Часам бацькі скардзяцца, што ў школу дзяцей цяжка разбудзіць, а вось на канікулах яны прачынаюцца самі і, як кажуць, з пеўнямі. Асабліва, калі ў дзіцяці на дзень шмат планаў. Менавіта такую мэту — напоўніць вольны час цікавымі і карыснымі справамі — паставілі перад сабой педагогі дадатковай адукацыі Беларусі, запрасіўшы сваіх навучэнцаў у анлайн-прастору.
Не пайсці на заняткі, а ўвайсці, — анлайн, не выходзячы з дому — такую альтэрнатыву хлопчыкі і дзяўчынкі ацанілі па ўсёй краіне. Першымі свае крокі да навучэнцаў зрабілі абласныя ўстановы дадатковай адукацыі, але далучаюцца і іншыя.
Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі ў перыяд вясновых канікул арганізаваў маштабны анлайн-праект “#нясумныя канікулы”, у межах якога штодня з 11.00 на сваёй старонцы размяшчае цікавыя матэрыялы для арганізацыі вольнага часу. Завітаўшы на старонку, у дыстанцыйным рэжыме кожны жадаючы можа стаць удзельнікам майстар-класаў, відэазаняткаў, можа паглядзець канцэртныя праграмы, спектаклі, здейсніць віртуальныя экскурсіі і наведаць выставы, даведацца шмат новага і займальнага з вопыту работы гурткоў палаца, а таксама паўдзельнічаць у віктарынах, вэб-квестах і гульнях, якія праходзяць штодня ў анлайн-рэжыме.
Свае ідэі, як зрабіць канікулы нясумнымі, прапанавалі многія ўстановы. Як дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам дома асвоіць ігру на барабанах ці ўзяць самую высокую ноту падчас заняткаў вакалам, “пагуляць у мастацтва” ці далучыцца да сямейнага Instagram-марафону — знайшлі спосабы педагогі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Як хлопчыкам і дзяўчынкам падтрымаць сябе ў годнай танцавальнай форме і не забыцца пра самыя мудрагелістыя па, — знайшла рашэнне кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнага танца “Чабарок” з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Навучэнцы гуртка “Робататэхніка” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва навучылі рухацца і выконваць розныя каманды сваіх робатаў. Інтэлектуалы з Гомельшчыны ладзяць свае “разумныя” анлайн-турніры, а навучэнцы аб’яднання “Бісерапляценне” Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадэманстравалі свае блогерскія здольнасці, запусціўшы ўласнае “Бісер-SHOW”.
Канікулы сталі толькі стартам для навучання ў дыстанцыйным фармаце. Усе заняткі будуць працягвацца і тэматычна пашырацца і далей. Многія ўстановы плануюць свае анлайн-заняткі не прыпыняць круглы год. Пра ўсе гэтыя і іншыя праекты і ініцыятывы чытайце ў сённяшнім дадатку. А калі вы толькі збіраецеся працягнуць гэты творчы анлайн-марафон, але не ведаеце як, — адгортвайце старонку і шукайце ідэі і падрабязную інструкцыю для выбудоўвання сваіх заняткаў.
Аддзел праблем выхавання.