Толькі асоба выхоўвае асобу

Як прасцей за ўсё зразумець, падыходзіць табе прафесія ці не? Папрацаваць. А калі з-за ўзросту заканадаўства забараняе, то можна скарыстацца прафесійнымі пробамі. У сярэдняй школе № 10 Брэста два гады так і рабілі.

Трэцяя злева — Дар’я Чыжэўская.

Усвядоміць свае цікавасці

З 2018 года ў школе рэалізоўвалі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай прафарыентацыі як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы ва ўстановах адукацыі”. Яго галавой, рукамі і тварам стала настаўніца фізічнай культуры і здароўя педагог дадатковай адукацыі Дар’я Чыжэўская. У першы год яна ўзяла сваіх вучняў 4—5 класаў, якія займаліся ў аб’яднанні па футболе.

Работа праходзіла ў тры этапы. У азнаямленчым удзель­нічалі ўсе выхаванцы. Дар’я Сяргееўна расказвала ім пра 18 спартыўных прафесій: трэнер па відзе спорту, суддзя па відзе спорту, інструктар фізічнай культуры, менеджар па спорце, спартыўны псіхолаг, рэжысёр спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спартыўны масажыст, інструктар па турызме, менеджар па турызме, спартыўны перакладчык, інструктар аздараўленчай фізічнай культуры, інструктар адаптыўнай фізічнай культуры, спартыўны каментатар, спартыўны журналіст, спартыўны сацыёлаг, спартыўны даследчык, кіраўнік школьнага калектыву фізкультуры, фізкультурны арганізатар. “Мы паспелі пазнаёміцца з усімі прафесіямі, але на некаторых больш падрабязна не спыняліся. Напрыклад, для спартыўнага масажыста я не маю патрэбнай кваліфікацыі, ды і для дзяцей гэта рана”, — дзеліцца педагог.

На падрыхтоўчым этапе дзеці выбіраюць, якую прафесійную пробу хочуць прайсці. Два выхаванцы спыніліся на трэнеры па футболе, два — на спартыўным журналісце і адзі­н — на суддзі па відзе спорту. “Далей заняткі прахо­дзілі індывідуальна. Я збірала дзяцей, якія выбралі прафесію трэнера, у вольны час, і мы пачыналі знаёмства. Ха­дзілі на трэніроўкі, матчы, я ім расказвала, хто такі трэнер, якія ў яго функцыі, мы высвятлялі, якім ён павінен быць, а якім не, дзеці апісвалі яго партрэт. Потым мы разбіралі канкрэтную трэніроўку, вучыліся падво­дзячым і спецыяльным практыкаванням, — тлумачыць Дар’я Сяргееўна. — Калі гэта спартыўны суддзя, то я паказвала знакі, жэсты, расказвала, дзе іх выкарыстоўваць, што яны абазначаюць. Мы глядзелі відэа футбольнага матча, дзеці знаходзілі памылкі гульцоў, назіралі, як паводзілі сябе суддзі, што яны павінны былі рабіць. З журналістамі разбіралі, як размаўляць з гульцамі, якія пытанні задаваць, як пісаць артыкул. Навучанне праходзіла каля трох месяцаў”.

Дар’я Чыжэўская з партнёркай Марынай Самкевіч.

Незвычайным момантам у праекце стала проба па адбітках пальцаў. Некалькі дзяцей з дазволу бацькоў далі свае адбіткі, у мінскай лабараторыі іх апрацавалі і даслалі справаздачу на 60 старонках. Там напісана, да якога віду спорту бліжэй дзіця, які ў яго тэмперамент, характар, у футболе на якой пазіцыі яму лепш гуляць і г.д. Гэтыя анкеты дапамаглі Дар’і Чыжэўскай на занятках. Яна не ведае, наколькі вынікам можна давяраць, але падобныя моманты заўважала.

Заключны этап — паказ прафесійнай пробы на футбольным матчы. Удзельнікам трэба было максімальна дакладна выканаць свае абавязкі і прымяніць веды на практыцы. Падрыхтоўка да матча была доўгай і хвалюючай. Дар’я Сяргееўна баялася, што нічога не атрымаецца, таму што дзеці яшчэ маленькія. Але мерапрыемства прайшло маштабна, ярка, усе былі ў захапленні. Многія выхаванцы, убачыўшы прафесійныя паводзіны іншых дзяцей, таксама захацелі паўдзельнічаць у пробах. Так у педагога нара­дзілася ідэя праводзіць пробы падчас урокаў. “Для мяне гэта было карысна. Дзеці адчулі на сабе, як складана бывае нешта растлумачыць, паказаць, пачалі лепш мяне слухаць, лепш разумець, што я ад іх хачу, больш сур’ёзна да гэтага ставіцца, прапаноўваць што-небудзь правесці, змяніць. Наша паразуменне вырасла”. Дзецям ідэя з прафесійнымі пробамі спадабалася. Многія хацелі адчуць сябе ў ролі настаўніка — атрымалася. Гэта нагадвала ролевую гульню. Большасць вучняў сказала бацькам, што ў будучыні хочуць быць трэнерам або суддзёй. Можа, пакуль гэта не зусім свядомы выбар, але калі працаваць і далей, то цікавасць не знікне.

Пробы Дар’я Сяргееўна праводзіла і з выхаванкамі аб’яднання MixFit, але там былі дзяўчаты 10—11 класаў. Спіс прафесій крыху змяніўся: бралі тое, што звязана з фітнесам. “Дзяўчатам таксама спадабалася, многія паспрабавалі сябе ў ролі фітнес-трэнера. Я кожнаму давала сваю праграму, хтосьці працаваў па сілавой, хтосьці — па каардынацыйнай. Вучыліся слухаць музыку, падбіраць яе. Некалькі выпускніц працягнулі займацца фітнесам, плануюць скончыць курсы і стаць трэнерамі”. Навучэнцаў старшых класаў зацікавіць было складаней. Многія па-свойму бачаць свет, хтосьці ўжо вызначыўся з прафесіяй, часу на пробы менш. Але са старэйшымі дзецьмі лягчэй праца­ваць, бо ім можна даць самастойную работу, скінуць спасылку на трэніроўку. Дома яны пагля­дзяць, і на занятках марна­ваць на гэта час не прыйдзецца. З малодшымі трэба працаваць індывідуальна, паказваць адно і тое ж па некалькі разоў.

“Знаёмства са светам прафесій дапамагае дзецям усвядоміць свае магчымасці, цікавасці, вучыць суадносіць свае асабістыя якасці з патрабаваннямі ў прафесіі. Эмоцыі ад праекта ў мяне засталіся толькі добрыя. Я планавала працяг­нуць, пакуль працую настаўніцай фізкультуры, прымяняць гэта на некаторых уроках, але пайшла ў дэкрэтны водпуск. Пасля выхаду на работу, упэўнена, прафесійныя пробы застануцца ў маёй дзейнасці”.

Выкладацца на 100%

На першы погляд здаецца, што паміж Дар’яй Чыжэўскай і індыйскім богам Шыва няма нічога агульнага. Але калі даведваешся, колькі яна паспявала падчас работы, усё становіцца зразумела. Лічым: аб’яднанні па чырлідзінгу, MixFit, футболе і плаванні, урокі ў школе і асобныя заняткі па гімнастыцы з дзецьмі ў танцавальнай студыі. Потым яшчэ курсы фітнес-трэнера. “Для мяне атрыманне новага сертыфіката, новых ведаў, удзел у конкурсах, гэта як у спорце заваёўваць медалі. Я думаю, усё абавязкова спатрэбіцца. Маё крэда — толькі асоба выхоўвае асобу. Калі я сама буду напоўненым чалавекам, тады змагу выхоўваць такіх жа напоўненых дзяцей”.

У дзяцінстве Дар’я займалася спартыўнай гімнастыкай, потым на год па стане здароўя пакінула спорт, хадзіла толькі на танцы. Абсалютна выпадкова аднакласніца прапанавала схадзіць з ёй за кампанію на спартыўную акрабатыку. Дар’я пагадзілася. Толькі праз паўгода яе заўважыла трэнер і паставіла ў пару з дзяўчынкай на 4 гады маладзейшай за яе. Пачалося сур’ёзнае, прафесійнае жыццё спартсмена.

“У пачатку кар’еры планавала стаць трэнерам, але падчас вучобы ва ўніверсітэце вырашыла, што буду настаўніцай фізкультуры. Школа мяне прыцягнула: там больш дзяцей, больш жывых эмоцый, можна выкарыстоў­ваць розныя падыходы. У спорт жа прыхо­дзяць накіраваныя на вынік, падрыхтоўка больш сур’ёзная”.

“Мне вельмі пашанцавала з партнёркай, яна была камунікабельнай, сур’ёзных рознагалоссяў у нас не ўзнікала. Мы спакойна ставіліся адна да адной, стараліся дапама­гаць. Былі, вядома, выпадкі, калі хтосьці без настрою прыходзіў на трэніроўку. Тады або падтрымлівалі, або маўчалі, але не сварыліся”, — прыгадвае Дар’я Чыжэўская.

Індывідуальна выступаць у спартыўнай гімнастыцы і ў пары ў спартыўнай акрабатыцы — розныя рэчы. Спартыўную гімнастыку педагог лі­чыць самым складаным відам спорту, там вельмі сур’ёзная падрыхтоўка і адбор дзяцей, фізічна трэба шмат працаваць. У псіхалагічным плане там, дзе ты сам за сябе адказваеш, лягчэй. Ты ведаеш, як падаеш, як прызямляешся і разумееш, хто вінаваты ў памылцы. Калі займаешся ў пары, адказнасць узрастае, і гэта цісне псіхалагічна. “Калі ты бачыш, што партнёрка па тваёй віне не так мякка прызямлілася, гэта больш балюча, чым упасці самой. Я заўсёды ў такіх выпадках думала, лепш бы ўпала я, лепш бы пачало балець мне. У пары больш складана эмацыя­нальна. Вы павінны падысці адно аднаму, навучыцца мець зносіны, вырашаць канфлікты. Некаторыя склады распадаліся, бо не маглі справіцца. Важная і асоба трэнера: як ён сябе паставіць, наколькі дапаможа спартсменам зблізіцца. Вялікую ролю ў псіхалагічнай дапамозе выконваюць бацькі. Многія спартсмены не раз хочуць кінуць спорт, побач павінны быць людзі, якія іх разумеюць, якія заматывуюць трэніравацца далей. Я імкнуся падтрымліваць максімальную сувязь з бацькамі выхаванцаў і вучняў, таму што яны — гэта каля 50% поспеху”.

Дар’я Чыжэўская — май­стар спорту міжнароднага класа, двухразовая пераможца чэмпіянатаў Еўропы. З імі звязаны самыя яркія ўспаміны за кар’еру. Быў і яркі момант пройгрышу. Гэта адбылося на першым чэмпіянаце свету ў 2011 годзе. Дар’я і яе партнёрка Марына выходзілі на 1-е месца па праграмах, былі абсалютнымі лідарамі, але на завяршальным этапе дапусцілі грубую памылку. З-за гэтага апусціліся на 3-е месца. Дрэнны вопыт таксама вопыт. Гэтая сітуацыя выхавала ў Дар’і спартыўны характар, дзяўчына запомніла, што ў любой працы трэба выкладвацца на 100%, як бы ты ні быў упэўнены ў добрым выніку. Яна дагэтуль прытрымліваецца такіх поглядаў, толькі выкарыстоўвае іх ужо ў педагагічнай кар’еры.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Д.С.Чыжэўскай.