Мабыць, у гэтым закліку і схавана сутнасць таленавітага педагога-арганізатара, галоўная задача якога — навучыць дзяцей не плыць па цячэнні, а самому выбіраць свой курс, не адседжвацца ў глядзельнай зале, а быць ініцыятарам свята. Як стаць запальнічкай дзіцячых талентаў? Як самому не заставацца на месцы? Як натхняць дзяцей напаўняць сваё жыццё рухам? Як дапамагчы ім самім зрабіць цікавым кожны свой дзень? На гэтыя і іншыя пытанні далі бліскучыя адказы ўдзельнікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2019” у намінацыі “Педагог-арганізатар”, фінал якога прайшоў на гэтым тыдні.
Творчы калейдаскоп
Конкурсныя спаборніцтвы доўжыліся амаль паўтара месяца. У іх прынялі ўдзел 29 педагогаў-арганізатараў агульнаадукацыйных устаноў сталіцы, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны памераліся творчымі сіламі падчас розных выпрабаванняў.
Так, падчас “Аўкцыёну ідэй па правядзенні сацыяльна-значных падзей” кожны канкурсант прадстаўляў свае арыгінальныя аўтарскія ідэі. Сярод цікавых задумак педагогаў-арганізатараў былі цімбілдынг па папулярызацыі беларускай мовы, флэш-моб “Літаратурнымі дарогамі Мінска”, іміджавая акцыя па дэкарыраванні рарытэтных рэчаў “Кастамайзінг”. Сюжэтна-ролевыя гульні, дабрачынныя марафоны, фэсты, арыгінальныя спосабы вырашэння экалагічных праблем, баль у стылі традыцый XIX стагоддзя — ідэй у канкурсантаў было хоць адбаўляй!
Прафілактыку шкодных звычак асвятліла Святлана Давыдзенка, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 13, прадэманстраваўшы членам журы ўнікальны арт-аб’ект “Рокавае жыццё” і серыю відэаролікаў па здаровым ладзе жыцця. Вывучэнне культур народаў краін-удзельніц II Еўрапейскіх гульняў у праекце “Еўратур” асвятліла Вікторыя Парэйка, канкурсантка з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Яўгенія Гамава з гімназіі № 17 спалучыла абодва гэтыя кірункі ў сваім праекце “Веладрайв”, які дазваляе падчас велафэсту вывучаць культурную спадчыну сталіцы. А вось вулічна-мастацкай спадчынай сталіцы зацікавілася Таццяна Новікава з сярэдняй школы № 24. Яна прадставіла сваю, нядаўна праведзеную маладзёжную акцыю па пошуку муралаў “Сэлфі-тур MinskArt”. Як патлумачыла Таццяна Віктараўна, муралы — гэта малюнкі на фасадах дамоў накшталт графіці. Кожны з іх мае свой сэнс, сваю ідэю. Падрабязна пра гэта яе творчая каманда даведвалася ад аўтараў, што і стала асновай іх відэафільма.
Яўгенія Гамава:
— У сучасных дзяцей вельмі заніжаная самаацэнка, і таму для іх важна, каб педагог паверыў у іх. Калі ты падтрымліваеш дзіця, зноў і зноў даказваеш яму, што яно здольна на большае, у яго крылы распраўляюцца і яно гатова горы звярнуць! Не менш важны для дзяцей і прыклад педагога. Я сама трэці раз прымала ўдзел у гэтым конкурсе і толькі цяпер — у прызёрах. Гэта яшчэ адна магчымасць сказаць сваім дзецям: калі ёсць імкненне — усё атрымаецца! Але галоўнае на любым конкурсе, наколькі б складаным і напружаным ён ні быў, — не ўзнагарода, а задавальненне ад удзелу. Толькі так — з радасцю і пазітывам — можна дасягнуць любой мэты.
Сяргей Хвайніцкі з сярэдняй школы № 62 засяродзіўся на спартыўнай тэме і прэзентаваў “Красавіцкі флэш-моб “Будзь ярчэйшым”. Гэты флэш-моб тут ужо стаў традыцыйным, але штогод мяняе сваю тэматыку. Сёлета яго госцяй стала алімпійская чэмпіёнка Марына Крэс, а тэмай — падрыхтоўка да II Алімпійскіх гульняў. Так навучэнцы Сяргея Генадзьевіча рыхтаваліся падтрымаць нашых спартсменаў.
Як быць арыгінальным у прывычных кірунках, паказаў другі тур. У ім канкурсанты прэзентавалі свой прафесійны вопыт работы па адным з кірункаў выхавання: пачынаючы ад грамадзянска-патрыятычнага і экалагічнага і да працоўнага і эстэтычнага. Акрамя таго, канкурсанты распрацоўвалі сцэнарыі масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы, а таксама правялі адкрытыя мерапрыемствы з незнаёмай аўдыторыяй. Усе гэтыя выпрабаванні і дапамаглі журы вызначыць фіналістаў.
Фінальныя фанфары
У фінале змагаліся за перамогу шэсць удзельнікаў, якія набралі максімальную колькасць балаў. Перад імі стаяла задача — прадставіць мадэль вучнёўскага самакіравання і тым самым прадэманстраваць свае арганізатарскія здольнасці (на тое яны і педагогі-арганізатары). Гэта ж спачатку трэба навучыць дзяцей кіраваць, каб спакойна перадаць ім руль, а самому перасесці на пасажырскае месца. Таму на сцэне галоўную ролю ігралі навучэнцы фіналістаў. Менавіта яны творчай мовай расказвалі пра школьныя міністэрствы-ведамствы, дзіцячыя ініцыятывы і праекты.
Адным з самых гучных і энергічных было выступленне Таццяны Новікавай і яе галасістай каманды. Ім падпявала нават журы!
Аляксандр Плыгаўка:
— У школе я заўсёды быў ціхім, спакойным хлопчыкам. А ўжо з класа 5 з кабінета грамадскіх арганізацый я не выходзіў (часам нават на ўроках), бо быў удзельнікам і арганізатарам літаральна ўсіх конкурсаў — ад раённых да абласных. Я гэтым жыў. Жыву і сёння. Мае настаўнікі змаглі зарадзіць мяне гэтым. Цяпер я на сабе адчуў, што нельга педагогам-арганізатарам быць толькі ў працоўны час — гэтым ты жывеш і дзень і ноч. Так, новыя ідэі з’яўляюцца нават у сне, менавіта ў сне ты робіш пастаноўкі, настройваеш апаратуру.
— Я працую толькі трэці год, але вельмі палюбіла сваю прафесію, дзяцей. Мне падабаецца, што яны заўсёды прыходзяць у добрым настроі, заўсёды рады прыняць удзел у конкурсах, канцэртах — дастаткова толькі прапанаваць. Таму мы жывём творча, пазітыўна і весела, — гаворыць фіналістка.
Бадай, самым арыгінальным было выступленне падапечных Аляксандра Плыгаўкі, педагога-арганізатара гімназіі № 39. Замест пірамід з кубікаў з надпісамі і надакучлівых таблічак (хутчэй бы яны адышлі ў нябыт!), журы і гледачы трапілі ў сапраўдную лабараторыю, дзе ў каляровых прабірках Аляксандр Уладзіміравіч і яго памочнік вынайшлі… вучнёўскае самакіраванне. Тут знайшлося месца і фокусам з сапраўднымі агнём і беласнежнай галубкай, і запальным танцам, і гумару, і мастацкай імпрэзе, і іншым прыёмам, якія дапамаглі расказаць пра ўласна дзіцячы ўклад у арганізацыю пазакласнага жыцця ў гэтай гімназіі. Па тым, якой зладжанай была каманда, ніколі не скажаш, што Аляксандр Плыгаўка сам “новенькі”.
— Я працую ў гімназіі ўсяго другі год і таму нават не разлічваў выйсці ў фінал: марыў хаця б выйсці на гарадскі этап. Першай маёй задачай было — перамагчы ўласны страх. Хоць раней ледзь не жыў на сцэне, калі стаў педагогам і пачаў рыхтаваць да выступленняў дзяцей, а сам увесь час — за кадрам, за кулісамі, я заўважыў, што пачаў баяцца сцэны. І другая задача — даказаць дзецям, што яны самі шмат чаго могуць. І сёння адзін з маіх навучэнцаў напісаў у сацсетках аб’ёмны пост пра тое, што мы за час падрыхтоўкі сталі адной сям’ёй. І сапраўды, мне за гэты час удалося сабраць сапраўдны касцяк, стварыць рэальна дзейснае вучнёўскае самакіраванне. Загарэліся нават тыя, хто раней не быў актывістам. Гэта галоўны вынік конкурсу, — падзяліўся. А.У.Плыгаўка.
Сяргей Хвайніцкі:
— Гістарычны адлік маёй сувязі з конкурсам “Сталічны настаўнік” пачаўся раней, калі ў 2015 годзе я ўпершыню ў ім прымаў удзел і быў фіналістам. З таго года мяне запрасілі быць вядучым усіх этапаў гэтага і іншых гарадскіх конкурсаў. Для мяне школа — гэта не проста аднастайная праца, не проста функцыянал, не проста выкананне задач, пастаўленых дырэктарам ці ўпраўленнем адукацыі, а задавальненне, жывыя вочы дзяцей, якія падпітваюць і натхняюць, калектыў, які ідзе насустрач, бацькі дзяцей, якія заўсёды шчодрыя на пахвалу і добрыя словы. Для педагога-арганізатара самае галоўнае — быць актыўным, быць прыкладам для дзяцей і заўсёды праяўляць сваю ініцыятыву і бачыць, адчуваць яе ад дзяцей. Толькі гэтае спалучэнне можа быць складнікам поспеху.
Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец, звяртаючыся да фіналістаў і іх навучэнцаў, адзначыла:
— Мы разам з вамі перагарнулі апошнюю старонку гэтай казкі. Колькі цікавых і яркіх момантаў было падчас яе прачытання! Мяне перапаўняе пачуццё гордасці ад таго, што наша сталічная педагагічная прастора прырасла новымі талентамі. І хоць павінны выбраць лепшага, сёння перамаглі ўсе вы. Дзякуючы вам, у вашых установах адукацыі адкрываюцца новыя зоркі.
У выніку ўсіх выпрабаванняў 3-е месца заняла Яўгенія Гамава з гімназіі № 17, на другую прыступку падняўся Аляксандр Плыгаўка з гімназіі № 39. Пераможцам стаў Сяргей Хвайніцкі (сярэдняя школа № 62). Яму будзе прысуджана і прэмія Мінгарвыканкама.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра КАМЕНЧУКОВА.