На тэхнарынг запрашаюцца

Пазаўчора прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне прызёраў VIII Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Па добрай традыцыі, у першы месяц вясны аўдыторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта сталі своеасаблівым рынгам для тэхнабаталій. За ганаровае званне лепшага канструктара, даследчыка, рацыяналізатара, вынаходніка і архітэктара краіны змагаліся каля 200 навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Прадстаўнікі 9 каманд (сямі рэгіёнаў, а таксама Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Ліцэя БНТУ) прадставілі на суд журы 206 творчых работ. Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Будучыя навукоўцы

14 сакавіка падчас урачыстага адкрыцця конкурсу, а таксама 16 сакавіка на цырымоніі ўзнагароджання прызёраў у актавай зале 8 вучэбнага корпуса БНТУ адначасова знаходзілася некалькі дзясяткаў кандыдатаў і дактароў навук, прафесараў, генеральных дырэктараў знакамітых кампаній, якія працуюць на рынку інфармацыйных тэхналогій. Такое паважанае прадстаўніцтва, напэўна, збіраецца толькі на пашыраным пасяджэнні бюро прызідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама падчас конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Хаця ёсць невялікае адрозненне: усе пасады гэтых паважаных людзей, якія прыязджаюць з розных куточкаў краіны ў БНТУ, варта агучваць са словам “будучыя”: будучыя кандыдаты і дактары навук, будучыя прафесары, будучыя генеральныя дырэктары. Але хіба да гэтых людзей трэба ставіцца з меншай павагай, чым да сённяшніх навукоўцаў? Канечне, не. Яны заслугоўваюць яшчэ больш добрых слоў — слоў падтрымкі, якія будуць для іх выдатнай матывацыяй на далейшым шляху тэхнічнай творчасці.

Арганізатары конкурсу

— Вы абавязкова будзеце і генеральнымі канструктарамі, і генеральнымі дырэктарамі. Сярод вас шмат будучых кандыдатаў, дактароў навук, дацэнтаў і прафесараў. Стаўце перад сабой высокія мэты, дасягайце іх. Галоўнае, каб іскрынка навуковага даследавання, якая запалілася ў вашых сэрцах у школьныя гады, працягвала гарэць і ў пару студэнцтва. А для гэтага ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце створаны ўсе ўмовы. На працягу амаль 100 гадоў наш універсітэт рыхтуе для рэальнага сектара эканомікі першакласных спецыялістаў. За гэтыя гады склаліся навуковыя школы, тут выраслі знакамітыя навукоўцы. Ваш малады мозг больш свабодны ад пэўных канонаў і больш лёгка ўбірае ў сябе новыя веды, больш адкрыты, больш здольны выдаваць цікавыя ідэі. Падчас конкурсу вы прапаноўваеце ідэі, якія могуць садзейнічаць развіццю айчыннай навукі. Няхай вашы ідэі рэалізуюцца на практыцы, — звярнуўся да ўдзельнікаў конкурсу першы прарэктар БНТУ Георгій Аляксандравіч Вяршына.


Конкурс “ТэхнаІнтэлект” — гэта шматпланавае мерапрыемства, якое паказвае інтэлектуальныя і творчыя магчымасці сучаснай моладзі Беларусі, разнастайнасць яе навукова-тэхнічных інтарэсаў і дасягненняў у розных галінах навукі, тэхнікі, архітэктуры, а таксама перспектывы стварэння маладзёжных і інавацыйных праектаў, аўтарскіх праграм. “Кожны з вас гатовы даказаць, што ён лепшы, што ў яго ўсё атрымаецца, ёсць патэнцыял. Рэалізаваць гэты патэнцыял вам дапамагаюць педагогі і бацькі, якія змаглі вас зацікавіць праблемным полем конкурсу, дапамаглі вам перамагчы на рэгіянальным этапе, — звярнулася да канкурсантаў і іх педагогаў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік. — Толькі таленавіты педагог можа выхаваць таленавітага вучня, толькі захоплены можа захапіць сваёй справай. Ёсць знакамітае выказванне пра тое, што калі мы будзем сёння вучыць нашых дзяцей так, як вучылі ўчора, то мы ўкрадзём у іх будучыню. Хочацца, каб кожны з вас сур’ёзна рыхтаваўся да кожнай сустрэчы з навучэнцамі. Клопат пра моладзь з’яўляецца прыярытэтам дзяржавы”.


— У гэтай зале сабраліся аднадумцы, паплечнікі, сябры, якія бачаць мэту ў сваім жыцці, якія любяць займацца навукова-тэхнічнай творчасцю. Увесь калектыў універсітэта, пачынаючы ад лабарантаў і заканчваючы рэктаратам, прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні “ТэхнаІнтэлекту”. У гэтыя дні вас чакае насычаная праграма. Гэта не толькі работа секцый. Мы падрыхтавалі для вас экскурсіі, сустрэчы з навукоўцамі, прафесарамі, прэзентацыю стартап-цэнтра БНТУ, — адзначыла дырэктар Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі Наталля Пятроўна Воранава.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргея Міхайлавіча Сачко, конкурс дазваляе выявіць таленавітых, адораных вучняў у навукова-тэхнічным кірунку. Многія прызёры конкурсу становяцца не толькі студэнтамі БНТУ, але і стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі.

Юны фермер

Каб стаць студэнтам, стыпендыятам фонду, трэба атрымаць некалькі навукова-тэхнічных перамог, перамагчы ў шэрагу тэхнабаталій. Абарона конкурсных работ сапраўды нечым нагадвала інтэлектуальныя, эмацыянальныя і фізічныя баталіі. Свае творчыя праекты навучэнцам неабходна было не толькі абараніць вусна, але і прадэманстраваць, як яны працуюць. Менавіта тут і трэба было прыкласці намаганні. А яшчэ адказаць на пытанні журы і сваіх сапернікаў. Асабліва горача было на інтэлектуальным рынгу самай тэхнічнай секцыі конкурсу — “Тэхнічнае канструяванне”.

Што ж, адправімся на тэхнарынг і прадставім некаторых яго ўдзельнікаў. Наш першы баец — Арцём Рышкель з Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён прадстаўляе кукурузацерабілку.


— У нас дома ёсць прысядзібны ўчастак, на якім мы вырошчваем кукурузу на корм жывёле. Да нядаўняга часу нам трэба было ўручную аддзяляць зерне ад пачаткаў. Праца цяжкая, патрабуе шмат часу. Я заўсёды дапамагаў бацькам церабіць кукурузу. І ў мяне ўзнікла думка зрабіць электрычную кукурузацерабілку. Тата пагадзіўся, і мы звярнуліся за парадай да майго настаўніка тэхнічнай працы. Падчас стварэння апарата стараліся максімальна выкарыстоўваць падручныя матэрыялы, каб выдаткаваць менш грошай на вытворчасць. Рухавік узялі са старой пральнай машыны магутнасцю 125 Вт на 220 В. Электраабсталяванне кукурузацерабілкі ўзята ад пральнай машыны. Электрычная кукурузацерабілка вельмі палегчыла нашу працу. Яе прадукцыйнасць стала роўнай 50—70 кг зерня ў гадзіну (у залежнасці ад вільготнасці пачаткаў). Пры гэтым зерне не драбніцца, яго можна выкарыстоўваць для далейшай сяўбы. Працаваць стала лягчэй. Практычныя выпрабаванні паказалі, што такая канструкцыя надзейна працуе і досыць эфектыўная для прысядзібнай гаспадаркі. Гэта не вельмі складаны механізм, энергіі спажывае не вельмі многа, усё залежыць ад магутнасці матора і аб’ёмаў працы. У будучыні хацелася б укараніць нашу распрацоўку ў вытворчасць, — падзяліўся Арцём.

Юныя канструктары

Моцнае выступленне. Нічога не скажаш. Цікава, чым адкажуць сапернікі Арцёма? На тэхнарынг запрашаецца навучэнец гімназіі № 146 Мінска Ягор Каляда. Побач з ім — яго напарнікі па камандзе Аляксей Клімбасаў і Раман Клачко. Цікава, што гэта ў руках канкурсантаў? Нешта незвычайнае, неардынарнае. Такога прыстасавання нашы вопытныя суддзі (члены журы — выкладчыкі машынабудаўнічага факультэта) яшчэ ніколі не бачылі.


— Гэта прыстаўка да школьнага вучэбнага такарнага станка для апрацоўкі драўніны СТД 120М. Яна прызначана для прымянення ва ўмовах школьных вучэбных майстэрань. Дзякуючы блоку лічбавага праграмнага забеспячэння, можа працаваць без удзелу чалавека па загадзя зададзенай праграме. Прылада лёгка манціруецца і дэманціруецца, не патрабуючы змен у канструкцыі станка. Прыстаўка сумяшчальная з любым ПК, мае інтэрфейс USB. Прылада дазваляе, не выключаючы традыцыйных метадаў работы, павысіць цікавасць навучэнцаў да апрацоўкі драўніны. Навізна працы заключаецца ў поўнай сумяшчальнасці прыстаўкі са станком СТД 120М, найбольш распаўсюджаным у навучальных установах. Аналагаў падобнай канструкцыі нам выявіць не ўдалося, нягледзячы на актыўныя пошукі ў інтэрнэце. Прамысловасць у прынцыпе не выпускае прыставак з ЧПУ да якіх-небудзь станкоў, паколькі ўсе станкі з ЧПУ маюць прамысловае прызначэнне і не прымяняюцца для вучэбных мэт. І кошт такога станка пераўзыходзіць фінансавыя магчымасці любой школы, гімназіі. Кошт і канструктыўная прастата нашай прыстаўкі дазваляе вырабіць яе нават сіламі навучэнцаў, што мы і зрабілі, — паведаміў Ягор.


За выразам “што мы і зрабілі” прыхавана напружаная праца. Яна вялася адначасова па некалькіх кірунках, таму затрымкі пры ўзнікненні праблем у адным кірунку не тармазілі астатнюю працу. Даводзілася вырашаць мноства пытанняў пры канструяванні кожнага элемента прыстаўкі. Так, пры вырашэнні пытання замацавання рэжучага інструмента юныя канструктары сутыкнуліся з вялікай колькасцю цяжкасцей па рэгуляванні становішча і вынасе разцоў, іх вугла падачы. У рэшце рэшт прыйшлося наогул адмовіцца ад прымянення традыцыйных разцоў і выкарыстаць фрэзу з электрапрыводам.

— Першы варыянт кіравання быў сабраны на малагабарытных рэле, якія падключаюцца да камп’ютара. Гэта была грувасткая канструкцыя, якая працавала вельмі павольна і не вельмі ўстойліва. Адмовіўшыся ад рэлейнай канструкцыі, мы выкарысталі электроннае кіраванне электрарухавікамі, што рэзка павысіла надзейнасць сістэмы і хуткасць яе працы. Прымяненне фрэзы з электрапрыводам дазволіла адназначна задаваць параметры межаў паверхні, якая апрацоўваецца. Пакуль ішлі работы па канструяванні мехчасткі прыстаўкі, я давёў да працоўнага стану электронную сістэму кіравання. Цяпер мы змаглі ажыццявіць пробны пуск нашай прыстаўкі. Вырабленая намі прыстаўка з лічбавым праграмным кіраваннем да такарнага станка СДТ 120М атрымалася простая і па канструкцыі, і па прынцыпах праграмнага забеспячэння. Гэта дазваляе нам лічыць яе вельмі карыснай для прымянення на ўроках працоўнага навучання і на ўроках праграмавання, паколькі пашырае веды і ўменні навучэнцаў у галіне такарнай апрацоўкі драўніны, а таксама развівае практычныя навыкі па пачатковым праграмаванні. Створаная намі прыстаўка мае простую канструкцыю, даступную для паўтарэння іншымі арганізацыямі, і выкарыстоўвае простыя, даступныя навучэнцам прынцыпы праграмавання. Аналагаў у прамысловай вытворчасці яна не мае, — падзяліўся Ягор Каляда.

Члены журы

Вельмі сур’ёзнае выступленне — гэта добрая заяўка на першае месца. Так і атрымалася. Па выніках работы секцыі “Тэхнічнае канструяванне” распрацоўка навучэнцаў 146-й сталічнай гімназіі атрымала дыплом І ступені. Па словах намесніка дэкана машынабудаўнічага факультэта Андрэя Міхайлавіча Аўсіевіча, сёлета асабліва складана было судзіць работы, таму што ўсе яны разнапланавыя, вельмі цікавыя сваім інжынерным рашэннем, рацыяналізатарскім момантам. “Навучэнцы матываваныя, эрудзіраваныя. Хацелася б ім пажадаць і надалей ставіць перад сабой высокія мэты, дасягаць іх. Прадстаўленыя работы маюць практыка-арыентаваны характар і ўжо дапамагаюць іх стваральнікам у той ці іншай дзейнасці”, — адзначыў Андрэй Міхайлавіч.

Асаблівасці судзейства былі і ў іншых секцыях. Па словах намесніка дырэктара Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі Алены Казіміраўны Касцюкевіч, у гэтым годзе ў секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” было прадстаўлена шмат даследаванняў, праведзеных на базе школ, хаця супрацоўніцтва з навуковымі арганізацыямі вядзецца канкурсантамі па-ранейшаму на высокім узроўні. “Удзельнікам секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” няпроста было распрацаваць нешта новае, раней невядомае, таму што тэхналогіі цяпер настолькі развіты, што вынайсці, як кажуць, веласіпед даволі складана. Нягледзячы на гэта, у кожнай работы была свая асаблівасць”, — адзначыла старшы выкладчык кафедры прамысловага дызайну і ўпакоўкі Інеса Вітальеўна Астапенка.

Юныя краязнаўцы

Напружаная барацьба ішла ў кожнай секцыі, у тым ліку секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі”. Адметнасць тэматыкі сёлетніх работ — іх турыстычная накіраванасць. З дапамогай мультымедыйных тэхналогій канкурсанты прэзентавалі турыстычны патэнцыял малой радзімы. З чым звязаны турыстычны кірунак? Адразу ўзгадаліся папулярныя выслоўі “Прыязджайце ў Беларусь!”, “Прылятайце ў Беларусь!”. А мы запрашаем на тэхнарынг пераможцаў секцыі — навучэнак сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Мінскай вобласці Настассю Царукову і Аліну Кашкан, якія раскажуць нам пра “Пухаўшчыну на далонях”.

— Традыцыйныя аконныя графічныя інтэрфейсы паступова выходзяць з моды. Сёння адным з самых перспектыўных напрамкаў у сферы IT-распрацовак з’яўляецца дапоўненая рэальнасць. З яе дапамогай можна “ажывіць” статычныя старонкі кніг і вучэбных дапаможнікаў, здзейсніць падарожжа па джунглях, адчуць сябе жыхаром дагістарычных эпох. Прымяненне дапоўненай рэальнасці і 3D-мадэлявання цікава навучэнцам. Дадзеная тэхналогія можа быць выкарыстана пры выкананні праектных заданняў, для візуалізацыі вынікаў работы над праектам, зрабіўшы яго максімальна інтэрактыўным, — адзначылі аўтары праекта.

З дапамогай сучасных інфармацыйных і мультымедыйных тэхналогій вучаніцы стараліся данесці да сваіх аднакласнікаў у цікавай форме інфармацыю аб родным краі і стварылі дадатак, які наглядна дэманструе славутасці Пухавіцкага раёна. Дадатак дапоўненай рэальнасці “Пухаўшчына на далонях” дазваляе карыстальнікам вывучыць трохмерныя мадэлі асноўных славутасцей Пухавіцкага раёна. Гэта храм у імя Святой Жыццепачатнай Тройцы вёскі Блоні, царква Успення Божай Маці, сядзіба Льва Макава, будынак чыгуначнай станцыі Пухавічы, вятрак у “Дудутках”, брама-сімвал “Дукорскага маёнтка”, будынак Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея.


— Для складання дадатку быў выкарыстаны пакет для стварэння трохмернай графікі і мадэлявання Blender, інструмент для стварэння 2D- і 3D-гульняў Unity, платформа для стварэння augmented reality — дадаткаў для тэлефонаў і планшэтаў на аперацыйных сістэмах iOS і Android Vuforia. У працэсе стварэння мадэлей была выкарыстана тэхналогія сіметрычнага мадэлявання, калі карыстальнік стварае частку мадэлі, а праграма дабудоўвае ўсё астатняе. Пасля таго як мадэлі былі гатовы, мы імпартавалі іх у Unity 3D. Unity — гэта гульнявы рухавічок, які дазваляе складаць гульні пад большасць папулярных платформаў. З дапамогай дадзенага рухавічка распрацоўваюцца гульні, якія запускаюцца на персанальных камп’ютарах, на смартфонах і планшэтах, на гульнявых кансолях. Наш праект складаецца з сямі сцэн: стартавая форма, форма, якая змяшчае маркеры і адпаведныя трохмерныя мадэлі, пяць форм з тэкстам аб выбраных намі славутасцях Пухавіцкага раёна, — паведамілі дзяўчаты.


У выніку праведзенай работы была вывучана тэхналогія стварэння дапоўненай рэальнасці, аўтары праекта навучыліся складаць трохмерныя мадэлі. Быў распрацаваны дадатак, які дазволіў пухаўчанам у цікавай і даступнай форме азнаёміцца з адметнымі мясцінамі краю. Аўтары пераканаліся, што дапоўненую рэальнасць можна выкарыстоўваць не толькі для забавы, але і для навучання, а яшчэ для мадэлявання хімічных і фізічных працэсаў. Дапоўненая рэальнасць таксама дапаможа па-новаму паглядзець на музейныя экспанаты, а таксама зрабіць урокі і выхаваўчыя мерапрыемствы больш займальнымі, цікавымі, зразумелымі.

Прызёры конкурсу

Зрабіць больш цікавым кожны дзень, больш займальнай прывычную штодзённую справу, больш зразумелымі невядомыя ў нядаўнім мінулым тэхналогіі — вось адна з асноўных задач конкурсу. Паспяхова гэтыя задачы ўжо восьмы год вырашаюць удзельнікі “ТэхнаІнтэлекту”, асабліва яго прызёры. Селёта яны вызначаліся ў 13 намінацыях: “Тэхнічнае канструяванне”, “Энергетыка і электратэхніка”, “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”, “Матэрыялы ў тэхніцы”, “Энергазберагальныя тэхналогіі”, “Робататэхніка, аўтаматыка, інтэлектуальныя сістэмы”, “Радыёэлектроніка”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка”, “Архітэктурны малюнак. Творчая работа на тэму “Горад для дзяцей”, “Колер у архітэктуры. Творчая работа на тэму “Колеры горада (вёскі) маёй мары”, “Кампазіцыя. Творчая работа на тэму “Жылы дом архітэктара”. Пажадаем канкурсантам далейшых поспехаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.