Навуковы мікс

Фарміраванне адказных адносін да навакольнага асяроддзя, усведамленне дачынення чалавека да пагаршэння стану прыроды, а значыць, і выхаванне актыўнай дзейнасці па вывучэнні і ахове прыроды, павінна быць не толькі часткай пазаўрочнай дзейнасці, але і кожнага ўрока. У тым ліку я на сваіх уроках геаграфіі імкнуся паказаць навучэнцам прычынна-выніковыя сувязі ў сістэме “прырода — чалавек — вытворчасць”, даю магчымасць ім паразважаць над глабальнымі, рэгіянальнымі і лакальнымі праблемамі, якія ўзніклі ў выніку ўплыву дзейнасці чалавека на прыроднае асяроддзе, і прапанаваць шляхі вырашэння гэтых праблем.

Ва ўсіх раздзелах праграмы па геаграфіі закранаюцца пытанні экалагічнага плана. Пры фарміраванні экалагічнай культуры навучэнцаў улічваю ўзроставыя асаблівасці. З навучэнцамі 6 класа праводжу ролевыя і дзелавыя гульні, экскурсіі ў прыроду, выхаваўчыя мерапрыемствы. У гульнях дзеці праяўляюць кемлівасць, назіральнасць, знаходлівасць. А галоўнае — у працэсе гульні вучні і самі не заўважаюць, як атрымліваюць веды.

Так, пры вывучэнні тэмы “Горныя пароды і мінералы зямной кары” выкарыстоўваю дзелавую гульню “Карысныя выкапні”. Падводзячы вынікі гульні, навучэнцы адказваюць на пытанні: як мяняецца колькасць карысных выкапняў? Якія змены адбываюцца на Зямлі пры здабычы карысных выкапняў? Што неабходна зрабіць з адходамі, якія ў выніку здабычы карысных выкапняў аказаліся на паверхні Зямлі? (Напрыклад, тэрыконы каля Салігорска.)

Пры вывучэнні тэмы “Склад і будова атмасферы. Значэнне атмасферы” выкарыстоўваю метад асацыяцый. Прапаноўваю навучэнцам падабраць асацыяцыі са словамі “дым”, “сажа”, “смог” і расказаць, з якімі крыніцамі забруджвання атмасферы асацыіруюцца гэтыя словы? Выкарыстоўваючы свой вопыт і назіральнасць, навучэнцы называюць асноўныя крыніцы забруджвання атмасферы ў свеце, Беларусі і сваёй мясцовасці, разважаюць над тым, да чаго можа прывесці забруджванне атмасферы і як яно ўплывае на здароўе чалавека. Тое ж з асацыяцыямі да слоў “дрэвы”, “фільтры”, “нанааўтамабіль”. Што неабходна зрабіць, каб атмасфера была чыстай, а чалавек заставаўся здаровым? Навучэнцы прапаноўваюць шляхі захавання чысціні атмасферы.

Пры вывучэнні тэмы “Ахова вод” праводжу ролевую гульню “Забруджвальнікі вады”. У ходзе гульні навучэнцы вызначаюць забруджвальнікаў вады, робяць вывад, што чалавек забруджвае ваду пры здабычы і транспарціроўцы нафты, у прамысловай вытворчасці і сельскай гаспадарцы і г.д. Дзеці называюць прычыны забруджвання паверхневых вод сваёй мясцовасці і прапаноўваюць шляхі вырашэння гэтай праблемы.

Выкарыстоўваю прыём тэхналогіі крытычнага мыслення “Кластар” пры вывучэнні тэмы “Глеба, яе значэнне. Эрозія глебы”. Карыстаючыся тэкстам вучэбнага дапаможніка, навучэнцы называюць прычыны эрозіі глебы, складаюць кластар “Эрозія глебы”, затым кожны ўносіць свае прапановы па ахове глебы.

Многія экалагічныя праблемы і працэсы, што адбываюцца ў прыродзе, яшчэ недастаткова вядомы шасцікласнікам.Таму мы разам выяўляем экалагічныя праблемы нашай мясцовасці і спрабуем знайсці шляхі іх вырашэння.

Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў ажыццяўляецца і ў час правядзення экскурсій. Сельская школа дае вялікую магчымасць настаўніку знаёміць навучэнцаў з прыродным жыццём, тлумачыць, якія працэсы адбываюцца ў ім, як трэба дзейнічаць, каб не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю. У прыродных умовах лягчэй ствараюцца сітуацыі, у якіх развіваюцца не толькі навыкі і ўменні, але і здольнасць прымаць самастойныя рашэнні пры выбары тых ці іншых дзеянняў у адносінах да прыроды. Калі знаёмлю дзяцей з экалагічнымі праблемамі свайго краю, з прыгажосцю роднай прыроды, у іх узнікае цікавасць да экалагічных ведаў, пачуццё экалагічнай адказнасці.

Так, пры вывучэнні тэмы “Гідрасфера” выяўляем з навучэнцамі асноўныя крыніцы забруджвання гідрасферы і вызначаем меры па ахове ад забруджвання. Разглядваем пытанні аб рацыянальным выкарыстанні вады: арашэнне, прамысловасць, сельская гаспадарка, бытавыя патрэбы і г.д.

У час экскурсіі на штучны вадаём каля вёскі Чашын знаёмлю з мэтай стварэння вадаёма, расказваю, якім ён быў 30 гадоў назад і чаму цяпер мае такі выгляд. Навучэнцы вывучаюць асаблівасці зарастання берагоў, звяртаюць увагу на ступень змянення прыроднага асяроддзя вакол вадаёма, а таксама ацэньваюць санітарны стан вады (празрыстасць і пах, наяўнасць смецця, масляністых плям), бачаць негатыўныя змяненні, вызначаюць крыніцы забруджвання і прапаноўваюць меры па ахове вод вадаёма ад неспрыяльнага антрапагеннага ўздзеяння.

Калі вывучаем “Прыродныя комплексы”, ідзём на экс­курсію ў найбліжэйшы лес, дзе вялася лесанарыхтоўка. У лесе навучэнцы бачаць уздзеянне чалавека на раслін­насць, глебу і прыродны комплекс у цэлым. Мы гаворым пра ролю раслін і жывёл у прыродзе, неабходнасць беражлівых адносін да іх. Дзеці расказваюць пра ўплыў чалавека на прыроду, складаюць правілы разумных паводзін у ёй.

Пры вывучэнні тэмы “Біясфера” вывучаем рэдкія і знікаючыя віды раслін і жывёл сваёй мясцовасці, складаем каляндар спраў, якія будуць садзейнічаць захаванню гэтых відаў флоры і фаўны. Па выніках праведзеных даследаванняў ствараем карту з нанясеннем месцаў выяўленых рэдкіх відаў і відаў, якія ахоўваюцца. Дзеці называюць прычыны знікнення многіх відаў, уносяць свае прапановы па іх захаванні.

У ходзе экскурсій навучэнцы больш глыбока пазнаюць прыроду сваёй мясцовасці і яе экалагічныя праблемы, у іх выхоўваецца экалагічная культура і фарміруюцца беражлівыя адносіны да прыроды.

Замацаваць веды дапамагаюць розныя віды пазакласнай работы: экалагічная гульня “Павуціна”, конкурсная пра­грама “Ці ведаеш ты прыроду роднага краю?”, экалагічны турнір “Знаўцы прыроды”, інтэлектуальная гульня “Таямніцы прыроды”, гульнявая праграма “Поўная цудаў магутная прырода”, экалагічная віктарына “Зялёная аптэка”, пазнавальная гульня “Птушкі, рыбы і жывёлы” і інш.

Вучэбныя заняткі, экскурсіі, выхаваўчыя мерапрыемствы дапамагаюць навучэнцам раскрыць прыгажосць роднай прыроды, засвойваць асноўныя экалагічныя веды і ўменні. Яны могуць прыводзіць прыклады ўплыву прыроды на жыццё і гаспадарчую дзейнасць чалавека, змены прыроды ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека; ведаюць асаблівасці прыроды сваёй мясцовасці, яе эстэтычнае значэнне і элементарныя меры аховы прыроды; прымяняюць у штодзённым жыцці правілы паводзін у прыродзе.

Калі дзіця адчувае прыгажосць прыроды, то яно цягнецца да яе, і гэтае пачуццё любові да прыроды роднага краю праносіць праз усё жыццё. Экалагічная адукацыя павінна насіць характар бесперапыннага і мэтанакіраванага працэсу, мэта якога — зрабіць кожнага чалавека экалагічна дасведчаным.

Таццяна МАЛАШЭВІЧ,
настаўніца геаграфіі Суткаўскага дзіцячага сада — базавай школы Уздзенскага раёна.