Ці задумваліся вы аб тым, колькі каштуе вагон? Самы звычайны пасажырскі вагон, у якім праваднікі робяць гарбату ў шклянках з металічнымі падшклянкамі і раздаюць утульныя коўдры.
У Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча доўга думалі пра магчымасць набыць вагон. Праблема ў тым, што падчас заняткаў вучні бачаць яго толькі на малюнках у падручніках і друкаваных схемах. Таму могуць толькі ўяўляць, як кантраляваць яго стан, дзе размешчаны важныя для работы рычагі і вентылі.
Але вагон — гэта вялізныя грошы. І нават калі набыць яго, асобныя часткі хутка састарэюць і саступяць месца новым — прыйдзецца купляць новыя мадэлі адну за адной. А як зрабіць танны вагон, у які можна запусціць адразу групу навучэнцаў, каб яны адпрацоўвалі свае дзеянні ў выпадку нестандартных сітуацый і не перашкаджалі адно аднаму?
Віртуальны трэнажор прапанавалі навучэнка каледжа Лізавета Казак і выкладчык спецыяльных дысцыплін Андрэй Васільевіч Лапковіч.
— У мінулым годзе мы ўжо распрацоўвалі падобны праект: зрабілі мультымедыйны трэнажор, які вучыць карыстацца электрычнымі шчытамі пасажырскага вагона, — узгадаў Андрэй Васільевіч. — А ў гэтым узяліся за сістэму ацяплення. Праваднік павінен ведаць месца кожнага крана, але зрабіць копію такой сістэмы ў каледжы немагчыма: патрэбны вялізныя трубы, кацёл. Каб звязаць тэорыю (схемы ацяплення) і практыку (рэальнае размяшчэнне сістэмы ў вагоне), мы вырашылі зрабіць віртуальны трэнажор.
Выкладчык з вучаніцай звярнуліся да базавага прадпрыемства каледжа — на вагонны ўчастак Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, каб зрабіць сапраўдную фотасесію… пасажырскага вагона. Амаль тыдзень спатрэбіўся, каб якасна сфатаграфаваць розныя часткі вагона і апрацаваць фотаздымкі. Яны павінны былі адлюстраваць амаль кожны крок правадніка. Пасля Лізавета прыступіла да распрацоўкі.
— Трэба было зрабіць такую праграму, каб вучань мог загрузіць яе на камп’ютар любой магутнасці, запусціць — і пачаць трэніравацца, таму мы выбралі незвычайны для віртуальных трэнажораў фармат — прэзентацыю ў PowerPoint з Flesh-анімацыяй, — расказаў Андрэй Васільевіч.
Трэнажор працуе ў двух рэжымах. У рэжыме эксплуатацыі будучыя праваднікі адпрацоўваюць звычайныя, штодзённыя маніпуляцыі: правяраюць узровень вады ў сістэме ацяплення і ўзмацняюць яе цыркуляцыю ў пэўных частках вагона. У рэжыме выпраўлення няспраўнасцей вучацца ўстараняць паветраныя пробкі, цечы ў трубах. Пры гэтым заданні пабудаваны так, што навучэнцы спачатку выконваюць іх на схемах, а пасля — “у вагоне”, каб звязаць свае тэарэтычныя веды з практычнымі.
— У наступным годзе я скончу каледж, — падзялілася Лізавета, — і мне б вельмі хацелася мець мабільную версію нашага праекта, калі я пачну працаваць. Так можна будзе заўсёды падгледзець, калі нешта выклікае сумненні.
Віртуальны трэнажор атрымаў дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, але больш каштоўная ўзнагарода — праект выкарыстоўваецца ў каледжы. Лізавета і Андрэй Васільевіч ужо атрымалі зваротную сувязь ад выкладчыкаў: тыя адзначаюць, што нагляднасць і, як вынік, эфектыўнасць заняткаў на гэтую тэму ўзрасла. Гэта натхняе працягваць работу.
— Захацелася пайсці далей і зрабіць паўнавартасную 3D-мадэль пасажырскага вагона, — расказаў пра планы выкладчык. — Каб навучэнцы маглі трэніраваць не толькі навыкі работы з асобнымі сістэмамі, а любыя дзеянні, якія могуць выклікаць складанасці.
Сапраўдная гульня “ў правадніка” дапаможа выпускнікам каледжа добра арыентавацца ў вагоне і працаваць з любымі яго сістэмамі, а выкладчыкам — мець сучасныя дыдактычныя матэрыялы, якія лёгка распаўсюджваць паміж вучнямі і абнаўляць.
Аказваецца, зусім не важна, колькі каштуе пасажырскі вагон, калі можна зрабіць свой — віртуальны.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.