Часам кіраўнікі школьных гурткоў па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, каб натхніць юных творцаў, ладзяць творчыя сустрэчы са знакамітымі народнымі майстрамі, запрашаючы іх на майстар-класы, наведваючы іх выставы. А вось у Юрцаўскай сярэдняй школе Аршанскага раёна такой неабходнасці няма — тут аб’яднаннем па інтарэсах “Берасцяныя ўзоры” шмат гадоў кіруе Алег Шамро,член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, які разам з дзецьмі развівае ўнікальную для нашай краіны тэхніку апрацоўкі бяросты.
Дуэт прыроды і майстра
Больш як 22 гады Алег Эдуардавіч працуе ў названай школе. У мінулым ён ваенны афіцэр, служыў ва Украіне, а калі звольніўся і вярнуўся ў Беларусь (родам ён з Крычава), пераехаў жыць у Юрцава, дзе яго жонка, урач па прафесіі, атрымала працу. Уладкаваўся ў мясцовую школу настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі. Але калегі хутка даведаліся, што ён стварае прыгожыя берасцяныя рэчы і адразу прапанавалі яму вучыць гэтаму дзяцей. З таго часу аб’яднанне па інтарэсах “Берасцяныя ўзоры” стала адным з самых папулярных у школе. Адначасова Алег Эдуардавіч стаў выкладаць яшчэ і мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне.
“Я самавучка. Навучыўся працаваць з бяростай у заклад. Брат прывёз з Сібіры маме ў падарунак маленькую круглую шкатулку з вавёркай зверху, і я яму сказаў, што магу і сам такую зрабіць. Тады спрэчку прайграў. Але пазней усё роўна зрабіў такую ж самую шкатулку”, — расказвае Алег Эдуардавіч.
А.Э.Шамро: “Бяроста цёплая, з ёй прыемна працаваць, дакранацца да яе. А калі выразаеш з яе ўзоры, то гэта даволі манатонная справа. Таму яна супакойвае, дапамагае і настаўніку, і вучню прывесці свае думкі ў парадак пасля шумнага школьнага дня”.
З той шкатулкі ўсё і пачалося. У 34 гады А.Э.Шамро кінуў службу, стаў рамеснікам і прагна наганяў упушчанае, зранку да вечара ўтаймоўваючы разцамі бяросту. Магчыма, тады ў ім проста далі аб сабе знаць гены — яго дзед па бацькавай лініі быў чырванадрэўшчыкам.
“Свае першыя работы я зрабіў яшчэ дзіцем у лесе — калі трапляеш на вялікую палянку суніц, але няма куды іх збіраць, робіш скрутак з бяросты. Нашы продкі нават прадукты захоўвалі ў каробках з бяросты, бо ў ёй утрымліваецца бярозавы дзёгаць, які не дае псавацца і аберагае ім ад насякомых. У Прыкарпацці, дзе я служыў, нават не ведаюць, як бяроза выглядае. А ў нас, у Беларусі, іх шмат. Гэта наш матэрыял, наша мастацтва, а не ўзятае з іншых культур. Проста забытае. І я рады, што маю магчымасць гэтае рамяство адраджаць. І не ў адзіночку, а разам з дзецьмі”, — гаворыць А.Э.Шамро.
Ужо з першых месяцаў работы ў школе ён стаў атрымліваць узнагароды “за актыўную творчую дзейнасць і развіццё традыцыйных відаў рамёстваў” на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях і конкурсах. Адразу ж стаў членам клуба “Народны” народных майстроў Оршы, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Быў пераможцам конкурсу рэзчыкаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, сёння ён адзін з самых жаданых удзельнікаў на самых розных творчых конкурсах і фестывалях у Беларусі і суседніх краінах.
Сакрэт поспеху майстра яшчэ і ў тым, што ён працуе ў тэхніцы праразной разьбы, а не ціснення, у якой працуюць амаль усе майстры па апрацоўцы бяросты. Ён выразае наскрозь, пераўтвараючы грубую бярозавую кару ў ажурныя карункі. У гэтай тэхніцы ён стварае сувенірныя вырабы, жаночыя ўпрыгажэнні, туясы для сыпучых прадуктаў, посуд, шкатулкі, арыгінальныя інтэр’ерныя рэчы і інш. Яго ўпрыгажэнні, наборы посуду і іншыя вырабы ёсць і ў суседніх краінах: як памяць, як сімвал Беларусі іх павезлі дадому жыхары Францыі, Ізраіля, Англіі, Аўстраліі, якія наведвалі нашу краіну.
Некаторыя выпускнікі Алега Шамро ўжо таксама сталі рамеснікамі. Свае вырабы з бяросты яны выстаўляюць побач з работамі свайго настаўніка на адных і тых жа выставах, на адных і тых жа пляцоўках. Сярод іх Яўген Хаменка.
Навучыцца не цяжка, галоўнае — захацець
Галоўнымі прыхільнікамі берасцяных вырабаў сталі юрцаўскія школьнікі, бо яны іх навучыліся рабіць самі. Дзецям дастаткова адзін раз пераступіць парог утульнага кабінета Алега Эдуардавіча, убачыць работы настаўніка і яго навучэнцаў, каб “захварэць”.
“Няўжо і ў мяне атрымаецца?”, “А я так змагу?” — звычайна з такімі пытаннямі да нас прыбягаюць малодшыя школьнікі. Я даю ім разцы — паспрабуйце! Калі хоць нешта ў вучня атрымаецца, ён застанецца надоўга. А калі не — ён да мяне больш не прыйдзе. Тут патрэбен яшчэ і пэўны склад характару. Не кожны вытрымлівае сядзець на месцы, бо не гадзіна і не дзве ідзе на стварэнне вырабу. Некаторыя работы і за месяц не паспееш зрабіць. Таму ў аб’яднанні застаюцца сапраўды тыя, хто не баіцца карпатлівай працы”, — гаворыць педагог.
Прыходзяць на заняткі дзеці, пачынаючы з 5-га класа, рэдка — з 4-га. Неабходна, каб кісці рук былі даволі моцнымі — прарэзаць бяросту наскрозь часам бывае няпроста.
“Навучыцца не цяжка, галоўнае — захацець”, — гэтыя словы свайго педагога добра засвоіў кожны юны майстар. А калі дзеці не вераць у свае сілы, Алег Эдуардавіч прыводзіць у прыклад самога сябе. Першая шкатулка настаўніка, з вавёркай, стаіць тут жа, як напамін дзецям пра тое, што, каб зрабіць такія рэчы, дастаткова ўсяго толькі жадання. Сёння амаль у кожнага з яго навучэнцаў ёсць такая ж шкатулка. Усе дзеці пачынаюць з падарункаў мамам, сябрам. Потым стараюцца паўтарыць вырабы настаўніка. Сур’ёзная работа пачынаецца з іх слоў: “Хачу зрабіць тое, чаго яшчэ ні ў кога не было!”. Вось гэтых слоў асабліва чакае настаўнік. Тады і пачынаецца сапраўдная творчасць.
“Мне цікава назіраць, як з гадамі мяняюцца дзіцячыя ідэі, сюжэты іх работ. Спачатку яны абыгрываюць у сваіх вырабах герояў казак, мультфільмаў, але з часам іх работы становяцца ўсё больш грунтоўныя, вобразныя. Дзеці ўжо добра засвоілі уласцівасці бяросты, таму ведаюць, як іх выкарыстаць. Кара мае шмат слаёў, таму можна эксперыментаваць з таўшчынёй — кожны раз яна будзе глядзецца па-новаму. Бяроста бывае розных колераў — ад белага да амаль чорнага (у залежнасці ад таго, у якім месцы лесу расце), таму можна пагуляць і з колерам. А можна выкарыстоўваць і чорныя плямы кары, каб адцяніць нейкі ўчастак малюнка”.
Дарэчы, жывапіс цудоўна спалучаецца з драўнінай. Апошнія эксперыменты гурткоўцаў былі і з маляваннем па самой бяросце. Асабліва прыгожа глядзяцца прыродныя краявіды ў берасцяных рамах. І на кожным вырабе — аўтарская разьба майстра. Яе наносяць як звычайнымі інструментамі для разьбы па дрэве, так і адмысловымі ці прыстасаванымі пад яе. Напрыклад, дробныя зорачкі, сняжынкі і самыя мікраскапічныя дэталі робяцца борам — прывычным інструментам стаматолагаў.
Вельмі прыгожыя выходзяць з-пад разцоў і жаночыя ўпрыгажэнні з натуральнымі камянямі, якія для майстра прывозіць яго знаёмы з Урала. Дзіўная рэч, але якімі б тонкімі, філігранна выкананымі ні былі завушніцы, бранзалеты ці падвескі з бяросты, яны здольны праслужыць сваёй гаспадыні вельмі доўга, да 10—15 гадоў.
Смелая змена
Сваю берасцяную шкатулку трэці год напаўняе 10-класніца Юлія Траян. Яна гаворыць:
“Я заўсёды любіла ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі — малявала, шыла, пляла з бісеру, але гэта ўсё было не тое. Толькі бяроста стала тым матэрыялам, які мяне вельмі, вельмі натхняе. Канечне, спачатку было складана. Я ўвесь час націрала разцамі мазалі — гэта балюча, непрыемна, але з часам вучышся рабіць акуратна, ды і рукі прывыкаюць. Не адразу ўдалося асвоіць і праразную разьбу, але ж вельмі хацелася. Так, яна складаная, патрабуе дакладных рухаў, міліметр лішні зрэжаш — і ўсё сапсуеш. Але асвоіць яе — вялікі поспех. Раней мы ганарыліся, што наш настаўнік — адзіны ў Беларусі, хто працуе ў тэхніцы праразной разьбы. Цяпер жа мы таксама ёй валодаем”.
Мяркуючы па высокіх ацэнках журы розных творчых конкурсаў, якія атрымалі работы юрцаўскіх школьнікаў, яны не проста авалодалі гэтай разьбой, а робяць гэта на найвышэйшым узроўні.
Перастаў ужо лічыць свае ўзнагароды і 11-класнік Іван Белахвост. Відаць, прывык. На працягу 5 гадоў ён забірае ўсе самыя высокія ўзнагароды на конкурсах ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню, ёсць перамогі і ў міжнародных фестывалях. Прызнаецца, што яму куды больш падабаецца сам працэс разьбы і творчая суполка. Юнак расказвае, што дробныя вырабы яго не надта вабяць — яму па душы вялікія інтэр’ерныя пано і кампазіцыі. На такія яму не шкада часу. Звычайна Іван на іх затрачвае месяц-паўтара, займаючыся па тры разы на тыдзень.
Майстэрству апрацоўкі бяросты ў Алега Шамро нядаўна вучыліся 13 педагогаў Беларусі падчас трэнінгавай праграмы “Рамяство”. Гэта была ініцыятыва адукацыйнага цэнтра грамадскай арганізацыі “Беларускі Зялёны Крыж”. Вынікам праграмы стала тое, што берасцяную разьбу цяпер асвойваюць у іншых школах краіны. А каб гэтае мастацтва распаўсюджвалася шырэй, па выніках трэнінгаў А.Э.Шамро быў створаны дапаможнік “Бяроста. Сакрэты майстра” для падрыхтоўкі і правядзення факультатыўных курсаў для школьнікаў, курсаў прафарыентацыі, курсаў выхаднога дня, для самастойнага навучання. Настаўнікі, кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах, старэйшыя школьнікі і ўсе, хто цікавіцца народнымі рамёствамі, знойдуць яго па спасылцы www.greencross.by/ru/posobie-remeslo-beresta
Старшакласнікі яшчэ не выпусціліся, але ў іх ужо падрастае дастойная змена. Па словах педагога, гэта ў першую чаргу пяцікласнікі.
“Сёлетні 5 клас загарэўся разьбярствам амаль поўным складам. Тут ужо вылучаюцца Цімафей Чарнабой, Дзіма Шабанаў і некаторыя іншыя. Яны падштурхоўваюць мяне да таго, каб я вучыў іх больш складаным рэчам, якія не заўсёды падыходзяць пад іх узрост, але яны з такім жаданнем і імпэтам іх ствараюць, што я ўступаю”, — радуецца маладой змене педагог.
Часта бывае так, што на занятках Алега Эдуардавіча старэйшыя, больш вопытныя навучэнцы самі вучаць навічкоў. Бо праз зносіны з тымі, з кім сябруеш за межамі майстэрні, прасцей асвоіць складаныя тэхнікі. Для педагога гэта яшчэ адна нагода для радасці: рамяство будзе жыць і развівацца, калі будзе каму перадаваць яго новым пакаленням.
Святлана НІКІФАРАВА,
Фота з архіва Алега ШАМРО.