Прыручыў — адказвай

Прыручылі, пазабаўляліся, пагулялі, а потым — выкінулі на вуліцу, вывезлі ў лес або ў лепшым выпадку аддалі ў добрыя рукі. Кожнаму з нас вядомы прыклады падобнага абыходжання з пухнатымі, крылатымі, насатымі, вушатымі, хвастатымі братамі нашымі меншымі. Як сфарміраваць у навучэнцаў адказныя адносіны да дамашніх любімцаў? Як змяніць адносіны дзяцей і бацькоў да бадзяжных жывёл? Вырашэннем гэтых пытанняў займаюцца ўдзельнікі праекта “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі” з сярэдняй школы № 9 Бабруйска. Займаюцца паспяхова, таму і атрымаў праект дыплом І ступені рэспубліканскага конкурсу.

Нашы гарады прыгожыя, утульныя, камфортныя для жыцця. Аднак ідэальнага нічога не бывае. Бадзяжныя жывёлы — праблема, характэрная для многіх беларускіх гарадоў, яна, нібыта лакмусавая папера, паказвае маральны стан нашага грамадства. Вырашым гэтую праблему — значыць станем крышачку больш маральна дасканалымі. Пакуль не вырашылі, таму і з’яўляюцца час ад часу ў СМІ паведамленні, што недзе на ўскрайку горада зграя сабак пакусала чалавека. А калі б на месцы гэтага чалавека апынуліся мы або нашы дзеці? Трэба аддаць належнае тым неабыякавым людзям, грамадскім арганізацыям, якія ствараюць прытулкі для бадзяжных жывёл, праводзяць акцыі па раздачы катоў і сабак у добрыя рукі.

Гэтыя акцыі можна праводзіць бясконца, а колькасць бадзяжных жывёл наўрад ці зменшыцца. Трэба шукаць першапрычыну, а яна, на думку аўтара праекта настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 9 Бабруйска Уладлены Сцяпанаўны Ярмольчык, у людзях. Неабходна распрацаваць такую сістэму выхаваўчай работы, пры якой можна быць упэўненым, што вучань або яго бацькі добра ўзважаць усе “за” і “супраць” перад тым, як браць у дом мілага і смешнага шчанюка, дзесяць разоў падумаюць, ці здольны будуць даглядаць дарослага сабаку.


“Праблема існавання бадзяжных жывёл з’яўляецца адной з актуальных праблем Бабруйска і мае неспрыяльныя экалагічныя і сацыяльныя наступствы. Магчыма, шмат хто хоча дапамагчы такім жывёлам, але не ведае, як гэта зрабіць. У кастрычніку 2014 года ў рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня навучэнцы нашай школы сталі ўдзельнікамі гарадской акцыі “Забяры мяне дадому”, якая праводзілася на тэрыторыі парку культуры і адпачынку бабруйскім грамадскім аб’яднаннем абароны жывёл “Дабрадзейнасць”. Атмасфера акцыі была настолькі прасякнута дабрынёй і цяплом, што глыбока запала ў душу навучэнцам. Яны адразу загарэліся ідэяй праводзіць падобныя мерапрыемствы рэгулярна. Так пачалася работа над праектам “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, — паведаміла Уладлена Сцяпанаўна.

З таго часу навучэнцы 9-й школы рэгулярна ўдзельнічаюць у абласной акцыі “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі”, за што ўстанова адукацыі была тройчы адзначана дыпломамі Абласнога цэнтра творчасці. Усё большая колькасць дзяцей і бацькоў далучаецца да мерапрыемстваў у абарону безнаглядных жывёл. Акрамя акцыі, гэта конкурсы фотаздымкаў “Звяры мае”, малюнкаў “Мой дамашні гадаванец”, плакатаў “Мы ў адказе за тых…”, сачыненняў “Слова братам нашым меншым”, гульня-віктарына “У свеце жывёл”, анкетаванне, трэнінгі, спартландыі “Чатыры лапы, два хвасты”, “Джунглі клічуць”, “Каты супраць сабак”, экскурсія ў ветэрынарную клініку, кіналагічны цэнтр, стварэнне і распаўсюджванне сярод жыхароў горада лістовак з інфармацыяй пра дзейнасць дабрачынных арганізацый. Рыхтуюць і праводзяць гэтыя мерапрыемствы ініцыятыўныя групы навучэнцаў, бацькоў, настаўнікаў.


“Многія людзі заводзяць жывёл. Для кагосьці гадаванец становіцца членам сям’і, прыносіць у дом утульнасць і радуе гаспадароў. Для кагосьці з’яўляецца незаменным памочнікам. Як правіла, у якасці дамашніх жывёл выбіраюць катоў, сабак, розных дэкаратыўных птушак, грызуноў, рыбак. І ўсё б нядрэнна, але часта людзі забываюць пра элементарныя правілы ўтрымання гадаванцаў, не валодаюць неабходнай інфармацыяй і, як вынік, парушаюць устаноўленыя нормы. Дамашняя жывёла — гэта вялікая адказнасць, таму да ўтрымання гадаванцаў неабходна ставіцца з усёй сур’ёзнасцю і разуменнем”, — падзяліліся сваімі думкамі юныя ўдзельнікі праекта.

Адзін з напрамкаў работы над праектам — прафарыентацыйны. Здаецца, як можна суаднесці бадзяжных жывёл з выбарам будучай прафесіі? Аказваецца, можна, і прафесій, звязаных з жывёламі, вельмі многа. Самы просты прыклад — ветэрынар, кінолаг. Асноўныя якасці, якімі павінны валодаць людзі з такімі спецыяльнасцямі, — любоў да жывёл, цярпенне, назіральнасць, смеласць, упэўненасць, адказнасць.

Удзельнікі праекта і ёсць цярплівыя, назіральныя, смелыя, адказныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія любяць жывёл. Праз гадоў 10—20 яны стануць татамі і мамамі, а значыць, мы можам быць упэўненымі, што праблема бадзяжных жывёл нашых гарадоў абавязкова вырашыцца і наша грамадства стане лепшым.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва школы.