На пульсе часу

Трылогія Года малой радзімы займае асаблівае месца ў жыцці сярэдняй школы № 62 Мінска. Па-першае, у 2018 годзе Кастрычніцкі раён сталіцы, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова адукацыі, святкаваў 80-годдзе. Па-другое, сёлета школа адзначае саракавы дзень нараджэння. Па-трэцяе, знакавымі для настаўнікаў і вучняў з’яўляюцца і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 75-я гадавіна перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Патрыятычнае выхаванне — не проста неад’емная частка работы 62-й школы, а яе візітоўка, таму і назва праекта, які атрымаў дыплом І ступені, невыпадковая — “Трылогія малой радзімы”.

Сутнасць праекта — у выбудоўванні сістэмы ўзаемадзеяння традыцыйных і інавацыйных форм патрыятычнага выхавання ва ўмовах шостага школьнага дня шляхам укаранення праграмы патрыятычных практык. Ключавое слова — “выбудоўванне”. Наогул, вакол “будаўніцтва” і была распрацавана прэзентацыя праекта падчас фіналу конкурсу. Сэнс знакамітага дэвіза “Будучыню краіны будаваць маладым” калектыў сярэдняй школы № 62 Мінска прадэманстраваў на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі надзвычай ярка і арыгінальна. Некаторыя з навучэнцаў, якіх вы бачыце на фотаздымках у стылізаванай форме будаўніка, магчыма, і звяжуць сваё жыццё з будаўнічымі спецыяльнасцямі, аднак сутнасць прэзентацыі не ў гэтым. Галоўнае, што яркія, таленавітыя, творчыя хлопцы і дзяўчаты з’яўляюцца будаўнікамі лёсу нашай краіны. На гэты шлях іх і накіроўваюць аўтары праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Тадэвушаўна Краўцова і педагог-арганізатар Сяргей Генадзьевіч Хвайніцкі.

Для Сяргея Генадзьевіча (дарэчы, выпускніка 62-й школы) праяўляць ініцыятыўнасць, творчасць, крэатыўнасць — справа не новая. Сёлета ён стаў пераможцам конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” сярод пе­дагогаў-арганізата­раў, ат­рымаў ганаровае званне “Мінскі майстар — 2019”. Сваёй творчасцю і талентам Сяргей Генадзьевіч дзеліцца з калегамі і навучэнцамі. У гэтым і заключаецца адзін з сакрэтаў удалага выступлення канкурсантаў з сярэдняй школы № 62 Мінска. Важным з’яўляецца і змест праекта, яго напаўненне. А пачыналася ўсё з вызначэння ўзроўню ўсведамлення навучэнцамі паняцця “патрыятызм” і адносін да яго.

— З гэтай мэтай у красавіку 2018 года было праведзена анкетаванне сярод вучняў 8—11 класаў. На пытанне “Ці лічыце вы сябе патрыётам?” “так” адказалі 66%, “часткова” 31%, “не” 3%. У большай ступені на фарміраванне патрыятычных пачуццяў паўплывалі бацькі — 48%, а таксама знаёмыя і сябры — 28%. На думку навучэнцаў, патрыёт валодае наступнымі якасцямі: актыўная жыццёвая пазіцыя, здароўе, каханне, наяўнасц­ь добрых і верных сяброў, сама­ўдасканаленне, упэўненасць у сабе, выхаванасць, жыццярадаснасць, самастойнасць, адукаванасць, адказнасць, рацыяналізм, смеласць у адстойванні свайго меркавання, поглядаў, памяркоўнасць, сумленнасць, чуласць. Аналіз паказаў, што любоў да Ра­дзімы, да сваёй сям’і і дома, да беларускай зямлі, на якой нарадзіліся і жывуць навучэнцы, ацэнены імі высока, што дазваляе мерка­ваць пра дастаткова высокі ўзровень патрыятызму старшакласнікаў, — паведаміла каардынатар праекта Марына Тадэвушаўна Краўцова.

Такі высокі ўзровень, безумоўна, не з’явіўся проста так. У сярэдняй школе № 62 Мінска назапашаны вялікі вопыт і створана эфектыўная сістэма работы па фарміраванні патрыятычных якасцей навучэнцаў. Установа актыўна ўдзельнічае ў раённых і гарадскіх патрыятычных мерапрыемствах, з’яўляецца лідарам у пазнавальнай гульні “Сэлфі-тур Streetgame”, конкурсе на лепшую інтэрнэт-старонку “Скрозь час: гісторыя маёй школы”, інтэрнэт-конкурсе “Летапіс установы адукацыі”, фотаконкурсе “Фота-экшн”, конкурсе лідараў “СуперТройка” і інш. Адной з задач “Трылогіі малой радзімы” з’яўляецца пашырэнне колькасці ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў.

Падчас першага этапу праекта аналізаваўся і абагульняўся айчын­ны і замежны вопыт работы па патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Падчас другога была сфарміравана творчая група праекта. Са жніўня 2018 года па снежань 2020-га доўжыцца практычны этап. Яго рэалізацыя грунтуецца на правядзенні экскурсій, пошукавай і краязнаўчай работы, сацыяльнага праектавання, на супрацоўніцтве з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, валанцёрскай рабоце. Комплексна выкарыстоўваюцца як традыцыйныя метады, так і інавацыйныя прыёмы выхавання. Папулярны метад стварэння нявызначаных сітуацый, метад арыентуючых сітуацый, арганізацыі сацыяльна і асобасна значнай дзейнасці школьнікаў, метад эмацыянальнага пераносу і інш.

— Захаванне і стварэнне школьных традыцый немагчыма, калі ў сучасных рэаліях мерапрыемства не будзе трансфармавацца, набываць новыя рысы, мяняць сваю форму, не напоўніцца новым зместам. Для рэалізацыі прапанаваных ідэй складаецца кароткатэрміновая праграма, вызначаецца стартавае мерапрыемства. Напрыклад, у гэтым годзе ім стала творчая інтэрактыўная экспедыцыя “Пульс часу”, якая праводзілася ў суботу за тыдзень да галоўнага мерапрыемства дэкады дзіцячага і маладзёжнага руху, — падзялілася Марына Тадэвушаўна.

У бягучым навучальным го­дзе ў рамках праекта запланавана правядзенне гульні “Гарадское арыен­таванне. Адрыў”, флэш­-мобу “Актыўна, спартыўна, пазітыўна!”, раённага кірмашу прафесій “Профі-2019”, выпуск практычнага дапаможніка “Патрыятычныя практыкі шостага школьнага дня”, публікацыя матэрыялаў па тэме праекта ў СМІ, інтэрнэт-супольнасцях. Шматфактарныя, комплексныя патрыятычныя практыкі “Трылогіі малой радзімы” даюць новы імпульс для далейшага ўдасканалення арганізацыі шостага школьнага дня ў сярэдняй школе № 62 Мінска, прыклад для пераймання калегам з іншых устаноў адукацыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.