Скажыце, чым можна здзівіць чалавека, які многае бачыў і шмат пра што чытаў? Робаты-аватары, Fairphone, які не шкодзіць навакольнаму асяроддзю, — гэта ўжо банальна… А можа, паспрабаваць са звычайнага зрабіць незвычайнае і тым самым падарыць людзям шчырыя ўсмешкі і добры настрой? Для гэтага дастаткова ўзяць у рукі пэндзаль, фарбы, свежыя ідэі і правільна ўсё скампанаваць. З гэтым абсалютна згодны вучні Крупскай раённай гімназіі Мінскай вобласці, якія разам са сваім настаўнікам выяўленчага мастацтва і чарчэння Аляксандрам Генадзьевічам Міхеевым распісваюць пад’езды гарадскіх шматпавярховых дамоў.
Ідэя заняцца арт-дызайнам пад’ездаў у Аляксандра Генадзьевіча Міхеева, прафесійнага мастака, была даўно. І прыступіць да рэалізацыі творчай задумы прымусіла не толькі жаданне.
“У школе я працую ўжо даволі доўга і ведаю, што мастацтву ў сістэме адукацыі адводзіцца другасная роля, — расказвае Аляксандр Генадзьевіч. — А я заўсёды быў перакананы, што дзеці павінны быць развітымі ў эстэтычным плане. Падчас заняткаў па выяўленчым мастацтве бачыў, што большая частка вучняў быццам адсутнічае на ўроку. Дзеці не прымалі ўдзел у абмеркаваннях, не выказвалі асаблівага жадання працаваць. Таму я паставіў перад сабой мэту: хацеў знайсці аптымальны варыянт работы з навучэнцамі, адшукаць сакрэт, які дапаможа разбудзіць інтарэс да мастацтва. У нас у гімназіі на другім паверсе знаходзіцца карцінная галерэя. Ідэя размаляваць усю гімназію кіраўніцтву школы спадабалася. Але для гэта патрэбен вопыт. Таму неабходна было шукаць выйсце, думаць, як навучыць дзяцей працаваць у калектыве”.
Дамовіліся, што для творчасці выхаванцам Аляксандра Генадзьевіча выдзяляецца сцяна аднаго з гарадскіх офісаў. Перш чым прыступіць да работы, гімназісты распрацавалі эскізы, якія тычыліся тэматыкі роднага горада, і зацвердзілі іх у выканкаме.
Кантроль над эксперыментальным працэсам мастацкага роспісу ўзяў на сябе гарадскі выканаўчы камітэт. Безумоўна, менавіта ў руках гарадской улады знаходзіўся лёс юных мастакоў. І ад таго, наколькі ўдалым і “смачным” атрымаецца канчатковы вынік эксперымента, залежала, ці атрымае працяг кар’ера юных крупскіх мастакоў.
“Дзеці справіліся з работай самастойна, — з гонарам адзначае Аляксандр Генадзьевіч. — Я толькі назіраў, падказваў, калі гэта патрабавался, і выпраўляў дробныя памылкі, якія, у большасці, тычыліся кампазіцыі”. Менш чым праз два тыдні офісная сцяна нагадвала карціну з мастацкага каталога: сюжэт, кампазіцыя, правільна падабраныя колеры — гараджанам падабалася ўсё!
Пасля таго як у рабоце над офісам была пастаўлена кропка, да выхаванцаў Аляксандра Генадзьевіча прыйшла слава. Пра дзяцей і іх таленты пачалі гаварыць у горадзе. Многія жыхары Крупак цікавіліся, куды лепш звяртацца, у каго прасіць дазвол, каб з шэрых сцен таксама зрабіць прыгажосць.
Каб даведацца, наколькі важнай і актуальнай для жыхароў горада з’яўляецца тэма добраўпарадкавання пад’ездаў, дзеці вырашылі правесці апытанне.
“Абсалютная большасць арганізацый выказалася за тое, каб дазволіць вучням распісваць сцены ўстаноў, — з радасцю дзеліцца Аляксандр Генадзьевіч. — А гэта, згадзіцеся, сведчыць пра тое, што попыт на нашы паслугі вялікі”. Дарэчы, падчас правядзення апытання мастакі заходзілі і ў мясцовае аддзяленне міліцыі, а таксама ў ваенкамат. Дзяржаўныя органы ацанілі паслугі школьнікаў і былі б не супраць, каб іх сцены таксама сталі рознакаляровымі. Але для гэтага дазволу мясцовай улады мала: трэба звяртацца ў Мінск у вышэйстаячыя органы, а гэта зойме шмат часу.
Пра ідэальны сюжэт і крупскую славутасць
“Праз год, падчас летніх канікул, калі большасць вучняў праходзіць працоўную практыку, я прапанаваў дырэктару школы правесці эксперымент, які вучням таксама будзе на карысць, — працягвае Аляксандр Генадзьевіч. — Хацелася, каб дзеці замест стандартнай практыкі пайшлі працаваць “па спецыяльнасці” — пачалі размалёўваць горад і пры гэтым мелі магчымасць зарабіць грошы. Тым больш, што на той момант навучэнцам паступіла некалькі заказаў, за якія прапаноўвалі нядрэнныя ганарары”.
Пасля таго як школьная адміністрацыя дазволіла дзецям зрабіць практыку творчай, юныя мастакі ўладкаваліся на падпрацоўку ў мясцовую жыллёва-камунальную гаспадарку, начальнік якой і выказаў жаданне супрацоўнічаць са школьнікамі. Фарбы, пэндзлі і ўсё неабходнае для работы навучэнцам выдзеліў горад. Першая тэма, якая павінна была з’явіцца на сценах аднаго з гарадскіх аб’ектаў, гучала так: “Нараджэнне Крупак: гісторыя ўзнікнення гарадскога герба”. Перш чым прыступіць да рэалізацыі плана — стварэння тэматычнага пано — дзеці, як і патрабуецца па правілах, спачатку распрацавалі эскізы. І толькі пасля зацвярджэння схемы работы і падпісання неабходных дакументаў прыступілі да рэалізацыі праекта.
Над пано вучні працавалі доўга: гістарычная тэматыка патрабуе абсалютнай дакладнасці, і ніякіх памылак быць не павінна. Затое, калі работа была завершана, заказчык быў у захапленні. Цяпер у Крупках, акрамя гістарычных помнікаў, з’явілася яшчэ адна славутасць.
“Гэта, па сутнасці, быў наш першы сур’ёзны гарадскі праект, — працягвае Аляксандр Генадзьевіч. — Дзеці пасля завяршэння работы самі былі прыемна здзіўлены. Яны доўга не маглі паверыць, што могуць ствараць такія шыкоўныя творы. Калі мы толькі пачыналі працаваць над пано — наносілі малюнкі, вырашалі, дзе які элемент будзе знаходзіцца, — мала хто верыў, што нешта атрымаецца. Але, дзякуючы энтузіязму і жаданню развівацца ў мастацкім плане, усё атрымалася”.
Наступнай творчай майстэрняй крупскіх мастакоў стаў пад’езд дома, дзе жыве іх настаўнік, Аляксандр Міхееў. Паколькі ў пад’ездзе абсалютная большасць жыхароў — пажылыя людзі, было вырашана, што самым ідэальным варыянтам малюнка ў доме стануць пейзажы. Калі першы паверх быў размаляваны, жыхары пачалі выказваць пажаданні па афармленні сваёй лесвічнай пляцоўкі: на другім паверсе вырас лес, на трэцім — з’явілася мора, на гарызонце якога схавалася сонейка…
“З вучнямі ў нас была дамова: перш чым прыступаць да работы, мы павінны прадумаць, на якія тэмы лепш за ўсё маляваць у тым ці іншым пад’ездзе, — тлумачыць Аляксандр Генадзьевіч. — Вельмі важна ўлічваць два галоўныя фактары: узрост жыхароў дома і іх пажаданні. У школьнікаў узнікалі думкі наконт таго, каб стварыць у доме абстрактную кампазіцыю, маўляў, гэта проста, хутка і падабаецца сучаснаму пакаленню. Але наўрад ці такое мастацкае рашэнне правільна зразумелі б у асяроддзі пажылых людзей. Дарэчы, многія былі ўпэўнены, што дзеці будуць маляваць на сценах пры дапамозе балончыкаў з фарбай. Чамусьці людзям здавалася, што мы займаемся графіці. Гэта жыхароў дома насцярожвала, таму што фарба, залітая ў балоны, утрымлівае ў сваім складзе шкодныя для здароўя рэчывы. Але мы выкарыстоўваем у рабоце выключна акрылавыя фарбы і пэндзлі, зробленыя з натуральных матэрыялаў”.
Кожную раніцу, як толькі ў школьнікаў пачынаўся рабочы дзень, жыхары пад’езда выходзілі з кватэр і назіралі за творчым працэсам. Дзецям падабалася, што людзі не баяліся выказваць свае думкі наконт таго, што і на якой сцяне лепш намаляваць, а таксама прапаноўвалі свае ідэі. Некаторыя з іх, між іншым, знайшлі адлюстраванне ў калектыўнай мастацкай рабоце. Напрыклад, на адным з паверхаў была намалявана спартыўная пляцоўка з полем, варотамі і мячамі для гульні ў футбол.
Падчас работы мастакі самі збіралі і выносілі смецце з лесвічных пляцовак, засцілалі па перыметры рабочай зоны паперу, каб не заліць фарбай падлогу. Такое стаўленне да работы жыхарам дамоў вельмі падабалася!
Такім чынам, за лета вучні добраўпарадкавалі два пад’езды. На асенніх і зімовых канікулах яшчэ ў двух дамах з’явіліся прыгожа распісаныя сцены. На час вясенніх канікул у юных мастакоў таксама ёсць планы: яшчэ восенню ў мясцовую ЖКГ звярнуліся жыхары вуліцы Чарняхоўскага і занялі чаргу на мастацкі роспіс сваіх дамоў.
“Прыемна і дзіўна, што ні ў кога не паднялася рука сапсаваць створаную прыгажосць, — кажа Аляксандр Генадзьевіч. — Звычайна нават у новых дамах сцены і ліфты размалёўваюць самы кароткі час. Відаць, людзі цэняць і паважаюць творчасць нашых вучняў. Па водгуках жыхароў дамоў, дзе працавалі мае вучні, ведаю, што ў пад’ездах нават перасталі кідаць смецце. Цяпер людзі робяць гэта ў спецыяльна адведзеных месцах”.
Для больш прадукцыйнай арганізацыі работы юныя крупскія мастакі адкрылі ў школе офіс, які знаходзіцца ў кабінеце чарчэння і выяўленчага мастацтва. Там раз у месяц праходзяць пасяджэнні, на якіх абмяркоўваецца план работы, аналізуецца спіс заяў. Увогуле работа паміж дзецьмі падзелена. Ёсць сярод навучэнцаў тыя, хто адказвае за фінансавую частку работы, а таксама за падпісанне дагавораў з заказчыкамі. Як і ў любой сур’ёзнай арганізацыі, у калектыве мастакоў ёсць менеджар, адказны сакратар, а таксама намеснікі дырэктара, ад кожнага з якіх і залежыць прадукцыйнасць працы.
Сёння дзеці распрацоўваюць эскізы для гімназіі. Плануецца, што да пачатку наступнага навучальнага года на першым паверсе, дзе знаходзяцца кабінеты вучняў малодшых класаў, “паселяцца” казачныя персанажы.
“Думаю, у навучэнцаў усё атрымаецца, — разважае Аляксандр Генадзьевіч. — Дзеці ў нас таленавітыя! І доказам гэтага з’яўляюцца як распісаныя пад’езды, так і элементы ўпрыгажэння сцен школы”.
Вартай увагі з’яўляецца паштовая скрыня. Для таго каб яе выгляд быў больш прывабным, мастакі “пасялілі” на даху скрыні прыгожага чорнага ката, які, здаецца, вось-вось скокне на падлогу. Электрапровад ад лямпы, якую пры дапамозе фарбаў “апранулі” ў ажурны металічны плафон, замаскіравалі пад галінку, на якой сядзяць птушкі. Усё гэта толькі маленькая частка творчасці вучняў. Самыя неверагодныя і цікавыя арт-рашэнні ў крупскіх гімназістаў яшчэ наперадзе. Безумоўна, у юных мастакоў усё абавязкова атрымаецца, таму што ў іх ёсць надзейная падтрымка — настаўнік, які любіць сваю працу і гатоў прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну.
Наталля ДУБІК.
Фота Алены ГАЙДУК.