца стэрэатыпныя касмічныя вобразы: ракеты і іншая тэхніка для асваення космасу, касманаўты (партрэты, людзі, сабачкі і іншыя істоты ў скафандрах), лятаючыя талеркі, зялёныя чалавечкі і падобныя істоты.

Радасныя работы, прадстаўленыя на выставе, настройваюць на аптымістычную хвалю і гавораць пра пазітыўныя адносіны дзяцей да нашага свету, Зямлі і космасу. Уражвае разнастайнасць вобразаў, багацце фантазіі, тэхнікі выканання. Гэта сардэчнае пасланне космасу пра нас, пра нашы адносіны да свету зямнога і далёкіх светаў.

Выстава “Мы — дзеці космасу” перасягнула ўсе чаканні. Навучэнцы нашай школы, разглядаючы гэтыя работы, зробленыя з любоўю і жаданнем пранікнуць у таямнічы зорны свет, унутрана перажывалі дзівосныя сюжэты, прапускалі іх праз сваё ўяўленне і выказвалі сваё меркаванне пра тое, што ўбачылі на дзіцячых малюнках. І меркаванні былі розныя, бо кожны бачыць сэнс малюнка па-свойму.

Святлана ВАСІЛОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Смаргоні.