Робат, будзь чалавекам!

Робататэхніка апошнім часам набывае велізарную папулярнасць у школьнікаў. Ужо з пачатковых класаў хлопчыкі вучацца са звычайных жалязяк, спружынак, правадочкаў ствараць мадэлі, якія рухаюцца, лятаюць, танцуюць. З набыццём вопыту юныя тэхнікі імкнуцца не проста забавіць ці ўразіць сваімі распрацоўкамі, а спрасціць сабе жыццё, пераклаўшы на “плечы” робатаў частку сваіх абавязкаў.

Мажардом у пластыкавым корпусе

З Аляксандрам Дубавіцкім, дзесяцікласнікам з гімназіі № 29 Мінска, нашы чытачы ўжо знаёмы. Ён неаднаразова быў пераможцам і прызёрам Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. У прыватнасці, юнака зрабіў вядомым яго робат-пыласос. Цяпер прыбіранне ў доме толькі адна з многіх функцый яго апошняй мадэлі — мадэрнізаванага ўніверсальнага робата Джымба, які выклікаў ажыятаж на гарадской выставе тэхнічнай творчасці, што праходзіць у Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі.
Як адзначаюць эксперты, калі казаць пра пылазборныя магчымасці робата, то іх можна параўнаць хіба толькі з пыласосамі сусветна вядомых марак накшталт Roomba. Даследаванні паказалі, што нават дарагія стацыянарныя пыласосы ўбіраюць у сябе толькі 10 працэнтаў пылу ў параўнанні з Сашавым, у якім стаяць вельмі магутныя турбіны. Акрамя таго, яго робат можа нават аддзяліць смецце ад адвёрткі ці ручкі, якія скаціліся са стала. Праўда, гэта патрабуе большага запасу энергіі. Як гаворыць Аляксандр, прасцей дастаць патрэбную рэч, якая выпадкова трапіла ў пылазборнік. Дарэчы, калі запаўняецца мяшок, робат сам вам пра гэта скажа — вам толькі застанецца націснуць кнопку і паставіць новы мяшок. А калі заканчваецца зарад акумулятара, ваша дапамога не патрэбна, робат сам едзе на док-станцыю і падзараджаецца. Усе гэтыя магчымасці робат атрымаў разам з рукой-маніпулятарам. Ёй ён можа яшчэ, напрыклад, праціраць анучкай паліцы, збіраць буйное смецце або падымаць, скажам, чаравікі ці тапкі, каб прыбраць пад імі.
Урэшце, з іх усё і пачалося некалькі гадоў назад. Хлопец прыходзіў дадому і не мог знайсці свае тапкі: малодшая сястра любіла ў іх пахадзіць і ніколі не ставіла на месца. “Трэба сабаку завесці, хоць прыносіць будзе”, — думаў Саша, чарговы раз зазіраючы пад канапы ці пад стол. Але ж які сабака іх знойдзе? Так і ўзнікла ідэя стварыць робата, які б мог і шукаць, і прыносіць тапкі гаспадару.
“Але ўсё ж галоўнае прызначэнне “рукі” — прыбіранне цацак, — усміхаецца, успамінаючы, відаць, набалелае, Саша. — Гэта мая даўняя мара, бо мне часта даводзілася збіраць цацкі за малодшай сястрой Валянцінай. Увогуле, усе функцыі майго робата бяруцца з жыцця, узяць, напрыклад, славуты нявыключаны прас, які для мяне ўжо не праблема. Цяпер разеткі часта размяшчаюць невысока ад падлогі — гэта на руку і мне, і майму робату. Калі спяшаюся на заняткі і ўспамінаю, што прасаваў штаны і не выключыў прас, — дастаю тэлефон ці планшэт, даю каманду робату, і той выцягвае вілку з разеткі.
Акрамя таго, робат пастаянна сканіруе памяшканне на наяўнасць таксінаў, небяспечных газаў, цяжкіх металаў, пары ртуці і эфектыўна знаходзіць ачагі ўзгаранняў. У ім ёсць комплекс датчыкаў, якія працуюць сумесна. Калі параўноўваць з пажарнымі паведамляльнікамі, то яны рэагуюць толькі на дым і цяпло. Памыліцца ў майго робата не застаецца ніякіх шансаў. Усе датчыкі бесперапынна вядуць кантроль, звяраюць усе паказчыкі і выносяць сумесны вердыкт. Калі раптам робат адчуў пару таксінаў, ён пачынае шумець, гаварыць, што ідзе не так, адсылае СМС ці можа нават патэлефанаваць і сказаць пра гэта гаспадару ці дыспетчару пажарнай часці”.
Дарэчы, дзякуючы галасавому модулю, Джымба можа быць карысным субяседнікам не толькі ў экстрэмальнай сітуацыі. Раніцай, пакуль вы чысціце зубы ці прымаеце душ, ён вам раскажа, якое надвор’е сёння будзе, каб вы маглі сарыентавацца, як апрануцца і ці браць з сабой парасон. Пакуль снедаеце, ён раскажа навіны (можна запраграмаваць пэўныя сферы: скажам, палітыку ці інфармацыйныя тэхналогіі) або пазнаёміць з культурнай праграмай у вашым горадзе на вечар ці на ўсе канікулы. Робат мае доступ у інтэрнэт і можа агучыць любую неабходную інфармацыю. Для васьмігадовай сястры гэта лепшая забава.
“Міні-камп’ютар для робатаў ужо даўно не навіна, але ў маім робаце ён “заточаны” пад яго функцыянал, — тлумачыць Саша. — Пры жаданні колькасць функцый робата можна павялічваць. Напрыклад, для гэтай мадэлі я прыдумаў датчык на аснове оптавалакна, які выконвае функцыю “зрок робатам”. Ён дазваляе робату будаваць карту памяшкання ці прасторы. І нават калі вы яго штурхнулі і ён упаў, ён сарыентуецца імгненна. Наколькі я ведаю, пакуль такой тэхналогіі ў робатах не было. Менавіта яна зацікавіла супрацоўнікаў амерыканскай кампаніі iRobot, вытворцы Roomba. Для робата-прыбіральшчыка гэтая функцыя па-трэбна, каб не наязджаць на перашкоды: крэслы, шафы, таршэры. Але гэтая функцыя можа быць вельмі запатрабаванай у ваенных мэтах. Карты невядомых зон, прадпрыемстваў, пабудаваныя па гэтай тэхналогіі, будуць дакладнымі да мікронаў. Прымяненне такі робат знайшоў бы і ў будаўніцтве, і ў касмічных тэхналогіях, з яго дапамогай можна даследававаць іншыя планеты”.
Прымітыўная функцыя “зрок робатам” існуе ў сучасных мадэлях, але калі яна больш сур’ёзная, то гэта робіць мадэль вельмі дарагой. Кошт Сашавага робата 142 долары. Калі параўноўваць з іншымі годнымі мадэлямі робатаў-пыласосаў, то іх кошт пачынаецца на мяжы 500 долараў, і то яны будуць мець толькі функцыю пыласоса. Ужо некалькі буйных кампаній зацікавіліся распрацоўкай Аляксандра, але пакуль прапановы ні адной з іх хлопца не задаволілі. Напрыклад, расійскай кампаніі, якая распрацоўвае шпіёнскае абсталяванне, Аляксандр адразу адмовіў у супрацоўніцтве. Вялікі інтарэс выказала і амерыканская кампанія iRobot — сусветны лідар у галіне робататэхнікі.
“Я хачу адкрыць сваю кампанію і займацца робататэхнікай, праграмным забеспячэннем, ствараць апаратныя комплексы, — гаворыць Аляксандр. — Таму мяне можа зацікавіць хіба толькі партнёрства. Большасць кампаній, у тым ліку і з ЗША, прапаноўваюць проста купіць у мяне ідэю, пасля чаго я страчваю магчымасць яе далей выкарыстоўваць”.
Гэта не падыходзіць для Аляксандра яшчэ і таму, што многія распрацаваныя ім тэхналогіі ён прымяняе, працуючы над галоўнай сваёй распрацоўкай — робатам-гуманоідам. Ён будзе мець выгляд дарослага чалавека, хадзіць на дзвюх нагах, але будзе куды больш мацнейшым за чалавека і фізічна, і інтэлектуальна. Аляксандр працуе над ім ужо некалькі гадоў і спадзяецца, што паспее завяршыць стварэнне гуманоіда ў найбліжэйшы час.

Пальчатка, якая бачыць, хутка і загаворыць

Антона Любахімца, навучэнца гімназіі № 1 школы Брэста, прывяло ў Цэнтр тэхнічнай творчасці Брэста тры гады назад імкненне ствараць робатаў-ратавальнікаў. Адна з яго першых распрацовак — аўтаматычная сістэма для ратавання на вадзе. Прынцып сістэмы такі: калі чалавек пачынае тапіцца, ён націскае кнопку на бранзалеце (яго ён атрымлівае, як толькі прыходзіць на пляж), тым самым падае GPS-сігнал на бераг. На сігнал вылятае беспілотнік і кідае побач з чалавекам снарад з ратавальнай камізэлькай. Пры пападанні ў ваду камізэлька сама надзімаецца, а самалёт вяртаецца на пляж.
Яго сённяшняя распрацоўка арыентавана на невідушчых людзей. Гэта сэнсарная пальчатка, якая дазваляе яе ўладальніку “бачыць” у цемры. Ідэя з’явілася, калі хлопец паглядзеў тэлепраграму пра мужчыну, які страціў зрок у аварыі. Прыстасоўваючыся да жыцця, ён навучыўся арыентавацца ў прасторы, цокаючы: па рознасці гукаў вызначаў, ці ёсць перад ім перашкода.
Гэты прынцып работы Антон і ўзяў на ўзбраенне. Уладару такой пальчаткі цокаць не трэба. Дастаткова правесці рукой перад сабой і навучыцца трактаваць рэакцыю прыбора.
“Ультрагукавы датчык, прымацаваны да пальчаткі, пасылае ўльтрагукавы сігнал, які адбіваецца ад прадмета і вяртаецца. І па часе, за які гэта адбываецца, мы можам вызначыць адлегласць да прадмета. Для гэтага сігнал прыходзіць на мікрасхему, якая апрацоўвае яго і пасылае сігнал на вібраматорчык. І калі перад вамі перашкода, ён пачынае вібрыраваць з рознай ступенню інтэнсіўнасці: чым бліжэй да яе падыходзіць, тым больш інтэнсіўна ён вібрыруе, — тлумачыць прынцып работы прыбора Антон. — Каб абысці перашкоду, дастаткова яе “абмацаць” і вызначыць яе межы”.
Па словах вынаходніка, пальчатка хутка і загаворыць: яна будзе імгненна вызначаць, якая менавіта перашкода паўстала — сцяна будынка ці веласіпед, і скажа пра гэта свайму гаспадару ў навушнік.
“Прыбор будзе мець камеру, і прадмет, які трапіць у зону яе дзеяння, імгненна будзе ідэнтыфікавацца, параўноўваючыся з яго вобразам у базе даных, — гаворыць Антон. — Галоўнае — скласці вялікую базу даных, унесці ў яе як мага больш прадметаў, якія тэарэтычна могуць паўстаць перад чалавекам. Праз навушнік чалавек пачуе і назву прадмета, што ўзнік перад ім, і адлегласць да яго”.
Калі чалавек не хоча прыцягваць сваёй незвычайнай пальчаткай увагу навакольных, асабліва ў спякоту, Антон прапаноўвае больш вытанчаныя варыянты. Так, прыбор можна зрабіць меншым, выканаць у выглядзе бранзалета ці нават змясціць у корпус гадзінніка. Галоўнае, каб ён быў на руцэ. Антон спрабаваў зрабіць па такім прынцыпе рэмень, але гэта аказалася вельмі нязручным: датчык аказваўся вышэй, чым многія перашкоды. Напрыклад, маленькае крэсла ці мяч ён не “ўбачыць”. Акрамя таго, каб даследаваць дарогу перад сабой, даводзілася варочаць тулавам.
Што тычыцца цаны, то Антону запчасткі для стварэння пальчаткі каштавалі каля 25 долараў. Яго распрацоўкай, хоць яна яшчэ ў стадыі ўдасканалення, ужо зацікавіліся інвестары. Магчыма, хутка невідушчыя людзі змогуць змяніць белую палку на сучасны інтэлектуальны аксесуар.

Святлана НІКІФАРАВА.