Перадаць нашчадкам

Маршруты экспедыцый і падарожжаў даследчыкаў мінулага са Слабадскога дзіцячага сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна пралягаюць па адметных мясцінах роднай вёскі і яе ваколіц. Неабыякавыя да гісторыі хлопчыкі і дзяўчынкі адкрываюць для сябе таямніцы тысячагадовай даўніны і блізкай гісторыі. Цікавасць да мінулага, пачутыя легенды і паданні клічуць у дарогу няўрымслівых сяброў краязнаўчага аб’яднання па інтарэсах “Нашчадкі”.

Валанцёрская праца ля старой капліцы

Весялова — адна з лепельскіх вёсак, дзе жывуць нашчадкі этнічных палякаў. На пачатку мінулага стагоддзя іх бацькі прыехалі на Лепельшчыну па лепшую долю. Цяпер у Весялове жыве каля двух дзясяткаў чалавек, пераважна сталага веку. Менавіта яны з’яўляюцца апошнімі захавальнікамі самабытнай польскай культуры і традыцый.


Сярод адметнасцей Весялова — старая каталіцкая капліца, якая схавалася за вершалінамі сосен, крыху воддаль ад вясковых могілак. У 30-я гады мінулага стагоддзя на гэтым месцы стаяў дыхтоўны будынак культавай святыні, які быў разбураны ў час барацьбы з рэлігіяй. У аднаго з вяскоўцаў захаваўся стары фотаздымак першай капліцы, які цяпер можна пабачыць у экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея. Цяперашняя капліца, збітая з дошак падчас вайны, мае больш сціплы выгляд. Яна невялікая, сцены абклеены старымі шпалерамі, у цэнтры — крыж з распяццем, упрыгожаны ручнікамі, у кутку — тумбачка з малітоўнымі кнігамі на польскай мове.

Пабудова занядбаная. Яно і зразумела. У цяперашні час патрэба ў наведванні капліцы адпала па той прычыне, што ў цэнтры Весялова пад культавую будыніну прыстасавалі колішні калгасны будынак. Самі вяскоўцы новую капліцу паважліва называюць касцёлам, да якога ідуць справіць святую імшу ў царкоўныя святы, калі з лепельскага касцёла прыязджае ксёндз. А старая капліца так і стаіць сіратліва, напаўзабытая. Толькі рэдкі падарожнік зможа адшукаць тое месца. Вось такімі падарожнікамі і сталі слабадскія школьнікі і лепельскія краязнаўцы. Яны не змаглі абысці капліцу сваёй увагай. Пасля агляду будыніны прыйшлі да высновы, што трэба адрамантаваць дах. Як толькі выдалася прыдатнае надвор’е, узброіўшыся неабходнымі інструментамі і будаўнічымі матэрыяламі, рушылі ў дарогу.

У Весялове засталіся на начлег у напаўзакінутай хаце Канопкаў. Не адзін пільны вясковец зазірнуў на падворак, каб даведацца, што за няпрошаныя госці гаспадараць на старой сядзібе. Пакінуўшы дзяўчат наладжваць сціплы быт вандроўнікаў і гатаваць абед, старэйшыя хлопцы разам з дарослымі рушылі да капліцы. І закіпела справа — у ход пайшлі нажніцы па метале і малаткі. Кожнаму знайшлося, што рабіць. На першы погляд, перакрыць дах здалося справай не вельмі складанай. Аднак чатырохсхільная канструкцыя перакрыццяў патрабавала дакладных матэматычных вылічэнняў дзеля больш рацыянальнага размеркавання дахавага матэрыялу. Увесь дзень кіпела работа, да заходу сонца ўсё было скончана. З новым дахам старая капліца стала выглядаць зусім па-іншаму. Яшчэ не адно дзесяцігоддзе да яе змогуць прыходзіць шчырыя вернікі і нашчадкі тых колішніх польскіх перасяленцаў, якія спачываюць на вясковых могілках.

Рэшткі ледавіковай эпохі

Увечары будаўнікоў чакала смачная вячэра, згатаваная на вогнішчы. Трэба было падсілкавацца кашай, каб набрацца сіл на заўтрашні дзень. З надыходам раніцы доўга бавіцца ў спальніках не давялося, наперадзе чакала не менш важная справа. Паснедаўшы і хуценька ўладкаваўшы рэчы на веласіпеды, рушылі ў дарогу па накатанай жвіроўцы, якая пачынаецца на скрыжаванні Стайск — Весялова, у бок Новых Валосавічаў. Спыніліся ля вялікай крушні камянёў. У нашай мясцовасці, багатай на рэшткі ледавіковай эпохі, такія краявіды — звычайная справа.


Аднак гэтая крушня незвычайная. Сярод бясформенных камлыг можна згледзець некалькі камянёў, апрацаваных рукой чалавека. Нехта ў свой час надаў ім форму крыжоў. Гэтыя крыжы, як і шэраг іншых пляскатых камянёў, калісьці служылі надмагільнымі помнікамі. Дзесьці непадалёку былі могілкі, знішчаныя падчас земляных работ. Толькі выпадак дапамог выявіць невядомыя помнікі Сярэднявечча. Дзе былі старыя пахаванні, сказаць складана. Апытанне жыхароў Валосавічаў і Весялова вынікаў не прынесла. Адназначна тое, што знаходзіліся могілкі ўзбоч старога шляху, які на працягу стагоддзяў злучаў Новыя Валосавічы і Свяду. Нездарма ў XVII стагоддзі вуліца ў Новых Валосавічах, ад якой пачыналася дарога, называлася Свядскай. Дарэчы, гэтая вуліца ёсць і сёння, толькі мае іншую назву.

Параіліся, як найлепшым чынам усталяваць камяні. Пры дапамозе калоў падняць пліты, што ўраслі ў зямлю, было не так цяжка. Стала добрай традыцыяй аднаўляць старыя пахаванні. Раней лепельскія краязнаўцы ўласнымі сіламі аднавілі могільнік каля вёскі Таронкавічы, які выклікае вялікую цікавасць у турыстаў. Ставілі паваленыя каменныя крыжы на старых могілках у Велеўшчыне.

Падарожжа ў азёрны край

Калі паглядзець на карту, то можна заўважыць, што рака Ула, якая бярэ пачатак з Лепельскага возера, і прылеглыя да яе восем азёр утвараюць своеасаблівы азёрны рэгіён. Наяўнасць блізкай вады і ўрадлівых зямель наўкол вадаёмаў вабіла ў даўнія часы нашых продкаў. Пра гэта сведчаць і шматлікія помнікі археалогіі ў тых мясцінах.

З шумнага віцебскага бальшака збочваем на бойкую дарогу. Праз два кіламетры, на крутым пагорку, паўстаюць хаты вёскі Жарсцвянікі. Паселішчаў з такой ці падобнай назвай дастаткова сустракаецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Назва гэтая ўказвае на навакольны характар глебы, у якой пераважае жарства — буйны пясок ці дробныя каменьчыкі з разбуранага граніту. У даўнія часы спецыяльна выраблялі жарству, перапальваючы камяні і апускаючы іх у халодную ваду. Потым здрабнялі на зернедрабілках. Атрыманая сыравіна выкарыстоўвалася пры стварэнні глінянага посуду. Гэта павялічвала яго трываласць пры гатаванні ежы на вогнішчы.

З высокіх пагоркаў адкрываюцца прыгожыя краявіды. Стромкія пагоркі, дзе-нідзе парослыя кустоўем, саступаюць месца палям з культурнымі раслінамі, а найблі-жэйшы лясны масіў выцягнуўся зялёнай кромкай амаль на лініі гарызонту. Дзеці, якія выраслі ў атачэнні лясоў, адразу гэта заўважаюць.

Праз кусты на сонцы адблісквае водная гладзь возера Глыбочыца. Спускаемся ўніз да вадаёма. Рухаючыся ўзбярэжжам, выходзім да пратокі, якая злучае азёры Глыбочыца і Бораўна. Адразу за пратокай, рэчышча якой нагадвае рукатворны канал, пачынаецца ўрочышча Княгінкі. Менавіта тут у 1859 годзе археолаг Міхаіл Кусцінскі раскапаў некалькі курганоў. Былі знойдзены жалезныя сякеры і кап’ё, жаночыя ўпрыгажэнні. У 1951 годзе Княгінкі даследаваў археолаг Аляксей Мітрафанаў. Ён раскапаў адзін курганны насып з жаночым пахаваннем, якое датаваў ХІІ стагоддзем. Да нашага дня захавалася шэсць акруглых па форме насыпаў, якія хаваюцца ад цікаўных вачэй сучаснікаў у гушчары алешніку.

Далей шлях ляжыць да аднаго са старых паселішчаў — вёскі Бораўна. Назва паселішча сведчыць пра тое, што тут калісьці быў вялікі сасновы лес. Цяпер пра гэта мала што нагадвае. У наваколлях няма значных па плошчы лясных масіваў, якія высякалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Плыты з будаўнічым лесам у Заходняю Дзвіну сплаўлялі і ў пачатку ХХ стагоддзя.

Каля Бораўна знаходзіцца гара пад назвай Царкавішча. У першыя стагоддзі н.э. на ўзвышшы тубыльцы збудавалі ўмацаванае паселішча дзеля абароны ад ваяўнічых суседзяў. Для гарадзішча было выбрана зручнае месца — круглая і плоская па форме пляцоўка на высокім марэнным пагорку. З паўднёвага боку паселішча было ўмацавана высокім валам і ровам. З паўночнага і паўночна-ўсходняга боку існавала прыродная перашкода, безыменная рачулка — прыток Улы.

У 1972 і 1976 гадах помнік датаваны VІІІ стагоддзем даследаваў Аляксей Мітрафанаў. Калі пагроза знешняй небяспекі перастала існаваць, насельнікі перасяляюцца ў больш зручнае месца. Туды, дзе цяпер і знаходзіцца Бораўна. На поўнач ад сучаснага паселішча, у лясным масіве, па апісанні мясцовых жыхароў, “нашчадкі” адшукалі чатыры курганныя насыпы, якія па часе можна аднесці да Х—ХІ стагоддзяў.

Два дні, праведзеныя ў археалагічнай экспедыцыі, сталі добрай палявой школай для слабадскіх следапытаў. На свае вочы яны пабачылі тое, пра што чыталі ў падручніку гісторыі, нават і не здагадваючыся, што гісторыя зусім побач.

Крывавым шляхам 1941-га

Дарога Лепель — Красналукі збочвае з мінскай магістралі за вёскай Чарнаручча і бяжыць паўз маленькія вёсачкі Юшкі, Вілы, мінаючы Слабаду, да Барысава. Гэта стары барысаўскі бальшак, які сотні гадоў звязвае паміж сабой два райцэнтры. У жніўні 1941 года ён ператварыўся ў дарогу смерці. Падзеі, якія адбываліся ў той час, надоўга адклаліся ў памяці жыхароў вёсак, праз якія праходзіў гэты шлях. Сёння на ўсім яго працягу стаяць абеліскі і памятныя знакі. А яшчэ ў засені дрэў хаваюцца дзясяткі безыменных магіл. Пра іх ужо ніхто ніколі не даведаецца.

У папярэднія гады ў экспедыцыях па вёсках, прылеглых да барысаўскага бальшака, мы з вучнямі запісалі шматлікія ўспаміны сведкаў тых падзей. Многія з апавядальнікаў у той час былі дзецьмі. Учэпістая памяць падлеткаў на доўгія гады захавала гэты эпізод вайны.

Вёска Гадзіўля. Могілкі. Брацкая магіла 28 чырвонаармейцаў. Самае масавае пахаванне, вядомае сёння на гэтым крывавым шляху. Недалёка ад берага Эсы немцы ўтварылі лагер часовага ўтрымання. Выратаваннем для вязняў была вада, якую яны чэрпалі са старога рэчышча. Раніцай зноў у дарогу. Многім не суджана было падняцца. А аднаго маладога салдаціка, які беспаспяхова рабіў спробы ўстаць на ногі, нямецкі афіцэр дабіў ва ўпор выстралам з пісталета.

…Паміж урочышчам Калавур і вёскай Сталюгі зрабілі прывал. На ўскрайку лесу было пахаванне ваеннапалонных, дакладнае месца якога ўстаноўлена ў 2002 годзе дзякуючы “нашчадкам”. Праз год астанкі 12 чалавек былі перанесены і ўрачыста перапахаваны ля помніка землякам у Велеўшчыне. Ад’ехалі ўсяго пару кіламетраў — перад намі паўсталі вясковыя могілкі ў Аношках. На ўскрайку іх знаходзіцца яшчэ адно пахаванне, дзе спачываюць 14 чырвонаармейцаў. У Сяльцы адшукалі сведку таго трагічнага дня сорак першага.

Васіль Кісель размяняў дзявяты дзясятак, ён добра памятае, што тады адбывалася. Разам з маці яны былі на двары і бачылі, што рабілася на вясковай вуліцы. Галава ка-лоны павольна выпаўзала з лесу. Наперадзе ехаў легкавы аўтамабіль з немцамі і некалькі матацыклаў, а далей няроўным строем у некалькі шарэнгаў паказаліся ваеннапалонныя. Па баках калоны на адлегласці метраў 50 ішлі канваіры з вінтоўкамі. Яшчэ на падыходзе да Сяльца яны ўжо прыстрэлілі двух небарак. Чарговы начлег ваеннапалонныя зрабілі ў Сяльцы, а на раніцу яшчэ некалькі чалавек назаўсёды засталіся ляжаць у лужынах крыві. Чым менш заставалася да Барысава, тым больш безыменных магіл з’яўлялася ўздоўж бальшака.

Уражаныя аповедам Васіля Макеевіча, едзем далей. Шлях ляжыць праз барысаўскія вёскі Дуброву і Майсееўшчыну. Як і ў папярэдніх выпадках, зямля ў іх наваколлях таксама амытая крывёй ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Спыняемся на начлег у лесе за Майсееўшчынай, крыху збочыўшы з бальшака. У вечаровым небе скрозь вершаліны дрэў бачна, як на небе мільгацяць зоркі. Падумалася, такія ж свяцілі ў крывавым сорак першым гаротнікам-ваеннапалонным, шлях якіх пралягаў у нікуды.

На тэрыторыі Слабадскога сельсавета знаходзіцца дзевяць воінскіх пахаванняў. Немалаважную работу па іх доглядзе і добраўпарадкаванні здзяйсняюць сябры краязнаўчага гуртка “Нашчадкі”. Напрыклад, у 2014 годзе быў усталяваны памятны знак на месцы пахавання партызан у Свядзіцы. Гурткоўцы прынялі ўдзел у стварэнні і адкрыцці памятных знакаў у гонар жыхароў лепельскай вёскі Аношкі і чашніцкай вёскі Замошша, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Штогод гурткоўцы здзяйсня-юць паходы і экспедыцыі па месцах воінскай і партызанскай славы, у выніку чаго папаўняюцца звесткі пра мінулую вайну, адкрываюцца яе невядомыя старонкі.

Захаваць памяць

Праведзеная работа па вывучэнні гісторыі вёсак Лепельскага раёна — гэта заслуга як цяперашніх гурткоўцаў, так і тых, хто быў у шэрагу першых. Цяпер яны ўжо самастойныя людзі, многія працуюць, некаторыя яшчэ вучацца. Спадзяюся, што павагу і любоў да мінулага малой радзімы яны пранясуць па жыцці і перададуць сваім нашчадкам.

Валерый ТУХТА,
настаўнік гісторыі
Слабадскога дзіцячага сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна.

Фота аўтара.