У мінулую суботу па-восеньску задуменную цішыню аздараўленча-адукацыйнага цэнтра “Лідар”, што пад Мінскам, парушылі больш за 100 валанцёраў Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай арганізацыі “Ліга добраахвотнай працы моладзі”. Таму тут па-летняму плавіўся асфальт, пякло сонца, музыка набірала біт, і, здавалася, быў нават чуваць шум мора. Family fest стаў фінальным акордам сёлетняга геленджыкскага сезона студэнцкага валанцёрскага атрада “Resпубліка”. Творчы ўік-энд сёлета аб’яднаў не толькі студэнтаў, але і іх бацькоў, сяброў, партнёраў, каб расказаць, як прайшоў гэты год, падзяліцца вынікамі і поспехамі, падзякаваць усім, хто ім паспрыяў.
Важацкая перспектыва
Вярнуцца на некалькі гадзін у лета можна было не толькі ў альтанках з марожаным ці на трасах вяровачнага гарадка адукацыйнага цэнтра, але і на гульнёва-спартыўных станцыях, на фотазонах з морам і фламінга і, канечне, на вялікім важацкім канцэрце. Майстар-класы па арганізацыі адпачынку ў лагеры давалі ўчарашнія навічкі, якія год назад вырашылі паспрабаваць важацтва на смак і расквеціць сваё лета новымі фарбамі, таму і прыйшлі ў лігу. Пасля праходжання школы важацкага майстэрства сёлета яны ўжо набывалі ўласны вопыт у лагерах Каўказскага ўзбярэжжа.
— Для таго каб папрацаваць важатым у дзіцячым лагеры, неабавязкова мець педагагічную адукацыю — дастаткова жадання. Таму ў сярэднім штогод набіраецца каля 500 жадаючых — студэнтаў з усёй Беларусі. Але каб стаць добрым важатым, мы прапануем ім заняткі ў нашай школе важатых на працягу трох месяцаў — лютага, сакавіка і красавіка, — гаворыць Таццяна Кузьміна, каардынатар праекта “Студэнцкі атрад “Resпубліка”. — Гэта вялікі практычны курс, які складаецца з трэнінгаў, падчас якіх кожны ўдзельнік спасцігае тонкасці працы з дзецьмі рознага ўзросту, вучыцца кантактаваць з імі, арганізоўваць іх вольны час, вырашаць канфлікты, вывучае этапы фарміравання калектыву, структуру лагернай змены, знаёміцца са службовымі абавязкамі важатага, даведваецца пра перавагі гульнявых методык і іх прымяненне і многае іншае. Свае ўменні будучыя важатыя адточваюць падчас выязных мерапрыемстваў, практычных заняткаў з дзецьмі, у тым ліку з выхаванцамі сацыяльных устаноў у межах праграмы “Красавік — месяц добрых спраў”, важацкіх гульняў, фестывалю важатых і інш.
Згаданая праграма, як адзначае старшыня Лігі добраахвотнай працы моладзі Вольга Шмігельская, толькі частка вялікага вучэбнага курса:
— Калі паглядзець шырэй, у нас існуе і акадэмія важацкага майстэрства. У яе межах ёсць некалькі курсаў. Школа важатых — для навічкоў. Працуе яшчэ і трэнерская школа — для тых важатых, якія паспяхова скончылі школу важатых, маюць за плячыма добрую практыку ў лагерах і ў якіх мы бачым патэнцыял, харызму. Іх мы асобна вучым, і яны разам з намі працуюць у школе важатых. Ладзяцца ў нас таксама семінары па павышэнні майстэрства для старшых важатых і кіраўнікоў атрадаў, ёсць адукацыйныя модулі для арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў і інш. Дарэчы, якраз цяпер мяняецца фокус нашага навучання, бо ў пачатку праекта мы адразу засяроджваліся на тых кампетэнцыях, якія неабходны будучаму важатаму — ад асноў дзіцячай псіхалогіі да ўласнай скарбонкі творчых спраў. Цяпер жа наша першасная мэта — не дзеці ў лагеры, а сам малады чалавек, які да нас прыходзіць (тым больш што часта важатыя па ўзросце не надта старэйшыя за выхаванцаў). Менавіта яго мы спачатку павінны навучыць вучыцца, быць больш арганізаваным, адказным, ініцыятыўным, крэатыўным, камунікатыўным. Перш чым рыхтаваць да важацтва, мы вучым моладзь узаемадзейнічаць з напарнікам, адміністрацыяй, знаходзіць агульную мову з бацькамі дзяцей, пры ўсёй занятасці і гіперадказнасці планаваць свой дзень, каб не выгараць. Тым больш што да нас прыходзяць не толькі педагогі, але і медыкі, інжынеры, цырульнікі і інш.
Дарэчы, важацтвам спіс валанцёрскіх вакансій не абмяжоўваецца. Удзельнікі педагагічнага атрада “Resпубліка” працуюць у лагеры і фізрукамі, плаўрукамі, дыджэямі, музычнымі кіраўнікамі, арганізатарамі культурна-масавых мерапрыемстваў, а таксама кіраўнікамі гурткоў па танцах ці спевах, арыгамі ці вязанні, роспісе каменьчыкаў або маляванні і інш. Калі вы не ўпэўнены ў сваіх педагагічных здольнасцях, можна папрацаваць у сэрвісным атрадзе ў якасці афіцыянта дзіцячай сталовай. Між іншым, па словах куратараў праекта, прафесійнай розніцы паміж валанцёрам — будучым педагогам і валанцёрам-праграмістам, інжынерам ці эканамістам не адчуваецца. Хутчэй наадварот, падчас лекцый у студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей складваюцца пэўныя стэрэатыпы, але на практыцы яны разбураюцца. Таму такім маладым людзям бывае нават складаней.
Масток у прафесію
Хоць большасць валанцёраў — студэнты, усё ж ёсць сярод іх і тыя, хто не развітваецца з лігай яшчэ доўга. І нават уладкаваўшыся на працу, 10—15 гадоў запар бяруць адпачынак менавіта для валанцёрства. Ужо сёння відавочна, што лік самых адданых валанцёраў папоўніць Ілона Сахарута, пяцікурсніца БДУ, будучы біёлаг-біятэхнолаг. Дзяўчына прызнаецца, што сама ніколі ў жыцці не адпачывала ў лагеры, нават на яго тэрыторыі не даводзілася быць. Прыйшла ў лігу на кастынг 3 гады назад, калі яе сябар заінтрыгаваў аповедамі пра сваё важацкае лета.
— Зразумела, што многа ў жыцці страціла, яшчэ ў школе важатых, — гаворыць Ілона. — Пераканалася ў гэтым і падчас першай сваёй важацкай змены ў лагеры. На наступны год старалася нагнаць упушчанае адразу на дзвюх зменах. Я ўвесь год жыла ў чаканні лета, каб зноў паехаць у лагер. Чаканне спрасціла тое, што сёлета мяне ўжо запрасілі быць трэнерам у школе важатых. А летам я паехала на тры змены. Адну з іх была харэографам, другую — кіраўніком гуртка па рукадзеллі, у апошнюю змену была ўжо старшай важатай. У выніку — і кар’ерны рост, і кожны год — кардынальна новыя эмоцыі.
Дар’я Ільюхіна, студэнтка БДМУ, хоць сёлета і была навічком, паехала ў Геленджык адразу на дзве змены:
— Школа важатых дала нам толькі тыя навыкі, якія спатрэбіліся ў лагеры. Галоўнае, чаму нас навучылі — быць заўсёды на пазітыве, не сядзець на месцы, нават калі стомлены, калі шмат працы. Прывыкаеш спаць па тры гадзіны. Калі заўтра канцэрт — усю ноч мы рэпеціруем танцы. Відаць, зараджаліся энергіяй ад дзяцей.
Дзмітрый Курч, трэцякурснік БДУ, з праектамі лігі пазнаёміўся ў мінулым годзе, калі прымаў удзел у міжнародным валанцёрскім лагеры ў Германіі па добраўпарадкаванні сярэдневяковага палаца. І калі будучаму матэматыку-праграмісту прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі важатага, ён не вагаўся.
— Мне заўсёды было проста арганізаваць людзей, аб’яднаць вакол сябе, — гаворыць Дзмітрый. — А калі перад табой дзеці, у цябе апрыёры ёсць аўтарытэт перад імі — гэта яшчэ прасцей. У мяне быў старшы атрад — гэта 15—17-гадовыя хлопцы і дзяўчаты, ужо самастойныя людзі, амаль равеснікі. Праўда, дарослыя дзеці — дарослыя праблемы. Усялякае бывала, але з усім мы справіліся.
Ангеліна і Уладзімір Гаель сёлета адпраўлялі на валанцёрскую змену сваіх дваіх дзяцей, будучых педагогаў: сына, студэнта БДУ, і дачку, якая вучыцца ў лінгвістычным універсітэце.
— Мне прыемна, калі мае дзеці да нечага імкнуцца самі, а не нам іх трэба вадзіць за руку. Яны самі вырашылі стаць важатымі, самі пачалі рыхтавацца ў школе важатых. Праўда, адправіць іх упершыню на мора, прычым адразу ў статусе супрацоўнікаў лагера, было крыху страшна, бо, прызнаюся, мы дзяцей заўсёды занадта апякалі, — гаворыць мама.
— Ліга стала тым мастком паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, які мы, бацькі, часам не адважваемся пракласці, — гаворыць Уладзімір Гаель. — І дарма. Так, сённяшняя моладзь — гэта не мы 30 гадоў назад, калі гэтак жа самі ездзілі ў студатрады. Мы, дзеці Савецкага Саюза, не былі такімі разняволенымі. Сучасныя ж маладыя людзі больш раскаваныя, вясёлыя, пластычныя, музычныя, але, адзначаю для сябе, усё гэта ім не перашкаджае быць адказнымі. Нашы дзеці прымаюць удзел у многіх праектах лігі. Напрыклад, дачка толькі што вярнулася з воркэмпа Арменіі — і мы яе, такую арганізаваную, камунікабельную, не пазналі.
Таццяна Клімянкова, педагог-арганізатар Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, назіраючы з глядацкай залы, як яе выхаванцы сталі часткай вялікага дружнага маладзёжнага калектыву, шкадуе, што з Лігай добраахвотнай працы моладзі каледж пазнаёміўся толькі гэтым летам, таму паспеў адправіць у лагер усяго 9 навучэнцаў.
— Гэта быў цудоўны вопыт для нашых навучэнцаў і паглыбленне ў абраную прафесію. Мы адправілі будучых настаўнікаў абслуговай працы і чарчэння. У іх засталося шмат уражанняў, якімі яны дагэтуль дзеляцца з іншымі навучэнцамі. На наступны год збіраецца яшчэ большая каманда, — гаворыць Таццяна Васільеўна.
Вольга Шмігельская, выступаючы перад удзельнікамі выніковага свята, адзначыла:
— Наша арганізацыя створана 25 гадоў назад па ініцыятыве кіраўнікоў штабоў студэнцкіх атрадаў — Савецкі Саюз распаўся, але было вырашана працягнуць студатрадаўскі рух. Канечне, мяняецца час, мяняецца свет, атрады ўжо не тыя. Студэнты ўжо не прывозяць былых заробкаў, а можа, нават і бацькоўскіх грошай больш трацяць, чым зарабляюць, але той вопыт, тыя сябры, якіх яны знаходзяць падчас такіх насычаных і дынамічных праектаў, па-ранейшаму на ўсё жыццё. А для некаторых гэта дружба перарасла ў каханне, і ў нашых атрадах утварылася некалькі сем’яў. Мне прыемна, што наша вялікая сям’я расце, і за гэта мы хочам падзякаваць вам, мамы і таты. А таксама за тое, што не баіцеся адпускаць дзяцей насустрач прыгодам. Няхай яны і далей адкрываюць свет для сябе, знаходзяць у ім сябе, спазнаюць яго, а мы як грамадская арганізацыя ў гэтым ім дапаможам.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Лігі добраахвотнай працы моладзі.