За апошнія гады развіццё школьнага прадпрымальніцтва стала важным складнікам выхаваўчай работы многіх навучальных устаноў. Звычайна педагогі пачынаюць абуджаць бізнес-жылку ў навучэнцаў старшай школы, таму не заўсёды паспяваюць гэта зрабіць да іх выпускнога. Педагогі Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці рыхтуюць юных прадпрымальнікаў адразу пасля дзіцячага садка.
Для гэтага летась тут быў створаны вучэбна-практычны цэнтр “Выберы будучыню сёння”. Менавіта тут навучэнцы вывучаюць асновы прадпрымальніцтва, развіваюць прафесійна важныя ўменні і навыкі праз розныя аб’яднанні і суполкі. Галоўнае, тут наладжана пераемнасць паміж усімі прыступкамі агульнай сярэдняй адукацыі. На I ступені агульнай сярэдняй адукацыі для дзяцей адчыняе свае дзверы “Школа гнома Эканома”, на II ступені — рэкламнае агенцтва “УРА”, на III — школьная бізнес-кампанія “Дзелавая моладзь”. Гэта і стала асновай праекта “Выберы будучыню сёння”, аўтары якога — А.Э.Варанішча, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, В.У.Шыпілава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, Н.Ю.Гарбачова, настаўніца матэматыкі, і Т.Ю.Грышкевіч, настаўніца пачатковых класаў, — атрымалі перамогу ў намінацыі “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі”.
У “Школе гнома Эканома” дзеці знаёмяцца з разнастайнымі прафесіямі і паглыбляюцца ў прафесію рамесніка. “Рамесніцтва сёння вельмі запатрабавана на сяле, бо можа быць не толькі асноўнай прафесіяй, але і дапаўняць яе, — гаворыць Алена Эдвардаўна Варанішча. — Нават цяпер, калі нашы маленькія “эканомы” толькі пачалі вучыцца ў школе, яны ўжо атрымліваюць уласныя грошы з продажу сваіх вырабаў на кірмашах і ў нашай школе, і ў партнёраў — музеі-сядзібе Агінскага. А на новыя творчыя ідэі дзяцей натхняюць сустрэчы з прафесійнымі рамеснікамі і іх майстар-класы па вырабе паштовак ручной работы, ганчарстве, саломапляценні, вышыўцы, вязанні, ткацтве”.
Дарэчы, вопыт работы па тэме “Арыентацыя на прафесію рамесніка як апора развіцця малога прадпрымальніцтва на сяле” на сёлетняй XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” быў удастоены дыплома І ступені Міністэрства адукацыі.
Новыя гарызонты для прадпрымальнікаў 5—8 класаў адкрывае рэкламнае агенцтва “УРА” (“Успешное рекламное агентство”). Тут школьнікі асвойваюць рэкламны бізнес, праводзяць майстар-класы, арганізоўваюць конкурсы слоганаў, буктрэйлераў, рэкламных ролікаў, ствараюць шчытавую рэкламу, агучваюць аўдыя- і радыёрэкламу на базе сваёй установы, ствараюць тэматычныя рэкламныя тэксты для прасоўвання прадукцыі школьнай бізнес-кампаніі “Дзелавая моладзь”.
А вось сама бізнес-кампанія “Дзелавая моладзь” ставіць сваёй мэтай развіццё эканамічнай адукацыі і маладзёжнага прадпрымальніцтва старшакласнікаў. Яны вывучаюць асновы бізнесу, прадпрымальніцтва, бухгалтарскага ўліку, атрымліваючы практычныя навыкі правядзення экскурсій і вырабу і рэалізацыі сувенірнай прадукцыі, звязанай з брэндам Залесся — сядзібай Міхаіла Агінскага: інфармацыйныя буклеты, каляндарыкі, паштоўкі, брашуры, магніты. Кампанія працуе па прынцыпе рэальнай фірмы, дзе за кожным работнікам замацаваны пэўныя функцыі. Ужо з 14гадоў дзеці могуць папоўніць штат маркетынгавага, вытворчага або фінансавага аддзелаў.
Удзельнікі рэкламнага агенцтва і школьнай бізнес-кампаніі праводзяць мерапрыемствы па развіцці прадпрымальніцкіх кампетэнцый для старшакласнікаў, якія не ўваходзяць у гэтыя суполкі, ладзяць дзелавыя, ролевыя, комплексныя, імітацыйныя гульні, конкурсы, кірмашы бізнес-ідэй, семінары-практыкумы, майстар-класы.
Па суботах старшакласнікі ездзяць на экскурсіі на прадпрыемствы, арганізацыі раёна і рэспублікі, дзе могуць дакрануцца да прафесій, на свае вочы ўбачыць тое, з чым знаёміліся ў тэорыі. Ладзяцца і сустрэчы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі Залесся, прадстаўнікамі малога бізнесу Смаргоншчыны, дзе старшакласнікі задаюць ім свае пытанні, з першых вуснаў даведваюцца пра цяжкасці і перавагі прадпрымальніцтва, пра тое, якім павінен быць прадпрымальнік і як падрыхтаваць сябе да гэтай дзейнасці.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.