“На паперы, на асфальце, на сцяне і ў трамваі на акне… ” Мала хто не ўсміхнецца па-добраму, згадаўшы песню Уладзіміра Шаінскага і сябе — шчаслівага пасля завяршэння самага важнага на той момант малюнка, з вясёлкай на маленькіх далоньках ад фарбы, фламастараў ці крэйды. У многіх віцяблян гэтыя ўспаміны абавязкова адгукнуцца словамі Ларысы Мікалаеўны Здор: “Малайчына, у цябе ўсё атрымалася!”
Больш за чатыры дзясяткі гадоў педагог кіруе адным з самых яркіх і найстарэйшых на Віцебшчыне дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах. Студыя выяўленчага мастацтва практычна равесніца Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі (пачала працаваць у 1962 годзе. — Заўв. аўтара.) і гордасць гэтай слаўнай сваімі традыцыямі і творчымі дасягненнямі ўстановы, усёй сістэмы дадатковай адукацыі вобласці. У галерэі кіраўнікоў студыі — цудоўны акварэліст ганаровы грамадзянін Наваполацка (першы галоўны мастак горада, творчасць якога сфарміравала яго непаўторнае аблічча. — Заўв. аўтара.) Віктар Лук’янаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Генадзь Шутаў, выдатны вучоны, педагог і мастак, дэкан віцебскага мастграфа з 1986 па 2009 год Валянцін Клімовіч, знакаміты сучасны майстар авангарда член творчага аб’яднання “Квадрат” Валерый Шчасны. Іх вучаніца і пераемніца Ларыса Здор у айчыннай творчай прасторы таксама зорка першай велічыні. Некалькі пакаленняў беларускіх мастакоў і архітэктараў, педагогаў, дызайнераў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з любоўю называюць яе сваёй першай настаўніцай у мастацтве. Неяк у інтэрв’ю сусветна вядомы ілюстратар Антон Ламаеў сказаў: “Ганаруся, што Ларыса Мікалаеўна — сярод самых важных людзей у маім жыцці і, безумоўна, у творчасці. Яна дала мне настолькі моцны зарад шчасця і святла, што я і цяпер яго адчуваю”. Пад гэтымі словамі як пад сваімі маглі б падпісацца, без перабольшання, тысячы ўдзячных вучняў.
— Усе дзеці любяць маляваць, і дзецям маляванне патрэбна для творчага самавыяўлення, развіцця інтэлекту, здольнасцей, — упэўнена Ларыса Здор. — Нездарма Леанарда да Вінчы сцвярджаў, што малюнак — аснова ўсіх навук. Не буду гаварыць аб важнасці развіцця дробнай маторыкі, яна бясспрэчная, але толькі чалавек, які ўмее ўяўляць і фантазіраваць, можа ствараць і тварыць. У нас тут добры вынік ёсць, навучэнцы паспяхова знаходзяць сябе ў будучай прафесіі, мастацтве. У педагогіцы, дарэчы, таксама: мае вучні настаўнічаюць ці не ў кожнай школе горада і ў многіх па вобласці, за яе межамі. У любым выпадку, кім бы ні стаў потым выпускнік студыі, ён умее ўспрымаць жыццё як мастак. Бачыць навакольны свет у яркіх вобразах і фарбах — вялікі дар і радасць. У наша стагоддзе інавацыйных тэхналогій метафарычнае і вобразнае мысленне, крэатыўнасць, уменне выходзіць за межы прывычных стандартаў, імправізаваць — найкаштоўнейшыя якасці, запатрабаваныя практычна ў кожным напрамку прафесійнай дзейнасці.
Ларыса спачатку вучылася ў Палацы піянераў пад кіраўніцтвам Генадзя Шутава, а пасля заканчэння мастграфа вярнулася і ў 1976 годзе ўзначаліла студыю. У 1983 годзе калектыву было прысвоена званне “ўзорны”. Сёння гэта ўнікальная школа эстэтычнага выхавання, сучасная мастацка-творчая лабараторыя дзіцячага выяўленчага мастацтва рэгіёна, у якой займаецца больш за 70 юных аматараў малявання ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Умова паступлення і крытэрый адбору — жаданне будучага навучэнца: “Без жадання дзіця нават посуд наўрад ці добра вымые, не тое што намалюе вартае. Мастацтва — яно знутры ідзе, ад сэрца”. У выключных выпадках педагог прымае ў аб’яднанне нават хлопчыкаў і дзяўчынак чатырох — чатырох з паловай гадоў: “Калі бачу, што спраўляецца — чаму б не?.
Творчая выніковасць студыі па-добраму ўражвае, штогадовыя перамогі навучэнцаў у прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах фактычна сталі традыцыяй, як і шматлікія персанальныя і калектыўныя выставы, выставы-перасоўкі, прэзентацыі, творчыя справаздачы. Праца Ларысы Мікалаеўны неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення па адукацыі (раней — упраўлення адукацыі) Віцебскага аблвыканкама, аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама. Ларыса Здор узнагароджана нагруднымі знакамі “Выдатнік народнай асветы БССР” і “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, мае пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў.
— Наша Ларыса Мікалаеўна — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па прызванні, таленце і ўзроўні прафесійнага майстэрства, — адзначае загадчык сектара выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абласнога палаца дзяцей і моладзі Ірына Макарава. — Яна працуе па ўласнай аўтарскай методыцы, прыёмы і спосабы якой дапамагаюць зрабіць заняткі па напрацоўцы тэхнікі, вывучэнні колеравых адценняў цікавымі і запамінальнымі. Дзеці авалодваюць не толькі асновамі мастацкай адукацыі — малюнкам, жывапісам, кампазіцыяй, але і навыкамі самастойнай творчай работы, дзякуючы чаму адбываецца станаўленне гарманічна развітой асобы з багатай фантазіяй і ўяўленнямі, нестандартным бачаннем свету, высокімі духоўнымі якасцямі. Са старэйшымі навучэнцамі Ларыса Мікалаеўна вядзе навучанне на базе акадэмічнага малюнка і жывапісу, вырашае задачы па ўдасканаленні тэхнікі выяўленчай дзейнасці.
Вывучэнне нацыянальных культурных традыцый, народнага мастацтва, беларускага фальклору, архітэктуры, музыкі, гісторыі Беларусі і роднага краю з’яўляецца прыярытэтным пачаткам арганізацыі адукацыйнага працэсу ў студыі. Каб навучэнцы атрымалі больш глыбокія веды і ўяўленні, пашырылі свой кругагляд праз знаёмства з жыццём і творчасцю айчынных і замежных мастакоў, Ларыса Мікалаеўна рэгулярна арганізоўвае тэматычныя практычныя заняткі, гутаркі, наведванне музеяў і выстаў, падарожжы і экскурсіі, выязныя пленэры, сустрэчы з прафесійнымі мастакамі, народнымі майстрамі, архітэктарамі, дызайнерамі. Акрамя таго, педагог прымае актыўны ўдзел у інавацыйнай праектнай дзейнасці, метадычнай рабоце аддзела эстэтычнага выхавання. На базе студыі праводзяцца семінары-практыкумы, майстар-класы, творчыя майстэрні, дзейнічае лекторый па выяўленчым мастацтве “Вучыся бачыць і разумець прыгожае”. Ларыса Здор распрацавала адукацыйную праграму студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзлік”, шэраг метадычных рэкамендацый, матэрыялаў у дапамогу настаўнікам выяўленчага мастацтва і педагогам дадатковай адукацыі, у тым ліку па напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Цікава, што знайшла сябе наша гераіня ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з дзяцінства любіла маляваць, але ў будучыні бачыла сябе… артысткай!
— У камедыі дэль артэ ёсць белы і руды клоўны, — Ларыса Мікалаеўна па-настаўніцку лёгка знаходзіць трапную, нечаканую і вельмі дакладную аналогію. — Я па натуры, напэўна, бліжэй да рудога, бо люблю радасць, актыўнае жыццё і вясёлыя жарты, адчуваю свет яркім і прыгожым і стараюся гэты пазітыў перадаць дзецям. Мае бацькі — ваенныя, зусім маленькай памятаю сябе ў Баку: як жылі непадалёк аэрадрома, як тата з мамай, іх знаёмыя часта прыносілі мне кніжкі-расфарбоўкі, фарбы, алоўкі, як падабалася размалёўваць па зададзеных контурах, як пазней спрабавала ўвасобіць на паперы штосьці сваё. У скрынцы з алоўкамі быў адзін, які спісваўся хутчэй за астатнія, — чырвоны. Гэта і цяпер мой любімы колер: ён у маім успрыманні звязаны не з агрэсіяй, а найперш з прыгажосцю. На жаль, пераезд у Беларусь тыя першыя малюнкі не перажылі: бацькі — справядліва, відаць, — сумняваліся ў іх высокай мастацкай вартасці. Захапленне засталося, яно мацнела з часам і ўрэшце прывяло мяне ў студыю. Як яе кіраўнік я стараюся захоўваць усе работы сваіх навучэнцаў. Штосьці яны забіраюць дадому, штосьці адпраўляецца на выставы і не заўсёды вяртаецца, аднак і з астатняга з гадамі сабралася вялікая калекцыя.
У студыі навучэнцы прывыклі і любяць не толькі маляваць, але і слухаць. Малышам Ларыса Мікалаеўна чытае казкі (калі я завітала сюды, дзеці былі пад уражаннем ад андэрсенаўскай гісторыі пра салаўя і рамонак). Або разам слухаюць класічную музыку — зноў не проста так, абавязкова з наступным экскурсам у гісторыю напісання, біяграфію і творчасць кампазітара. А на перапынку педагог расчыняе шафу з метадычнымі дапаможнікамі, выпадкова бярэ ў рукі рэпрадукцыю карціны Рафаэля, чуе з-пад рукі зацікаўленае дзіцячае пытанне: “А што гэта?” — і так прамаўляе: “Сікстынская Мадонна”, што ўраз сціхаюць размовы, падцягваецца бліжэй уся малодшая група, замірае ў чаканні і як адкрыццё слухае: “Ведаеце, у Дрэздэне я перад гэтым палатном плакала. Слёзы былі ад шчасця, што бачу геніяльны шэдэўр, эталон жывапісу — гэта значыць, лепш зрабіць немагчыма. А чаму, я вам потым на занятках раскажу”. З падлеткамі абмяркоўвае больш сур’ёзныя пытанні, часта дзеліцца ўражаннямі ад мастацкіх навінак. Пры мне кіраўнік студыі па-майстэрску ўплятае ў кантэкст заняткаў у старшай групе: “Я заўзяты аматар падарожжаў і розных відаў мастацтва, асабліва літаратуры. З нядаўніх чытацкіх адкрыццяў — трылогія Дзіны Рубінай “Руская канарэйка”. Хто чытаў, можа падзяліцца думкамі? Зараз у мяне на стале Джэкі Вульшлегер, бестселер “Марк Шагал. Гісторыя вандроўнага мастака”. Як і вы, многае пра Шагала ведаю, бачыла яго арыгіналы ў Беларусі, Францыі, Германіі. Але тут столькі новай інфармацыі! Знаходжу адказы на пытанні, якія асабіста ў мяне ўзнікалі па творчасці мастака. Вось скончацца заняткі — пабягу дачытваць”. Між тым па рэакцыі падлеткаў відавочна: адназначна зацікавіліся, прычым многія ўспрынялі рэкамендыцыю як кіраўніцтва да дзеяння.
— Надзвычай цікава, як дзеці трактуюць казку, фальклор, любы мастацкі твор і напрамак увогуле, як трансфармуецца ўспрынятае і пераходзіць у кампазіцыю, як навучэнец пераадольвае пэўныя цяжкасці з перадачай вобраза, настрою, характару, нават дэталей касцюма, — каменціруе ўдалы педагагічны прыём наша гераіня. — Мастак без той жа літаратуры — пустое месца. У любым доме павінен быць фундамент, у мастацкай адукацыі неабходна зыходзіць з базы, класікі. Таму штодня кожнаму, у тым ліку педагогу і навучэнцу, трэба новае прачытаць, зрабіць, даведацца. Такім створаны чалавек: у пазнанні, творчасці і развіцці абуджаецца радасць жыцця.
Лепшыя першыя настаўнікі здольны па почырку вызначыць сваіх навучэнцаў. Ларыса Здор, дэманструючы згаданую вышэй калекцыю вучнёўскіх работ, не ўглядаецца ў подпісы — адразу беспамылкова адрознівае выпускнікоў і цяперашніх студыйцаў па почырку творчаму. Педагог пераконвае: ён уласцівы не выключна вялікім мастакам, а кожнаму з дзяцей, і адразу выразна бачны. Як вучні з любімымі першымі настаўнікамі, так і выпускнікі студыі не парываюць сувязі з Ларысай Мікалаеўнай. Таму, пазнаўшы аўтара работы, кіраўнік можа не толькі падрабязна расказаць пра яго поспехі ў студыі, характар, але і пра далейшае жыццё, творчы лёс, прафесійныя дасягненні. Цікавага матэрыялу ў майстэрскай аўтарскай падачы тут не на адну кнігу хопіць. Між тым колішнія выпускнікі ўжо прыводзяць у студыю сваіх унукаў і праўнукаў…
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.