Не трэба нагоды, каб быць сярод прыроды

Вялікая навука пачынаецца з малой. Гэты вывад зрабілі для сябе педагогі-эколагі, далучаючы да навуковых даследаванняў самых юных выхаванцаў. Праграмы аб’яднанняў па інтарэсах Лідскага і Жлобінскага раённых экалагічных цэнтраў дзяцей і моладзі, якія захапілі малодшых школьнікаў даследаваннямі, у сераду аказаліся ў ліку лепшых на Рэспубліканскай навукова-метадычнай нарадзе “Метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу”. 

Лідскія эксперыментатары

“Думка аб стварэнні праграмы аб’яднання па інтарэсах з даследчым і эксперыментальным ухілам узнікла ў нас даўно. Назіраючы адсутнасць дынамікі ў актыўнасці і выніковасці ўдзелу навучэнцаў Лідскага раёна ў даследчых конкурсах, канферэнцыях, мы правялі ўсебаковы аналіз праблемы і высветлілі, што ў вучняў адсутнічаюць першапачатковыя навыкі даследчай дзейнасці ў прыродзе, у педагогаў раёна засталіся незапатрабаванымі такія найбольш эфектыўныя (на наш погляд) формы работы з навучэнцамі, як дослед і эксперымент, — гаворыць дырэктар цэнтра Жанна Мікалаеўна Цехановіч. — Каб змяніць гэтую тэндэнцыю і паказаць наглядны прыклад калегам (ды і навучэнцам), мы вырашылі яшчэ мінулым летам арганізаваць на базе цэнтра даследчую пляцоўку “Юныя даследчыкі” для навучэнцаў пачатковага і сярэдняга звяна”.


Пляцоўка ўключала ў сябе штодзённыя даследаванні расліннага і жывёльнага свету, экскурсіі па вывучэнні аб’ектаў жывой прыроды, пазнанне свету праз самастойна праведзеныя доследы і эксперыменты. Напрыклад, заняткі “Зялёныя эксперыменты” (пакаёвае кветкаводства), эколага-краязнаўчая экспедыцыя “Разведчыкі прыроды”, гульня “Сляпая прагулка”, заняткі-практыкум “Размнажэнне пакаёвых раслін”, вучэбныя заняткі “Пацешныя доследы з вадой”, эксперыменты “Прыцягвае — не прыцягвае”, доследы з глебай, паветрам, энергіяй і інш.

Такі кірунак аказаўся запатрабаваным, таму да верасня 2016 года Жанна Мікалаеўна і метадыст цэнтра Наталля Яўгенаўна Бірук распрацавалі праграму дзіцячай эксперыментальнай экалабараторыі “Юныя эксперыментатары”, аснову якой склалі цікавыя інтэрактыўныя заняткі, даследаванні, эксперыменты і доследы.

Праграма базавага ўзроўню, разлічаная на вучняў 6—10 гадоў, мае тры модулі: “Жывая прырода”, “Нежывая прырода” і “Фізічныя і хімічныя з’явы”. Кожны модуль можа быць выкарыстаны незалежна адзін ад аднаго, у тым ліку пры арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў у перыяд канікул і ў часовых аб’яднаннях па інтарэсах.


Модуль “Нежывая прырода” ўключае вывучэнне вады, паветра, глебы на першым годзе навучання з далучэннем карысных выкапняў і солі — на другім. Не менш цікавы і важны модуль “Фізічныя і хімічныя з’явы”: тэмы энергіі, святла і электрычнасці вывучаюцца ў першы год з паглыбленнем ведаў і далучэннем новага матэрыялу аб з’явах магнетызму, руху і хімічных рэакцыях у штодзённым жыцці ў другі год навучання.

У чым заключаецца адметнасць праграмы?

Па-першае, кожная тэма суправаджаецца кароткатэрміновымі (можна сказаць, імгненнымі) даследаваннямі, эксперыментамі або доследамі.

Па-другое, прадугледжана і доўгатэрміновая даследчая работа. Напрыклад, эксперымент “Ад насення да расліны”. Так, на першым этапе, у верасні, пры вывучэнні лекавых раслін, дзеці збіраюць насенне мацярдушкі. Пры вывучэнні тэмы “Роля чалавека ў стварэнні культурных раслін” гэтае насенне высейваюць у скрыні. Далей пры вывучэнні раздзела “Расліны саду і агарода” дзеці назіраюць за ростам і развіццём расады мацярдушкі звычайнай і афармляюць дзённікі назіранняў. Вясной вывучаецца глеба, высаджваецца расада ў закрыты грунт. Працягваецца назіранне за развіццём… І гэтак далей!

І, па-трэцяе, усё гэта разбаўляецца не менш цікавымі для дзяцей формамі работы: гэта і дэманстрацыя фільмаў (абавязкова яркія, маляўнічыя і даступныя для разумення), і элементы дзіцячай экалагічнай творчасці (вырошчванне “травянчыка” — прарастанне насення; мадэляванне сняжынкі з паперы — стан вады; выраб флюгера-ветрачка — рух паветра і г.д.), інтэлектуальная дзейнасць, прагулкі і экскурсіі ў прыроду.


Трэба сказаць, што праграма “Юныя эксперыментатары” стала толькі кропляй у моры той экалагічнай працы, якую праводзіць Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Так, ён каардынуе арганізацыю і развіццё эколага-біялагічнай дзейнасці ў Лідскім раёне, у тым ліку даследчай работы, штогод арганізоўвае і праводзіць раённую канферэнцыю юных вопытнікаў і даследчыкаў прыроды для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту з мэтай вызначэння перспектыўных напрамкаў у правядзенні даследаванняў у прыродных умовах, доследаў і эксперыментаў з аб’ектамі прыроды. Навучэнцы пачатковых класаў прымаюць удзел у штогадовым раённым конкурсе “Я пазнаю свет”. Восенню на базе цэнтра праходзіць вочная абарона навучэнцамі тых даследаванняў, якімі яны займаліся пад кіраўніцтвам педагогаў або самастойна на працягу года. Дзеці не толькі агучваюць іх вынікі, але і наглядна дэманструюць іх.

У цэнтры працуюць гурткі даследчай накіраванасці “Юныя даследчыкі прыроды”, “Следапыт”, “Лесазнаўства”. Значны даследчы кампанент утрымліваюць праграмы “Энергія і энергаэфектыўнасць” (альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, энергетычны аўдыт і г.д.), “Прыродная аптэка” (лекавыя травы), “Юныя натуралісты” (даследаванні і назіранні ў кутку жывой прыроды, на вучэбна-доследным участку ў аддзеле юных натуралістаў), “Чалавек і кветкі” (пакаёвыя расліны, іх размнажэнне рознымі спосабамі), “Экалогія і жыццё” (даследаванні вады, паветра, лесу, вадаёма, глебы і г.д., уплыву чалавека на стан навакольнага асяроддзя ў межах горада і ў сельскай мясцовасці; роля ўрбанізацыі ў жыцці чалавека і навакольнага асяроддзя, праблемы бытавых адходаў, пошук шляхоў іх утылізацыі або другаснай перапрацоўкі і інш.). На тэрыторыі цэнтра рэалізуюцца ландшафтна-даследчыя, эколага-адукацыйныя праекты.

Наколькі паспяхова падпарадкоўваецца навука выхаванцам цэнтра, красамоўна сведчаць іх шматлікія ўзнагароды і перамогі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах юных даследчыкаў.

Жыццё пад мікраскопам

Штодзень дапытлівыя дзеці задаюць дзясяткі самых складаных пытанняў сваім бацькам і педагогам. Іх цікавіць літаральна ўсё: з чаго складаюцца жывёлы і расліны, чым пячэ крапіва, чаму адны лісточкі гладкія, а іншыя — пушыстыя, чаму памідор чырвоны, а агурок — зялёны… Вы можаце знаходзіць сто тлумачэнняў, і не адно не дасць дасканалага адказу. Педагогі Жлобінскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, падпарадкоўваючыся правілу “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, у адказ на кожнае іх “чаму?” працягваюць сваім маленькім выхаванцам… мікраскоп.

“Мікраскапіраванне — гэта асаблівы занятак, у нечым падобны на магію, калі ты спазнаеш тое, што знаходзіцца вакол і аб чым навакольныя людзі могуць і не здагадвацца. Для дзіцяці, якое займаецца мікраскапіраваннем, гэта першы вопыт працы, максімальна набліжанай да навуковых даследаванняў, магчымасць адчуць сябе сапраўдным вучоным, даследчыкам, які адкрывае таямніцы нябачнага свету, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна Усцінава, педагог дадатковай адукацыі Жлобінскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і аўтар праграмы “Жыццё пад мікраскопам”. — Заняткі з мікраскопам дапамогуць пашырыць веды аб навакольным свеце, стварыць неабходныя ўмовы для пазнавальнай дзейнасці, эксперыментавання, сістэматычнага назірання за жывымі і нежывымі аб’ектамі. Дзіця будзе ставіць пытанні і самастойна шукаць на іх адказы. Маленькі даследчык зможа зусім інакш зірнуць на самыя простыя рэчы, убачыць іх прыгажосць і ўнікальнасць. Усё гэта стане моцнай асновай для далейшага развіцця і навучання”.
Праграма разлічана на адзін навучальны год і невялікую групу малодшага школьнага ўзросту — не больш за 8 навучэнцаў. У Жлобінскім раённым экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі аб’яднанне па інтарэсах дзейнічае другі год, і тут больш актуальная праблема пашырэння зместу праграмы, бо многія з тых, хто курс ужо прайшоў, зноў запісваюцца на яго.


“Многіх бянтэжыць, што на занятках я прапаноўваю маленькім дзецям работу з мікраскопам. Маўляў, гэта вельмі складаны механізм для іх. Гэта аспрэчаць ужо самыя першыя заняткі і той эфект, якія яны аказваюць на дзяцей: дастаткова ўбачыць іх рэакцыю, іх вочы”, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна.

Ды і практычная работа з мікраскопам — толькі частка заняткаў. Кожныя заняткі пачынаюцца з гутаркі пра прыроду, пра ваду, паветра, глебу, пра іх ролю ў нашым жыцці, з вывучэння лісточкаў, пладоў, гербарыя. Толькі потым дзеці разглядваюць гэта пад мікраскопам. На занятках праводзяцца віктарыны, гульні “Фіталекар”, “Жывое — нежывое”, “Глебавыя насельнікі”, “У грыбы”, “Атамы і малекулы” і інш., праходзяць экскурсіі.

Асноўная ідэя заняткаў з маленькімі даследчыкамі ў іх самастойнай працы. Каб вывучыць каранёвую сістэму, дзеці спачатку прарошчваюць пакаёвыя расліны, самі адшчыпваюць карэньчыкі, разглядваюць іх, а потым чаранкі ўкараняюць. Вырошчваюць чайны грыб, плесню на харчовых прадуктах, каб іх даследаваць.

Асабліва цікава праходзяць майстар-класы, напрыклад, “Чароўныя растворы”, “Фруктовыя долькі”, “Каляровыя і ядомыя”.

“Майстар-класы, улючаныя ў праграму, мы распрацавалі для навучэнцаў усіх узростаў, праводзім мы іх часцей на канікулах, і на іх заўсёды збіраецца шмат дзяцей. Я нават здзіўляюся, наколькі старшакласнікі захапляюцца заняткамі, — расказвае Надзея Уладзіміраўна. — У маленькіх дзяцей гэта натуральная якасць. Цікава назіраць іх рэакцыю. Напрыклад, на майстар-класе “Фруктовыя долькі” пытаюся, чаму ўсе фрукты маюць розны колер. Версій мноства: ад “для прыгажосці” да “для смаку” (яны цвёрда вераць, што чырвоны яблык смачнейшы за жоўты), і цікава назіраць, калі яны знаходзяць правільны адказ за мікраскопам.

Акрамя таго, яны фантазёры. Напрыклад, гутарым пра паперу і аб працэсе яе стварэння. У мікраскоп глядзім на валокны драўніны ў паперы. І тут — выбух фантазіі: яны бачаць у валокнах і касцёр, і лес з Бабай Ягой, і высушаную траву, і сноп, і парваную тканіну. Разгараюцца цэлыя дыскусіі. Кожнае дзіця сваю версію прадстаўляе алоўкам: кожны від праз акуляр яны замалёўваюць у альбом”.

Малодшых школьнікаў лёгка здзівіць нават у быце, дома, а тым больш на такіх відовішчных занятках. Тыя адкрыцці, якія яны робяць праз акуляр, не проста адкрываюць для іх нябачны свет, а даказваюць, што пазнаваць свет — цікава. А гэта — галоўнае адкрыццё, бо яно натуральным чынам патрабуе новых даследчых уражанняў.

Святлана НІКІФАРАВА.