Рэцэпты шчасця і крокі да міру

У сераду будзе адзначацца Міжнародны дзень шчасця. У календары гімназіі № 22 Мінска гэта важная дата, і ўжо пяты год удзельнікі гімназічнага клуба ЮНЕСКА “Пакаленне NEXT” разам з яго куратарам Інай Іванаўнай Бондаравай прымяркоўваюць да яе сваё свята. Цяпер у гімназіі праходзіць апытанне сярод навучэнцаў “Я шчаслівы, бо…”, распачаты конкурс малюнкаў “Шчасце — гэта…” (для навучэнцаў 1—5 класаў). Навучэнцы 6—9 класаў пастараюцца разабрацца ў такой складанай філасофскай катэгорыі, як шчасце, і прапанаваць яго рэцэпты падчас трэнінгу “Як быць шчаслівым”. Старшакласнікі ж прымуць удзел у конкурсе аратарскага майстэрства, на якім будуць разважаць, што такое быць шчаслівым.

Пакаленне NEXT — за ўстойлівасць

— Для нас гэты дзень — нагода задумацца, што ж такое шчасце, — гаворыць куратар клуба Іна Іванаўна, настаўніца англійскай мовы. — Я часам пачынаю свой урок з пытання “Ты шчаслівы?”. Здзіў­леныя погляды змяняюцца роздумам. Сапраўды, гэта ж не вузка — атрымаць добрую адзнаку ці смачна паесці, а глабальна. Ды і ў кожнага бу­дзе сваё разуменне шчасця: шчасце для трохгадовага дзіцяці і для падлетка — розныя рэчы. У фае гімназіі будзе стаяць дошка, дзе мы вызначым самыя важныя складнікі шчасця, а напрыканцы дня з экрана прагучаць ад гімназістаў самыя цікавыя варыянты заканчэння фразы “Я шчаслівы, бо…”.

Як высветлілася ў гутарцы з навучэнцамі і настаўнікамі, для многіх з іх шчасце — мірнае неба над галавой.

— Праблема міру надзённая і самая галоўная, бо толькі так можна быць шчаслівым, атрымлі­ваць асалоду ад сваіх праектаў, задумак і іншага. Дзень міру для нас таксама важная дата, і мы заўсёды яе адзначаем. Акрамя розных мерапрыемстваў, члены клуба ЮНЕСКА праводзяць класныя гадзіны, на якіх расказваюць пра само свята, складаюць пасланне будучым пакаленням пра мір.

Апошні раз у гімназіі прайшоў не дзень, а тыдзень міру, дзе разглядаліся Мэты ўстойлівага развіцця.

— Ствараючы клуб ЮНЕСКА, мы пастараліся далучыць  дзяцей да глабальных падзей, якія адбываюцца ў свеце. Так, многія і сёння не ведаюць, што гэта за мэты і навошта нам іх дасягаць. Нашы навучэнцы, асабліва старшакласнікі, ужо трэці год пра гэта гавораць, шукаюць свае шляхі, ведаюць, якія праблемы стаяць перад чалавецтвам, — гаворыць Ларыса Віктараўна Казюлька, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

— Я займаюся гэтай тэмай нядаўна, але ўжо праводзіла “Самы вялікі ўрок у свеце”, прысвечаны дасягненню Мэт устойлівага развіцця, — гаворыць удзельніца клуба “Пакаленне NEXT” Дар’я Дубініна. — Часам гэтыя мэты падаюцца занадта глабальнымі і недасягальнымі, але на ўроках мы агучваем ідэі, як можам самі дапамагчы ў іх вырашэнні. Так, гэта маленькія ідэі, іх рэалізацыя не зменіць сітуацыю кардынальна.

— Любая дробязь, якую мы асабіста робім, уплывае на сітуацыю ў цэлым. Мы можам думац­ь: “Калі ніхто не ўбачыць, што я выкінула ў сябе дома пластыкавую бутэльку ў сметніцу, то гэта ні на што не паўплывае”. Насамрэч кожны раз, сартуючы смецце, мы робім маленькі крок да выпраўлення экалагічнай сітуацыі ў цэлым, — тлумачыць сваю пазіцыю сяброўка Дар’і Паліна Рабцэвіч.

Ягор Дуброўка гаворыць:

— Днямі мы адвозілі накрыўкі ў рамках акцыі “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. Вось просты прыклад — штодзень мы п’ём ваду. Для нас прывычным стала купіць ваду ці напітак і выкінуць бу­тэльку на сметнік. А тут трэба ўсяго толькі адкруціць з яе накрыўку і прынесці ў гімназію, пакласці ў асобную скрыню. Потым поўная такая скрыня выратуе некаму жыццё, дапаможа пераадолець цяжкую хваробу і г.д. А мы кожны дзень выкідваем сотні, тысячы, мільёны накрывак ад бутэлек па ўсім свеце. Гэта тысячы долараў. Толькі адна наша гімназія за апошні месяц назбірала 12 вялікіх пакетаў.

Мікіта Катлінскі засяроджваецца на самых цяжкадасягальных мэтах: эканамічны рост, гендарная роўнасць, устойлівыя гарады. Свае прапановы ён выказваў падчас конкурсу эсэ на тэму “Я выбіраю мэту №…”, які клуб “Пакаленне NEXT” нядаўна праводзіў сумесна з клубам ЮНЕСКА з Екацярынбурга.

Магчымасць паглыбіцца ў эканамічныя і іншыя пытанні, актуальныя для ўсяго свету, дае гімназістам і ўдзел у ролевых гульнях па мадэляванні ААН — MINTMUN, GYMUN, OCTOMUN. Апошнія два гады яны якраз былі прымеркаваны менавіта да дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Хоць гэта і называецца гульнёй, пытанні там абмяркоўваюцца зусім не дзіцячыя. На працягу некалькіх дзён навучэнцы на англійскай мове прадстаўляюц­ь “сваю” краіну, разважаюць пра праблемы ў розных сферах (ад экалогіі — да эканомікі) і выказваюц­ь свой погляд на іх вырашэнне.

— Праўда, на пэўныя тэмы гэта зрабіць вельмі складана. Напрыклад, мы спрабавалі паглядзець на праблему гібрыдных войнаў, — расказ­вае Ягор Дуброўка. — Гэта завуаліра­ваныя войны паміж дзяржавамі, калі ў варожую краіну засылаюцца дыверсанты, каб учыніць там розныя правакацыі ці тэрарыстычныя акты. Гэта і фізіялагічныя, і кібервойны — з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Паліна Рабцэвіч на нядаўняй канферэнцыі MINTMUN была ў камітэце “Эканоміка і фінансы”, дзе з калегамі паглыблялася ў праблематыку гандлёвых бар’ераў.

— Для мяне самым важным было не проста паглыбіцца ў праблему, а глянуць на яе з боку іншай краіны. Ты хочаш зразумець, як пунк­ты, якія ты адлюстроўваеш у рэзалюцыі, паўплываюць на тваю краіну, як паўплываюць стасункі тваёй краіны з суседнімі дзяржавамі. Гэта кардынальна мяняе света­погляд. Больш за тое, рэзалюцыя з гэтай канферэнцыі ўпершыню за 5 гадоў прайшла на Генеральную Асамблею ААН: сярод замежных гасцей быў прадстаўнік Нацыянальнага банка Вашынгтона, які адправіў нашу рэзалюцыю ў Вашынгтон на разгляд. Гэта прыемна, калі да цябе прыслухоўваюцца. А там заў­сёды ёсць людзі, якія прыязджаюц­ь, каб паслухаць, як разважаюць дзеці, — гаворыць Паліна.

Пашыраем кругагляд з дыпламатамі і валанцёрамі

Погляд беларускіх дзяцей цікавы і гасцям клуба “Юны дыпламат” — дыпламатам розных краін, якія працуюць у Беларусі. Сустрэчы праходзяць у Доме дружбы, на іх запрашаюцца паслы розных краін у Беларусі, якія расказваюц­ь пра асаблівасці сваёй работы, жыццё, захапленні. 

— Мы гаварылі не толькі пра кар’еру, неабходныя навыкі і якасці для тых, хто марыць стаць дыпламатам, але гутарылі і на іншыя тэмы. Дыпламатыя — гэта ў першую чаргу ўменне строіць зносіны. А гэта неабходна кожнаму, незалежна ад яго прафесіі, — зазначае Мікіта Катлінскі.

— Магчыма, для некага з нас гэта і стане першым крокам да будучай прафесіі, але неабавязкова. Тое, пра што расказваюць дыпламаты (пра жыццёвыя мэты, іх дасягненне), цікава паслухаць усім, — дадае Дар’я. — Напрыклад, мы гаварылі пра камп’ютарныя гульні, чаму людзі такія паспяховыя ў камп’ютарных гульнях, але не ў рэальным жыцці. Маршрут гульні загадзя выбудаваны распрацоўшчыкам: ты ведаеш, што трэба здабыць, купіць і г.д., каб дасягнуць нечага. У жыцці  ты сам прадумваеш, што і як рабіць. Не павінна быць мэтай проста зарабляць грошы, трэба быць тым, кім табе падабаецца быць, і тады ўсё да цябе прыйдзе.

Карыснымі для гімназістаў былі таксама наведванне  інфармацый­на­га цэнтра аддзела інфармацыі, адукацыі і культуры Пасольства ЗША, сустрэча з прадстаўнікамі Асацыяцыі расійскіх дыпламатаў, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі і інш.

Шмат цікавых сустрэч адбываецца і ў самой гімназіі. Так, навучэнцы праводзяць шмат трэнінгаў на тэму пошуку ўзаемаразумення (“Чаму ўзрост бывае цяжкім?”, “Каралеўства чужых люстэркаў”), здаровага ладу жыцця, талерантнасці, па аратарскім майстэрстве. Нядаўна Паліна з сяброўкамі праводзіла вечар акустычнай музыкі. Акрамя навучэнцаў сваёй гімназіі, дакрануцца да струн яны запрасілі і прадстаўнікоў іншых клубаў. Атрымалася ўтульная сустрэча.

Цяпер Паліна абдумвае, як уключыцца ў праграму ЮНЕСКА па абмене валанцёрамі з розных краін. Праўда, спачатку трэба дачакацца паўналецця. А пакуль гімназісты запрашаюць да сябе ў госці валанцёраў, якія ўжо прыехалі ў Беларусь па абмене дзякуючы Офісу прасоўвання ініцыятыў.

— Гэтая праграма дазваляе маладым людзям прыязджаць у іншыя краіны, сустракацца з мясцовай моладдзю, расказваць пра сябе, сваю краіну, яе культуру і знаёміцца з мясцовай. Так, да нас прыязджаў французскі валанцёр Фларыян Карубііз і расказваў пра сістэму адукацыі ў Францыі. Я часам задумваюся, каб атрымаць адукацыю за мяжой (праўда, жыць хачу на радзіме). І для мяне было дзіўным, што мы пры жаданні можам бясплатна вучыцца ў Францыі, прычым на англійскай мове з бясплатным вывучэннем французскай, ды яшчэ атрымліваць стыпендыю, сродкі на аплату жылля. Я не ведала, што там шмат універсітэтаў, якія гасцінна прымаюць рускамоўных студэнтаў. Мне было б гэта цікава і, думаю, карысна для пашырэння кругагляду. А пакуль наш кругагляд Фларыян пашыраў сваім майстар-класам па народных французскіх танцах, — дзеліцца Паліна Рабцэвіч. 

Больш падрабязна пра мала­дзёжнае супрацоўніцтва і мала­дзёжны абмен паміж рознымі краінамі Еўропы гімназістам расказаў валанцёр з Польшчы, а госця з Румыніі паведаміла, як у яе краіне вырашаюць экалагічныя праблемы.

— Гэтыя і многія іншыя сустрэчы ў межах клуба рыхтуюць навучэнцаў да дарослага жыцця, бо спрыяюць іх сацыялізацыі. Гэта абавязкова дапаможа нашым дзецям арыентавацца ў дарослым свеце, — падсумоўвае Іна Іванаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва гімназіі.