Прарываючыся скрозь аблокі

Калі спытаць у мужчын старэйшага пакалення, кім яны ў дзяцінстве марылі стаць, як мінімум палова з іх адкажа: лётчыкам ці касманаўтам. Дзмітрыю Скуратаву, педагогу Абласнога цэнтра творчасці Магілёва, пашчасціла здзейсніць сваё жаданне лунаць у небе.

Праз акно да мары

У 6 гадоў маленькі Дзіма прыйшоў у гэты ж цэнтр у гурток па авіямадэляванні, якім кіраваў Цімафей Ягоравіч Цітоў. Ён і прывіў хлопчыку любоў да авіяцыі. Затым была школа юных лётчыкаў пры палацы піянераў, ДТСААФ і накіраванне ў Арэнбургскае лётнае вучылішча.

— Першы раз я паляцеў у 5-гадовым узросце. Мой бацька таксама быў педагогам, выкладаў матэматыку. Яго вучань меў доступ да Магілёўскага аэрадрома, і аднойчы тата папрасіў яго пусціць мяне ў кабіну самалёта Ан-2. Той пасадзіў мяне да сябе на калені, мы ўзляцелі, і ён нават даў мне патрымацца за штурвал. Пасля гэтага я сказаў, што буду толькі лётчыкам.

Бацькі Дзмітрыя Барысавіча не хацелі, каб сын паступаў у лётнае вучылішча. Ён меў запрашэнне з Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, заставалася толькі прайсці субяседаванне — такі варыянт выглядаў больш прывабным. Мама нават закрыла сына ў пакоі, каб той не збег, але дзіцячая мара аказалася мацнейшай за звычайны замок. Дзмітрый звязаў прасціны (яны жылі на другім паверсе), узяў чамаданчык у руку — і на вакзал. Паступіў. Мама змірылася і ганарылася сынам, а з бацькам ён пра гэта не размаўляў. На першым курсе Дзмітрый упершыню самастойна сеў за штурвал самалёта.

— Спачатку нам даюць вывазную праграму, гэта каля 40 палётаў з інструктарам, які сядзіць ззаду. Мы здаём залікі, экзамены, і калі ты ўсё выканаў, камісія дае допуск да вылету. Я свой атрымаў пасля 36 палётаў. Першы самастойны палёт распісваецца пасекунд­на: на які прыбор глядзець, што рабіць і г.д. Памятаю яго вельмі добра. Гэта быў аэрадром Чабянькі пад Арэнбургам, самалёт Л-29 — вучэбны знішчальнік. Тэмпература была каля 29 градусаў, думаў, не выпу­сцяць: калі горача, цяга рухавіка меншая. Потым чую: “Вырульвай на выканаўчы”. І самалёт вырульвае на паласу і становіцца дакладна пасярэдзіне ў яе пачатку. Камандзір дакладвае: “Пяць двац­цаць трэці да ўзлёту гатовы”, табе адказ­ваюць: “Пяць дваццаць трэці — вецер су­стрэчны — 5 м/с, узлятайце”. Даеш абароты рухавіка, выводзіш іх на максімальны рэжым, прыбіраеш ногі з тармазоў — і самалёт пабег. Усё было адпрацавана да аўтаматызму. Памятаю, што пачуў нейкі грукат у самалёце і не разумеў, адкуль ён. Аказалася, гэта нага з-за дрыжання біла па педалі. Я зняў яе з педалі, супакоіўся і паставіў назад.

“Калі на зямлі золка і сыра, а ты ўзлятаеш, прарываешся скрозь аблокі і бачыш яркае святло сонца, то па-іншаму ўспрымаеш краіну і ўсё навокал. Тады хочацца жыць”.

Пяць тыпаў самалётаў

Пасля вучылішча выпускнікі прыхо­дзяць на службу правымі лётчыкамі. Каб стаць камандзірам карабля, ты павінен мець грамадскую нагрузку, ведаць усе кіруючыя дакументы ад інструкцый да настаўленняў па правядзенні палётаў, матэрыяльную частку. На момант навучання Дзмітрыя Барысавіча ваенных вучылішчаў было шмат, практычна з кожнага штогод выпускалася каля 200 лётчыкаў, таму яны прыходзілі ў палкі трэцімі, чацвёртымі правымі лётчыкамі. Дзмітрыю Барысавічу прыйшлося прайсці праз пэўнае сіта, каб ажыццявіць сваю мару — стаць камандзірам карабля.

— Пасля вучылішча я трапіў на Поўнач, таму холад не люблю. Калі ідзе снег, у мяне пачынаецца дэпрэсія, бо я бачыў яго кожны дзень на працягу сямі гадоў. За сваю кар’еру я лётаў на пяці тыпах самалётаў. Пачынаў з Як-52 (у ДТСААФ), у вучылішчы вучыўся на Л-29, потым перайшоў на Ту-134ВБЛ, пазней — на Ту-16. Апошні быў самым значным для мяне самалётам, які лётае і цяпер, — гэта Ту-22М3. Максімум мы ўздымаліся на вышыню да 10 км, але пры аблёце самалёта бралі і 15 км. Аблёт — гэта калі самалёт пасля планавага рамонту трэба выпрабаваць на ўсіх максімальных рэжымах: вышыні, хуткасці, адлегласці і г.д.

Тэхніка часам бывае непрадказальнай, таму члены экіпажа павінны ведаць, што рабіць у пазаштатных сітуацыях. Яны адпрацоўваюць гэта на трэнажорах, потым з­даюць экзамены. Але да ўсяго падрыхтавацца немагчыма, здараецца тое, што не прапісана ў інструкцыях і патрабуе нестандартнага рашэння.

— У мяне была адна сур’ёзная адмова на Ту-16. Мы трапілі ў зрыўны падхват, была вялікая перагрузка, і на хуткасці вывалілася стойка. Прыйшлося цягнуць на сябе штурвал, высілкі на якім дасягалі 100 кг. Я тады быў правым лётчыкам, мы з камандзірам справіліся, але, калі прыляцелі, самалёт спісалі. Гэта адзіны сур’ёзны момант, а дробныя адмовы — звычайная лётная работа.

Пасля развалу Савецкага Саюза Дзмітрый Барысавіч папрасіў перавесці яго ў Беларусь, на радзіму. Трапіў у Бабруйск. Аказалася, што яго часць не ўвайшла ў склад беларускай арміі, а была расійскай на тэрыторыі Беларусі. У 1995 годзе яе расфарміравалі і прапанавалі лётчыку або кватэру і пенсію, або павышэнне і перавод на Далёкі Усход. Пасля службы на Поўначы на Далёкі Усход Дзмітрыю Скуратаву зусім не хацелася. Праўда, зараз педагог пра такое рашэнне, можа, і шкадуе: так бы лётаў даўжэй.

— Апошні мой палёт адбыўся ў тым жа 1995 годзе. Ёсць такая традыцыя: калі прызямляешся крайні раз і ведаеш, што цябе звальняюць, кіраўнік пытаецца: “Паласу вызвалілі?”, а ты адказваеш: “Вызваліў назаўсёды”. На пенсію я сышоў маёрам запасу, лётчыкам першага класа.

Але гісторыя з небам не скончылася. Па-першае, Дзмітрый Барысавіч лётае як пасажыр. Яшчэ падчас службы прасіўся да экіпажа ў кабіну, яго без праблем пускалі, бо бачылі форму лётчыка. Зараз гэта забаронена ў мэтах бяспекі. У пасажырскім крэсле Дзмітрый Скуратаў прайграе дзеянні экіпажа: калі выпусцяць закрылкі, шасі, з якой хуткасцю будуць разганяцца і г.д. Дарэчы, пры неабходнасці ён можа лёгка замяніць аднаго з лётчыкаў.

Па-другое, педагог вядзе ў Абласным цэнтры творчасці Магілёва ажно тры гурткі: па пачатковым авіямадэляванні, авіяма­дэльным спорце і тэхналогіях БПЛА — беспілотных лятальных апаратах.

Даўгі трэба аддаваць

— У гэтым цэнтры ў мяне ўклалі столькі сіл і сродкаў, што хацелася аддзякаваць свайму педагогу і працяг­нуць яго справу. Зараз у маіх гуртках займаюцца ад 40 да 60 чалавек у 4 групах. Гэта навучэнцы 6—18 гадоў. Мне лёгка весці з імі заняткі, бо я ў гэтай сферы прафесіянал і магу адказаць на любыя пытанні, якія тычацца авіяцыі. Дзеці гэта адчуваюць. Яны заўсёды “расколюць” педагога, калі той не кампетэнтны ў сваім прадмеце.

На заняткі ў гурток пачатковага авіяма­дэлявання малышы 6—7 гадоў прыходзяць з бацькамі. Па-першае, гэта зручна з пункта гледжання тэхнікі бяспекі, бо аднаму педагогу за ўсімі не ўсачыць, а выхаванцы працуюць з небяспечнымі інструментамі. Па-другое, гэта карысна для наладжвання кантакту паміж бацькамі і дзецьмі.

— Спачатку выхаванцы лепяць з пластыліну, потым вучацца выразаць самалёцік з паперы, далей — з кардону, пенапласту, фанеры. Першы год мы заканчваем зборкай лятаючага самалёта на гумаматоры. Для дзяцей першага года навучання я будую заняткі так, каб яны сыходзілі з іх з гатовай мадэллю самалёціка, тады ім цікава. Пазней мы робім больш сур’ёзныя мадэлі, з якімі можна выступаць на спаборніцтвах: з маторчыкам, планеры, радыёкіруемыя з пенапласту. Яны ствараюцца не з адной дэталі і не за адзін дзень. Таксама трэніруемся на кордавым ці радыёкіруемым сімулятары (па выбары дзяцей), кожнаму выхаванцу даецца 10 хвілін.

На занятках забаронены мабільныя тэлефоны. Калі вы прыйшлі займацца — займайцеся, хочаце сядзець у тэлефонах — ідзіце дадому. Яшчэ дзейнічае прынцып “не тваё — не чапай”. У кабінеце ёсць скрыня, дзе ля­жаць інструменты, падкладачныя дошкі, шліфоўкі, клей, пенапласт і г.д., яшчэ адна — з матэрыяламі для работы. Таксама кожны мае сваю падпісаную скрыню, куды кладуць дэталі ад мадэлей.

Крыху іншы напрамак — тэхналогіі БПЛА — Дзмітрый Барысавіч адкрыў для сябе, калі даведаўся, што ў Беларусі прахо­дзяць спаборніцтвы па беспілотніках. Набраў дзве групы і пачаў навучаць дзяцей. Кажа, што нельга адставаць ад часу, а за дронамі — будучыня. Вынікі радуюць: Аліна Палонская і Павел Міронаў сталі чэмпіёнамі краіны. У авіямадэльным спорце статыстыка яшчэ лепшая. Выхаванцы Дзмітрыя Скуратава 6 разоў перамагалі на рэспублікан­скай спартакіядзе школьнікаў, 3 разы займалі 2-е месца і аднойчы — 3-е.

“Калі б стаяў выбар — лётаць або хадзіць, я выбраў бы лётаць”.

— Для больш эфектыўнай работы і падрыхтоўкі дзяцей хацелася б мець 3D-прынтар і 3D-сканер. Тады можна было б нейкія дэталі (асабліва дробныя) адсканіраваць і тут жа надрукаваць. Гэта эканоміць час без страты якасці. Мы рабілі такія дэталі з нашымі педагогамі па робататэхніцы, прататыпаванні — атрымалася добра. Амаль не адрозніць ад ручной работы.

Праблемныя пытанні, канечне, ёсць, але Дзмітрыю Барысавічу ў іх вырашэнні дапамагаюць палац і бацькі. Палац закупляе дарагія камплектуючыя, а бацькоўскі камітэт — больш даступныя. Як паспяховы палёт залежыць ад зладжанасці ў рабоце экіпажа, так і паспяховая работа з дзецьмі — ад укладу кожнага ў агульную справу.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Д.Б.Скуратава.