Пад знакам скаўцкай лілеі

Лясная дарога, пятляючы, бяжыць і бяжыць у гушчар, пакінуўшы далёка ззаду і чыгунку з яе электрычкай, і вёску Заскавічы. Звычайнаму гараджаніну знайсці сюды дарогу не дапаможа ні навігатар, ні карта, ні сонца, ні зоркі. І толькі дзіцячыя звонкія галасы наперадзе, зліваючыся з птушынымі, знімаюць сумненні: мы амаль на месцы. Сёлета скаўцкая дружына імя Барыса Саланевіча разбіла свой лагер на Віліі, у Маладзечанскім раёне, і сабрала разам больш за сотню ўдзельнікаў з Мінска, Брэста, Гомеля, Смаргоні.

Новыя сцежкі

Сёлета дружына святкуе 10-годдзе свайго адраджэння. Яна была створана яшчэ ў пачатку 90-х і носіць імя ўраджэнца Гродна, аднаго з самых першых і адданых справе скаўтаў на нашай тэрыторыі. Але на доўгі час дружына распалася. Поўным жыццём зноў зажыла толькі ў 2009 годзе, калі Мікіту Кавяровічу, на той час яшчэ школьніку, і яго камандзе ўдалося ўтварыць яе касцяк і пры падтрымцы аддзела адукацыі Заводскага раёна Мінска арганізаваць цікавую і насычаную работу. На працягу года яны арганізуюць новыя праекты: гарадскія квесты, сацыяльныя акцыі (напрыклад, кожную вясну скаўты саджаюць лясы падчас “Тыдня лесу”), перадача Віфлеем­скага агню, які па краінах свету развозяць скаўты, штогадовыя скаўцкія балі і, канечне, летнія лагеры.

Мікіта і тады быў адным з першых кіраўнікоў дружыны, а цяпер ён — начальнік лагера і па сумяшчэнні член цэнтральнага выканкама — шэф-скаўт, ці старшы скаўт, адказвае за ўсе скаўцкія групы ў Беларусі. Усяго ў Беларусі больш за 1,1 тысячы скаўтаў. Традыцыйна іх узрост абмежаваны 8—17 гадамі. Але на справе гэтыя межы ўмоўныя — ёсць і малодшыя скаўты, і намнога старэйшыя.

Сёлетні юбілейны лагер праходзіць пад дэвізам “Скрозь часы”, і яго ўдзельнікі ўспамінаюць самыя цікавыя гульні за 10 гадоў. “Крэпасці”, “Выспы”, “Свісток”, “Кім”, “Шышкі” — сваіх, адметных, гульняў у скаўтаў мноства. “Жураўлі і кропкі” — свайго роду творчая справаздача дня ці тыдня — цяпер змясцілі самыя яркія нумары мінулых гадоў. Кульмінацыяй усёй лагернай змены стала святочная мачта. Яна сабрала тых людзей, якія 10, 15 і нават 20 гадоў назад пачыналі. Не абышлося, канечне ж, і без паходаў. Лагер разбіўся на тры групы. Малодшая рабіла прывал непадалёк, а старэйшыя перапраўляліся праз раку ў Вілейскі раён, у вёску Ручыцу (18 км ад лагера), у летнюю рэзідэнцыю Агінскіх. Самыя дарослыя скаўты хадзілі ў Беніцу за 28 кіламетраў ад лагера, у Траецкі касцёл 1704 года і да помніка абаронцаў Маладзечна. Так юныя даследчыкі вывучаюць новую тэрыторыю, бо, спадзяюцца, яна яшчэ доўга будзе іх дружынным месцам.

Навошта “пёры” “ваўчаняці”?

Гэтае месца над Віліяй некалі знайшоў Вячаслаў Панамароў, сёлетні выпускнік БДТУ. Ён трапіў у арганізацыю ў 9 гадоў і 15-ы год жыве ў дзіцячых лагерах. Калі яму было 16 гадоў, ён на чале атрада з 40 чалавек хадзіў у паходы па ўсёй Беларусі, у рамках акцыі “Аксамітныя шляхі Беларусі” знаходзіў помнікі драўлянага дойлідства — цэрквы, млыны і г.д., адзначаў іх на карце і запісваў іх гісторыі ад мясцовых старажылаў. Прайшоў шлях ад “ваўчаняці” — малодшага скаўта — да кадэта, потым стаў патрульным (адказваў за невялікую групу — 8 чалавек), потым — атрадным (узяў пад крыло некалькі патрулёў). Да мая ўзначальваў дружыну імя Барыса Саланевіча. 

Любоў да лесу зарадзілася якраз у скаўтынгу, таму, не вагаючыся, ён паступіў у БДТУ на факультэт лясной гаспадаркі і пасля яго заканчэння пайшоў працаваць у “БелДзяржЛес”. А цяпер “жыве” ў лесе прафесійна. Але летнікі не могуць не быць у яго жыцці. Напрыклад, тут Слава вучыць “ваўчанят” лясной батаніцы: расказвае пра кожную былінку-травінку, чым яна карысная, якая з іх ядомая, якая спыняе кроў, якая небяспечная.

Пра тое, чым канкрэтна можа падзяліцца Слава, красамоўна расказвае правы рукаў яго сарочкі — менавіта тут у скаўтаў месцяцца нашыўкі. Кожная з іх мае сваё значэнне і гаво­рыць пра дасягненні і ўменні ўладальніка. Арыентаванне, кастравы, гульнявік, кухар, медык і майстар вузлоў  — усе гэтыя спецыяльнасці Слава асвоіў, пра што і свед­чыць стракаты рукаў. Прычым нашыўкі ў залатых аблямоўках — значыць, ён не проста асвоіў іх, а стаў інструктарам, таму можа праводзіць заняткі і прымаць у малодшых залікі па гэтых дысцыплінах. Тут жа адлюстроўваюцца і пройдзеныя выпрабаванні.

“У скаўтаў ёсць адметныя выпрабаванні: 1, 2 ці 3 пяры. Каб атрымаць адно пяро, трэба, знаходзячыся ў лагеры, суткі прамаўчаць. Хоць гэта здаецца простым, паверце, для дзіцяці гэта надзвычай складана. Калі мне было гадоў 11—12, я здаў толькі з трэцяга разу. Два пяры можна атрымаць, калі здолееш суткі не толькі памаўчаць, але і не есці ў лагеры. Харчы трэба шукаць самому ў лесе (летам гэта ўвогуле не праблема). А трэцяе пяро атрымаць найбольш складана і цікава: невялікую групку (2—4 чалавекі) адпраўляюць у лес непадалёк лагера на суткі. Акрамя таго, што дзеці павінны маўчаць і шукаць сабе харчаванне самастойна, пераначаваць у лесе ім трэба з мінімальным наборам рэчаў:  паўтара літра вады, адзенне, турыстычны дыванок, спальнік і 3 запалкі. На выбар можна ўзяць яшчэ нож, кручок з лёскай ці вяроўку”, — расказвае Вячаслаў.

Такое выпрабаванні прахо­дзяць выключна добраахвотна — калі падлетак хоча сам сябе выпраба­ваць. Яно ідзе пад пільным, але не заўважным для падвыпрабавальных наглядам. Кіраўнікі правяра­юць, наколькі добра дзеці спраўляюцца з заданнем. Так, аднойчы падчас выпрабавання пайшоў лівень. Дзяжурныя пайшлі і праверылі: чый шалаш прамок, тых забралі з выпрабавання, а тыя, чый шалаш выстаяў і не прапусціў ваду, засталіся да канца, бо ўменне паклапаціцца пра сябе вельмі важнае.

Тры гады назад Слава прайшоў яшчэ адзін іспыт, які ладзіцца толькі для дарослых і для вопытных скаўтаў, — “Залатое пяро”. Яго за ўсю гісторыю беларускага скаўтынгу здавалі толькі 2—3 разы, да Славы апошні раз — гадоў 10 назад. Таму нашыўку такую пакуль яшчэ не стварылі.

“Выпрабаванне жорсткае, і яго сутнасць у тым, што вечарам чалавека з завязанымі вачыма вязуць, пятляючы, далёка ад лагера і там пакідаюць. І яго задача — знайсці дарогу ў лагер. Даюцца яму толькі запалкі. Мяне адвезлі ў Налібоцкую пушчу за 20 кіламетраў, але да раніцы я ўжо прыйшоў у лагер”, — расказвае хлопец.

На маю рэакцыю ад такіх, мякка кажучы, непедагагічных метадаў Вячаслаў гаворыць, што ў нашых беларускіх лясах немагчыма заблукаць. Галоўнае — умець арыентавацца. Гэтаму Вячаслаў і вучыць сваіх падапечных “ваўчанят”:

“У школе вучаць, што мурашнік стаіць заўсёды з паўднёвага боку, але з практыкі магу сказаць, што на самай справе мурашы будуюць яго там, дзе ім зручна. Нас вучылі, што мох расце на дрэвах з паўночнага боку. Няпраўда: толькі там, дзе больш вільготна. Кажуць, што можна па сонцы вызначыць стораны свету. Так, можна. Але які сэнс ад кірунку, калі ў вас няма карты? І калі нават вы такі дзівак, што ходзіце ў лес толькі з картай, як вызначыць на ёй кропку, дзе вы згубіліся? Самыя вялікія лясныя масівы ў Беларусі — не больш за 40 кіламетраў. Галоўнае — выбраць кірунак, каб не пятляць. Тут трэба знайсці сонца і памятаць, што роўна ў гадзіну дня яно будзе на поўдні, у 7 раніцы — на ўсходзе, у сем вечара — на захадзе. Так можна знайсці, дзе поўнач, і проста ісці ў адным кірунку на поўнач, нікуды не зварочваючы. Як бы там ні было, за дзень-два ты выйдзеш з лесу. Што да ежы, то ў нашых лясах яе хапае: журавіны і брусніцы будуць і да зімы, і пад снегам захаваюцца, і да мая вас дачакаюцца. Калі ёсць вада і запалкі, можна на кастры згатаваць адвар хвоі звычайнай елкі — ён зніме смагу і дасць вітаміну С у 8 разоў больш, чым апельсінавы сок”.

Дарэчы, якраз уменне распальваць кастры прынесла Славу “вогненную” славу. Яго майстар-класы заўсёды выклікаюць фурор у навічкоў. Хлопец умее рабіць агонь без дыму, умее здабываць агонь з крэсі­ва, ведае, як распаліць мокрыя ад дажджу дровы, і інш.

“У дождж дастаткова знайсці кавалачак бяросты — яна не прамакае і доўга гарыць. Калі трэба сагрэцца, але не выдаць сваё месцазнахо­джанне дымам, замест хваёвых дроў бярыце альховыя, бярозавыя ці арэшнік, толькі без кары”, — дзеліцца сакрэтамі Вячаслаў.

У госці да сваіх

Наталля Шасцярыкова, загадчык  вучэбна-метадычнага кабінета Цэнтра творчасці Смаргоні, скаўт з 22-гадовым стажам, ацаніла перавагі скаўтынгу і зрабіла асновай сваёй работы. Яе клуб “Шукальнік” працуе па скаўцкіх метадах, а “Дыялог на роўных” — па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Сваіх скаўтаў яна збірае ў перасовачным палатачным лагеры “Берандзеі” і сёлета распланавала яго маршрут так, каб зайсці да дружыны на юбілей з паходам на пару дзён. Некалькі гадоў педагог працуе над дысертацыяй па тэме інфантыльнага геданізму.

Наталля Шасцярыкова, педагог дадатковай адукацыі Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: “У нашым лагеры мала педагогаў, але агульную мову з дзецьмі лёгка знаходзяць і ўрачы, і юрысты, і леснікі, і праграмісты. Скаўцкі метад працуе, не патрабуючы дыпломаў педуніверсітэтаў”.

 “Інфантыльны геданізм — рэаліі сучаснасці: з-за таго, што дзеці і падлеткі пражываюць жыццё ненапружана, ім не трэба пераадольваць ніякія цяжкасці, каб нешта атрымаць, нават у 19 гадоў яны яшчэ застаюцца дзецьмі. Нездарма зараз абмяркоўваецца пытанне перасунуць узроставыя межы падлеткавага ўзросту далей. Дык вось, скаўтынг дапамагае вырашыць гэтую праблему, бо скаўт не рыхтуецца да жыцця, а жыве ўжо сёння. У нашых лагерах няма абслуговага персаналу (дарослыя, педагогі тут на роўных умовах), таму ўсім даводзіцца вучыцца самастойнасці. Мы разам гатуем, разам арганізуем, разам прыбіраем і распальваем касцёр, разам гуляем і абмяркоўваем праблемы. Тут не пагуляеш у тэлефоне, бо падзарадзіць яго няма дзе. Праўда, час ад часу бываюць кур’ёзы, калі высвятляецца, што навічкі ў лагер бяруць фен ці электрагітару. Аднойчы, каб красамоўна патлумачыць гаспадыні фена гэтую недарэчнасць, хлопцы нажом прасвідравалі ў дрэве дзве адтуліны “партатыўнай разеткі”. Так, паціху і навічкі ўжываюцца ў прыродзе, аглядваюцца навокал, вучацца тут жыць, спрабуюць ягады, вывучаюць травы, самі складаюць чайныя зборы, замест тэлефонных гульняў вучацца сваімі рукамі рабіць байдаркі, будаваць шалашы”, — расказвае Наталля Георгіеўна, ці па-лагернаму — Наташа (у скаўтынгу ўсіх называюць выключна па імені і на ты). — Не менш важна развіццё камунікацыі. Напрыклад, Максім, якога мы цяпер жартам называем філосафам, калі прыйшоў да нас, не мог слова сказаць перад аўдыторыяй. А Дзіма тры гады назад меў дэфект маўлення, а цяпер ён сам распрацоўвае і вядзе трэнінгі. Гэта ўсё — вынікі скаўцкай сістэмы навучання, якая працуе на працягу ўсяго года. Так, у рамках нашага праекта шостага школьнага дня “Пад знакам скаўцкай лілеі” нашы скаўты прыходзяць у школы, у цэнтры творчасці і расказваюць сваім равеснікам пра тое, чым займаюцца, праводзяць гульні па станцыях, ла­дзяць майстэрні, вучаць іх усяму таму, чаму ўжо навучыліся самі”.

Над Віліяй ужо сабраны палаткі, рукзакі, але не многія з іх гаспадароў паехалі дадому. У гэтыя дні працягваецца летняя скаўцкая гісторыя на Стаўбцоўшчыне, дзе праходзіць Нацыянальны скаўцкі лагер. Пасля яго сябры з усёй Беларусі развітаюцца. Традыцыйна — весела, бо гэта ў звычайным летніку дзеці плачуць, бо ніколі ўжо такім складам не сустрэнуцца. Скаўты ж раз’язджаюцца з усмешкай, бо ведаюць, што абавязкова сустрэнуцца зноў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.